Давéдачная сістэма (help) — захоўваецца на дыску: сістэматызаваная інфармацыя, якая прадастаўляецца карыстальніку многімі прыкладнымі праграмамі ў выглядзе парадаў, інструкцый па выкарыстанні гэтай праграмы. Кантэкстна-залежныя даведачныя сістэмы выдаюць карыстальніку даведку пры спробе выканаць нейкую канкрэтную каманду альбо задачу — атрымаць інфармацыю менавіта па бягучай сітуацыі. Даведка дазваляе ажывіць у памяці неабходную інфармацыю, атрымаць звесткі аб дэталях работы праграмы, якія рэдка ўжываюцца.
Давéдачная табліца (look-up table) — метад захоўвання звестак для атрымання хуткага доступу.
Дадáтак (application) — спецыялізаваная праграма для выканання аднатыповых работ. Належыць адрозніваць ад аперацыйнай сістэмы, якая кіруе кампутарам і ад уцілітаў, якія выконваюць службовыя задачы альбо функцыі агульнага прызначэння.
Дадáтковая пáмяць, пашыраная пáмяць (expanded memory) — разнавіднасць фізічнай памяці, якую дадаткова можна ўстанавіць на кампутарах ІВМ тыпу ХТ і АТ для пашырэння аб’ёму памяці.
Дадáтковы сегмéнт пáмяці (extra segment) — частка памяці ў персанальных кампутарах, складае 64 Кбайтаў і прымяняецца як дадатковы сегмент для выкарыстання праграмай.
Дазваляць, уключáць (enable) — зняць забарону, якая была накладзена раней. Ініцыяванне альбо аднаўленне якойсці магчымасці ў праграме ці сістэме.
Дазвóл (permission) — допуск акрэсленага карыстальніка да акрэсленага рэсурсу сістэмы ў адпаведнасці з яго паролем і прадастаўленымі яму сістэмным адміністратарам правамі.
Дазвóл на дóступ (arbitration) — працэс атрымання доступу адной з некалькіх прылад, якія зрабілі запыт, да адраснай шыны.
Даклáднасць ліку (precision of number) — колькасць знакаў пасля коскі, з якімі лік можа захоўвацца ў памяці.
Дакумент (document) — любы самастойны твор (файл тэксту), які створаны з дапамогай тэкставага працэсара альбо праграмы настольнай выдавецкай сістэмы, і захоўваецца на дыску пад унікальным імем, па якім яго можна знайсці. У кампутарных тэхналогіях паняцце дакумент разглядаецца шырэй, чым толькі інфармацыя сістэмы апрацоўкі тэкстаў. Дакумент — гэта любая работа, выкананая карыстальнікам, якая атрымала імя і захавана ў выглядзе асобнага файла. Гл. таксама файл.
Дакументáцыя (documentation) — камплект інструкцый па ўстаноўцы, эксплуатацыі і інш., які пастаўляецца разам з праграмнымі і апаратнымі сродкамі.
Дамáшняя старóнка (homepage) — старонка, якую адчыняе браўзэр пры запуску. Другое значэнне — галоўная (першая) старонка Web-сайта.
Дамп (dump) — вывад звестак адным з двух спосабаў: 1. Запісаць праграму альбо звесткі на дыск альбо магнітную стужку; 2. Паказаць праграму ў кодзе на экране альбо друкарцы (hex-dump).
Дамп пáмяці (memory dump) — вывад на экран альбо на паперу змесціва пад кожным адрасам у якім-небудзь абсягу памяці, звычайна ў выглядзе шаснаццатковых лікаў.
Дапамóжнае абсталявáнне (auxiliary equipment) — частка кампутарнай сістэмы, якая не кантралюецца працэсарам і ўяўляе сабой пасіўныя аб’екты: рабочы стол, скрынка для дыскет і інш. Прылады, якімі можа кіраваць працэсар пры выкананні дапаможных функцый, называюцца перыферыйнымі.
Дапамóжная клавіятýра (keypad) — клавіятура з невялікім наборам клавішаў для ўводу спецыяльных сімвалаў альбо лікаў.
Дапамóжная мікрасхéма (support chip) — інтэгральная мікрасхема, якая распрацоўваецца для работы з канкрэтным мікрапрацэсарам, альбо для павелічэння яго магчымасцяў, альбо для таго, каб асноўны працэсар выконваў свае функцыі больш эфектыўна.
Дапамóжная прагрáма малявáння прамавуглáвікоў (box tool) — спецыяльная праграма для малявання прамавуглавікоў: курсорам указваюцца дзве кропкі, якія вызначаюць супрацьлеглыя вуглы прамавуглавіка, і фіксуюць іх на экране націскам кнопкі мышы. Прымяняецца ў выдавецкіх праграмах, праграмах малявання і аўтаматычнага праектавання.
