10

Вось ён стаіць у гушчары, варожыць, што будзе!

Долі чакае… Яго й апяем мы у песьні.

Часта у вершы апісваюць цэлыя статкі,

Мы ж на адным ім увагу із вамі запынім,

Сілаў ня стане сказаць аб усіх бо, ні часу!

Збаю, але аб адным, што бяды не пачуўшы,

Ў пастцы, ў мяне на ваччу, апынуўся зьнячэўку:

Выхад старожа замкнула і рынулі стрэлы.

Імі увомірг апераны, ён ірвануўся

Й трапіў на дзіды, што лоўцы сыпнулі з засады,

Шыю, бакі пранізалі. Напасьнікаў зрокам

Палячы, волат зароў, разьдзімаючы храпы,

І як віхор закруціўся, падскочыў, паймчаўся.

Коньнікі зь гіканьнем мкнуць наўздагон, пераймаюць,

Тупат да зораў шугае, а зубар, як бура

Йрве праз паляну, наперадзе — сьценка, з разгону

Хоча яе пераскочыць, на жаль, завысока!

Стаў, як укопаны… Як ратавацца? А ў цела

Зноўку убілася з сыканьнем нечая дзіда.

Лютасьць кіпіць, палымнее пагляд і бруіцца

Зыркая кроў із глыбокай гарачае раны…

Дзе ж варагі: ён шукае, гатовы змагацца,

Зьмяць іх, раструшыць, і першыя ўдары кіруе

Ў зграю сабак стогалосых, дзярэ, раськідае,

Потым — імкне на людзей із жахлівым рыканьнем.

Людзі — у россып, насьлепа кіруючы коні.

Хрыпам, рыканьнем, галёканьнем поўніцца пушча!

Лоўцам скакаць напрасткі няма сэнсу й надзеі,

Можна адно ратавацца, адскочыўшы набак:

Гнеў і разьбег паўз лаўцоў яго мо перакіне,

Велічы ж гэткай нялёгка зьвярнуцца у бегу!

Конны ланцуг замыкаецца. Зьвер мітусіцца:

Цяжка разгон паўстрымаць, пачынаючы наступ.

Целам важкім налятае ён бурна, падскокам,

Бачыш — угрэўся, сапе, а калматая грыва

Б'ецца на ветры, і ўвесь ён — нястрымнае ймкненьне!

Доўга яшчэ зьвер із ровам бушуе ў загоне,

Сочыць, на кім бы памсьціцца, гарачку спатоліць,

Зрок яго люты спаліць вокал мог бы ўсё чыста

Й прыкладам гэтта праўдзівым пацьверджу я зараз:

Нехта з мушкетам, вядома, ня простага роду,

Стрэліць дазволіў сабе ў зьвярыну, — і пацэліў.

Гольлем схаваны, бач, песьціў дурніца надзею

Выцалець неяк і толькі сачыў із трывогай

Скуль спадзявацца нападу… Зайгралі сабакі:

Блізка напасьнік! Аж, ломячы з трэскам ламачча,

Сьнег раськідаючы, ў хмарах бялявае пары

Зьвер аказаўся зьнянацку, абкружаны зграяй,

І затрымаўся, сабаку адкінуў ды зрокам

Поўным шалёнай злабы утаропіўся ў хвойнік, дзе ў жаху

Бедны стралец здрыгануўся: няйначай, прыкмеціў!

Хай ад яго быў наш зубар даволі далёка,

Страх чалавека уразіў: бядак із мушкетам

Так, як стаяў, і сканаў з аднаго перапуду!

Дзіву даваліся людзі з канцоў баязьліўцы,

Труп небаракі застыглы знайшоўшы назаўтра.

Чулі яны, што забіць можа зрок Базыліска,

Ды вось памёр жа-ж бяздольны, някранены зьверам

Гэты юнак, баязьлівага нораву й сэрца!

Сам я быў сьветкам здарэньня, яшчэ не забыўся

Нават напісу, што нехта зрабіў на магіле:

«Тут пахаваны Лаўрук, што забіты ня зубрам, —

Выглядам толькі ягоным. Ці ж лёс вінаваціць?»

Загрузка...