Шлях, мой чытач, быў намечаны загадзя намі.
Шлях у лясы, што хінуцца пад подыхам ветру,
На лугавіны расьцьвілыя, дзе на прывольлі
Мірна пасуцца зьвяры, карыстаючы з права.
Стойбішча дружна бароняць зубры, і старожа
Пільна глядзіць, каб у статку быў добры парадак.
Дужы зь нядужым уладай дзяліцца ня будзе,
Моц бо й дазнаньне — адны могуць даць панаваньне.
Ўсюды, у статку зубровым, загоне, дарозе,
Пэўне ж, адольвае ў бойцы сьмяротнай дужэйшы
І без трывогаў ні ймгненьня ў барох не мінае.
Смыль панаваньня злабу скрозь крывавую родзіць,
Кожны таму паядынак, а кончыцца сьмерцяй.
Той, хто слабога пабіў, дастае ўзнагароду,
Ну, а пабіты, калі не сканаў, невясёлы
Разам із жонкай са статку ідуць у выгнаньне.
Зубар, што статак пакінуў, адгэтуль баіцца
Нават рагаціны, ў статку ж заўжды быў спакойны.
Часам ня грэбуюць статкі й самотнікам-зубрам,
Гэткіх прыймаюць чароды блізу без замінкі.
Калі ж у бойцы лясной памірае сужонак,
Вернасьць сяброў нечаканая сьмерць парушае:
Ўдоваў выгнаных узноўкі у статак прыймаюць.
Княжы наказ, што бароніць і маці, і нашчадзь,
Множыць тым самым багацьце ды скарбы краіны.