14

Меў селянін адзін клопат — гараць сваю ніву,

Сэрцы ж сялянскія князь гартаваў паляваньнем.

Зьвер здабываўся ўсяляк, і найлепшай здабычай

Тая была, калі зьвера у стан прыганялі

Без пакалечаньняў, ранаў, блізу што бяз шкоды.

Гэта лічылася скрозь дасягненьнем найвышшым,

Ну, а зь нядбайных маглі і спагнаць па загаду.

Трэба сказаць, што сяляне стараліся добра,

Ўсе даручэньні выконвалі пільна, адважна,

Нат і зуброў пакладалі да ног валадарскіх.

Што так бывала заўжды, я усёткі ня веру,

Цьвердзяць старыя, адлі, быццам гэта ўсё праўда.

Але пра кемнасьць народную ў стаўленьні пасткаў,

Трэба сказаць без сумлеву, што гэта — мастацтва!

Сьценку з падвойных бярвеньняў, падобную кліну,

Ў пушчы стаўлялі, рассоўвалі шырака перад,

Потым звужалі патроху, а ў сьценцы засовы

Спрытна хавалі пад гольлем ялін і травою,

Каб небясьпекі ня вычуў як зьвер асьцярожны.

Ў сьвітцы чырвонай лавец-заклікайла ўдоўж кліну

Раптам імчыць, меч зіхціць над яго галавою.

Зубр гэта бачыць, крывёй наліваюцца вочы,

Ды парушальнік спакою ўжо зьгінуў, расстаяў:

Ёсьцека лазы бо ў сьценцы, лавец і схаваўся.

Зьвер, разагнаўшыся ў гоне, тым часам трапляе

Проста у пастку: засовы ўвомірг дарогу

Пыняць яму і наперадзе й ззаду — злавілі!

Бегма бягуць із схаванкаў лаўцы, абкружаюць

З крыкам пачвару, пятлю закідаюць на шыю,

Сьцягваюць шчыльна раменьне, а заднія ногі

Путамі моцнымі вяжуць, хаду запыняюць.

Непераможаны зброяй, атрадамі вояў ня ўзяты,

Тутка таймуецца зьвер адно зьменлівым конам…

Цела магутнага зубра скруціўшы вяроўкай,

Цягнуць яго, як гару й дзікім жахам працяты,

Пеніцца люты асілак, але паддаецца,

Йдзе, дрыжучы, паўз натоўпы людзкія ў няволю.

Зьвера, у табар прыгнаўшы, разьвязваюць, гоняць

Потым у чыстае поле, каб мэтай жывою

Коньнікам княжым ён быў — беце стрэламі й дзідай,

Ды набывайце каштоўнае гэтак дазнаньне!

Як запэўняюць, ня толькі на стрэлах і дзідах

Клалі знакі, але мэту жывую знакамі

Густа пярэсьцілі, й той, хто дакладна пацэліў,

Узнагароджваўся ўсьлед як найлепш, бо за князя

Вітаўта тых адзначалі, хто цела жывёлы

Дзідай умеў пранізаць і глыбока й дакладна.

Вітаўта княжаньня час, я мяркую, названы

Найпрыгажэйшы ня толькі з прычыны ваяцкіх

Княжых удачаў, але мо й таму, што над грошы,

Ўдачы ды славу стаўляў Вітаўт духа багацьце,

Глыбака верыў у праўду Ўсямоцнага Бога…

Першы з народамі княства прыняўшы хрышчэньне,

Веры старое усе асудзіўшы памылкі,

Зманных паганскіх бажкоў ён спаліў і паставіў

Хорамы Богу Ўсявышняму. Быўшы пабожным,

Шчодра й сьвятарства дарыў ён майном і зямлёю.

Славу пяяць адлі Вітаўту слаўнаму годзе!

