К

CODASYL (Conference on Data Systems Languages) — канферэнцыя па мовах інфармацыйных сістэмаў. Арганізацыя, заснаваная Міністэрствам абароны ЗША. Займаецца распрацоўкай сістэмаў кіравання звесткамі і адпаведных моў.

К — у інфарматыцы і вылічальнай тэхніцы прыстаўка ў адзінках вымярэння, азначае лік 1024, якому адпавядае 2 у дзесятай ступені. Прымяняецца для абазначэння такіх велічыняў, як кілабайт. Адзінкі аб’ёму памяці: 1 кілабіт (kilobit) = 1 Кбіт =1024 біт; 1 кілабайт (kilobyte) = 1 Кбайт = 1К = 1024 байт.

Каардынáта (coordinate) — элемент групы паказальнікаў, які вызначае месцазнаходжання аб’екта. Каардынаты вызначаюць ячэйкі электроннай табліцы, кропкі графіка, ячэйкі памяці і інш.

Каардынáтная сéтка (grid) — дзве групы ліній, якія перасякаюцца пад прамымі вугламі. Электронная табліца ўяўляе сабой сетку ў выглядзе радкоў і слупкоў, а экран дысплея — сетку гарызантальных і вертыкальных кропак (пікселяў). Каардынатная сетка служыць для азначэння памераў і формы.

Каардынáты (coordinates) — лікі, з дапамогай якіх можна вызначыць месцазнаходжанне пункта на плоскасці, на паверхні ці ў прасторы; сістэма вызначэння палажэння кропак пры дапамозе лікаў.

Кáбель (cable) — пучок правадоў, змешчаных у абаронную трубку. Прымяняецца для злучэння перыферыйных прыладаў з кампутарам. Кабель для прынтара мае канал паразраднай альбо пабайтавай перадачы звестак. Кабелі кампутара маюць розныя памеры і падключаюцца да адпаведных кампанентаў сістэмы праз раз’ёмы акруглай альбо выцягнутай формы. Штыркі ў раз’ёмах і адтуліны адпавядаюць канкрэтным сігналам і звязваюць паміж сабой канкрэтныя прылады.

Кáбельны разьём (cable connector) — злучальны разьём на кожным канцы кабеля.

Кадáванне (cipher) — метад прадастаўлення літарам лічбавых эквівалентаў, што не дазваляе пабочным асобам выкарыстоўваць адпаведную інфармацыю. Шэраг лічбаў не павінны быць пры гэтым паслядоўным, таму што можна лёгка іх расшыфраваць.

Кóдаўшчык (encoder) — праграма альбо сістэма, якая пераўтварае кампутарныя звесткі ў набор кодаў, адрозных ад нармальна ўжытковых; таксама — прылада, якая пераўтварае ўваходны сігнал у камбінацыі выхадных сігналаў, якія з’яўляюцца кодам уваходнага сігнала.

Кадр (frame) — контур, рамка, мяжа вызначанага віду; памер экрана відэапрылады; порцыя звестак, якая перадаецца па лініі. У кампутарнай графіцы кадр — гэта рамка вызначанага віду. Кадр можа ўяўляць сабой адлюстраванне памерам з экран. Кадры, паслядоўна вывадзімыя на дысплей, ствараюць эфект мультыплікацыі.

Кадр адлюстравáнняў (display frame) — адно з адлюстраванняў, якія складаюць паслядоўнасць адлюстраванняў у анімацыйным эпізодзе.

Кáдраванне (windowing) — падрыхтоўка буйнафарматнай выявы для паслядоўнага прагляду яе па частках.

Кáдраваць (crop) — у кампутарнай графіцы: абрэзаць частку адлюстравання, напрыклад непатрэбныя часткі малюнка. Кадраванне дазваляе палепшыць вонкавы выгляд малюнка, які змяшчаецца ў дакумент.

Калантытул (headline) — загаловачныя звесткі, якія змяшчаюцца над тэкстам старонкі кнігі, часопіса. Звычайна друкуецца больш тлустым шрыфтом.

Калéктар (collector) — кампанент транзістара, на які пры нармальных умовах работы сцякаюцца носьбіты зарадаў. Выхадны сігнал транзістара звычайна ідзе з калектара.

Калóнка, слупóк (column) — 1. Шэраг элементаў, размешчаных па вертыкалі ў рамках нейкай структуры, напрыклад у электроннай табліцы — гэта паслядоўнасць сумежных ячэек, якія ідуць зверху ўніз. 2. У рэляцыйных СКБЗ — імя атрыбута. Слупок эквівалентны полю запісі ў нерэляцыйнай файлавай сістэме.

Калькулятар (calculator) — прылада, прызначаная ў асноўным для выканання арыфметычных аперацый з абавязковым абслугоўваннем з боку карыстальніка для ўнясення зменаў у праграму, якая захоўваецца ў памяці, і для запуску на выкананне любой аперацыі альбо паслядоўнасці аперацыяў.

Кальцавáя вылічáльная сéтка (ring network) — лакальная сетка, у якой сеткавыя вузлы злучаны ў замкнуты контур (кальцо). Паведамленні праходзяць у адным кірунку ад вузла да вузла (па крузе). Кожны вузел правярае адрас пункта прызначэння, які ўтрымліваецца ў паведамленні. Калі адрас супадае з адрасам гэтага вузла, ён прымае паведамленне, калі не — вузел генерыруе сігнал і накіроўвае паведамленне да наступнага вузла па крузе.

Кáльцавы спіс (circular list) — тып звязанага альбо ланцуговага спісу, які апрацоўваецца цыклічна: пры дасягненні канца спісу прагляд працягваецца з пачатку спісу.

Калярóвы манітóр (color monitor) — манітор з каляровай электронна-промневай трубкай. Лічыцца, што вочы чалавека ад чорна-белага манітора стамляюцца менш, чым ад каляровага.

Камáнда ( command, instruction) — 1. Кіравальны сігнал, які ініцыюе выкананне канкрэтнай аперацыі ў выканаўчай прыладзе. 2. У мовах праграмавання: вартасны выраз, які вызначае адну аперацыю і яе аперанды, калі яны ёсць; апісанне аперацыі, якую павінны выканаць кампутар. Каб даць зразумець аперацыйнай сістэме, што павінны быць выкананы адпаведныя дзеянні, уводзяцца каманды. Існуюць унутраныя і вонкавыя каманды.

Камáнда адключэння (disconnect command) — каманда адключэння ад сеткі.

Камáнда адмéны (undo command) — каманда для вяртання да апошніх выкананых аперацый.

Камáнда перахóду (branch instruction) — каманда для праверкі разраду флага ў рэгістры мікрапрацэсара, а таксама пераход да канкрэтнага адрасу ў памяці (не наступнаму па парадку), калі гэты флаг быў устаноўлены.

Камáнда спынéння (halt instruction) — каманда, якая спыняе выкананне камандаў працэсарам. Аднавіць выкананне камандаў можна з дапамогай вонкавага перарывання.

Камáнднае слóва (instruction word) — даўжыня машыннай каманды альбо сама каманда, што звычайна ўтрымоўвае код тыпу каманды, адзін альбо два аперанды, якія ўказваюць адрасы, біты індэксацыі і інш., а калі-небудзь звесткі.

Камáндная кнóпка (button) — адлюстраванне квадратнай формы ў Windows. Кнопка выкарыстоўваецца для здзяйснення прасцейшых камандаў. На камандную кнопку пры дапамозе мышы ставіцца курсор, і націскаецца кнопка.

Камáндная мóва (command language) — мава, працэдурныя аператары якой запускаюць праграму і задаюць ёй файлы, з якімі праграма павінна працаваць, а таксама іншыя параметры. Камандны файл указвае аперацыйнай сістэме функцыі, якія яна павінна выканаць.

Камáндны інтэрпрэтáтар (command interpreter) — частка аперацыйнай сістэмы, якая здзяйсняе пераўтварэнне набраных на клавіятуры камандаў у форму прыдатную для выканання іх кампутарам.

Камáндны працэсар (shell, command processor) — частка аперацыйнай сістэмы, якая апрацоўвае каманды, што ўводзяцца з клавіятуры альбо з каманднага файла, і запускае задачы для іх выканання. Камандны працэсар для MS-DOS утрымліваецца ў файле з назвай COMMAND.COM, гл. інтэрпрэтатар камандаў.

