Кінуў дзіду сваю нагой і прабіў яму грудзі.
І ўсе, гледзячы на яго, бачылі твар ягоны, як твар анёла.
Юрась з апошняю кучкай сваіх людзей стаяў у канцы перадмостнага саду, там, дзе ён падступаў да стромы над Нёманам. Усё мацней палымнеў усход, і кожны не мог не думаць, ці паспее ён яшчэ раз убачыць сонца.
Нешта загарэлася кропкай у тым баку, дзе яно павінна было ўзысці. Але гэта быў агонь паходні. Пасля запалала яшчэ і яшчэ адна, і Хрыстос зразумеў, што перадышцы канец, што ўвогуле ўсяму канец. Зразумелі і тыя, што не паспелі спусціцца. Чалавек сорак падышлі адтуль і сталі з сябрамі, каб не быць расстралянымі ў паветры ці ў спіну падчас уцёкаў, каб памерці з годнасцю.
Ланцуг паходняў паўколам набліжаўся да іх. «Крыжы» не хацелі, каб хаця нейкая дробная рыба прыхавалася і праслізнула праз іхні брэдзень.
— Скончана, — сказаў Юрась. — Нейкі там евангеліст сказаў бы, што вось прыйшоў час, вось аддаецца сын чалавечы ў рукі сволачы. Бывай, брат. Бывайце, браты. Даруйце.
— Ты нам даруй, — адказаў нехта. — Бывай… брат.
Малады пацалаваў Хрыста і раптам адчуў нейкі дзіўны, вільготна-салоны смак на вуснах.
— Ты што?
— Ціха, — адказаў Юрась. — Зрабіць я ані храна не паспеў. Позна. Шкада. Людзей шкада. Зямлі гэтай. Яна цяперака, бедная, усплача.
— Нічога, — сказаў малады. — Нічога.
Паходні былі ўсё бліжэй і бліжэй. Былі ўжо відаць залітыя вадкай барваю морды.
— Ды што казаць? — Братчык узняў меч. — Бі іх, хлопцы, у маю душу.
Кучка асуджаных кінулася на варожы строй. Жорсткая, апошняя завіравала сеча… Недзе далёка, далёка ўсё яшчэ лямантавала, лямантавала дуда. І ворагі ўласнымі целамі, усёй сваёй масай адціскалі і адціскалі апошніх паўстанцаў да крутаяра.
Хрыстос адчуваў, што ён як зачараваны. Кідаецца, б'е, сячэ, падаюць вакол сябры (Лотравы людзі пачалі расстрэльваць іх з лукаў), падаюць ворагі, а яму хаця б нехта драпіну нанёс.
І гэта было горш за ўсё. Значыцца, хочуць узяць жыўцом. Глупства! Хто перашкодзіць яму кінуцца з урвішча ўніз галавою?
— Як на разбойніка! — роў ён. — Выйшлі вы з мячамі і каллём… узяць мяне… Дык наце… Наце… Наце…
Ён пачуў уздых і азірнуўся. Малады з непамерным здзіўленнем глядзеў на апераны канец стралы, што тырчэў у яго з грудзей.
…Калі сонца паказала ўсім свой маленькі чырвоны акрайчык, над абрывам стаяў ужо толькі адзін Юрась. Абадраны, чорны ад куродыму, з цяжкімі ад пылу валасамі, запырсканы крывёй, ён круціў над галавою меч, выскаляў зубы і быў такі страшны, што да яго ніхто не рызыкаваў падыходзіць.
— Здавайся! — крыкнуў Басяцкі. — Іначай арканы кідаць будзем.
Хрыстос брыдка вылаяўся.
— А ражна не хочаш, тхор? Тут камяніскі ўнізе. Пакуль далячу да ракі — разарве. Жывым не возьмеце. Не дамся. Я вам не святая Цэцылія, каб мяне бруднымі лапамі лапаць.
— Зірні, — сказаў лыцар Езуса.
Варожы ланцуг расступіўся. Варта трымала за рукі Анею і скручанага Раввуні з заторкнутым ротам. Нахабна ўсміхаючыся, падышоў да жанчыны волат Пархвер, чорны і смярдзючы ад поту, як і ўсе. Весела блішчэў сінімі вачыма. Узяў Анею за валасы: спалохана здрыгануліся веі, закаціліся чорныя ў сінь вочы.
— Зараз я яе… пры табе, — рагатнуў Пархвер. — Братамі будзем.
Пазней ніхто не мог сцяміць, як гэта здарылася, і менш за ўсіх сам Юрась. Вочы нібыта самі заўважылі нажную дзіду побач з трупам паўстанца, цела зрабіла бліскавічны рывок да яе, рука схапіла і накіравала куды трэба.
У наступнае імгненне даўжэзная дзіда, кінутая з пад'ёму ступака, узвілася ў паветры і ўдарыла…
…За гэтую долю хвіліны Пархвер не паспеў не тое што адступіць, але нават зразумець. Вастрыё вылезла ў яго са спіны. Ён стаяў, нібы абапіраючыся грудзьмі на дрэўца, і яшчэ не разумеў, што забіты. Пасля яго пачало ванітаваць крывёй. Доўга-доўга. А яшчэ трохі пазней істота ў сажань і шэсць дзюймаў росту, непераможны Пархвер, паваліўся на зямлю. Усе стаялі нібы аглушаныя.
Хрыстос падумаў, уздыхнуў і сказаў:
— Добра, Басяцкі, паладзім.
— Не смей! — нема залямантавала жанчына.
Іуда звіваўся ў руках варты, нібы ўюн, але вызваліцца не мог.
— Маўчы, Анея, — голас Юрасёў быў безжыццёвы. — Не пніся, брат Іосія. А то здарыцца з табою нешта — толькі людзей насмяшыш. Ну іх да д'ябла! Нявартыя яны і нашага смуроду.
Глядзеў проста ў вочы псу Божаму:
— Маё слова, кот ты мой аксамітны, не тваё слова. Дык вось: ты гэтых дваіх у човен пасадзіш. Цэлы, не дзіравы, як большасць тваіх людзей сёння, пасля бяседы са мною. Вёслы дасі. Самалічна адштурхнеш іх ад берага. І як толькі яны будуць на сярэдзіне ракі — я кіну меч. Іначай…
— Слова? — усміхнуўся мніх. — Я даю слова, — і ён мармытнуў: — juzo[112].
— Слова.
Анея крычала і вырывалася ўвесь час, пакуль яе неслі ў човен. Давялося скруціць ёй рукі і ногі.
— Беражы сябе! — крычаў з урвішча Юрась. — Беражы! Можа, дзіця будзе.
— Не! Не! Не-е-е!
Іуда ішоў за ёю, як забіты. Сеў у човен, бяссіла апусціўшы рукі.
— Раввуні! Раввуні! Калі дасі ёй выскачыць — прадасі мяне! Прадасі!
— Добра! Добра! — душачыся рыданнямі, казаў Раввуні.
Човен адштурхнулі. Шалёная плынь закруціла, панесла яго на сярэдзіну. Юрась бачыў, як адбіваюцца ў Нёмане берагі, і сляпуча белыя аблокі, і шапкі дрэў, шызыя лясы на даляглядзе — уся гэтая зямля, па якой столькі хадзілі ягоныя ногі і па якой ім болей не хадзіць.
І тады, каб ужо не шкадаваць болей, ён кінуў меч:
— Ваш час і ўлада цемры.
Яго схапілі.