Раздзел VІІ. Ключы пекла і смерці

І жывы, і быў мёртвы, і се, жывы ўва векі вякоў, аман; і маю ключы пекла і смерці.

Апакаліпсіс, гл. 1, ст. 18

Lasciate ogni speranza[56].

Дантэ

Праз гадзіну пасля таго, як ганец паскакаў па ката, ліцадзеяў вывелі з часовай маленькай цэлі ў ніжнім паверсе заходняга нефа і павялі вузкім, як падземны ход, калідорам. Дзікія сцены і нізкае, рукой дастаць, скляпенне ціснулі на душу. Па баках трапляліся каморы ваякаў. У іх блішчалі на сценках шчыты і мячы. У гарачым вільготным паветры ледзь трапяталі языкі свечак, пахла потам, скуранымі рамянямі, іржою, алеем для зброі. Варта моўчкі ішла вакол, а наперадзе, з паходняй, ішоў Пархвер, згінаючы галаву. Толькі тут можна было зразумець, адкуль такія пісягі куродыму на скляпеннях.

У другім нефе каморы трапляліся радзей: відаць, кожныя дзверы вялі ў некалькі пакояў. Там, дзе гэтыя дзверы былі адчынены, можна было ўбачыць, што жытла тут багацейшыя: віселі на мурах кілімы, срэбныя люстэркі, на маленькім наборным століку за аднымі дзвярыма Юрась заўважыў вялікія, вельмі багатыя шахматы.

Увайшлі і ў тронную залу, скупа асветленую двума камінамі, дзесяткам смаласкопаў і верхнім святлом праз вузкія вокны. Сцены тут былі беленыя, разарваныя сямтам гранітнымі неатынкаванымі зверху брыламі. Зроблена гэта было для прыгажосці: роўная белая паверхня, а на ёй, плямамі няроўнай формы, шэрыя, крывавыя, зеленаватыя бакі камяніскаў. Тут і там гэтая прыгажосць была завешана старымі кілімамі і нетутэйшымі габеленамі. На іх вісела зброя.

— Схапіць бы, — шапянуў Роскаш.

— Ну і дурыла, — прашалахцеў цыганаваты. — Усім вядома: клінкі тут прымацаваныя да піхваў. Каб не хапалі зброю пры асобе караля, калі сварыцца пачнуць.

Трон белай косці, пакарбаваны золатам, стаяў у другім канцы. Дзве жалезныя жывёлы нібы вартавалі яго з двух бакоў: воўк і арол.

Ля сцен стаялі лавы, укрытыя налаўнікамі з сукна і футраў, і лавы-скрыні са спінкамі. З адной такой лавы служка, адкінуўшы сядзенне, даставаў зараз срэбныя і залатыя кубкі, доўгія сталовыя нажы — у кожным дзюймаў пятнаццаць, — лыжкі і іншае. Клаў іх на рассцелены абрус. Падчас вялікіх прыёмаў да гэтых лаў прыносілі і ставілі літарай «П» сталы.

У цыганаватага, калі ўбачыў такое багацце, аж заблішчэлі вочы. А Багдан і ўвагі не звярнуў. Глядзеў на разьблёныя спінкі лаваў. На іх сядзелі за сталамі людзі ў багатых вопратках, чокаліся вялізнымі кубкамі і куфлямі, угрызаліся ў шынкі і аленевы сёдлы.

— Багата жаруць, — праглынуўшы сліну, шапянуў ён.

— Змоўч! — гыркнуў Пархвер.

Маленькія, страшна маленькія, яны ішлі залай. Скляпенні былі недзе нязмерна высока, куды вышэй нават за недасяжнае дзённае святло з акон. Настолькі вышэй нават за яго, што безнадзейна губляліся ў цемры. Круцілася галава, калі выпадкова глянеш угору.

Цьмяна зіхацеў над тронам срэбны авал з упісаным у яго прамым шасціканечным крыжам — старой, яшчэ да часоў Воўчага Хваста[57], эмблемай гэтых земляў. Паганскай яшчэ эмблемай, якую пакінулі за схожасць са знакам Крыжа.

— Гэна… зірні, — сказаў Акіла Кіёвы, — гэна… Юры святы.

Яшчэ вышэй за крыж, ужо амаль у поўнай цемры, узносіўся над усім, пагражаў мячом і прымацаванай да страменнай пятлі дзідай жалезны, крыты пацьмянелым срэбрам конны волат, агульны Патрон.

