Ўсе яшчэ, думаю, ў памяці маюць здарэньне
Што тут было за гадоў караля Аляксандра.
Гэта няшчасьце магло б патапіць каралеўства
Ў горкіх сьлязах, ды Бог зьлітаваўся — гора мінула:
Ў пушчы памост збудаваны быў моцны ў чатыры,
А можа й болей падпораў — сачыць паляваньне.
Ў коле магнацтва ды фрэйлін сама каралева
Тамка сядзела, ўнізе ж ледзь трывала юнацтва,
Каб найхутчэй паказаць свае спрыт ды адвагу
Ў бойцы з магутным і дзіка разьюшаным зьверам.
Жэўжык Амур, на старой затаіўшыся хвоі,
Лук нацягнуў і насьлепа пацэліў у сэрца.
Што ж, забаўляйся, свавольнік, гуляй у ахвоту,
Толькі ня сяньня, ня ў пушчы! Юнак-паляўнічы
Прыпадабацца каханай сваёй захацеўшы,
Зробіць мо рыцарскі гэст і напэўна загіне
Тут празь цябе нечаканай, бяздумнаю сьмерцяй!
Вось і зубры паказаліся з лоўчых ганьнёю.
Ўсе на памосьце замерлі і зь месца ўзьняліся.
Колерам зыркай вясёлкі бліснулі апраткі,
Золатам тканы вузор па чырвоным і белым.
Ледзь гэта зыркасьць у вочы дзікія шугнула
Правадыра, ён прыстаў і ўпіліся паглядам
У варагоў. І загасла увомірг цікавасьць,
Бо не скажу, каб відовішчам цешыцца гэткім
Тыя маглі, што злабою зьвяроў не кіруюць,
Гэта — нязвычна. Тут тупат пачуўся здалёку
І паміж дрэваў, падскокам, праймчаўся, як вецер
Статак зубровы, цаляючы ў гурт паляўнічых.
Раптам на луг, у няпамяці гневу, ўварваўся
Зубар-асілак, жахлівай крывавячы ранай.
Ён прыпыніўся, затрос галавою, прыкмеціў
Зыркасьць страёў на памосьце й пачаў прыглядацца,
Быццам пазнаць намагаўся асобныя твары:
— Цешыцца сьмерцяй маёю зыйшліся? Чакайце ж,
Вось пакажу я вам сьмерць, што й вякі не забудуць!
Тутка зароў ён, дзьмучы у магутныя храпы
(Гэта сыгнал небясьпекі для кожнага ў статку),
Скончыў, ударыў рагамі і выбіў падпору.
Мост затрашчаў і каб, воляю кону, ударыў
Зубар яшчэ, ўсё бы рынула, шчодрай крывёю
Зьліўшы зямлю ды хварбуючы стромыя рогі.
Не, не магу я ўявіць нат, ушчэнт скамянеўшы,
Што б нарабіць мог зьвер гэтта усьпененай пысай!