Дапаўняльны біт (overhead bit) — біт, які выкарыстоўваецца для праверкі цотнасці.
Дарóжка (track) — круг на паверхні цвёрдага альбо гнуткага дыска, у якім запісваюцца звесткі. Змесціва дарожкі можа быць прачытана адной галоўкай запісу-чытання без яе пераключэння за адзін поўны абарот дыска. Дарожкі на паверхні дыска вызначаюцца аперацыйнай сістэмай — разметкай дыска дыскаводам пры яго фарматаванні. Звычайна дарожка дзеліцца на сектары. Кожная дарожка мае свой нумар. Дарожка ўяўляе сабой магнітнае кальцо крышачку шырэйшае за галоўку чытання-запісу дыскавода. Дыск можа мець ад 40 да 1024 і больш канцэнтрычных дарожак.
Даслéдаванне аперáцый (operations research) — метад аналізу сістэмы. Прымяненне матэматычных і навуковых падыходаў для аналізу павышэння эфектыўнасці ў розных сферах дзейнасці. Даследаванне аперацый уключае выкарыстанне метадаў крытычнага шляху, тэорыі імавернасці, статыстыкі і тэорыі інфармацыі.
Даслéдаванне аперáцый (operations research) — Прыкладная матэматычная дысцыпліна, якая вывучае распрацоўку і прымяненне метадаў атрымання аптымальных рашэнняў у розных сферах чалавечай дзейнасці.
Дастýпнасць звéстак (data accessibility) — уласцівасць звестак, якая характарызуецца магчымасцю іх чытання карыстальнікам ці праграмай.
Дáтчык — 1. Sensor — электрычная прылада, якая рэагуе альбо вымярае што-небудзь шляхам пераўтварэння якога-небудзь віду энэргіі (цеплавая, светлавая, вільготнасць, вібрацыя і інш.), і выдае адпаведнае велічыні ўздзеяння электрычнае напружанне. 2. Generator, transducer — прылада для пераўтварэння фізічнай велічыні ў сігналы для апрацоўкі тэхнічнымі сродкамі.
Дáтчык адлюстравáнняў (image sensor) — прылада, напрыклад фотадатчык, якая пераўтварае інтэнсіўнасць святла, што падае на яго, у велічыню электрычнага сігналу.
Даўжыня блоку (block length) — памер абсягу памяці, які адводзіцца фізічнаму запісу (блоку), лік байтаў альбо слоў у блоку. Даўжыня блоку звычайна выражаецца ў байтах. Тыповыя значэнні даўжыні блоку ляжаць у дыяпазоне ад 512 байт да 4096 Кбайт у залежнасці ад спецыфікі блоку.
Даўжыня радкá (line length) — 1. У мовах праграмавання: дазволены максімальны лік сімвалаў у адным радку. 2. У тэкставых працэсарах: колькасць знакаў на кожным друкаваным радку.
Даччына вакнó (child window) — вакно, якое выклікана праграмай, адлюстроўваецца ў рабочым абсягу бацькоўскага (асноўнага) вакна.
Даччыная прагрáма (child program) — праграма, якая выклікаецца з іншай праграмы і застаецца актыўнай ў памяці. Пасля выканання сваіх функцый даччыная праграма перадае вынікі “бацькоўскай” (parent), якая аднаўляе сваю дзейнасць. Даччыны працэс спараджаецца іншым працэсам, які называюць “бацькоўскім”. Бацькоўскі працэс, як правіла, прыпыняе сваю работу да завяршэння выканання даччынага працэсу.
Даччыная плáта (daughter card) — падключаецца да сістэмнай платы. Адрозніваецца ад платы пашырэння тым, што атрымоўвае доступ да памяці і да працэсара непасрэдна, а не праз адносна павольную (медленную) шыну.
Дачынéнне (relation) — у рэляцыйных базах звестак: структура, якая ўключае атрыбуты (калонкі) і картэжы (радкі). Дачыненні запісваюцца ў выглядзе табліц. Атрыбуты — індывідуальныя характарыстыкі, а картэжы ўтвараюць неўпарадкаваны набор характарыстык, якія апісваюць асобныя аб’екты, напрыклад пакупніка. Кожны картэж павінны быць унікальным. Дачыненні — гэта форма сувязі паміж аб’ектамі, якая адлюстроўвае тое агульнае, што ёсць у гэтых аб’ектах. Не трэба блытаць дачыненне з тэрмінам “сувязь”.
Дачынéнне сігнал-шум (signal-to-noise ratio) — мера якасці сігналу. У электрычным сігнале заўжды прысутнічаюць якія-небудзь перашкоды. Колькасць энэргіі, на якую сігнал пры перадачы перавышае велічыню шуму канала ў той жа самай кропцы. Дачыненні сігнал-шум вымяраюцца ў дэцыбэлах і паказваюць чысціню альбо дакладнасць сувязі.
