І не дзіва; таму што сам Сатана прыймае выгляд анёла святла.
Не еш занадта цукру — завядуцца ў цябе там, дзе не трэба, пчолы.
Яны сапраўды любілі тое, аб чым казаў людзям з гульбішча Братчык. Але зараз ім было не да гэтага, таму што больш за ўсё яны любілі свой спакой, сваю ўладу і саміх сябе. Першае паляцела сёння да ўсіх д'яблаў, разам з віленскім ганцом, і можна было меркаваць, што калі так пойдзе і далей, то палятуць другое і трэцяе.
Таму не было больш шчадралюбага сходу за ўсю гісторыю ў вялікай суднай зале. Усе зліўкі сабраліся тут сёння бараніць сваю любоў.
Сядзелі ўсе духоўныя асобы, як каталіцкія, так і праваслаўныя, бо любоў іх была аднолькавая; сядзелі радцы і войт, бо яны падзялялі тую любоў. Сядзеў Карніла, бо яму загадвалі ад імя любві. Сядзеў бурмістр Юстын. Па прывычцы хутчэй, бо першых дваіх любовей яго паспяхова пазбаўлялі, і таму ён не мог любіць і паважаць сябе.
Перад любяшчымі стаяў расстрыга Іллюк, раней прарок па схільнасцях, цяпер — па заданні:
— Вось і ўсё… А людзі ў горадзе гавораць, што неадменна ён цяпер за Гародню возьмецца… Маўляў, хай толькі пакліча — усе пойдзем… Маўляў, вось гэта сапраўдны Хрыстос наш. На што ўжо татары ды іудзеі — і тыя яго чакаюць. Назва, кажуць, імя — гэта справа дзесятая. Па-іхняму ён Хрыстос, па-нашаму «месія», «махадзі» і чорт яго ведае яшчэ як.
— Добра, Іллюк. Але ж мы адразу анафему яму агаласілі, — сказаў Лотр. — Як гэта слухаюць? Няўжо няма постраху?
— Плююцца, — апусціў звярыную галаву Іллюк. — Кажуць: «Гэта ўсё адно…»
— Ну, чаго замяўся?
— Не карайце… «усё адно як д'яблы анафематствавалі б анёла».
— Т-так, — сказаў Басяцкі. — А юроды крычаць? А ты?
— Крычым. «Сарамата галізны яго… Журба вялікая… Звер, вачыма споўнены спераду і ззаду». Як пажахлівей крычым, каб незразумела. «Сонца, як валасяніца! Мора робіцца крывёй! Сем тысяч імён чалавечых у адной Гародні загіне!»
Ён загікаў і закрычаў так, што ва ўсіх мароз прабег спінаю.
— А яны не зважаюць. Кажуць, усё адно жыцця няма. І сёння Кірык Вястун, каваль ды дудар «Братачка» гаварылі нейкаму вусатаму, каб ён заставаўся тут і памагаў… А мы, маўляў, выходзім і чакаем, а нейкі Занон (адзін Гаўрыла ў Полацку!) каб збіраў людзей, ды хадзем яму насустрач.
— Знайшлі? — спытаў Камар.
— Не, — адказаў Карніла. — Паспелі ўцячы. А Зянона ніхто не ведае. Пэўна, не з Гародні.
— Ч-чорт! — сказаў дамініканец. — Ну добра, пакуль нічога не здарылася. Менавіта пакуль. Небяспека ёсць, але пакуль толькі цень небяспекі. А вы то памылку за памылкай рабілі, а то галовы ад жаху пагублялі. Нарадзілі пачвару і не ведаеце, як утаймаваць.
Сказаў ціха:
— Іллюк, ты пакрыўджан. Знайдзі людзей, здатных раз ударыць нажом.
— Не выйдзе, — сказаў Іллюк. — Усе моляцца на адну ягоную памяць. А і я таксама баюся. На кавалкі расшкамутаюць. Вераць. Няхай сабе ён гэта і сілаю Вельзувела дзівачыць.