Камáндны радóк (command line) — радок для выкліку праграмы і запуску яе. Для бальшыні аперацыйных сістэмаў гэты радок складаецца з імя праграмы і знака вяртання брычкі (карэткі).

Камáндны рэжым (command mode) — рэжым, пры якім каманды ўводзяцца непасрэдна, а не выбіраюцца з меню.

Камáндны файл (batch file) — файл, які ўтрымлівае паслядоўнасць камандаў на мове праграмы, прымяняецца ў кампутарах для запуску праграм. Назва гэтых праграм запісваецца ў камандны файл. Запуск каманднага файла прыводзіць да запуску ўсіх праграм, якія ўказаны ў ім. Камандны файл спрашчае карыстанне кампутарам.

Камбінатóрыка (combinatorics) — раздзел матэматыкі, у якім вывучаюцца камбінацыі, што складаюцца з нейкага мноства аб’ектаў адвольнай прыроды.

Каментáр (comment) — моўная канструкцыя (апісанне, тлумачэнне і інш.), якая ўключаецца ў праграму і выкарыстоўваецца толькі для паметак, не аказваючы ўздзеяння на выкананне самой праграмы. Служыць для тлумачэння асаблівасцяў праграмы, памячаецца такімі сімваламі, як *, REM, словамі. Каментар ігнаруецца кампілятарам.

Кампáкт-дыск з дазáпісам (Compact Disk-Recordable, CD-R) — на кампакт-дыск з дазапісам можна запісаць толькі адзін раз. Потым, калі застаецца месца і дыск не закрыты для далейшага запісу, можна дапісаць звесткі “у канец” дыска.

Кампáкт-дыск з многакрáтным запісам (Compact Disk Read/Erasable, CD-R/E ён жа CD-RW) — на такі дыск можна запісваць і сціраць многакратна.

Кампáкт-дыск, альбо лáзерны дыск (compact disc, больбо laser disc) — лазерная вонкавая прылада для доўгатэрміновага захоўвання нязменнай (архіўнай) інфармацыі. Прымяняюцца стандартныя цвёрдыя дыскі ёмістасцю да 20 Гбайт. Запісь інфармацыі здзяйсняецца лазерным промнем шляхам выпальвання паверхневага слою дыска да металічнай асновы альбо шляхам утварэння ў верхнім слою мікраскапічных пузыркоў. Для чытання інфармацыі з дыска выкарыстоўваецца лазерны промень меншай магутнасці. Кампакт-дыскі не падвергнуты электрамагнітным і іянізаваным выпраменьванням, маюць доўгі тэрмін ужывання.

Кампанавáць (link) — звязваць разам розныя прылады альбо праграмы такім чынам, каб сігналы маглі перадавацца паміж прыладамі, а звесткі — паміж праграмамі.

Кампанóўка (linking) — стварэнне з некалькіх кароткіх праграм і падпраграм адной выконвальнай праграмы.

Кампанóўка старóнкі (composition) — у тэкставых працэсарах: устаноўка адлегласці паміж знакамі, а таксама паміж радкамі; пры вывадзе друкаркай — паміж знакамі і радкамі друкавальнага тэксту.

Кампанóўшчык прагрáмы (linker) — праграма, якая выконвае ў ходзе загрузкі зборку агульнай адзінай праграмы з асобных модуляў.

Кампенсáцыя (equalization) — від кандыцыявання канала сувязі, які прымяняецца для ўстаранення скажэнняў сігналу і выраўнівання затрымак на выдзеленых лініях. Мэта кампенсацыі — забяспечыць такія характарыстыкі амплітуды і фазы, каб сігнал па дасягненні прыймальнай прылады захаваў правільнасць арыгіналу.

Кампілявáная мóва (compiled language) — мова, у якой каманды поўнасцю ператвораны ў машынныя коды і ў такім выглядзе захоўваюцца на дыску. Першапачаткова праграма набіраецца ў мове высокага ўзроўню і захоўваецца ў кодах ASCII. У гэтым выглядзе праграма не можа быць запушчана на выкананне. Кампілятар выконвае пераўтварэнне камандаў у машынныя коды, ў якіх мікрапрацэсар можа выконваць праграму. Адначасова кампілятар састаўляе табліцу перакрыжаваных спасылак, звязвае асобныя блокі праграмы, падпраграмы з бібліятэкі. Разам з такой табліцай праграма можа быць запушчана і выканана.

Кампілявáць (to compile) — праводзіць трансляцыю машыннай праграмы з праблемна-арыентаванай мовы на машына-арыентаваную мову.

Кампілятар (compiler) — у самым шырокім сэнсе: праграма, якая пераўтварае адзін набор сімвалаў ў іншы, кіруючыся некаторым комплексам сінтаксічных і семантычных правілаў. Праграма, якая выконвае кампіляцыю праграмы, створанай на мове высокага ўзроўню і ўведзеную ў кампутар у кодах ASCII, у машынныя коды перад яе выкананнем.

Кампіляцыя (compilation) — перавод праграмы (трансляцыя), напісанай на мове высокага ўзроўню, у машынны код (у аб’ектны модуль).

Кампýтар (computer) — праграмавальная функцыянальная прылада, якая складаецца з аднаго альбо некалькіх узаемазвязаных цэнтральных працэсараў і перыферыйных прыладаў, кіраванне якой здзяйсняецца пры дапамозе праграм, размешчаных у аператыўнай памяці і якая ў стане выконваць вялізныя аб’ёмы вылічэнняў з вялікай колькасцю арыфметычных і лагічных аперацый без умяшання карыстальніка на працягу перыяду выканання. Кампутар — машына, здольная, як мінімум, выконваць тры функцыі: успрымаць увадную інфармацыю ў структураваным выглядзе, апрацоўваць яе па папярэдне ўстаноўленых правілах і выдаваць вынікі.

Кампýтарнае бюро (computer bureau) — арганізацыя па пракаце кампутараў: арэнда, прадастаўленне кампутарнага часу і дапамога карыстальніку.

Кампýтарная графіка (computer graphics) — сукупнасць метадаў, апаратных і праграмных сродкаў для ўводу, апрацоўкі, адлюстравання і рэгістрацыі графічнай інфармацыі.

Кампýтарная гульня (computer game) — праграма з папулярнага віду інтэрактыўнага праграмнага забеспячэння. Дыяпазон гульняў вельмі шырокі. Ходам гульні можна кіраваць з клавіятуры альбо з дапамогай джойсціка альбо іншай прылады. Гульні пастаўляюцца на дысках у выглядзе гульнявых картрыджаў і іншых прыладаў.

Кампýтарная пісьменнасць (computer literacy) — узровень ведаў пра кампутары у спалучэнні з навыкамі іх эфектыўнага прымянення. Кампутары дапускаюць некалькі розных узроўняў кампетэнтнасці. Гэта паняцце не абавязкова ўключае ў сябе веды таго, як кампутар працуе і як праграмуецца.

Камутáтар (switch) — перадае пакет толькі на той порт, да якога падключаны адрасат. Гл. таксама канцэнтратар.

Канáл (channel) — 1. Шлях альбо фізічнае (электрычнае) злучэнне, па якім перадаецца інфармацыя між дзвюмя прыладамі. У мікракампутарах канал можа быць унутраным (называецца шынай) альбо вонкавым. 2. У сістэмах сувязі: носьбіт для перадачы інфармацыі. У залежнасці ад тыпу, канал сувязі можа перанасіць інфармацыю (гук, звесткі, відэасігнал) альбо ў аналагавай, альбо ў лічбавай форме. Канал перадачы звестак можа быць рэалізаваны ў выглядзе фізічнага злучэння (кабель), пракладзенага паміж дзвюма станцыямі сеткі, альбо ўяўляць сабой нейкі дыяпазон перадачы электрамагнітнага сігналу на адной альбо некалькіх частотах у межах агульнай паласы прапускання электрамагнітнага спектру (радыё, тэлебачанне), а таксама ў сістэмах аптычнай, мікрахвалёвай і моўнай сувязі.

Канáл вываду (output channel) — гл. канал, канал уводу-вываду.

