Т

Табліца (table) — структураваны набар звестак у вызначанай форме, звычайна ў выглядзе набору радкоў і слупкоў. У праграмаванні: структура звестак, звычайна складаецца з паслядоўнасці запісаў, кожны з якіх мае ключ (унікальны ідэнтыфікатар).

Табліца дóступу (access table) — форма структураваных звестак, у якой размяшчэнне звестак указваецца дзвюмя “каардынатамі”.

Табліца дэскрыптáраў (descriptor table) — набор байтаў, якія захоўваюць адрасы памяці праграмных файлаў. Калі некалькі праграм запускаюцца ў тым жа самым аб’ёме памяці, то доступ да праграмы здзяйсняецца толькі па табліцы дэскрыптараў і здымаецца рызыка таго, што адна праграма разбурыць звесткі другой праграмы.

Табліца ідэнтыфікатáраў (symbol table) — спіс выкарыстаных у праграме ідэнтыфікатараў і іх атрыбутаў, якія выдае транслятар (лістынг праграмы на мове Асэмблера).

Табліца праўдзівасці (truth table) — табліца ўваходных і выхадных значэнняў, якая паказвае магчымыя вынікі булевых выразаў. Утрымлівае ўсе магчымыя камбінацыі ўваходных сігналаў і ўсе іх наступствы. Прымяняецца галоўным чынам пры распрацоўцы лагічных ланцугоў, але досыць часта бывае карыснай пры праверцы работы праграмы.

Табліца развязак (рашэнняў) (decision table) — апісанне дзеянняў у выглядзе матрыцы, якія могуць быць выкананы пры розных камбінацыях умоў: слупкі адпавядаюць камбінацыям умоў, а радкі — дзеянням.

Табуляцыя (tabulation) — перамяшчэнне беглай пазіцыі вываду да наступнай папярэдне ўстаноўленай пазіцыі табуляцыі.

Таймер (clock) — прылада працэсара, якая выдае сігналы праз рэгулярныя прамежкі часу. Таймер генеруе тактавыя імпульсы, і хуткасць работы мікрапрацэсара залежыць ад хуткасці іх паступлення. Найбольш часта ўжываюцца тактавыя частоты ад 8 да 33 МГц.

Тáктавая частатá (clock rate) — хуткасць, з якой працэсар кампутара выконвае каманды. У кожнага кампутара ёсць свой гадзіннік, які рэгулюе хуткасць выканання камандаў працэсара.

Тапалóгія (topology) — раздзел матэматыкі, у якім высвятляецца і даследуецца ідэя непарыўнасці. Геаметрычнае адлюстраванне адносінаў ліній і вузлоў у сетцы, не абавязкова звязанае з вылічальнымі дзеяннямі. Агульная схема, схема злучэнняў, канфігурацыя.

Тапалóгія сéткі (network topology) — тапалогіяй называецца спосаб арганізацыі фізічных сувязяў і спосаб іх адрасацыі. Канальны ўзровень забяспечвае дастаўку звестак паміж вузламі ў сетцы з акрэсленай тапалогіяй, для якой ён распрацаваны. Да асноўных тапалогій адносяцца: агульная шына, кальцо, зорачка.

Тóлькі для чытáння (read-only) — інфармацыя, якую можна толькі праглядзець, счытаць, але не змяняць альбо перапісаць. Файл, які дазволена чытаць і раздрукоўваць, але ніякім чынам не змяняць.

Том (volume) — старая назва дыска альбо стужкі, на якіх захоўваліся звесткі з унікальным імем альбо нумарам.

Тон (hue) — у каляровай кампутарнай графіцы: адна з трох характарыстык для апісання колеру (дзве іншыя — насычанасць і яркасць); атрыбут, які дазваляе найбольш наглядна адрозніваць адзін колер сярод іншых.

Тон-насычанасць-яркасць (hue-saturation-brightness) — у кампутарнай графіцы: каляровая мадэль для апісання колеру.

