Глыну крышталёвай, халоднай атруты,
Устуднi-лядоўнi здранцвее мой лёс,
І сыдуцца ў кропкi зямныя пакуты.
Труна прыплыве па рыпеннi калёс.
Але пачакайце, нетрэба мне долу,
Не трэба чаўна машыстовай труны.
Мяне панясiце з ампiрнага дому,
Туды, дзе па хмарах грымяць перуны.
Пад небам, навежы мяне пакладзiце,
Хай вострыя дзюбы арлоў, груганоў
Разблытаюць нерваў блакiтныя нiцi,
А даўгiя кiпцi iх зблытаюць зноў.
Хай велькая зграя чарцей i анёлаў
У трубы i дудкi напружана дзьме,
А ў грукаце сонечна-месячных колаў
Хай лета зруйнуецца ў чорнай зiме;
Вясна пераробiцца ў сонную восень,
Планета астыне ў крыклiвай мане.
Калi й застанецца ў шарасцi просiнь.
Вы там не шукайце нiколi мяне.