Узыдзi на гару,
Абярнiся ваўком
І ляцi праз чатыры гады, —
Сваю мацi забудзеш
І родны свой дом,
Не сустрэнеш нiколi бяды.
А яшчэ сорак дзён,
Не шкадуючы ног,
Ты ляцi па пяску, па вадзе,
Па асфальце, па пыле,
Па бруку дарог,
Не спыняйся, крый Божа, нiдзе.
А калi на мяжы
Памiж ноччу i днём
Перакулiцца ўвесь белы свет,
Будзе ў цемры свяцiць
Ярка-чорным агнём
Непатрэбны i воўчы твой след.