Двайнáя папéра (two-part stationery) — папяровы рулон для друку, прадстаўляе сабой дзве стужкі паперы, паміж якімі пракладзена стужка капіявальнай паперы.
Двайнáя пстрычка (binary click) — каб адкрыць піктаграму альбо выканаць функцыю ў дадатку, неабходна два разы клікнуць кнопкай мышы (двойчы хутка яе націснуць). Наколькі хутка трэба выконваць двайную пстрычку, можна ўстанавіць з дапамогай Панэлі кіравання.
Двайкóвае дрэва (binary tree) — форма структуры дрэва, у якім кожнае разгалінаванне мае не больш за дзве галінкі.
Двайкóвае слóва (double word альбо dword) — элемент звестак з двух сумежных слоў (г.зн. чатырох сумежных байтаў), якія апрацоўваюцца мікрапрацэсарам кампутара як адно цэлае. Такое слова прымяняецца ў 16- і 32-разрадных машынах.
Двайкóвая ячэйка пáмяці (binary cell) — ячэйка памяці для аднаго біта інфармацыі; можа быць устаноўлена ў 1 альбо скінута ў 0.
Двайкóвы дроб (binary fraction) — дроб, у якім выкарыстоўваецца ступеня 2. Напрыклад, двайковы дроб .101 абазначае адну палавінную, ні воднай чацвёртай і адну восьмую. У дзесятковым дробе, для прыкладу, .321 абазначэнне такое: тры дзесятых, дзве сотых і адна тысячная.
Двайкóвы лік (binary number) — лік у двайковай сістэме; лік, прадстаўлены ў двайковым выглядзе. Двайковыя лікі выражаюцца праз ступеню двойкі 27 26 25 24 23 22 21 20.
Двайкóвы лічыльнік (binary counter) — лічыльнік з двума станамі. Ланцуг, які пераўтварае паслядоўнасць імпульсаў на сваім уваходзе (альбо уваходах) у адпаведную паслядоўнасць сігналаў на выхадных правадніках.
Двайкóвы пóшук (binary search) — метад пошуку звестак у інфармацыйным масіве, напрыклад, у спісе студэнтаў універсітэта, размеркаванага па алфавіце. Усё мноства звестак дзеліцца папалам і вызначаецца, у якой з палавінаў знаходзіцца шукаемая велічыня. Пасля гэтага палавіна, у якой знаходзіцца шукаемая велічыня, у сваю чаргу дзеліцца папалам і г.д. Працэс працягваецца да той пары, пакуль чарговае атрыманае мноства не стане роўным адзінаму, якое будзе шукаемым, альбо будзе ўстаноўлены факт адсутнасці звесткі ў гэтым мностве. Гэты метад намнога хутчэйшы ў параўнанні з метадам перабору, што важна пры вялікіх аб’ёмах звестак.
Двайкóвы файл (binary file) — файл, які змяшчае коды, не абмежаваныя стандартным наборам сімвалаў, што выкарыстоўваюцца ў ЭВМ.
Двайкóвы, бінáрны (ад лат. bi — “два”) (binary) — аб сістэме, аператары альбо ўмове, якія ўключаюць два кампаненты, два альтэрнатыўныя станы альбо два вынікі. Двайковай называецца сістэма злічэння з асновай 2, у ёй значэнні выражаюцца камбінацыямі двух лікаў — 0 і 1.
Двухнакіравáная шына (bi-directional bus) — набор праваднікоў электрычнасці, па якіх звесткі могуць перадавацца ў тым альбо іншым кірунку, але ў розны час.
Двухнакіравáны друк (bidirectional printing) — друк, пры якім галоўка друкуе старонку ў час ходу у абоіх кірунках. Прымяняецца ў матрычных друкарках для дасягнення большай хуткасці. Адзін радок пры гэтым друкуецца злева направа, наступны — справа налева. Гэты рэжым патрабуе адпаведнай памяці і спецыяльнай праграмы, якая запісана ў пастаянную памяць друкаркі.
Двухстарóнні друк (double-sided publication) — друк на абодвух баках ліста. Патрэбны асобы кантроль за правільнасцю нумарацыі старонак і правільнасцю размяшчэння палёў.
Двухстарóнняя дыскéта (double-sided disk) — дыск, на абодва бакі якога можна рабіць запіс. Двухстароннія дыскеты могуць быць выкарыстаны толькі пры наяўнасці дзвюх галовак, з кожнага боку дыскеты.
Двухстарóнняя чаргá (double-ended queue) — разнавіднасць структуры чаргі, у якой новыя звесткі могуць быць далучаны з абодвух яе бакоў.