Канáл мульціплéксны (multiplex channel) — канал, які забяспечвае адначасовы абмен звесткамі паміж асноўнай памяццю і некалькімі вонкавымі прыладамі. Адрозніваюць байт-мультыплексны і блок-мультыплексны канал.

Канáл перадáчы звéстак (data link, transmission channel) — фізічнае злучэнне, па якім перадаецца інфармацыя з адной прылады ў другую. Па кантэксте паняцце канал перадачы звестак падразумявае не толькі лініі сувязі, але і любое абсталяванне, якое перадае і прымае інфармацыю, напрыклад мадэм. Канал перадачы звестак падпарадкоўваецца пратаколам (правілам), якія рэгламентуюць працэс перадачы.

Канáл сýвязі (communications channel) — гл. канал.

Канáл сýвязі, магістраль (trunk) — у сістэмах сувязі: канал, які звязвае дзве камунікацыйныя тэлефонныя станцыі. Звычайна праз канал сувязі адначасова праходзіць вялікая колькасць выклікаў.

Канáал увóду (input channel) — гл. канал.

Канáл увóду-вываду ( input/output channel) — спецыялізаваны працэсар, у якім акумуляваны сродкі перасылкі звестак і схемы кіравання аперацыямі ўводу-вываду. Увод-вывад адносіцца да дадатковых задач збору звестак для мікрапрацэсара і вывыду вынікаў апрацоўкі ў даступным карыстальніку выглядзе пры дапамозе прыладаў вываду: дысплей, дыск альбо друкарка. Клавіятура і мыш — прылады ўводу, якія пераўтвараюць інфармацыю ў даступны для кампутара выгляд. Дыск — прылада і ўводу, і вываду, і захоўвання.

Канáл чытáння-запісу (read/write channel) — гл. канал уводу-вываду.

Кананічная схéма (canonical scheme) — схема, якая апісвае паслядоўнасць самога дзеяння, а не метады яго рэалізацыі. Схема апісвае праграму так, што апісанне не адносіцца да работы канкрэтнага тыпу кампутара альбо апаратных сродкаў.

Канвéрсія, пераўтварэнне (conversion) — працэс змены адной формы альбо фармату на другія форму альбо фармат. Заўважым, калі справа ідзе аб інфармацыі, то трэба мець на ўвазе, што змены закранаюць толькі форму, але не змест.

Канвéрт (jacket) — пласцікавае пакрыццё для гнуткага дыска. У наўлозе (чахле) ёсць адтуліна для вала рухавіка, і проразь для галоўкі чытанне-запіс. Дыскі памерам 3,5 дзюймаў выраблены з цвёрдай пластмасы, а магнітная паверхня абаронена ад выпадковых пашкоджанняў металічнай пóкрыўкай на пружыне.

Канвéртар, пераўтварáльнік (converter) — прылада, якая пераўтварае электрычны сігнал альбо звесткі кампутара з адной формы ў іншую. Транслятар з нейкай мовы на іншую мову таго ж узроўню.

Канéц перадáчы (end-of-transmission, EOT) — сімвал для абазначэння спынення перадачы звестак. У кодзе ASCII — гэта сімвал кіравання з дзесятковым значэннем 4, а ў 16-цатковай 04h.

Канéц фáйла (end-of-file, EOF) — код у апошнім байце файла. EOF — гэта метка, якая сігналізуе аперацыйнай сістэме пра заканчэнне звестак. У кодзе ASCII сімвал EOF пададзены дзесятковым значэннем 26 (16-цатковым 1Ah) альбо сімвалам кіравання Control+Z.

Канéчны карыстáльнік (end user) — той, для каго прызначана інфармацыя, якая выдаецца кампутарам.

Канкатэнацыя (concatenation) — аперацыя паслядоўнага злучэння элементаў у адзін ланцужок, напрыклад з двух сімвальных радкоў “Жыве” і “Беларусь!” саставіць адзін — “Жыве Беларусь!”

Кансóль (console) — традыцыйна: прылада кіравання, як сродак зносінаў карыстальніка з кампутарам (тэрмінал).

Канстáнта, пастаянная (constant) — пайменаваны элемент мовы, які прымае адзінаснае фіксаванае (зададзеная) значэнне. Канстанта — велічыня, якая застаецца нязменнай на ўсім працягу выканання праграмы.

Канструявáнне кампýтараў (computer engineering) — дысцыпліна, якая вывучае асноватворныя прынцыпы і пытанні методыкі распрацоўкі апаратнага забеспячэння кампутараў.

Кантáктная друкáрка (impact printer) — любая друкарка, якая ўзнаўляе знакі на паперы пры дапамозе механізма, які датыкаецца паперы альбо прыціскае да яе чарнільную стужку для фармавання сімвалаў у азначаных кропках.

Кантрáст (controller) — розніца паміж святлом і цемрай. Кантраст на экране манітора павінны быць рэгулявальны з-за рознасці ў асвятленні памяшкання.

Кантрóлер (controller) — электронная прылада для абмену звесткамі з якой-небудзь падсістэмай ці іншай прыладай кампутара. Так, кантрóлер дыскаў кіруе работай аднаго ці некалькіх дыскаў, рэгулюе фізічны і лагічны доступ да дыскаў. Кантрóлеры часта рэалізуюцца на асобных платах, якія ўстаўляюцца ў сістэмны блок персанальнага кампутара. Кантрóлер — ёсць падсістэма, якая кіруе работай падключаных да яе прыладаў.

Кантрóль звéстак (data control) — адзін з аспектаў кіравання звесткамі, які прадугледжвае назіранне за тым, хто і як валодае звесткамі, звяртаецца да іх, выкарыстоўвае, змяняе і перадае іх.

Кантрóль памылак (error checking) — працэс выяўлення разыходжанняў паміж пераданымі і атрыманымі звесткамі ў ходзе перадачы файла па каналах сувязі.

Кантрóль паслядóўнасці (sequence check) — працэс праверкі звестак альбо запісаў зададзенаму парадку гатункоўкі (сартавання).

Кантрóль цóтнасці (parity check) — прымяненне цотнасці для кантролю цотнасці перадавальных звестак.

Кантрóль цыклічным лішкавым кóдам (cyclic redundancy check, CRC) — працэдура для праверкі памылак пры перадачы звестак. Прымяняецца складаная сістэма вылічэнняў, у выніку якіх на аснове перададзенай інфармацыі генеруецца нейкі лік. Прылада-адпраўшчык выконвае вылічэнні перад перадачай і пасылае вынік прыладзе-атрымальніку. Апошні, атрымаўшы звесткі, паўтарае тыя ж вылічэнні. Калі ў абодвух прыладах атрыманы аднолькавы вынік, то лічыцца, што перадача прайшла без памылак. Гэты кантроль называецца лішкавым таму, што ў кожны перадавальны блок звестак уключаюцца дадатковыя (лішкавыя) звесткі. Такі кантроль прымяняецца у пратаколах сувязі Kermit і XMODEM.

Кантрóль, рэвізія (audit) — у вылічальнай тэхніцы: праверка абсталявання, праграм, рэжымаў работы і працэдур, якая праводзіцца з мэтай вызначыць, наколькі эфектыўна функцыянуе сістэма ў цэлым, асабліва з пункту гледжання забеспячэння цэласнасці і абароненасці звестак.

Кантрóльная сýма (checksum) — вылічальнае значэнне, якое выкарыстоўваецца для праверкі цэласнасці звестак, так як пры іх перадачы альбо запісу на дыск могуць узнікаць памылкі. Вылічаецца кантрольная сума для канкрэтнага фрагменту звестак. Пасля перадачы звестак альбо захаванні вылічаецца новая кантрольная сума (з удзелам магчымых, няправільна перададзеных альбо запісаных байт) і параўноўваецца з арыгінальным значэннем. Несупадзенне кантрольных сумаў — сігнал пра памылку і трэба зноў выканаць перадачу альбо захаванне гэтых звестак. Гэты спосаб прасцейшы, ён не дазваляе выправіць памылковыя звесткі.

Кантрóльны лік (control digit) — лік у адным з разрадаў слова альбо паведамлення, які служыць для праверкі правільнасці перадачы звестак. Пры гэтым перадавальныя звесткі маюць аднолькавую даўжыню і кантрольныя лікі перадаюцца непасрэдна за звесткамі. Такая працэдура дазваляе вызначыць, ці адбылася памылка пры ўводзе.

