8

Ўлетку ў сутычках усобіцаў собскіх па шыю,

Нашыя ратнікі маюць узімку спачынак

І ўзнагароду: зьвярыныя ловы у пушчы.

Ці не ў Літвы пераняў Марс стары ейны звычай

Нат спачываючы, меч гартаваць на марозе?

Войны й сутычкі! Яны у мяне выклікаюць

Гнеў і пакуты. Адны, год па годзе, сам-на-сам,

Йдзем ваяваць мы за ўсіх, за сьвятое братэрства.

Вораг наш край аблажыў, каб ушчэнт, із карэньнем

Зьнішчыць і нас, і Хрыстовае Ймя у краіне.

Злодзей-чужак уварваўся у нашыя межы,

Весьціць нахабна, што йдзе ён ня дзеля здабычы,

З Божым іменьнем адно і ад Божага йменьня

Топіць людзей у крыві ды выпальвае сёлы…

Там, дзе Арда пабыла — скрозь адны папялішчы,

Ды груганьнё і сабакі зьдзічэлыя. Лепей

Тутка ж сканаць, чымся жыць пад пятой пераможцы

Доляй нявольніка, век пад ярмом і ў пакутах…

Караю Божаю нехрысьцяў нам не спалохаць:

Вера й парадкі чужыя у іх у пагардзе.

Пынячы горды грудзіма сваймі, як заставай,

Мы падупалі, мячы нашы целы пасеклі,

Кроў наша льлецца ракой, пераймаючы поступ

Зграяў варожых, тым часам — шчыты нашы ў шчэрбах

Скрозь ад няшчадных удараў, бо ворага зброя

Над галавою ня нашай адно, і ахвяры

Нашы па тое адно, каб сябрам даць нагоду

Сілы сабраць ды ўлучыцца у бой із Ардою.

Нашых суседзяў бяда шчэ як сьлед не кранула,

Певень чырвоны іх стрэхаў стральчастых ня кратаў,

Іхнія дні ціхамірна мінаюць і сяньня,

Толькі таму, што наш край палымнее ў пажарах.

Ім — памагчы б нам, яны ж выступаюць у згодзе

Шчыльнай з чужынцам у словах і чынах, мяркуюць

Вомірг на нашым загіне узьняцца, пыхліўцы!

Можа шалёныя ўсётакі ўсім, што тут гінуць

Некалі лекі й прапішуць, ды будзе запозна!

Мае хто вочы — пабачыць, а вушы — пачуе:

Недзе грыміць, пяруны ды маланкі ўжо блізка!

Прага захопаў, міні варагоў стараною,

Сьмягнуць калі ж, хай міжсобку грызуцца зацята!

Хай скрозь насякне зямля іхнай чорнай крывёю —

Нашы сьнягі напіліся ўжо нашай чырвонай!

Смага падбояў для іх жа самых нарыхтуе

Путы грымлівыя й ім і нашчадкам навечна!

Што наканована — будзе! Гаспод непадкупны:

Прыйдзе і помста і кара на ўсякую погань.

Час ахінуцца, ачуцца! Няхай яшчэ зводдаль

Бура грыміць, але чорная, грозная хмара

Борзда імкне… І нашэсьце — падобнае сьмерці.

Розумам жах небясьпекі, як сам не пабачыў,

Сьцяміць няможна, ды заўтрашні дзень пад пагрозай…

Ты ж, наш суседзе, адкажаш, калі твае месты

Й сёлы пачнуць разьлягацца і плачам і стогнам,

Каяцца будзеш: дзе ж нашыя моц і адвага

Гэтта былі? Як маглі мы сваёю ахвотай

Шлях адчыніць пагарджаным усімі паганцам?

Ім, што палон і нялюдзкую долю рыхтуюць

Нам, і суседзям, і нават далёкім народам!

Як жа-ж маглі мы наклікаць навалу, якое

Хопіць і дзецям, і ўнукам і праўнукам нашым!

Загрузка...