Джóйсцік (joystick) — рычажны маніпулятар (прылада) для ўводу каардынатнай інфармацыі без клавіятуры. Гэта пластмасавая прылада звычайна выкарыстоўваецца для кампутарных гульняў і інш. Звычайна джойсцік уяўляе сабой квадратны альбо прамавуглавы пластмасавы корпус з вертыкальнай ручкай. Кнопкі кіравання размешчаны на корпусе і на верхняй частцы рукаяткі. Перамяшчэнне рукаяткі з нейтральнага становішча ў розных кірунках кіруе адносным перамяшчэннем курсора альбо аб’екта на экране. Спыненне аб’екта адбываецца пры адпусканні рукаяткі. Кнопкі актывізуюць альбо запускаюць розныя функцыі праграм. Прынцып уводу інфармацыі без клавіятуры ў джойсціку быў прыменены пры распрацоўцы мышы.
Дзéльнік (divider) — лічба, на якую дзеляць другую лічбу (дзеліва).
Дзесяткóвы (denary) — які належыць да сістэмы ліку па шкале ад адзінкі да дзесяці. Па гэтай сістэме малодшая вартасная лічба разраду, якая размяшчаецца злева, можа прымаць значэнні ад 0 да 9. Наступны разрад выяўляе колькасць дзесяткаў, наступны — сотняў і г.д.
Дзесяткóвы лічыльнік (decade counter) — лічыльнік, які здзяйсняе падлік альбо вывад на экран якіх-небудзь падзей ў дзесятковай сістэме злічэння.
Дзéянне элементáрнае (elementary action) — дзеянне, якое выконваецца арыфметычна-лагічнай прыладай кампутара за адзін такт генератара сінхрасігналаў.
Дзэтабайт (zettabyte) — 270 байт = 1 180 591 620 717 411 303 424 байт.
ДОС (DOS, disk-operating system) — дыскавая аперацыйная сістэма, якая ладуецца с дыскаў пры запуску альбо пераладаванні. Першай аперацыйнай сістэмай, якая атрымала шырокае распаўсюджанне ў 8-разрадных мікракампутарах, была СР/М. З паяўленнем 16-разрадных кампутараў папулярнай стала аперацыйная сістэма MS-DOS.
Дóследная эксплуатáцыя прагрáмы (beta-test) — выпрабаванне праграмы на стадыі яе завяршэння з мэтай выяўлення якіх-небудзь памылак да пачатку масавага тыражавання.
Дóмен (domain) — 1. У базах звестак: мноства дапушчальных значэнняў дáдзенага атрыбута; абсяг азначэнняў аднаго слупка адносінаў — множсва дапушчальных значэнняў адпаведнага атрыбута. Напрыклад, доменам атрыбута код горада можа быць спіс усіх дапушчальных лічбавых тэлефонных кодаў гарадоў Беларусі. 2. У сістэме Windows NT Server: група кампутараў, якія сумесна карыстаюцца агульнай базай звестак домена і стратэгіяй абароны. Кожны домен мае ўнікальнае імя.
Дóступ (access) — працэдура ўстанаўлення сувязі з прыладамі памяці і размешчаных на іх файламі для атрымання магчымасці чытання змесціва памяці альбо выканання іншай аперацыі з дыскамі, файламі, запісамі і пры ўваходзе ў вылічальную сетку. Доступ можа рэгулявацца шляхам прымянення пароляў.
Дóступ санкцыянаваны (authorized access) — від доступу, на здзяйсненне якога карыстальнік надзелены неабходнымі паўнамоцтвамі.
Дóступ да дыска (disk access) — дзеянне па чытанні альбо запісе на дыск, якое патрабуе выбару дарожкі і сектара пры руху магнітнай галоўкі дыскавода.
Дóступ з абарóнай звéстак (restricted data access) — схема абароны звестак у базе звестак альбо сетцы. Звесткі класіфікуюцца па ступенях абароны. Карыстальнікам даецца адпаведны ўзровень доступу, які вызначаецца звесткамі дазволенымі для акрэсленага кола карыстальнікаў. Як правіла, права мяняць звесткі мае толькі карыстальнік вышэйшага ўзроўню доступу.
Дрáйвер (driver) — праграма для кіравання якой-небудзь прыладай. Абслугоўвае вонкавыя прылады. Драйвер прадстаўляе карыстальніку альбо праграмам больш высокага ўзроўню набор функцый (праграмны інтэрфейс) для кіравання канкрэтнай вонкавай прыладай, напрыклад, драйвер друкаркі дазваляе карыстальніку задаць патрэбныя параметры друку. Драйвер — праграма для здзяйснення акрэсленых дзеянняў па абмене звесткамі.
