ЗВЫШНАДЗЕЙНАСЦЬ


Звышнадзейна жывуць звышнадзейныя людзi.

Звышнадзейна садзяцца ў вагоны метро.

Іх нiхто не аблае, нiхто не асудзiць, —

Не цiкавiць нiкога iх лёс i настрой.

Звышнадзейна працуюць маторы i колы.

Звышнадзейна гудуць на сцяне правады.

Звышнадзейна вядуць звышнадзейнае сола

Звышнадзейныя нетры тунельнай трубы.

Распаўсюджваецца пад зямлёй звышнадзейнасць.

Парцэлюецца i парцэлюецца рытм.

А за столлю, у глебе, ляжыць безнадзейнасць,

Неабходная подзвiгам нова-старым.

Загрузка...