Вейкі стулю й быццам бачу іх стойбішча знову:
Ельнік правечны і ён, паміж елкаў схаваны.
Грозны, пануры, як бор, як бароў небясьпека.
А зараве, зарыкае — і ў верш уварвецца
Рэхам раскоцістым гром, — вось і гармонія песьні.
Хай яна поўніць радкі, аж прыгледземся пільна
Пушчаў далёкай Літвы тут нязнанаму дзіву.
Целам сваім маналітным ён гэткі вялізны,
Што, калі з ранай сьмяротнай падзе на калены й сканае,
Трох паляўнічых маглі б сесьці на йлбе між рагамі.
А параўнаць паспытацца ягоную шыю ці пысу —
Дык параўнаньняў, баюся, такіх і ня знойдзеш.
Жмут барады рыжым вехцем тырчыць з гарлавіны,
Поўныя злосьці застыглай і полымя вочы,
Грыва калматая з плечаў магутных спадае,
Лоб і грудзіну й калены цалком накрывае.
Возьмем калі ж параўноўваць малое зь вялікім
Ды як падыйдзе мясцовае ў нас параўнаньне, —
Гэта казёл барадаты з распасьвеным целам.
Вось ён які, наш бізон, што ў нас зубрам завецца!
Поўсьці прысмажанай ён, чорнай з бурым, як быццам
Водбліск закалкі ад горна мінулых стагодзьдзяў.
Дзіўна, ды ў кнігах пісалі аб ім недакладна,
Я ж не павінен уявай псаваць тут натуру.
Дзе ж гэта бачыў хто рожкі ў зубравых храпах?
З выгляду зубар ня праўдзіць свае апісаньні,
Што прыпісаць усю моц намагаліся пысе.
Не, не такі прыгажун мой, бароў нашых слава!
З кнігаў вучыў я славянскіх наш сьвет старавечны,
З граматаў рускіх, пісаных скрозь літарай грэцкай.
Вязь абэцадля народ наш для собскай карысьці
Ўзяў бо у грэкаў, ды роднае гутаркі гукі
Ў літары ўліўшы чужыя, сабою застаўся.
Кожны ж народ із глыбокай сваёй даўніною,
Хто б ён ні быў, а на ім старавечча адбітак…
Ды, як наш зубар, зьвяра мо няма ўжо на сьвеце,
Толькі пад зоркай паўночы іх лёс захаваў нам.
Пліні пакінуў свае апісаньні й зубра, і тура:
«Ў пушчах правечных паўночы вядуцца быкі» — нам ён кажа, —
(Зубрам завуць іх у нас), — старавечныя сьветчаць:
«Створаў дзічэйшых няма, чымся гэты вырослы
Вольна на травах урочышчаў цар над зьвярыма».
Людзі ў роднай зямлі запэўняюць, што ў сьвеце
Слава аб ім не прайшла, што нідзе ён ня знаны.
«Люты, дзікі, да бізона падобны грывасты» —
Пліні нам піша, а больш — вам хто іншы раскажа!
Не сумляваюся, будуць папрокі: «Дзівосныя казкі!»
Што ж, ці адзін ня дасьць веры ў вялізнасьць зьвера…
Хто хваляваньняў у пушчах паўночных ня зьведаў,
Той не паверыць, і хай супярэчыць, бо праўда —
Як ты раскажаш. Спрачацца ж і дурань патрапіць.