Слаўнае гэта прызнаньне ня вырасла ў пушчы:
Шырыўся пошчак аб ім і усьцяж і усюдых,
Станам ваяцкім было тады кожнае поле,
Дні супакою — спачынкам між войнаў кароткім.
Конскія ў коле сусьцігі, стральба на дакладнасьць,
Скрозь, дзе ні глянеш — спаборніцтвы, лукаў трымценьне:
Моцы адзнака, і пэўнай рукі, і адвагі.
Лучнік, спакойна пацэліўшы ў клін жураўліны,
Правадыра у крыло патрапляў, не даткнуўшы
Цела птушынага. Ў небе, на дрэве, у хвалях —
Птушка — найлепшая мэта для стрэлаў, і білі
Ў пушчах яе, балатох, а тады ў падарунак
Князю давалі, ад сэрца, не для ўзнагароды.
Ў ловах нястомных жыцьцё — людзі мелі за гонар.
Зь першай парошай чароды лавецкія князя
Зьвера сьціскалі у пушчы і, поўнячы нетры
Гоманам, крыкамі, гналі пад стрэлы ды дзіды.
Спрытна высочваць зьвяра у мярлогу лічылі
Справай штодзённай, а вырыне з логава, густа
Стрэламі ўкрыты ды рыне на сьмелага з рыкам,
Лоўкім ударам падняць яго трэба й асядзе.
Гульні былі й прыямнейшыя — гонкі на спрытнасьць,
Слаўная справа, калі мо за сотняю стадый
Мэта ўсталявалася: конна пакрыўшы адлегласьць,
Перамажы ў хутчыні ды ва ўменьні, спаборнік!
Толькі ў грамадах вось гэткія ўцехі бываюць!
Зь месца імкнуць скакуны чарадой, табунамі,
Ў лёце чуваць адно тупат ды коняў хрыпеньне,
Вось, вось дапялі пярэдніх, зраўняліся ў гоне!
Зрок гаспадарскі злавіўшы, скакун падстаўляе
Пану сьпіну і з налёту ў імгненьне мяняюць
Коньнікі месцы на конях, адно ізьлятаюць
Плоймай птушын калчаны ў пёрх стрэлаў, крыж-на-крыж!
Цёмнаю ночай ізноў выдумляліся гульні,
Дзе пасароміць бы мог баязьліўца адважны.
Ўсім пераможцам давалі заўжды ўзнагароды,
Ну, а хто сьхібіў, заслужваў і сорам і кпіны.
Часам ішлі аб заклад, што было шмат цяжэйшым:
Рэкі адолець шырокія ўплынь, хай чакаюць
Гушчы чаротаў плаўца, і віры, і глыбіні,
Б'ецца рака белагрываю хваляй у строму,
Рвецца з шаленствам дзікім і драпежным на бераг.
Звычай у коньнікаў быў свае лукі ды стрэлы
Ўкручваць у клунак з адзежай і гэтак сухімі
Потым выносіць на бераг… Вось рынулі коні,
Пырханьне чуеш адно, бачыш вушы ды храпы,
А на стырне, упіліўшыся ў грывы, мільгаюць
Конных галовы. Свабоднаю левай рукою
Кожны грабе, памагае каню выбірацца.
Ўсім нагароды давалі: вышэйшыя — лепшым,
Рэшце ж, як хто заслужыў. Не міналі нікога.