Дрáйвер вóнкавай прылáды (device driver) — кароткая праграма, якая дазваляе кампутару (сістэме) устанаўліваць дачыненні з прыладамі (друкарка, дыскавы накапляльнік, мыш і інш.).
Дрáйвер лініі сувязі (line drive) — прылада, звычайна ў выглядзе інтэгральнай схемы, для павялічэння адлегласці перадачы сігналу, узмацняючы яго перад адпраўленнем альбо пры праходжанні па лініі.
Дрóбавая чáстка (fractional part) — частка рэчаіснага ліку, якая размешчана справа ад кропкі (коскі); мантыса ліку.
Дружалюбны (user-friendly) — просты ў навучанні і лёгкі ў карыстанні. Дружалюбная праграма звычайна дазваляе карыстальніку працаваць без спецыяльнага дапаможніка ці інструкцыі. Аперацыйныя сістэмы распрацоўваюцца так, каб яны былі па магчмасці дружалюбнымі.
Друкавáльная галóўка (print head) — актыўная частка друкаркі, якая здзяйсняе адлюстраванне знакаў на паперы.
Дрыжáнне (трымцéнне) адлюстравáння (jitter) — разнавіднасць няспраўнасці дысплея: невялікія ваганні альбо флюктуацыі адлюстравання, выкліканыя няўстойлівасцю сігналу. Ваганні часцей праяўляюцца ў гаразынтальных радках. Прычынай такой няспраўнасці можа быць альбо сам сігнал, альбо манітор.
Дрэва задáчы (task tree) — разбіўка задачы ў іерархічным парадку на больш простыя падзадачы.
Дрэва рашэнняў (decision tree) — спосаб арганізацыі пытанняў і адказаў у мэтах хутчэйшага дасягнення рашэнняў. Усе пытанні размяшчаюцца ў строгай іерархіі. Кожны з магчымых адказаў на пытанне мае свой набор пытанняў наступнага ўзроўню.
Дрэва, дрэвавідная структýра звéстак (tree) — 1. Іерархічная структура звестак, якая ўтрымлівае некалькі звязваных вузлоў (элементаў звестак). Самы верхні вузел называецца каранём (root). Корань (бацькоўкі вузел) можа мець некалькі падпарадкаваных (пароджаных) вузлоў (вузлы-нашчадкі). Кожны вузел-нашчадак у сваю чаргу можа мець некалькі сваіх уласных вузлоў-нашчадкаў. Вузлы, якія адыходзяць ад аднаго і таго ж бацькі, называюцца аднаўзроўневымі элементамі. Кожны вузел у дрэве дакладна мае адзін бацькоўскі вузел (за выключэннем корня, у якога яго няма), а ўсе вузлы ў дрэве з’яўляюцца зыходнымі ад карнявога вузла. Такая іерархія забяспечвае наяўнасць заўсёды аднаго і толькі аднаго шляху ад каранёвага вузла да любога іншага вузла дрэва. Паняцце “дрэва” актыўна прымяняецца пры апісанні баз звестак. 2. Структура арганізацыі каталогаў на цвёрдым дыску, у якой файлы групуюцца па каталогах, якія ў сваю чаргу, пералічваюцца ў каранёвым каталозе.
Дубляванне (duplication) — капіяванне з захаваннем фізічнай формы звестак. У электронных табліцах: дзеянне па перамяшчэнні формулы з адной ячэйкі табліцы ў іншыя.
Дýжкі (brackets, parentheses) — графічныя сімвалы ( ), у якія заключаюцца лікі альбо словы. Дужкі ў арыфметыцы вызначаюць парадак выканання дзеянняў. У іх заключаюцца аргументы функцый.
Дуплéксная сýвязь (duplex) — двунакіраваная перадача звестак. Дуплексная лінія дазваляе атрымаць звесткі і перадаваць іх па лініі без пераключэння на рэжымы прыёму альбо перадачы.
Дуплéксны канáл (full-duplex альбо duplex) — канал, які дазваляе перадаваць інфармацыю ў двух кірунках адначасова, што дазваляе істотна павялічыць хуткасць перадачы.
Дынамічнае мульціплексавáнне (demand multiplexing) — мультыплексаванне па патрабаванні; часовае мультыплексаванне, пры якім лагічнаму каналу выдзяляецца велічыня часу пры наяўнасці ў ім звестак (цвёрда не акрэслена).
Дынамічнае размеркавáнне (dynamic allocation) — размеркаванне, якое выконваецца ў ходзе работы, але не да яе пачатку. Рэсурсы аператыўнай памяці выдзяляюцца праграме па меры яе выканання (а не да пачатку) у адпаведнасці з яе бягучымі патрэбамі, а затым яна вызваляецца для перадачы іншым праграмам. Прымяняецца ў шматзадачным рэжыме ў момант неабходнасці.
