Вецер падзьмуў і залівісты брэх у гушчарах
Чутны мацней. Колькі шчырае жарсьці ў нас будзяць
Водгукі ловаў! Як сэрца трапеча, пачуўшы
Шум у вяршалінах дрэваў! Плыве ён, як хваля,
Раз — ападае, раз — зноўкі узносіць у неба.
Злое рыканьне чуваць, нечы віск… Што за ліха?
Гэта ўзьнялі мядзьведзя у бярлозе, ці хтосьці
Раніў стралой вяпрука… Не пабачыў — ня скажаш,
Як атрыманыя раны й магутнага зубра
Могуць разьюшыць, і зьвер, вар'яцеючы, глуха
Ровам гушчары ўстрасае, разьзявіўшы ляпу.
Гнеў у вар'ята яго абярнуў, ён — жахлівы!
Зрок, спадылба, злосна кідае іскры наўкола!
Аж камянееш з жуды, калі горлам прадонным
Хрыпла рыкаючы, гойсае ён паміж дрэваў,
Хочачы растрыбушыць вас — страшэнная зьява!
Варта яму аказацца — й турботаў бязь ліку
Ўраз у цябе: і трывога, і жуда, і наважнасьць!
Ці ж апануеш ты ўсё гэта ў буры пачуцьцяў,
Ці зразумее цябе, хто іх сам не дасьветчыў!
Праца нялёгкая ў нас, ды ці хто параўнае
Нашыя клопаты з важкай бядою айчыны?
Як тутка лекі знайсьці, яе немачы сходаць?
Думкі, адлі, павяртаюць да ўдачаў лавецкіх,
Больш бо здароўя для цела у іх, чымся ў леках.
Кожны сьпяшаецца справамі ловаў заняцца,
Сьцегны свае натаміць нясупыннай хадою.
Як жа-ж у змрочных барох гэткай працы цурацца,
Злую нуду ня гнаць прочкі здаровай разьмінкай?
Выкпіўшы ўсіх эскуляпаў, лавец гэтым самым
Чуе сябе юнаком, дай, нарэшце, мікстуры
Сродак у нас не адзіны, аж чэрава пухне
Й вусьцішна нават, што лопне ад зельля зьнячэўку!
Сівер паўночны — драбніца для моцнага духам,
Лоўца зацяты дасьць рады й турбоце й нягодам.
Непераборлівы, нат і бяз ласых прысмакаў
Ён і здаровы й пад'еўшы, аж думаеш часам
Ці не аддаць перавагі жыцьцю зьвералоўцы?
Часу нястача пыніць мне гэтта развагі,
Ўсёткі апіс паляваньня на грознага зьвера
Я папярэджу паданьнем народу паўночнага краю:
Зубар — змагар, браць яго трэба ўзагрудкі, сілай,
Не ашуканствам: стралою здалёк, ці мушкетам.
Вераць спрадвек бо ў народзе: ён пушчу пакіне,
Калі ў сутычцы ўжываеш ня моц ты, а хітрасьць.
Пэўне паданьням старым хай якога народу
Свомае ўсё растлумачваць таёмнаю сілай,
Праўды ж у казках няшмат, я лічу, бо каб нават
Гэткае штосьці й было — гэта выпадак толькі.
Я, адкідаючы домыслы, тое пяру давяраю,
Што давялося самому дасьветчыць ці бачыць.
Мне ці ж баяцца казаць аб трафеях Дыяны
Або аднэй із паплечніцаў ловаў багіні!
Мо прыгадаць тутка трэба і лук Апалёна,
Стрэлы у цёплай крыві пранізанага зьвера!
Ўсе усхваляюць Юпітара або Юнону,
Я ж паважаю Ісуса і Госпада Бога,
Сэнсу ня бачу у блытаньні праўды із басьняй.
Мець я хацеў бы дазвол, хай сабе і ў скароце,
Праўду ўсім тым расказаць, хто высочвае дзівы
Ды старадаўных памылкаў ману паўтарае.
Праўда — ўнутры. Пэўне плоцкі наш біскуп Эразмус
Тых не пахваліць, хто Госпада Бога зьніжае.
Ён толькі тое у хорам сьвяты дапушчае,
Што і прыстойна, і ў згодзе із станам сьвятарскім.
Я, служка верны ягоны, вось тутка й прабую
Словы ўжываць, што майму Спадару да спадобы.
Гэта прычына, чаму ў маю песьню трапляе
Штосьці з рэлігіі нашай. Вы ў ёй не шукайце
Ні асалодаў жыцьцёвых, ані весялосьці —
Лёд і сьнягі закавалі крыніцу натхненьня,
Краскаў нямашка на гэткім няўробленым полі.