13

Выпрабаваныя доляй ня раз і ня двойчы

Воі мастоў не шукалі, а рэкаў запыны

Перамагалі на конях, сухою выносячы зброю:

Княства для прышлых рыхтуючы войнаў, карысна

Гэтак адным рыхтаваньнем ды працай пратрапіць

Боязі й жахі змагчы, ізь нястачамі зжыцца.

Князь, ваяўнік найгартоўнейшы, большага шчасьця

Нат не шукаў, чымся ўсьцяж гартаваць сваё войска.

Годнасьцяй першай лічылася ў князя адвага.

Сочачы пільна, знайходзіў ён сам адважнейшых,

І на аглядах адразу й абдорваў шчодра,

А баязьліўцаў, няхай і з багатага роду,

Не шанаваў і была іхнай доляй няслава.

Вось як судзіў ён, суровы, але справядлівы,

Тонкім чуцьцём прыкмячаючы праўды адзнаку!

Злая мана перад ім пасьцілалася ніцма,

Сам абвяшчаў ён прысуд, вінавайцы ж, як кажуць,

Тутка ж з пакорай праступствы свае прызнавалі,

Кары ды сьмерці прасілі — вяроўкі на шыю —

Ведалі добра бо — літасьці тут ім ня будзе

Горай за ўсё ілжасьветкаў князь меў у пагардзе,

Іх аддаваў на жахлівыя ён катаваньні —

Суд справядлівы ня сьмейце ашукаваць княжы!

Поглядам лютым усьлед выкрываў вінавайцу,

Аж прызнаваўся ў мане парушальнік прысягі.

Жорсткі прысуд быў удзелам засуджаных, іх бо,

Ў скуры зашыўшы зьвярыныя, кідалі проста

Злоснай ганьні ваўкадаваў, што іх трыбушылі.

Жорсткая кара чакала за хабар і судзьдзяў.

Недзе было, што гасьцінцам судзьдзю падкупілі,

Й княжы наказ абмінуць нешчасьліўца наважыў.

Выкрыты быў ён, жахліва пасьля катаваны

I, як навука для іншых, пайрваны на часткі.

Кожную сквапнасьць князь нішчыў з карэньнем, і гэтым

Сёньня і заўтра заслужана славіцца будзе.

Справаў бліскучых ці мала заладзіў ён, гэта

Кажнаму ясна, як зь песьні маёй, паміж іншым.

Загрузка...