Кантрóльная лічба (check digit) — лічба, якая дапаўняе блок перададзеных звестак і дазваляе кантраляваць па вызначаным алгарытме іх верагоднасць.

Кантрóльны мáркер (control token) — код альбо набор кодаў, які перадаецца ад станцыі да станцыі ў лакальнай сетцы; актывізуе сервер сеткі альбо ўсе кампутары сеткі.

Кантрóльны разрáд (check bit) — разрад байта для праверкі памылак. Гэты тэрмін мае яшчэ назву кантрольны біт. Ён дабаўляецца ў паведамленне, якое пасылаецца па каналах сувязі, і правяраецца прыймальным бокам, каб вызначыць, ці адбылася памылка пры перадачы звестак.

Кантэкстна-залéжная дапамóга (context-sensitive help) — форма выдачы дапаможнай інфармацыі карыстальніку, не пакідаючы актыўную праграму, з улікам бягучага характару (кантэксту); праграма, якая выводзіць на экран даведачную інфармацыю пра бягучую каманду альбо выбраную аперацыю.

Канфігурáцыя (configuration) — 1. У адносінах асобнага кампутара: арганізацыя ўнутранных і вонкавых кампанентаў сістэмы і іх характарыстыкі, уключна схемы памяці, дыскаводы, экран, клавіятура і перыферыйныя прылады, такія як друкарка, мыш. На базавую структуру (архітэктуру) дабаўленне дадатковай памяці, павелічэнне аб’ёмаў дыскаў не ўплывае. 2. Канфігурацыя сеткі — поўны набор характарыстык, звязаных паміж сабой апаратных сродкаў, альбо спосаб кампаноўкі сеткі.

Канфлікт імёнаў (names conflict) — сітуацыя, калі адзін і той жа нумар прысвойваецца розным адзінкам інфармацыі; розныя часткі праграмы альбо іншай сістэмы — выкарыстоўваюць адно і тое ж імя для абазначэння розных аб’ектаў.

Канцылярская папéра (stationery) — папера для вываду звестак з кампутара. Для друкарак папера можа быць у выглядзе асобных (адзінкавых) аркушаў і стужкі. Прымяняецца ў асноўным стандарт А4, 210 на 297 мм, як для бесперапыннай стужкі, так і для адзіночных аркушаў.

Канцэнтрáтар (concentrator) — прылада сувязі, якая, перад тым як перадаваць па назначэнні сігналы, якія паступаюць ад некалькіх крыніц, такіх як тэрміналы ў сетцы, аб’ядноўвае гэтыя сігналы ў адзін альбо некалькі каналаў.

Канцэнтрáтар (hub) — прылада для перадачы атрыманых пакетаў ва ўсе свае порты незалежна ад адрасата. Усе прылады, якія падключаны да канцэнтратара лакальнай сеткі, “бачаць” увесь сеткавы трафік, але атрымаць пакет павінны толькі той вузел, якому ён адрасаваны. Усе астатнія вузлы павінны ігнараваць гэты пакет. Канцэнтратар “ня ведае”, да якога порта падключаны той ці іншы кампутар. Калі адзін з кампутараў перадае пакет, то канцэнтратар паўтарае гэты пакет на ўсе свае порты. Кожны кампутар сеткі атрымоўвае яго і правярае наяўнасць свайго ІР-адраса ў загалоўку гэтага пакета. Калі ІР-адрас назначэння не супадае з ІР-адрасам кампутара, які прыняў гэты пакет, то пакет проста ігнаруецца. Кампутар перадае пакет толькі на той порт, да якога падключаны адрасат. Гл. таксама камутатар.

Канцэнтрáцыя лініі (line concentration) — звядзенне некалькіх каналаў уводу інфармацыі ў меншы лік каналаў вываду.

Канцэптуáльная мадэль (conceptual model) — апісанне базы звестак (альбо іншай праграмы) у тэрмінах пададзеных аб’ектаў і сувязяў паміж імі. Гэта мадэль не залежыць ад канкрэтнай сістэмы кіравання базамі звестак, але залежыць ад мадэлі звестак, апісання тыпаў звестак, мадэлі працэса, вызначае, якія аперацыі павінны быць выкананы са звесткамі, і мадэлі сістэмы, якая выконвае перамяшчэнне звестак з аднаго раздзела ў іншы.

Канцэпцыя захóўвальнай прагрáмы (stored program concept) — як праграма, так і звесткі знаходзяцца ў аператыўнай памяці, што дазваляе праграме і звесткам апрацоўвацца ўзаемазамяняема.

Капіявáнне блóка (block copy) — дзеянне па выдзяленні азначанай часткі блоку і стварэнне копіі ў іншым месцы пры дапамозе праграмы тэкставага працэсара альбо таблічнага працэсара.

Капіявáнне дыскаў (disk copy) — працэс дублявання звестак з зыходнага дыска на мэтавы дыск. Копія дыска з’яўляецца дакладнай копіяй: яна дублюе не толькі звесткі, але і структуру іх арганізацыі на зыходным дыску.

Капіявáць (copy) — дубляваць інфармацыю і ўзнаўляць яе ў іншай частцы дакумента, у іншым файле, у іншым абсягу памяці альбо іншым носьбіце.

Карзіна, кашóлка (bucket) — абсяг памяці, які адрасуецца як адзінае цэлае, якую можна выкарыстоўваць для размяшчэння звестак. Значок на рабочым стале аперацыйнай сістэмы Windows. Ён паказвае месца непатрэбных у дадзены момант дакументаў з магчымасцю ў далейшым здабыць (вярнуць) іх для работы альбо знішчэння.

Каркáс для платаў (card cage) — месца ўстаўкі друкавальных платаў, забяспечанае металічнымі ахоўнымі пласцінамі і раз’ёмамі для ўстаноўкі платаў.

Каркáсная мадэль (wire-frame model) — у графічных праграмах: адлюстраванне трохмернага аб’екта, складзеная з асобных ліній.

Каранёвы каталог (root directory) — галоўны каталог цвёрдага дыска (кропка ўваходу ў “дрэва” каталогаў), які ўтрымлівае файлы са звесткамі і праграмамі, а таксама падкаталогі. Гэта адзіны каталог, які аўтаматычна ствараецца Windows пасля фарматавання. Каранёвы каталог нельга выдаліць, усе іншыя каталогі пры неабходнасці можна выдаліць.

Кáрта Карно (Karnaugh map) — графічны метад адлюстравання магчымых станаў лагічнай схемы для спрашчэння распрацоўкі. Спосаб падачы булевых функцый ад некалькіх зменных у выглядзе табліцы.

Кáрта размеркавáння пáмяці (memory map) — схематычнае прадстаўленне парадку абсягаў памяці, якія выкарыстоўваюцца. Там сама паказаны адрасы, з якіх пачынаюцца абсягі памяці: аперацыйная сістэма, зменныя, праграмы, загрузчык.

Кáрта размеркавáання сектарóў (sector map) — карта, якая паказвае нявыкарыстаныя сектары на дыску.

Картрыдж (cartridge) — агульны тэрмін, што ўжываецца ў адносінах да розных прыладаў аўтаномнага тыпу, звычайна заключаных у пластыкавы кантэйнер;

Картэж (tuple) — 1. Канцавая паслядоўнасць элементаў якога-небудзь мноства. 2. Запіс у рэляцыйнай базе звестак, звычайна выглядае як радок значэнняў; ён аналагічны запісу ў нерэляцыйным файле. Усе картэжы адной табліцы рэляцыйнай базы звестак маюць аднолькавую структуру палёў.

Карысны час (available time) — з пункту гледжання карыстальніка — гэта час, на працягу якога функцыянальны блок можа выкарыстоўвацца.

Карэ (caret) — сімвал ^ , ён звычайна знаходзіцца на верхнім рэгістры клавішы з лічбай 6, размешчанай ў верхнім (лічбавым) радзе клавіятуры кампутара.

Карэтка (carriage) — вузел друкаркі, які вызначае пазіцыю, у якой друкуецца чарговы сімвал; галоўка пялёсткавай прылады альбо матрычнага прынтара; патрабуе вяртання да левага краю для пачатку друкавання наступнага радка.