— Н-ну, крумкачова мяса, — сказаў са смехам Пархвер. — Хутчэй, халеры. Вам і Юры не паможа… Магу вось вам пад канец дзіва паказаць. Ану ты, лысы, задніца святога Пятра, ідзі да княжага месца.

Жарнакрут вагаўся.

— Ідзі-ідзі. Забіваць не буду.

Мірон павольна пайшоў. Перад княжым месцам падлога залы трохі, на тры-чатыры вузкія прыступкі, падымалася. Жарнакрут ступіў на першую, другую, трэцюю… І тут здарылася нешта такое, ад чаго можна было пасівець. Гулкі, металічны, страшны па сіле брэх забіўся аб муры, пачаў выбухаць пад скляпеннямі.

Натапырыўшы жалезныя, падобныя на пер'е, пасмы загрыўка, шырока раскрываючы пашчу, бумкаў, брахаў жалезны воўк. Павольна ўздымаліся крылы арла.

Жарнакрут кулём скаціўся ўніз, пабег да астатніх. Брэх змоўк, і ад раптоўнай мёртвай цішыні зазвінела ў вушах.

— І жалеза на вас брэша, — выскаліў зубы Пархвер. — Таму што кожнаму сваё месца. І ніякаму чалавечку без дазволу вышэй першай ступенькі не ісці, і наперад не кідацца, і месца сваё ведаць… Ну, хутчэй, хутчэй.

Моўчкі пацягнуліся яны калідорам першага ўсходняга нефа.

— Што будзе? — вельмі ціха спытаў у Юрася той, каго ён клікаў Іосіяй.

— Баюся — канец, — адказаў Братчык. — Іначай ён бы нам таго патаемнага сродку ад замахаў не паказаў. Ты чуў калісьці аб гэтым?

— Не.

— І я. Усё, значыць, ужо вырашана.

Яны ішлі ў змрочнай цішыні. Трапяталі агні паходняў.

— Рукі звязаны, — сказаў Братчык. — Не думаў я, што такі хуткі будзе канец.

Іосія прамаўчаў.

…Яны ўзняліся па стромых сходах і ўвайшлі ў судную залу.

— Мікіпар, — сказаў Пархвер. — Ідзі зараз да войта, вазьмі ў яго ключы ад катоўні і каменных мяхоў.

— Не трэба, — сказаў раптам мяккі, вельмі багаты інтанацыямі голас з кута. — Адпачні, сын мой Мікіпар. Я схаджу сам. Мне трэба бачыць войта.

Ніхто не заўважыў, што ў цёмным кутку за сталом сядзеў над світкам Фларыян Басяцкі, і таму ўсе здрыгануліся ад нечаканасці.

Патаемны лыцар Езуса накінуў на галаву капюшон і не пайшоў, а паплыў да выхаду.

Праходзячы паўз Юрася, ласкава дакрануўся далонню да ягонай рукі. Знік. Братчыка перасмыкнула. Ён упершыню бачыў тут такіх людзей. Нібы нешта патаемна-нячыстае, халоднае, недаступнае ніякім страсцям, апаганіла руку. Нібы, прачнуўшыся ўначы, з жахам адчуў на ёй слізкі ход змяі.

— Ключ ад катоўні? — непаразумела спытаў Акіла. — Гэна… Яно, сказаць бы, нашто?

Пархвер усміхнуўся:

— А ты што думаў, дубовы ты друк, цябе сюды выпіваць прывялі? Дарэмна нябожчык, іх свяцейства Сікст, стварыў інквізіцыю? Ды ён за гэта ў лоне Аўраамлем.

— У лоне самога сатаны, — грымнуў Багдан. — Не смееце чапаць! Я беларускі шляхціц, а яны — мае сябры.

— Аднаго толькі не разумею, як людзі могуць цярпець такое, — ціха сказаў Іосія. — Ды яшчэ больш за сорак год.

Братчык упершыню за ўвесь час уважліва паглядзеў на хаўрусніка. Але глядзеў на яго і Пархвер. Ацэньваў.

Невялічкага росту, мо яшчэ і таму, што сагнуты, кволы на выгляд, але, відаць, учэпісты і выносны, як жмойскі конік, смешны, нават вельмі смешны. Кісці рук, аплеценыя вяроўкай, вузкія і доўгія. Твар худы і цёмны, валасы чорныя да сіні, нос прамы і нядоўгі, з лёгкай гарбінкай. Рот сціснуў, цёмныя вочы глядзяць дапытліва і змрочна.