Дынамічнае хэшавáнне (dynamic hashing) — метад хешавання, які дазваляе мадыфікаваць функцыі растаноўкі пры росце базы звестак.
Дынамічная пáмяць (dynamic storage) — памяць, у якой захоўванне звестак забяспечваецца шляхам перыядычнай іх рэгенерацыі. Тып сістэмаў захоўвання інфармацыі, змесціва якіх губляецца пры адключэнні сілкавання.
Дырэктóрыя (directory) — тое самае, што каталог, каталог файлаў. Набор файлаў на дыску, часта ўзаемазвязаных. У аперацыйных сістэмах прадугледжана магчымасць стварэння мноства дырэкторый.
Дысаcэмблер (disassembler) — праграма, якая пераводзіць аб’ектны модуль (праграма на машынных кодах) у эквівалентную праграму на мове ассэмблера. Праграма дысассэмблера дазваляе прааналізаваць работу праграм, якія напісаны ў машынным кодзе.
Дыск (disc) — магнітны носьбіт для захоўвання інфармацыі. Дыск уяўляе пласціну, пакрытую магнітным матэрыялам у выглядзе круга з гнуткай пласціны (гнуткі дыск) альбо нягнуткага металу (цвёрды дыск). Дыск з’яўляецца галоўным сродкам захоўвання інфармацыі. Гнуткія дыскі з мэтай засцярогі ад пашкоджання і забруджання заключаюцца ў пластыкавую абалонку. Цвёрды дыск належыць да вырабаў высокай дакладнасці і таму ён змяшчаецца ў цвёрды корпус. Яго можна адкрываць толькі ў памяшканнях без наяўнасці пылу. Існуюць два тыпы дыскаў — магнітныя і аптычныя. Да магнітных адносяцца: дыскеты (floppy disk), цвёрдыя дыскі (HDD), магнітааптычныя дыскі (MODD). На магнітныя дыскі можна запісваць і сціраць з іх любую колькасць раз (да выхаду іх са строю). Аптычныя дыскі запісваюцца з дапамогай лазера, які прапальвае невялікае ўглубленне на паверхні дыска. Для чытання аптычнага дыска лазер абпраменьвае дыск і чытае інфармацыю. Да аптычных дыскаў адносяцца CD-ROM, CD-RW, DVD-дыскі.
Дыскавая квóта (disk quota) — абмежавáнне, якое накладваецца на памер дыскавай прасторы, якую можа выкарыстоўваць карыстальнік альбо група карыстальнікаў.
Дыскавы кэш (disk cache) — абсяг аператыўнай памяці, якая выкарыстоўваецца аперацыйнай сістэмай для захоўвання блокаў дыска, да якіх нядаўна здзяйсняліся звароты. Пры паўторным звароце да блока, які занесены ў дыскавы кэш, не патрэбны фізічны ўвод/вывад, што павялічвае прадукцыйнасць падсістэмы ўводу/вываду.
Дыскавóд (disk drive альбо drive) — прылада для пракручвання дыска і перамяшчэння галоўкі чытання-запісу па яго паверхні. Гэты механізм служыць для ўстанаўлення пакета магнітных дыскаў і работы з ім. З’яўляецца адным з вузлоў накапляльніка на магнітных дысках. Дыскаводы могуць мець свае ўласныя мікрапрацэсары кантролераў, якія рэгулююць хуткасць вярчэння і становішча магнітнай галоўкі. Аднак, часцей дыскаводам кіруе праграма самога кампутара.
Дыскéта (diskette) — энэрганезалежны вонкавы носьбіт інфармацыі на гнуткім магнітным дыску. Сінонім тэрмінаў “гнуткі дыск” і “накапляльнік на гнуткіх дысках”.
Дыспéтчар: 1. (Executive) — праграма, якая з’яўляецца часткай аперацыйнай сістэмы і пастаянна знаходзіцца ў памяці. Дыспетчар кіруе запускам іншых праграм і можа выклікаць патрэбныя праграмы аперацыйнай сістэме. 2. (Supervisor) — частка аперацыйнай сістэмы, у прыватнасці ў шматасабовай сістэме, якая кіруе мікрапрацэсарам і перыферыйным абсталяваннем. Функцыяй дыспетчара з’яўляецца прадухіленне канфліктаў пры абслугоўванні чаргі запытаў на выкарыстанне працэсара, асноўнай памяці, вонкавых прылад.
Дысплéй (display) — экран відэапрылады, кіраванне якім ажыццяўляецца пры дапамозе дысплейнага працэсара. Прылада кампутара для візуальнага вываду інфармацыі. Тып дысплея ў кампутары, як правіла, залежыць ад адаптара дысплея, падключанага альбо ўбудаванага ў кампутар.