Тонэр (toner) — парашковы фарбавальнік, прымяняецца ў лазерных друкарках, у капіявальных апаратах. Тонэр наносіцца на электрастатычна заражаны барабан у адпаведнасці з друкаваным адлюстраваннем, а затым пераносіцца на паперу і награваецца да расплаўлення і замацоўваецца на паперы.

Траектóрыя адсячэння (clipping path) — ламáная альбо крывая лінія для абазначэння маскаванага абсягу ў дакуменце. Пры друку дакумента будзе выведзена толькі змесціва ўнутраннага абсягу.

Транзакцыя (transaction) — сукупнасць аперацый маніпулявання звесткамі ў сістэме баз звестак, якая забяспечвае апрацоўку запыту карыстальніка і пераводзіць базу звестак з аднаго цэласнага стану ў іншы без парушэння цэласнасці звестак.

Транзістар (transistor, transfer resistor) — цвёрдацельная самая простая паўправадніковая ўзмацняльная прылада. Вынайдзены у канцы 1940-х гг. у ЗША.

Транслятар (translator) — службовая праграма, прызначаная для перакладу (трансляцыі) набору камандаў праграмы з адной фармальнай мовы на іншую. Транслятары дзеляцца на асэмблеры, кампілятары і інтэрпрэтатары. Асэмблер з’яўляецца транслятарам з мовы Асэмблера і цвёрда прывязаны да канкрэтнага віду цэнтральнага працэсара, мікрапрацэсара альбо мікрапрацэсарнаму набору. Інтэрпрэтатары сумяшчаюць трансляцыю з выкананнем праграмы. Кампілятар стварае выхадную праграму, якую можна захаваць і выканаць пазней.

Трансляцыя прагрáмы (program translation) — працэс пераўтварэння праграмы, пададзенай на адной з моў праграмавання, у праграму на другой мове і ў адпаведным сэнсе раўназначную першай.

Трасірóўка (trace) — вывад выконваемых інструкцый і значэнняў зменных з мэтай пошуку лагічных памылак у праграме.

Трафік (traffic) — плыня паведамленняў у камунікацыйных сетках перадачы звестак; рабочая нагрузка (шчыльнасць плыні звестак) лініі сувязі.

Трафік звéстак (traffic) — колькасць інфармацыі, якая праходзіць па сетцы.

Тып (type) — у праграмаванні: тып вызначае характар зменнай, ліку альбо аперацыі, напрыклад рэчаісны альбо цэлы лік, тэкставы сімвал і т.п.. Тып звестак акрэслівае дыяпазон значэнняў зменнай, а таксама аперацыі, якія могуць быць выкананы з ёй.

Тып звéстак (data type) — спосаб прадстаўлення звестак у памяці. Мноства велічыняў, аб’яднаных вызначанай сукупнасцю дапушчальных аперацый.

Тып фáйла (file type) — апісанне аперацыйных альбо структурных характарыстык файла. Тып файла часта ідэнтыфікуецца ў яго назве.

Тып дóступу (access type) — вызначае, менавіта як будзе праводзіцца доступ да аб’екта, напрыклад да файла можна атрымаць доступ у рэжыме чытанне/запіс і толькі чытанне.

Тэг (tag) — прыкмета звестак; імя аб’екта, напрыклад у мове Сі — для ідэнтыфікацыі структуры.

Тэзаўрус (thesaurus) — праграма для пошуку сінонімаў (пошук слоў па іх сэнсавым змесце). Адбываецца прагляд усяго тэксту для азначэння слоў, якія маюць падобнае значэнне, і замена памечаных слоў на іншыя.