— Адкуль у цябе такія думкі, іудзей? — спытаў Пархвер.

— Яны даўно ў мяне, тыя думкі.

— А чаму не носіш валасы, як усе?

— А чаму б мне насіць валасы, як усе, калі я цяпер зусім не як усе?

— Ну, глядзі. Усе вы тут цёмныя, а ты з гэтай прычыны яшчэ цямнейшы. Раз з гэткай шайкай звязаўся.

— Сам ты з хеўрай, — сказаў непапраўны Багдан. — Я дваранін.

— А вось пакаштуеце вы, як пашанцуе, цямніцы…

Шалфейчык раптам залямантаваў яловым голасам:

— Не бойся нічога, што табе патрэбна будзе зазнаць! Вось д'ябал будзе ўвяргаць… вас у цямніцу… і будзеце мець журботу…

— Ціха, — сказаў Юрась. — Не крычы ад жаху, браце.


Войт места Гародні, Цыкмун Жаба, нягледзячы на тое, што з канца сутычкі на Ростані не мінула і дзвюх гадзін, быў п'яны. З самага рання быў нападпітку, а цяпер яшчэ дабавіў раманеі. Тупое ганарлівае аблічча нібы раскісла, вочы глядзелі і не глядзелі, асалавелыя, быццам засцеленыя каламутнай плеўкай. Мясісты рот закасцянеў ад самаўзвышэння (яно заўсёды абвастралася ў п'яную гадзіну). Залатая чуга расхінулася, агаліўшы шырокія атлусцелыя грудзі, густа ўкрытыя воласам. Рукавы былі засуканыя, да локця адкрываючы рукі.

Гэтыя мясістыя рукі займаліся цяпер дзіўнай справай.

Амаль увесь невялічкі задні пакойчык, што межаваў з замкавай спачывальняй войта, займалі глыбокае крэсла і, перад ім, вялізныя начоўкі, сажні ў тры даўжыні, сажні ў паўтара шырынёю. Дно было пафарбавана плямамі ў чорны, зялёны, жоўты колеры. Над начоўкамі цямнеў вялікі круг: дно бочкі, роўна замураванай у сценку.

Рукі магнатавы бралі са скрыні нейкія невялікія прадметы і расстаўлялі на дне начовак.

Вось яны паставілі выразаную з дрэва белую Камянецкую вежу, на «поўнач» ад яе, наводдаль, Каложу, будынак курыі. Узвялі маленькія вежы замка. Потым, бліжэй да правай рукі, узніклі валы і будынкі, у якіх кожны абазнаны чалавек пазнаў бы Менск. Пасля апусціліся на дно начовак вежы Кракава, а яшчэ далей — карункавы Кёльнскі сабор.

Сталі на сваё месца, бліжэй да краю начовак, абацтва ў Кентэрберы і змрочны Дурбан Кастл. Далей, за паласою сіняй фарбы, Жаба паставіў прыступчатую юкатанскую піраміду і нешта накшталт пагады, паколькі на дне начовак там было напісана «Вялікае Чыпанга»[58].

Ён не разбіраўся, дзе там што. Проста абазнаныя людзі шмат разоў паказвалі яму, дзе што павінна стаяць, і ён мог рабіць гэта нават п'яны, а значыцца, ва ўсіх гэтых ягоных дзеяннях было не больш ведання краін і цвердзі зямной, чым у пчалы, якая будуе соты, ведання геаметрыі.

Служка ўжо некалькі разоў гукаў яго. Жаба не звяртаў увагі.

— Вашамосць…

Маўчанне. Рукі цяпер ставяць на дно лясы. Шмат лясоў.

— Вашамосць, гэтыя… хадакі са Шчучынскага наваколля просяць падатак збавіць. Сорак два чалавекі па колькасці вёсак. Не ідуць прэч.

— І не думай. «Ідзі з падарункамі — і добра табе будзе», — сказаў Саламон. А я ў калегіюме вучыўся. Я трохі-трохі разумнейшы за Саламона.

Пасля на дне начовак з'явіліся ўжо хаткі, дамочкі, садкі, кароўкі і конікі на зялёных плямах.

— Крыкам крычаць, вашамосць.