Хай неахвотна, ягоныя дзеі мінаю

Тут я, бо зноў захапіўся, а трэба трымацца

Пільна згаданае тэмы — Паўночнай краіны,

Дый пра зуброў быў бы час ужо скончыць спаміны,

Ходзячы ўкола бо, ўшчэнт я ад іх адхіліўся,

А, паміж намі, час быў бы вярнуцца да ловаў!

Крыкам, пагоняй загнаны і стомлены зубар

Здаўся, зьнясілеў нарэшце, астыгла і зьнікла

Лютасьць, маўляў зразумеў зьвер, што скон ужо блізка.

Ўвесь упацеў ён і дыхае цяжка, із хрыпам,

Ногі ўжо ледзьве трымаюць і цела абмякла,

Вось-вось, глядзі, спатыкаецца, ўпадзе і сканае,

Гасьне злаба уваччу, што яго паланіла…

Коньнікі коні вядуць у гушчар, не марудзяць.

Вось сьмелым крокам, як звычай ім кажа, выходзіць

Сьцяг юнакоў скончыць зьвера ва ўпор, вока ў вока

Ўдарам клінкоў, і стаяць ізь дзіўною адвагай

Тварам да сьмерці хлапцы із надзеяй на славу.

Вось узьняліся клінкі, расьсякаюць паветра:

Кожны заве да сябе спахмурнелага зьвера,

Ён жа-ж, зьнясілены ўшчэнт, а ўсё ж ірвануўся

Сьлепа на постаць лаўца й той адскочыў за дрэва.

Зубр разьвярнуўся, нацэліўся й раптам з разгону,

Быццам маланка ў магутнае дрэва ўдарыў.

Гольле ляціць у бакі, з трэскам сыплюцца трэскі,

Сьмерцяй лаўцом пагражае камель надламаны.

Пільна, малойчык, глядзі, уважай, бо нязважным

Гэтае месца наўрад ці на схоў надаецца!

Трапіла бачыць мне: сьмелы адзін паляўнічы

Меч упусьціў, калі зьвер набліжаўся падскокам

Проста на дрэва, дзе той, скамянеўшы, стаіўся,

І каб сам лёс не прыйшоў бедаку з дапамогай,

Гэны юнак пэўне трапіў бы сьмерці ў вабдымкі.

Шчасьцем, аднак, было гэтае дрэва сасною,

Шапкай вялізнаю сьнегу прыкрытаю, вось жа

Як здрыгануўся камель, страсянулася й гольле

Й белая сьнежная хмара згары сыпанула.

Сьмелы лавец зьнік на ймгненьне, ды зараз

Рынуў наўцёкі паўз белую ймглу — ратавацца!

Моцна ўжо ж кпілі сябры зь юнака і зь нягоды,

Быццам ад сьмерці ўцякаць — гэта сорам і ганьба,

Як і ў змаганьні — да хуткай імкнуць перамогі.

Грымнуў удар — упіліся рогі ў дрэва,

Ўзяўшы ў абоймы камель… Ды стрывала карэньне

Хвоі-асілка у пушчы ўрадлівым суглінку.

А як сасна баравая — быць пэўным яе немагчыма,

Хто за ёй стоіцца, зь ёю ж пасполу і рыне.

Гэнае й буры зь вятрамі ня вывярнуць, гэта ж

Гіне парой пад імпэтным зубровым ударам.

Ну ж і відовішча! Мкнецца сасну перакінуць

Зубар, здрыгаецца, кружыць, бадзе, у шаленсьцьве

Сьлепне й розьніцы болей ня робіць між дрэвам

І чалавекам, рагамі камель разьбівае,

Быццам ён — вораг, і пэўне ж мяркуе: забіты!

Нат не разрозьніш у мітусі пары ды сьнегу,

Дзе паляўнічы, дзе — зубар шалёны — абодвы,

Ёсьць аднак розьніца ў лютасьці кожнага зьвера:

Шмат зь іх і ў бойцы захоўваюць зрок непамыльны.

Загрузка...