1

Будучы ў Рыме, зь вялізным натоўпам пасполу,

Бачыў аднойчы я гульні, што ўсе з захапленьнем віталі:

Жорсткую бойку быкоў, гледачам на пацеху.

Лётныя стрэлаў раі ды бліскучыя дзіды

Ранілі целы жывёлаў і боль ім чынілі нясьцерпны,

Аж вар'явалі ахвяры, іх лютасьць, як пена ўскіпала…

Тут вось, пакуль я глядзеў на быкоў ашалелых,

Спуджаных болем ды пляскам далоняў з трыбунаў,

З нашых сказаў хтось: «Зусім як на ловах зубровых!»

Я пагадзіўся, і ўсьлед, тутка ж пачаў успаміны

Ходаньняў, дзіўна падобных, із волатам-зьверам.

Як у той прыказцы, мне ж мой язык і пашкодзіў:

Усьлед атрымаў я загад без адмовы й адкладу

Выліць у верш мой спамін пра зубровыя ловы.

Бачыце, я — між паэтаў прыпадкам выбраны —

Песьню складаю аб нашым зьвяры невядомым,

Дзівам зь вякоў захаваным пад зоркай паўночнай…

Ён, што абвешчаны ў сьвеце крывавым забойцам,

Часта ў мяне выклікаў смак жуды ці агіды,

Мне так нясвомы, і сорам прызнацца, што скуру

Часам уцёкамі я ратаваў, ажно людзі

Ўсьлед мне плявалі, бо ў нас баязьліўцаў ня любяць.

Тут, з ганаровым заданьнем, ды большаю мо небясьпекай,

Змушаны буду я выявіць зручнасьць са зброяй

Гэтак нязвычнай руцэ, муштраванай на луку.

Ўзяў, дрыжучы, я пяро і баюся пад гэтым цяжарам

Ці мо палегчы, няўдольнасьць засьветчыўшы гэтым,

Ці можа дзёрскасьцяй страх патаптаць і скарыцца

Волі вялікага мужа, каму забавязаны ўсім я.

З гэтаю думкаю буджу я крыніцу натхненьня:

Рынь і паймкні жыцьцядайнай вадою айчыны,

Піць дай пасеву майму на некраненым полі!

Бо ж на зямлі Італійскай, даўней нам нязнанай,

Мне загадалі тварыць маю песьню, — з пакорай

Я пагадзіўся і вось — пільна ўзяўся за працу,

Нат без надзеі, што ўсё будзе ў ёй дасканалым.

Ўсё ж запытацца хачу я, і болей нічога,

Як, чытачу мой, даць рады зь пяром неслухмяным?

Ведаў дасюль я ж адно лёт апераных стрэлаў,

З гэтых бачын устае уваччу вобраз бою,

Сутычкі сьмяротныя, рой дзідаў імклівых, гудлівых…

З лукам мне радзіць лягчэй, а табе — ізь пяром наравістым.

Роўнымі быць мо маглі б мы з табой у майстэрстве.

Што ж, як ня ўсё мне ўдасца, дык права за вамі:

Рвеце бязьлітасна сказ чужаземца-няўмекі.

Ёсьць падабенства ў пяра і стралы — у абодвух

Роўныя джалы й калі іх напоіш атрутай,

Ранкі даволі малой, каб паранены зьгінуў.

Загрузка...