Каскáд (cascade) — арганізацыя вываду інфармацыі на экран, пры якой кожнае вакно часткова перакрывае папярэдняе. Гэта дазваляе апераваць з імі пры дапамозе мышы.

Каскáдная сувязь (cascade connection) — сувязь аднаго блока з іншым, пры якой выхад аднаго з’яўляецца ўваходам другога.

Касета (cassette) — пластыкавы кантэйнер магнітнай стужкі. Утрымлівае дзве катушкі, здольныя вярцецца ў абодвух кірунках. Касеты прымяняюцца для захоўвання праграм, інфармацыі.

Касетная стýжка (cartridge tape) — накапляльнік для запісу на стужку інфармацыі ў двайковай форме. Спачатку прымяняліся для дублявання інфармацыі, якая захоўвалася на цвёрдых дысках. Касетныя стужкі прымяняюцца ў стрымерах як дапаможная памяць цвёрдаму дыску.

Касетны дыск (cartridge disk) — дыск у здымнай наўлозе (чахле). Менавіта ў такой форме ўстанаўліваюцца і выдаляюцца цвёрдыя дыскі, што дазваляе засцерагчы яго ад уздзеяння атмасферы. Наўлога з некалькімі дыскамі называецца дыскавым пакетам.

Каталóг (catalog) — у агульным сэнсе: спіс даступных крыніц, напрыклад даведнік файлаў са спасылкамі на іх размяшчэнне. У базе звестак пад каталогам разумеецца слоўнік звестак. Каталог можа ўтрымліваць іншую інфармацыю. Каталог выкарыстоўваецца аперацыйнай сістэмай для азначэння месцазнаходжання файла. У каталозе захоўваюцца праграмы і файлы. Імёны файлаў аднаго каталога павінны быць унікальнымі. Каталогі могуць мець колькі пажадана падкаталогаў.

Каталóг дыска (catalogue of disk) — спіс файлаў на дыску. Пры гэтым выводзіцца імя файла, тып і даўжыня кожнага файла.

Каэфіцыéнт актыўнасці (activity) — мера інтэнсіўнасці звароту да памяці. Файл з невялікім каэфіцыентам актыўнасці ўтрымлівае шмат лішкавай інфармацыі.

Каэфіцыéнт блакавáння (blocking factor) — памер порцый звестак, якімі вядзецца абмен з блочнай прыладай, якая працуе са звесткамі блоку, а не асобнымі байтамі. Найбольш ужывальнымі каэфіцыентамі блакавання на мікракампутарах: 128, 256 і 512 байт.

Каэфіцыéнт непаўнаты пóшуку (elimination factor) — адносіны ліку не знойдзеных запісаў да агульнага ліку запісаў у файле.

Каэфіцыéнт памылак (error ratio) — адносіны колькасці памылак да агульнага ліку адзінак апрацоўвальнай інфармацыі.

Каэфіцыéнт сціскáння (aspect ratio) — у машыннай графіцы і ў дысплеях кампутара: адносіны маштабу шырыні адлюстравання альбо экрана да маштабу яго вышыні. Гэты паказнік важны для забеспячэння правільных прапорцый графікі пры друку, змене яе памераў альбо пераносе ў другі дакумент.

Квант (quantum) — частка рэсурсу, выдзеленая для выкарыстання праграмай альбо запытам.

Квантавáнне па ўзрóўні (amplitude quantization) — працэс вымярэння якой-небудзь зменнай велічыні ў азначаныя прамежкі часу і запіс вынікаў гэтых вымярэнняў. Часта вынікі акругляюцца да цэлых лікаў і будуюцца ў выглядзе ступеньчатага графіка. Чым меншы крок квантавання, тым бліжэйшы выгляд змянення велічыні да рэальнага. Працэс квантавання з’яўляецца асноўным прынцыпам работы амплітудна-лічбавага пераўтваральніка.

Квантавáнне чáсу (time slicing) — рэжым работы, пры якім двум і больш працэсам размяркоўваецца час аднаго і таго ж працэсара. Квантаванне дазваляе выключыць манапалізацыю працэсара асобнай задачай. Мікрапрацэсар выконвае некалькі работ шляхам пераключэння ад адной праграмы да другой на кароткія інтэрвалы, калі-небудзь у тыя моманты, калі мікрапрацэсар не заняты якой-небудзь канкрэтнай работай і выконвае аперацыі цыклу чакання.

Кембрыджскае кальцó (Cambridge ring альбо ring) — метад перадачы звестак паміж некалькімі кампутарамі па кальцу. З’яўляецца разнавіднасцю лакальнай сеткі. Назву атрымала ад ідэі, распрацаванай у Кембрыджы, дзе атрымала прымяненне ў выкладанні.

Кэрнінг (pair kerning) — рэгуляванне адлегласці паміж сімваламі.

КЕШ (cache memory) — звышаператыўная буферная памяць, размяшчаецца паміж працэсарам і аператыўнай памяццю і прызначана для павелічэння прадукцыйнасці ПК на 15-20%. Гэта дасягаецца часовым захоўваннем у КЕШ часта ўжывальных камандаў і звестак. Слова “кеш” звычайна падразумевае, што да памяці можна звярнуцца вельмі хутка.

Кібернэтыка (cybernetics) — ад грэцкага — мастацтва кіраваць. Навука аб агульных законах кіравання і сувязі ў прыродзе і грамадстве, сувязі і перапрацоўкі інфармацыі. Цесна звязана з матэматыкай і выкарыстоўвае яе апарат і метады. Кібернэтыка як навука бярэ свой пачатак ад часоў адкрыцця адмоўнай зваротнай сувязі. На прынцыпах зваротнай сувязі пабудаваны многія працэсы думальнай дзейнасці чалавека. У вузкім сэнсе — навука пра адваротную сувязь ў складаных сістэмах і арганізмах.

Кілабáйт (kylobyte) — гл. К.

Кілабóд (kylobaud) — хуткасць перадачы звестак у 1000 бод.

Кіравáнне задáчамі (task management) — функцыя аперацыйнай сістэмы, што рэалізуецца супервізарам, які вызначае, якія рэсурсы вылічальнай сістэмы павінны быць выкарыстаны для выканання кожнай праграмы; арганізацыя адначаснага выканання некалькіх задач.

Кіравáнне звéсткамі (data management) — сукупнасць функцый забеспячэння адпаведнай падачы звестак, іх накапленне і захоўванне, абнаўленне, выдаленне, пошук па зададзеным крытэрыі і выдачы звестак.

Кіравáнне інфармáцыяй (information management) — працэс азначэння, ацэнкі, захоўвання, размеркавання, забеспячэння цэласнасці і бяспекі звестак у арганізацыі альбо сістэме.

Кіравáнне курсóрам (cursor control) — сродак для перамяшчэння курсора карыстальнікам кампутара ў любую зададзеную кропку экрана: клавішы кіравання курсорам і маніпулятарам (мыш).

Кіравáнне плынню звéстак (flow control) — пры перадачы звестак: кіраванне хуткасцю перадачы звестак.

Кіравáнне працэсам (process control) — аўтаматычнае кіраванне працэсам, якое прыводзіцца ў дзеянне сістэмай апрацоўкі звестак для рэгулявання (у агульным выпадку непарыўнага) выканання аперацый альбо працэсаў.

Кіравáнне сéткай (network management) — кампутарная сістэма для сачэння за эфэктыўнасцю выкарыстання сеткі: захоўванне зарэгістраваных файлаў карыстальнікаў, кіраванне абменам звесткамі ў сетцы, праверка сеткі і аналіз яе работы.

Кіравáнне, кантрóль (control) — працэс дасягнення чалавекам альбо групай асобаў выбраных мэтаў кіравання пры наяўнасці неабходнай інфармацыі. Кіраванне кампутарам і яго вылічальнымі магчымасцямі для падтрымання парадку пры выкананні задач і іншых аперацый. Здзяйсняецца як апаратнымі, так і праграмнымі сродкамі.

Кірóўная парáметрамі (parameter-driven) — тэрмін, які апісвае праграму альбо аперацыю, паводзіны і вынік работы якой вызначаецца значэннямі перадаваемых ёй параметраў.

Кірóўная змéнная (control variable) — зменная ў кіроўным аператары, якая вызначае ход выканання праграмы, напрыклад зменная індэксу ў цыкле FOR.