— Тады павесіць, — гікнуў Жаба. — Па-ве-сіць. «Карай сына і не абурайся крыкам ягоным», — сказаў Саламон. А я паразумнейшы за Саламона. Я, можа, сам ёсць бог. Га?

— Так. Так.

— Ідзі.

Служка пайшоў, вырашыўшы ўсіх не вешаць, а павесіць, дзеля постраху, аднаго-двух. Жаба расстаўляў цяпер на дне фігуркі людзей. Лялькі былі драўляныя. Рукі іхнія, змацаваныя на суставах ніткамі, боўталіся. Урэшце скрыня апусцела. Войт пацягнуў з суляі і адставіў яе. Абапёрся падбароддзем на кулакі і зверху стаў глядзець на ночвы.

Плылі рэкі, стаялі гожыя гарады, пасвіліся на паплавах чароды. Жаба глядзеў на гэтую жывую, шчаслівую зямную лагчыну з замілаваннем.

— Хочаш да мяне? — спытаў ён у адной лялькі.

Лялька маўчала.

— Глядзі, пашкадуеш.

Ён узяў суседнюю фігурку і паставіў яе бліжэй да хаты… Потым уздыхнуў і выцягнуў з дна бочкі шпунт. У начоўкі нямоцным струменем паліла вада…

— «Ад чалавека да жывёлаў і гадаў», — прашаптаў Жаба.

Ноздры ягоныя дрыжэлі, пашыраліся. Вада ўжо разлілася па дне начовак, дасягнула лялькам да каленяў. Жаба пераставіў тых з іх, што былі блізка, на стрэхі хацінак. Астатнія паступова заліваліся вадою і не ўсплывалі, бо ў ножкі быў заліты свінец.

Вось ужо заліло авечак… кароў… коней… Некаторыя чарапяныя і касцяныя фігуркі ўсплылі, бо былі пустыя ўнутры. Вада паступова набіралася ў іх, і яны павольна апускаліся ў яе. Астатнія засталіся, варушылі над напорам плыні рукамі, уздымалі іх па меры таго, як падымалася вада. Нібы цягнулі гэтыя рукі да тых, што былі на стрэхах.

Потым вада заліла іх з галавой, і яны стаялі, узняўшы рукі ўгору. Плынь пачала ўкрываць дворныя пабудовы… дахі…

Войт узяў адну ляльку са страхі і паставіў яе на званіцу. Вада ўжо заліла хаты і дрэвы. Толькі плавалі, паступова запаўняючыся вадой, некалькі лялек. Маленькія бурбалкі вырываліся ў іх з ратоў: відаць, у паветраны звон іхняга полага цела вялі тонкія, як волас, праходы.

Жаба ўзяў адну фігурку і паставіў яе на край ночваў. Усміхнуўся ёй.

…Заліло ўжо і званіцы. Павольна ішлі на дно «плыўцы».

…І калі ўсе яны зніклі, войт зняў з краю ночваў самотную фігурку, апусціў яе на ваду і стаў сачыць.

Якраз у гэты момант дамініканец праслізнуў у дзверы.

— Хадземце, вашамосць. Хадземце, сын мой.

— Куд-ды? — не адрываючыся ад відовішча, спытаў магнат.

— Рада сабралася. Самазванца гэтага, Хрыста з апосталамі, судзіць.

— А-а. Гэта я заўсёды.

Фларыян заўважыў стан свайго субяседніка.

— Можаце і застацца. Нам толькі ключы ад «апраметнай».

— Н-не-е, — закруціў галавою Жаба. — Гэта, можа, у іншых войтаў так. А я такі войт, што ключы гэтыя ў мяне з-заўсёды на поясе. Без войта не адчыніце. Хочаце адчыніць — ідзіце па войта. Раз «апраметная» адчынена — значыцца, войт там… Дзе кат?

— Паскакалі за ім.

— Эг-ге. Добра… добра.

Фларыян Басяцкі глядзеў на начоўкі:

— Нашто ж гэта вам пэцкацца па дробязях? Улады і сілы над гэтымі мясцінамі ў вас хапае.

І раптам зразумеў. Сказаў з бацькоўскай усмешкай:

— А-а, разумею, спроба перад вялікімі справамі…

— Ал-ле.

Войт пайшоў за мніхам. На імгненне затрымаўся ў дзвярах і кінуў прагны позірк на начоўкі. Там, на паверхні вады, нікога ўжо не было.

Роўнядзь.

Загрузка...