— Шкада. Мог бы атрымаць трыста злотых.
— Мёртваму што трыццаць, а што і тры тысячы.
— І ўсё ж паклапаціся аб нажы. Іначай…
— Пастараюся, — зразумеў Іллюк. — Пастараюся знайсці.
— І яшчэ пастарайся крычаць галасней, што гэта антыхрыст, што цяжка адразу разабрацца. Ідзі.
Іллюк пайшоў: сумёт бруднага меху і нячэсаных валасоў. Сінкліт маўчаў. Пасля Лотр буркнуў:
— Смурод які! І любіце ж вы гэтых шпіёнаў, віжоў, даносчыкаў. Сорам проста.
— А вы не любіце? — ціха спытаў дамініканец.
— Па-мойму, таксама глупства гэта, — сказаў біскуп Камар. — Не сачыць трэба. Не сачы, а сячы. Пій V мае рацыю[105].
Твар наліўся бурай крывёй, пенныя заедзі заварушыліся ў кутках рота:
— Памятаеце ягоную інструкцыю веніцэйскаму інквізітару? «Катуйце без жалю, шматуйце без літасці, забівайце, спальвайце, знішчайце вашых бацькоў, матак, братоў, сёстраў, калі выявіцца, што яны не аддадзены слепа вярхоўнай ідэі». Вось гэта па мне. Вось гэта так. І паўсюль добрыя гасудары так робяць: і наш, і французскі, і сам папа, і вялікі князь маскоўскі… хаця ён і схізмат.
Дамініканец кашлянуў.
— Залатыя словы, — саркастычна сказаў ён. — Толькі ваша вучоная галава, па занятасці, відаць, ведала інструкцыі Пія інквізітарам і не ведала інструкцыі таго ж Пія трыбуналам. А там сказана: «Завядзіце столькі шпегаў і даносчыкаў, колькі вы ў стане аплаціць. Абавяжыце іх назіраць за міранамі… і даносіць вам аб усіх грамадскіх і прыватных непарадках. Ніколі не стаўце пад сумненні іхнія паказанні, паражайце ўсіх, на каго яны вам будуць указваць, нявіннага або вінаватага, бо лепей умярцвіць сто нявінных, чым пакінуць у жывых хаця б аднаго вінаватага».
Мніх усміхнуўся:
— І вось таму я люблю абедзве інструкцыі і люблю шпегаў і займаюся з імі. Урэшце, я дамініканец, майму ордэну даверана святая інквізіцыя. І таму я займаюся і дазнаннямі адначасова. У той час, як вы толькі мянціце языком.
Камар у ярасці ўскочыў.
— Гэта вы ўжо занадта, — з дакорам сказаў Лотр. — Так абразіць вернага служыцеля царквы.
Басяцкі таксама патроху закіпаў:
— Вось што, мне гэта абрыдла. Збудуеш нешта стройнае — заплююць, заваляць, загадзяць у вачах усіх. Я не ведаю, як служаць царкве, як любяць Бога, — ён зірнуў на біскупа, — большасць клірыкаў. Але я ведаю адно — ведаю, што на вачах у людзей нельга распуснічаць так, як яны. На вачах… Бо гэта нараджае нелюбоў, нянавісць, гнеў, выбух, смерць!
— Аб чым вы?
— Аб тым. Завялі голад у той час, як хапіла б і моцнага недаядання. Хацелася мець лішні шэлег, а страціце ўсё. А адсюль і няўдачы з гэтым аспідам, і ганьба з татарамі, і тое, што мы ўвесь час сячом сук пад сабою і ляснемся азадкам або, прабачце, мордай у гной. Абжэрліся салодкім жыццём — і нарадзілі, магчыма, сваю смерць. Знемагалі ў празмерных асалодах, а цяпер круціцеся. Як тут не ўспомніць прыказкі аб пчолах?
Сінкліт маўчаў. За вузкімі вокнамі былі цішыня і ноч, але яны слухалі гэтую цішыню і не верылі ёй.