Кірóўная перарываннямі (interrupt-driven) — апісанне сістэмнай праграмы, работа якой кіруецца перарываннямі.

Кіравáльная інфармацыйная сістэма (executive information system) — комплекс інструментальных сродкаў, якія прызначаны забяспечваць кіроўны і адміністрацыйны апарат дакладнай і своечасовай інфармацыяй, якая тычыцца гэтай арганізацыі і яе прадукцыі.

Кіравáльная прагрáма (control program) — праграма, якая выконвае набор функцый кіравання: кіраванне рэсурсамі вылічальнай сістэмы, кіраванне ўзаемадзеяннем са вонкавым асяроддзем вылічальнай сістэмы, аднаўленне пасля выяўлення няспраўнасцяў у тэхнічных сродках.

Кірóўны аперáтар (control statement) — аператар, які ўплывае на парадак выканання праграмы: аператары перахода GOTO, CASE; умоўныя аператары IF-THEN-ELSE; ітэрацыйныя аператары DO, FOR, WRITE, REPEAT.

Кірóўны сігнал (control signal) — электронны сігнал для кіравання ўнутраннымі і вонкавымі прыладамі альбо працэсамі.

Кірóўны сімвал (control character) — сімвал, які пры ўводзе з клавіятуры альбо перадачы перыферыйнай прыладай выклікае выкананне вызначанай функцыі, напрыклад перамяшчэнне курсора, ачыстка экрана. У наборы ASCII гэта першыя 32 сімвалы, за кожным з якіх замацавана стандартная функцыя кіравання.

Кірóўны шарык (trackball альбо tracker ball) — шарык, які верціцца вакол свайго цэнтра і прымяняецца ў якасці прылады ўводу. На экране вярчэнне шарыка перадаецца рухам курсора.

Кірóўныя звéсткі (control data) — звесткі, якія ўтрымліваюць інфармацыю сінхранізацыі і маршрутызацыі іншых звестак альбо для кіравання работай такіх прыладаў, як шына альбо порт.

Кішэнны, “ручны” кампутар (hand-held computer) — кампутар, які можна трымаць у адной руцэ, а другой рукой на ім працаваць.

Клáвіша (key) — кнопка (піпачка) на клавіятуры з нанесенымі сімваламі, уяўляе сабой мініятурны электрычны пераключальнік. Клавіша ўтрымліваецца механізмам падвескі, які дазваляе націскаць клавішу і мае электронны механізм, які ідэнтыфікуе націсканне клавішы.

Клáвіша зáпуску альбо “гарáчая” клáвіша (hot key) — каманда, якая рэалізуецца націскам адной альбо камбінацыяй клавішаў, для запуску праграмы, якая знаходзіцца ў памяці кампутара. Слова “гарачая” падкрэслівае тое, што праграма, на якую адбываецца пераключэнне, поўнасцю гатова да ўжывання і чакае сваёй чаргі.

Клáвіша перахóду (escape key) — клавіша з абазначэннем Esc альбо Escape. У кодзе ASCII звычайна генеруе лік 27. Праграміст можа закласці ў сваёй праграме канкрэтныя дзеянні, якія будуць здзяйсняцца пасля націску гэтай клавішы. У некаторых кампутарах гэтая клавіша выкарыстоўваецца для прыпынення выканання бягучай праграмы, і таму неабходна прадугледзець праграму аднаўлення яе выканання, калі клавіша націснута выпадкова.

Клавіятýра (keyboard) — прылада для сувязі з кампутарам, якая ўтрымлівае сукупнасць размешчаных у адпаведным парадку клавішаў, прызначаных для ўводу і рэдагавання звестак, а таксама кіравання выкананнем асобных аперацый. Клавіятуры для персанальных кампутараў стандартызаваныя і надзейныя.

Клавіятýра ASERTY (ASERTY keyboard) — клавіятура, якая прынята ў некаторых краінах Эўропы; названа па першых шасці літарах гэтай клавіятуры ASERTY. У ЗША і Брытаніі існуе таксама клавіятура qwerty.

Клавіятýра QWERTY (QWERTY keyboard) — клавіятура са звычайным змяшчэннем літараў на машынцы. Створана ў 1880 годзе з мэтай “стрымаць” надзвычай хуткі і практычна адначасовы націск літараў. Верхні радок клавіятуры складаецца з літараў QWERTYUIOP.

Клавіятýра АТ (AT keyboard) — клавіятура са 102 клавішамі; першапачаткова прызначалася для ПК фірмы ІВМ тыпа АТ.

Клавіятýра Брайля (Braille keyboard) — кампутарная клавіятура ў кодзе Брайля для сляпых з васьмі клавішаў.

Клавіятýра Дворака (Dvorak keyboard) — кампаноўка клавіятуры, распрацаваная Аўгустам Дворакам і Уільямам Л. Дзілі ў 1936 г. у якасці альтэрнатывы клавіятуры QWERTY, якая карысталася вялікай папулярнасцю. Клавіятура Дворака распрацоўвалася з мэтай паскарэння набору: сімвалы на клавіятуры размяшчаліся так, каб доступ да найбольш часта ўжывальных літараў быў найбольш лёгкім; часта ўжывальныя пары літараў на клавіятуры былі разнесены ў розныя месцы, каб пры наборы сімвалаў можна было змяніць руку.

Клавіятýра Малтрона (Maltron keyboard) — адрозніваецца ад стандартнай клавіятуры QWERTY — клавішы размяшчаюцца ў парадку, які дазваляе раўнамерна выкарыстоўваць абедзве рукі, што павялічвае хуткасць набору тэксту і памяншае магчымасць памылак.

Клавіятýра ХТ (XT keyboard) — старая клавіятура з 82 клавішамі; прымянялася на ПК ІВМ тыпа ХТ.

Клас (class) — у сістэме класіфікацыі: аб‘яднанне пэўнай групы аб’ектаў па нейкай прыкмеце.

Клас пáмяці (storage class) — гэты тэрмін ужываецца для класіфікацыі зменных у мовах праграмавання. У мове Сі — атрыбут, які характарызуе час існавання і абсяг дзеянняў аб’екта. У мове ПЛ/1 — тып памяці, якая павінна быць выдзелена зменнай. Адрозніваюць памяць аўтаматычную, статычную, кіравальную і базаваную.

Клáстар (cluster) — набор сектараў на цвёрдым дыску, які можа ўтрымліваць файл, альбо частку файла. У сістэмах захоўвання звестак: кластар — ёсць адзіная цэлая частка дыска, якая складаецца з фіксаванага ліку сектароў (сегментаў памяці на дыску) і выкарыстоўваецца аперацыйнай сістэмай для чытання і запісу інфармацыі; звычайна кластар утрымлівае ад аднаго да шаснаццаці сектароў, кожны з якіх змяшчае адпаведную колькасць байтаў (сімвалаў).

Кластарызáцыя (clustering) — дзеянне праграм кіравання базамі звестак для хуткага іх знаходжання. Файл з запісамі аднаго прадмета захоўваецца на дыску ў адным альбо суседніх блоках.

Кліéнт (client) — кліентам называецца любы дадатак, які запытвае звесткі ад сервера — ад іншага дадатка, які, магчыма, запускаўся на другім кампутары.

Клон, кóпія (clone) — літаральна: ідэнтычнае ўзнаўленне цэлага арганізма, зыходзячы з яго часткі. У тэрміналогіі мікракампутараў: клон — гэта тып кампутара, які вонкава і ўнутрана капіюе іншы, больш папулярны, больш прэстыжны, больш дарагі вытворчасці вядомай фірмы. Клон мае такі ж мікрапрацэсар і праграмы.

Клудж (kludge) — элемент апаратных сродкаў альбо праграмнага забеспячэння, які ў асноўным працуе дакладна, але чыя канструкцыя альбо дызайн не элегантны альбо лагічна малаэфектыўны. У адносінах апаратных сродкаў гэты тэрмін азначае кароткатэрміновае альбо часовае рашэнне праблемы, а ў праграмным забеспячэнні — дрэнна спраектаваная альбо прадуманая праграма для развязання “гарачых” задач.