Дысплéй Брайля (Braille tactile display) — прылада для чытання кампутарнай інфармацыі для сляпых карыстальнікаў шляхам набору штыроў, якія можна вызначаць абмацваннем. Становішча штыроў адпавядае літарам азбукі Бройля. Штыры высоўваюцца і ўсоўваюцца пры дапамозе спецыяльнай электроннай схемы.
Дысплéйны працэсар (display processor, display adapter) — электронная плата, якая генеруе відэасігнал, што пасылаецца відэадысплею па кабелі. Размяшчаецца, як правіла, у кампутары і ажыццяўляе кіраванне дысплем.
Дыстанцыйнае кіравáнне (remote control) — кіраванне аддаленымі аб’ектамі на адлегласці, звычайна без правадоў злучэння, пры дапамозе сігналаў альбо паведамленняў, якія перадаюцца па лініях сувязі ад кампутара альбо кіроўнай прылады. Дыстанцыйнае кіраванне для тэлевізійных прыймачоў выкарыстоўвае інфрачырвόныя альбо ўльтрагукавыя сігналы. Некаторыя кампутары маюць клавіятуру дыстанцыйнага кіравання, якая звязана з галоўным працэсарным блокам з дапамогай інфрачырвόных сігналаў. Аналагічна дыстанцыйнае кіраванне можа быць зроблена і для мышы.
Дыстрыбутыўны закóн (distributive law) — закон па выкарыстанні дужак у матэматычным выразе. Закон мае від А(В + С) = АВ + АС, і гэты выраз прымяняецца ў аперацыях з булевымі выразамі.
Дыягнóстыка 1. (Diagnostic) — праверка правільнасці работы кампутара і яго аперацыйнай сістэмы з вывядзеннем паведамленняў пра памылкі. Некаторыя вельмі вялікія і складаныя праграмы могуць утрымліваць свае ўласныя сістэмы дыягностыкі. 2. (Trouble shooting) — азначэнне і выпраўленне памылак як у праграме, так і ў рабоце апаратных сродкаў.
Дыягрáма (chart) — графічная схема ў выглядзе малюнка, якая дэманструе звесткі альбо ўзаемадачыненні паміж групамі звестак.
Дыягрáма Вена (Venn diagram) — метад візуалізацыі адносінаў паміж мноствамі. У дыяграме Вена кожны набор мноства паказваецца ў выглядзе круга. Усе аб’екты разглядаюцца як элементы прамавуглавой формы, унутры гэтага абсягу асобныя групы аб’ектаў выяўляюцца кругамі. Сувязі паміж мноствамі адлюстроўваюцца становішчамі кругоў: круг унутры круга азначае, што ўсе элементы аднаго мноства змяшчаюцца ўнутры іншага, а кругі, якія накладваюцца, азначаюць, што элементы ўнутры перакрыцця належаць абодвум групам аб’ектаў.
Дыялогавае вáкно (dialogue box) — у графічным інтэрфэйсе карыстальніка: спецыяльнае вакно, якое адлюстроўвае сістэма альбо дадатак, калі неабходны адказ карыстальніка. У дыялогавае вакно ўводзіцца адказ на пытанне праграмы. Адказ, як правіла, пацвярджаецца шляхам перамяшчэння курсора пры дапамозе мышы на слова ОК і націску кнопкі мышы. Сістэма звычайна адлюстроўвае дыялогавае вакно з элементамі кіравання. Паяўляецца на экране пры вывадзе якога-небудзь паведамлення альбо пры запыце карыстальніка.
Дыялогавая апрацóўка (interactive processing) — апрацоўка, якая ўключае большы альбо меншы пастаянны ўдзел карыстальніка; здзяйсняецца як бы “дыялог” паміж карыстальнікам і кампутарам. Гэты рэжым прымяняецца ў мікракампутарах, праграмы якіх перапыняюцца дзеля таго, каб карыстальнік мог увесці звесткі і каманды, і для магчымасці ацаніць звесткі, якія выводзяцца на экран. Усе мікракампутары выкарыстоўваюць дыялогавую апрацоўку.
Дыялéкт (dialect) — нестандартная версія якой-небудзь мовы альбо пратакола. Бальшыня моў стандартызаваныя, а некаторыя адхіленні ад стандарта дапускаюцца толькі для адаптацыі мовы да асаблівасцяў канкрэтнай машыны. Устанаўленне цвёрдага стандарта замінае развіццю мовы. Стандартызаваныя мовы хутка саступаюць сваё месца іншым мовам, якія ў сапраўднасці з’яўляюцца версіямі папярэдніх.
