18

Панна Марыя, калі Тваё ймя я накрэсьліць

Тутка наважыў, рука затрымцела у жаху.

Ніцы нявольнік Твой, я прад Табой із маленьнем

Кленчу, ня знаючы, што мне сказаць, а што змоўчаць.

Вось, я маўчу, але знаю — гаднейшая ўсіх Ты,

Каб галасамі стварэньняў зямных маліцьвенна

Сьвет зазьвінеў, пяючы Табе вечную славу.

Розум ня знойдзе, язык наш ня вымавіць словаў

Пышных удось, да Цябе каб належна зьвярнуцца!

Верачы ў любасьць Тваю, разумеючы ўседараваньне,

Панна, Тваё, прад Табою зьгінаю калены,

З сэрцам трапёткім, зьбялелым, зламаны бярэмам

Важкіх грахоў, і з пакораю ніцай прабую

Вымаліць, Панна, Тваю я над намі апеку.

Знаю, ці ж мне да Цябе з гэтай просьбай зьвяртацца,

Толькі ж малю — заступіся, бо ж Бог чалавеку

Ўзвышнай Цябе Апякункай прызначыў. Як сонца

Сьвяціць паставіў і Ты нам — памога й апека.

Як пад матулі крыльлём мае схоў птушанятка,

Гэтак зьвяртаемся й мы пад Тваё апякунства,

І як дзіця — немаўля маці туліць і песьціць,

Так утулі Ты і нас, Твае дзеці, што гінуць.

О, найсьвяцейшая, чыстая Панна Марыя!

Послух дай нашым маленьням, ратуй нешчасьлівых!

Зрок свой зьвярні на палі нашы й нівы, дзе войны

Жорсткія ймкнуць быццам хваля марская па хвалі,

Глянь Ты, якое бясчынства мячы нам спраўляюць

Над хрысьціянамі, хай вера іхная ў згодзе

З Сынам Тваім, хай жадаюць яны супакою.

Розум здаровы вярні ўладаром нашым, Панна,

Каб абавязкі забытыя ўспомнілі знову.

Ўсе ж яны ў гэтым вар'яцкім, разбэшчаным сьвеце

Ў словах адно міратворцы, ваўкі жа-ж ва ўчынках.

Не прычакаць нам, пакуль яны працьверазяцца,

Край наш тым часам злы вораг палоніць і гоніць

Бедных людзёў безбаронных на зьдзек і пакуты.

О, запыні пал варожы няхай бы на ймгненьне!

Час не стаіць і адцягваньне горшае сьмерці!

Папскі пасад Адрыяна быць можа памогай,

Дык не чакай, о, Марыя, хай зь ветрам паверне

Ветразі ён і прыпыніць мячы варажнечы,

Хай ён пакажа сьляпым і дурным небясьпеку

Ды пакарае ўсіх вінных уладай закону,

Гэтак, каб той, хто ня спэцкаў яшчэ сваё йменьне.

Меч наш усюды й заўжды кіраваў справядліва

І ўладара ўзгадаваў бы зь сябе, што патрэбны

Кожнаму конча сягоньня ў хаосе сусьветным.

Канец

1523

Загрузка...