Ключ (key) — элемент звестак, які прызначаны для ідэнтыфікацыі запісаў у файле і хуткага доступу да яе; прымяняецца ў праграмаванні. У індэксна-паслядоўным файле ключ з’яўляецца абавязковым элементам запісу. Часцей за ўсё ключ азначаецца як змесціва адзіночнага поля, якое называецца ключавым альбо індэксным полем. У СКБЗ ключы захоўваюцца ў табліцах ключоў і спецыяльна індэксуюцца для паскарэння пошуку патрэбнага запісу. У многіх СКБЗ гэтыя табліцы ключоў называюцца індэкснымі файламі. Ключ можа быць кодам для расшыфроўкі закадаваных звестак. Металічны ключ механічнага замка — для блакоўкі кампутара ад несанкцыяванага доступу.

Ключ гатункавáння (сартавання) (sorting key) — адно альбо некалькі палёў у запісе файла, па змесціве якіх здзяйсняецца ўпарадкаванне яго запісаў.

Ключавóе пóле (key field) — гл. поле ключа.

Ключавóе слóва (keyword) — лексічная адзінка, якая ў вызначаных кантэкстах апісвае моўную канструкцыю. Увогуле структура ключавога слова такая ж, як і ідэнтыфікатара. Ключавое слова — слова, якое з’яўляецца часткай імя альбо апісання, прымяняюцца для ідэнтыфікацыі запісу ў базе звестак.

КМОП (complementary metal-oxide semiconductor, SMOS) — “кампліментарныя структуры метал-аксід-паўправаднік”, разнастайнасць канструкцыі інтэгральных схемаў, якая дазваляе ўжываць уваходныя сігналы вельмі малой магутнасці; інтэнсіўна ўжываецца для стварэння мікрапрацэсараў і мікрасхемаў памяці.

Кніжная, гарызантальная, ландшафтная арыентацыя (landscape mode) — арыентацыя аркуша паперы, калі тэкст альбо адлюстраванне надрукаваны “папярок” доўгай стараны ліста, г.зн. шырыня старонкі больш, чым вышыня.

Кнóпка выбару (option button) — маленькая квадратная піктаграма, прымяняецца ў меню для выбару азначанага варыянту. Для кожнага варыянту пры гэтым ёсць свая уласная кнопка выбару, і гэты выбар ажыццяўляецца шляхам памяшчэння курсора на кнопку выбару і націскання на кнопку мышы.

Кнóпка перазáпуску (reset button) — кнопка для перазапуску кампутара без адключэння электрасілкавання.

Кнóпка скіду, кнóпка перазáпуску (reset button) — вяртанне да зыходнага стану. Кнопка, якая выклікае імпульс для ўстаноўкі мікрапрацэсара у першасны стан (перазапуск кампутара без адключэння электрасілкавання).

Коаксіяльны кáбель (coaxial cable альбо coax) — кабель, які складаецца з аднаго цэнтральнага правадніка, заключанага ў ізалятар, паверх якога размешчаны другі праваднік. Коаксіяльны кабель прымяняецца для перадачы тэлевізійных сігналаў, у тым ліку для разводкі ў дамах, а таксама там, дзе патрэбна вялікая хуткасць перадачы звестак.

КОБОЛ (Common Business-Oriented Language, COBOL) — адна з першых моваў высокага ўзроўню. Распрацавана асацыяцыяй КОДАСІЛ ў 1961 г.

Код (code) — сімвал, які выкарыстоўваецца замест іншага сімвала альбо набору сімвалаў. Самымі важнымі для праграмавання з’яўляюцца коды ASCII, у якіх літары пададзены лічбамі.

Код “два з пяці” (two-out-of-five code) — код з кантролем памылак пры перадачы звестак, які запісвае кожную з дзесяці дзесятковых лічбаў (ад 0 да 9) як набор з пяці двайковых лічбаў.

Код аперáцыі (operational code, opcode) — частка каманды машыннай мовы альбо асэмблера, якімі яна апелюе. Код аперацыі — ёсць кодавае апісанне аперацый вылічальнай машынай.

Код Грэя (Gray code) — двайковы код, паслядоўныя значэнні якога адрозьніваюцца адно ад аднаго толькі адным двайковым разрадам. Гэты код прымяняецца галоўным чынам у механічных прыладах кадавання-дэкадавання і не прымяняецца ў якасці кампутарнага коду. Параўнанне коду Грэя з двайковым:

Код дóступу (access code) — гл. пароль.

Код з выяўленнем памылак (self-checking code) — гл. цотнасць.

Код вóнкавай прылáды (device code) — лічбавы код для ідэнтыфікацыі клавіятуры, друкаркі, экрана і інш.

Код камáнды (instruction code) — гл. код аперацыі.

Код клáвішы (key code) — унікальны лічбавы код, прысвоены канкрэтнай клавішы клавіятуры, для распазнавання націсненай клавішы. Код клавішы — спецыяльны ідэнтыфікатар самой клавішы.

Код Мюррэя (Murray code) — 5-разрадны тэлеграфны код, распрацаваны ў пачатку ХХ стагоддзя; палепшаны ў параўнанні з кодам Бода. Код Мюррэя забяспечвае перадачу толькі вялікіх літараў.

Код паўнамóцтва (authorization code) — гл. пароль.

Код сімвала (character code) — канкрэтны лік (код), які апісвае канкрэтны сімвал у наборы кодаў ASCII.

Кóдавы сегмент (code segment) — блок памяці персанальнага кампутара, прызначаны для захоўвання кодаў праграм.

Кóлер (color) — у фізіцы: кампанент успрыймальнага чалавечым вокам дыяпазону электрамагнітнага выпраменьвання. У кампутарных відэасістэмах: атрыбут сімвала тэксту альбо адлюстравання, залежыць ад апаратнага і ад праграмнага забеспячэння.

Кóлькасць (quantity) — дадатны альбо адмоўны, цэлы альбо дробны лік, які ўказвае агульны лік элементаў.

Кóлькасць зáпісаў (record count) — лік запісаў у файле звестак.

Кампаратар (comparator) — прылада параўнання значэнняў двух элементаў з мэтай праверкі іх карэктнасці, ідэнтычнасці. У сістэмах апрацоўкі інфармацыі: сродак для параўнання двух элементаў звестак, напрыклад двух слоў з мэтай іх праверкі на супадзенне. У электроніцы: схема для параўнання двух падаваемых на яе ўваход напружанняў і вызначэнне большага.

Конкорданс (concordance) — спіс слоў, якія ўваходзяць у дакумент, з указаннем кантэксту кожнага словаўжывання.

Контрóлер дыска (disk controller) — камплект мікрасхем для кіравання працэсамі чытання і запісу, звязаныя з дыскам кампутара. Перадача інфармацыі на дыск і з дыска ўяўляе сабой складаную аперацыю. Кантролер дыска бярэ на сябе задачы пазіцыявання галоўкі чытання-запісу, перадачы інфармацыі паміж дыскам і мікрапрацэсарам, а таксама кантроль за перадачай інфармацыі ў памяць і з памяці. Кантрóлеры прымяняюцца як да дыскаводаў з цвёрдымі дыскамі, так і для гнуткіх дыскаў.

Контрóлер увóду-вываду (input-output controller) — разнавіднасць інтэрфэйса ў вялікіх ЭВМ, кіруе перадачай звестак паміж кампутарам і перыферыйнымі прыладамі. Контрóлер уключае ў сябе мікрапрацэсар і памяць, што вызваляе галоўны працэсар ад неабходнасці займацца аперацыямі ўводу і вываду. Такім чынам, контрóлер уводу-вываду — гэта працэсар, які кіруе абменам паміж вонкавымі прыладамі і памяццю ЭВМ.

Кантрóль дóступу (access control) — вызначэнне і абмежаванне доступу карыстальнікаў, праграм альбо працэсаў да прыладаў, праграм і звестак вылічальнай сістэмы.

Кантэкстны пошук (area search) — пошук слоў альбо выразаў у якім-небудзь абмежаваным аб’ёме тэксту. Для пошуку ўводзіцца слова ці група слоў, якія неабходна здабыць з памяці, напрыклад для складання спісу павешаных удзельнікаў паўстання 1863 г. трэба задаць “1863” і “павешаны”.