Дыяпазóн (span) — у агульнаўжытковым сэнсе дыяпазон — гэта сукупнасць элементаў паміж указанымі ніжнімі і верхнімі значэннямі — дазволены набор значэнняў. У электронных табліцах: блок ячэек, якія выбраны для аднатыповай апрацоўкі. Дыяпазон дазваляе апрацоўваць адразу некалькі ячэек за адну аперацыю, напрыклад, аднолькава адфарматаваць ячэйкі.
Дэкадáванне (decoding) — аперацыя адваротная кадаванню — пераўтварэнне звестак у зыходную форму, якую яны мелі перад кадаваннем.
Дэкадзёр (decoder) — лагічная схема (прылада) для пераўтварэння n-разраднага ўваходнага двайковага слова (код, шыфр) у адзінкавы сігнал на адным з 2n выхадаў гэтай схемы. Дэкадзёр змяняе звесткі з кодаў у першапачатковую форму. Адваротную функцыю выконвае шыфратар.
Дэкадзёр áдрасу (address decoder) — пераўтваральнік адрасу ў кіроўныя сігналы. Электронная прылада, якая дэкадуе сігнал на адраснай шыне для актывізацыі якой-небудзь мікрасхемы, напрыклад ячэйку памяці, порт.
Дэкампазіцыя (decomposition) — разбіўка задачы на падзадачы. З’яўляецца адным з інструментаў сістэмнага аналізу.
Дэкáртавы каардынáты (Cartesian coordinates) — сістэма вызначэння палажэння кропкі адносна двух восей X і Y, размешчаных пад прамым вуглом адносна адна адной. Задаецца пунктам О (пачатак каардынат) і базіснымі вектарамі. Простая лінія, што праходзіць праз пункт Ох у кірунку вектара, называецца воссю Oх (або восьсю абцыс), а вось Oy (вось ардынат).
Дэкрэмент (decrement) — змяншэнне значэння ліку на зададзеную велічыню. Дзеянне змяншэння мае важнае значэнне пры арганізацыі цыклу.
Дэмадуляцыя (demodulation) — працэс дэкадавання мадуляванага сігналу. Демадуляцыя можа ўключаць у сябе пераўтварэнне сігналу з формы сігналаў зменнай частаты ў лічбавую форму (гэта дзеянне выконвае мадэм), і атрыманне відэасігналу шляхам дэкадавання тэлевізійнага сігналу.
Дэмакратычная сéтка (democratic network) — сетка, у якой кожны кампутар мае аднолькавы прыярытэт пры доступе да рэсурсаў сеткі і да звестак.
Дэмпфілявáнне (damping) — метад прадухілення выкідаў (перавышэнне ўстаноўленага ліміту) сігналаў схемы альбо прылады ў адказ. Так, у схему ўзмацняльніка могуць быць уключаны элементы для дэмпфіляцыі выхаднога сігналу большага за крытычны ўзровень.
Дэмультыплéксар (demultiplexer) — электронны ланцуг, у якім набор паступальных на ўваходную лінію сігналаў падзяляецца на некалькі выхадных.
Дэскрыптар, апісáльнік (descriptor) — пароль альбо кодавае слова для здзяйснення ідэнтыфікацыі. У інфармацыйна-пошукавых сістэмах: ключавое слова для хуткага пошуку інфармацыі. У праграмаванні: фрагмент захоўваемай інфармацыі, які выкарыстоўваецца для апісання якога-небудзь іншага аб’екта. Напрыклад, дэскрыптар файла можа ўтрымліваць інфармацыю аб памеры альбо даце файла.
Дэспатычная сéтка (despotic network) — сетка, у якой адзін кампутар вызначае доступ іншых кампутараў сеткі да звестак і іншых рэсурсаў.
Дэфéктны сéктар (defective sector) — няспраўнасць на цвёрдым дыску. Дэфектны сэктар можа быць недаступным для запісу альбо чытання. Аперацыйныя сістэмы, як правіла, вызначаюць такія сэктары дзеля таго, каб выключыць іх з карыстання.
Дэфрагментáцыя (defragmentation) — каб павялічыць хуткасць чытанне/запісу звестак на цвёрды дыск, яго належыць час ад часу дэфрагментаваць. Пры гэтым фрагментаваная (захоўваемая асобнымі разгрупаванымі часткамі) інфармацыя ўпарадкоўваецца і запісваецца з найвышэйшай фізічнай шчыльнасцю. Справа ў тым, што пры запісе на дыск файлаў апошнія запісваюцца не паслядоўна, а раскіданы па ўсім дыску. Дэфрагментацыя “выбудоўвае” фрагменты файлаў паслядоўна, што дазваляе істотна зменшыць час іх чытання.
Дэшыфравáнне (decipherment) — працэс аднаўлення зыходнага тэксту з зашыфраванага.