9

Што ж распачаць, наракаць нам? Усё разумеем…

Ціха у пушчы. Няхай жа-ж пачуецца зноўку

Гусаўца голас аб нашых вялізных жывёлах!

Як меркавалася, пойдзем у нетры лясныя,

Там, згодна правілаў нашых адвечных лавецкіх,

Складзена сьценка із сьцятых таўшчэзазных дрэваў,

Што углыбкі адыходзіць на дзесяць-пятнаццаць

Міляў італьскіх, із мноствам драбнейшых адсекаў.

Тых, што ў сярэдзіну трапяць, сьцяна абкружае,

І безупынна старожа глядзіць, каб праходы

Былі зачынены й зьвер з агарожы ня выйшаў.

Лёгка увойдзеш, а выйсьці — ня выйдзеш: пілнуюць.

Зьвер патрапляе ў загон безь вялікіх турботаў,

Нат не прыкмеціць, што выхады ўраз завалілі

Моцнай завалай. На пасьбішчы, быццам, спакойна,

Мы ж, паляўнічыя, зьвера з загону цікуем.

Ён ужо ў пастцы, і мы паляваць пачынаем.

Страх — нам нішто, хай навокала скрозь небясьпека:

Сябра дзесь побач, а прыйдзе бяда — і нямашка.

Верны слуга спадару у сутычцы — ня помач,

Клічу ў сумятні ні бацька, ні сын не пачуюць!

Собскую справу сваймі ты бароніш рукамі,

Кон свой трымаеш у іх жа, а выпусьціш — зьгінеш.

Важыш жыцьцё бо, а сьхібіш — пра літасьць забудзься…

Існасьць загаду ўсім ясная — наступ наперад,

Перамагчы ж, па магчымасьці, трэба бяскроўна.

Выручыць конь хутканогі, адскочыць ад сьмерці,

Толькі у гэтым ратунак і ў гэтым надзея!

З намі наш князь, ён кідаецца ў гушчу змаганьня:

Хто ж бы даў послух нясьмелым, пайшоў з баязьліўцам!

Як перад боем з татарамі зброя асілка

Мужнасьць у воях распальвае — знак перамогі, —

Так і на ловах літоўскіх адвага старэйшых

Іхнай удачы у ходаньні й славе ня шкодзіць.

Чую: няўзнак зноў пяро маё з простай дарогі

Гэтта зыйшло, каб табе, войча наш Жыгімонце,

Славу аддаць, прыгадаць дасягненьні у справах

Важных у хаце й важнейшых мо йшчэ паза хатай.

Гэта ня проста, мне ў гэтым ніхто не паможа,

Тут бо, за межамі пушчаў, маўчыць твая слава,

Тутка нялёгка цябе ўсхваляваць, дык дазволю

Ўсё ж прыгадаць твае ходаньні з ворагам хай бы…

Нам бы — ціхога жыцьця, ну, а словаў ніхто не шкадуе.

Загрузка...