Канцэнтрáтар (concentrator) — прылада, якая проста перадае атрыманыя пакеты ва ўсе свае порты, незалежна ад адрасату. Усе прылады, якія падключаны да канцэнтратара Ethernet (уключна і іншыя канцэнтратары), “бачаць” увесь сеткавы трафік. Але атрымаць трафік можа толькі той кампутар, якому ён адрасаваны. Усе астатнія кампутары павінны ігнараваць трафік, які для іх не прадугледжаны. Канцэнтратары можна прымяняць толькі ў невялікіх сетках, дзе ўсе давяраюць адно аднаму.

Кóрань (root) — галоўны альбо самы верхні ўзровень у іерархічным арганізаваным наборы інфармацыі; кропка, ад якой падмноства разгаліноўваецца ў лагічнай паслядоўнасці.

Крок каардынáтнай сéткі (grid snap) — адлегласць паміж кропкамі каардынатнай сеткі, па якіх можа перамяшчацца курсор. Разбіўка экрана каардынатнай сеткай забяспечвае правільны ўвод інфармацыі пра палажэнні курсора.

Крóкавы рухавік (stepping motor) — рухавік для вярчэння ротара паслядоўнымі крокамі. Кожны крок вызначаецца напружаннем, якое падаецца на матор у адпаведнасці з праграмай кампутара. Выкарыстоўваецца ў дыскаводах для кіравання перамяшчэннямі галоўкі чытання-запісу, у робататэхніцы.

Крóкі табуляцыі (tab stops) — папярэдне ўстаноўленыя і фіксаваныя пазіцыі, да якіх пераходзіць курсор на экране; табуляцыя звычайна прастаўляецца праз восем пазіцый.

Крóпка адліку (origin) — у графіцы: нулявая кропка па кожнай з восяў. Усе велічыні адкладваюцца ад гэтай кропкі.

Крóпка галінавáння (branch point) — месца ў праграме, у якім адбываецца пераход да іншай каманды, у залежнасці ад праўдзівасці зададзенай ўмовы (калі такое ўказана).

Крóпка з кóскай (semicolon) — знак пунктуацыі. Прымяняецца ў шматлікіх мовах праграмавання ў якасці падзяляльніка.

Крóпка перазáпуску (rerun point) — месца ў праграме, з якога можа быць у выпадку фатальнага збою выкананы перазапуск.

Кропка перарывання (breakpoint) — кропка, у якой праграма можа быць часова перарвана, раздрукоўваюцца адпаведныя вынікі праграмы. Часцей за ўсё прымяняецца пры наладцы праграм.

Кропка спынення, перарывання (breakpoint) — кропка праграмы, у якой яе выкананне спыняецца, каб праграміст мог вывучыць стан праграмы, значэнне зменных. Кропка спынення ўстанаўліваецца і выкарыстоўваецца ў асяроддзі наладкі праграмы: для гэтага ў нейкае месца тэксту праграмы ўстаўляецца якая-небудзь каманда пераходу, выкліку альбо лавушкі, якая перадае кіраванне праграме наладкі.

Крóпка ўвахóду (entry point) — пункт праграмы, з якой можа пачынацца яе выкананне. Праграма, напісаная на мове высокага ўзроўню, звычайна мае толькі адну кропку ўваходу. Моўная канструкцыя ў працэдуры, якая адзначае пачатак паслядоўнасці дзеянняў у працэдуры.

Крос-асэмблер (cross-assembler) — асэмблер пераўтварэння праграмы, які здзяйсняе пераўтварэнне праграмы, запісанай на машыне аднаго тыпу, у праграму на Асэмблеры машыны іншага тыпу і затым — у машынныя коды.

Крос-кампілятар (cross-compiler) — кампілятар, які здзяйсняе пераўтварэнне праграмы, запісанай на машыне аднаго тыпу, у праграму на мове машыны другога тыпу і затым — у машынныя коды.

Кругавáя дыягрáма (pie chart) — разнавіднасць графічнага вываду працэнтнага зместу інфармацыі якіх-небудзь аб’ектаў на экран у выглядзе круга, падзеленага на сектары для падачы розных элементаў цэлага. Сектары могуць адрознівацца колерам альбо тонам.

Крывáя Без’е (Bezier curve) — у кампутарнай графіцы: крывая з траекторыяй, разлічаная матэматычнымі метадамі, якая звязвае асобныя кропкі гладкіх крывых і паверхні адвольнай формы. Прымяняюцца ў ілюстрацыйных праграмах і мадэлях аўтаматызаванага праектавання. Крывыя Без’е дазваляюць з дапамогай невялікага ліку кропак вызначыць мноства фігур розных формаў.

Крыніца звéстак (інфармацыі) (data source) — функцыянальная прылада, якая з’яўляецца крыніцай перадавальных звестак; частка камунікацыйнай сістэмы, якая параджае паведамленне; чалавек альбо функцыянальная прылада, якія здзяйсняюць фармаванне і ўвод інфармацыі ў кампутар.

Крыніца паведамлéнняў (message source) — частка камунікацыйнай сістэмы, якая параджае паведамленне; прылада, праграма альбо сістэма, якія фармуюць паведамленне.

Крыніца сілкавáння (power supply) — прылада, якая генеруе стабілізаванае электрычнае напружанне для кампутара (сістэмы).

Крытычная памылка (critical error) — памылка, якая прыпыняе работу да той пары, пакуль сітуацыя не будзе выпраўлена праграмай альбо карыстальнікам, напрыклад адсутнасць паперы ў друкарцы.

Крэкер, зламыснік (craker) — займаецца ўзломам сістэмаў і праграмнага забеспячэння, а таксама выканвае іншыя шкодныя дзеянні для “здароўя” інфармацыйных сістэмаў. Ня путаем крэкера з хакерам (hacker).

Крэмніева даліна (Silicon Valley) — назва мясцовасці паміж Сан-Францыска і Сан-Хосэ ў паўночнай Каліфорніі, ЗША, дзе размешчана мноства кампутарных фірм, якія зрабілі значны ўплыў на развіццё вылічальнай тэхнікі.

Крэменевы крыштáль (silicon chip) — інтэгральная схема, у якой прыменены крэмень у якасці паўправадніковага матэрыялу.

Крэмень (silicon) — рэчыва-паўправаднік, прымяняецца ў вытворчасці транзістараў і мікрасхемаў; у чыстым выглядзе — лёгкі метал, падобны на алюміній. У прыродзе хімічна звязаны з адным альбо некалькімі іншымі элементамі.

Ксерагрáфія (xerography) — сістэма капіявання, заснаваная на выкарыстанні “вобразаў”, якія ствараюцца пры дапамозе электрычных зарадаў. Да заражаных частак прыцягваецца спецыяльны фарбавальнік, які затым прыціскаецца да паперы.

Курсіў (italic) — напісанне шрыфту пры друку альбо адлюстраванні з раўнамерным нахілам управа. Курсівам звычайна вылучаюць загалоўкі, замежныя словы, цытаты, тэрміны і інш.

Курсóр (cursor) — спецыяльны экранны індыкатар (прамавуглавік, мігатлівы сімвал падкрэслівання) для паказу месца, на якім друкуецца ўводны сімвал. У аперацыйных сістэмах і дадатках пры рабоце з мышой курсорам (указальнікам) называецца стрэлка альбо іншы экранны значок, які перамяшчаецца сінхронна з рухам мышы. Курсор — тое, што пастаянна мігае, гэта месца бягучай пазіцыі ўводу.

Кэш (cache) — спецыяльная падсістэма памяці для запамінання найбольш часта ўжывальных звестак; забяспечвае вельмі хуткі доступ да інфармацыі.

Кэш дыска (disk cache) — дыскавы кэш-буфер. Абсяг аператыўнай памяці кампутара, якая адводзіцца для часовага захоўвання інфармацыі, счытанай з дыска. Кэш дыска не захоўвае файлы цалкам, як электронны дыск (абсяг памяці, якая імітуе дыск). У яго змяшчаюцца звесткі, якія нядаўна альбо запрошваліся дыскам, альбо запісваліся на дыск. Калі кэш дыска ўжо ўтрымлівае неабходную інфармацыю, то праграма, якая імкнецца счытаць яе з дыска, у сапраўднасці будзе счытваць яе з кэш дыска, што намнога хутчэй.

Кэш-памяць (cache memory) — гл. кэш.

Загрузка...