Тэкставы працэсар (word processor альбо text processor) — прыкладная праграма падрыхтоўкі і апрацоўкі тэкставай інфармацыі. Электронны эквівалент паперы, асадкі, пісальнай машынкі, слоўніка, гумкі. Правяраюць арфаграфічныя і граматычныя памылкі. Дазваляюць уключаць у дакумент ілюстрацыі, выконваць вылічэнні, паказваць дакументы ў многаваконным рэжыме і шмат іншае.

Тэкставы файл (text file) — файл, які ўтрымлівае толькі коды ASCII — тэкставую інфармацыю. Расшырэнне тэкставых файлаў: .txt, .doc.

Тэкстура (texture) — у кампутарнай графіцы: зацямненне альбо іншыя атрыбуты, якія дабаўляюцца паверх графічнага адлюстравання для стварэння ілюзіі матэрыялу паверхні, напрыклад шкляной.

Тэлеканферэнцыя (teleconferencing альбо conferencing) — паслуга кампутарнай сеткі на аснове комплекснага выкарыстання аўдыа-, відэа- і іншага абсталявання праводзіць абмен думкамі па выбранай тэматыцы паміж людзмі, якія знаходзяцца на вялікай адлегласці. У сетцы Internet шырокай папулярнасцю карыстаецца канферэнцыя Usenet.

Тэлеметрыя (telemetry) — перадача і атрыманне ў мэтах вымярэння аналагавых альбо лічбавых звестак ад якой-небудзь прылады, якая знаходзіцца на вялікай адлегласці, з дапамогай сродкаў сувязі.

Тэлетáйп (teletype) — выведзеная з ужытку прылада для прыйму і перадачы звестак па тэлеграфных каналах сувязі. Тэлетайпы прымяняліся ў вылічальнай тэхніцы да масавага ўжывання інтэрактыўных відэатэрміналаў.

Тэлетэкст (teletext) — шырокавяшчальная тэлевізійная інфармацыйная сістэма з высокай хуткасцю абмену тэкставай інфармацыяй з выкарыстаннем часткі тэлевізійнага сігналу, якая не служыць для вываду адлюстравання.

Тэлефóнная сýвязь (telephony) — тэхналогія пераўтварэння гукаў у электрычныя сігналы, іх перадача ў іншае месца і адваротнае пераўтварэнне ў гук.

Тэóрыя мнóства (set theory) — раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці мностваў і аперацый над мноствамі і іх элементамі.

Тэóрыя алгарытмаў (algorithm theory) — галіна матэматыкі, якая вывучае агульныя ўласцівасці алгарытмаў. Пачаткам сістэматычнай распрацоўкі тэорыі алгарытмаў лічыцца 1936 г., калі А. Чэрт (ЗША) сканструяваў першую матэматычную мадэль алгарытму. Бальшыня алгарытмаў, якія сустракаюцца ў матэматыцы, лёгка зводзяцца да вылічэння цэлалікавых значэнняў функцыі, аргументы якой прымаюць цэлалікавыя значэнні. Разглядаючы гэтыя ўласцівасці алгарытмаў як галоўныя і абстрагуючыся ад астатніх рысаў алгарытмаў, А.Чэрч прапанаваў лічыць спецыяльныя функцыі такога віду (так званыя часткова рэкурсіўныя функцыі) матэматычнымі мадэлямі алгарытмаў. На алгарытм можна глядзець як на машыну, прыстасаваную для развязання задач з гэтага класа праблемаў. Гэты падыход развіваў А. Цюрынг (Англія), які прапанаваў схему ідэалізаванай машыны (называецца машынай Цюрынга) у якасці матэматычнай мадэлі алгарытмаў.

Тэóрыя аўтамáтаў (automata theory) — навука аб узаемасувязі павóдзінскіх тэорый з функцыянаваннем і прымяненнем аўтаматызаваных прыладаў. Вывучае прынцыпы пабудовы, функцыянавання і прымянення аўтаматычных прыладаў, якія маюць канцавы лік унутраных станаў і канцавы вонкавы алфавіт.

Тэóрыя гульняў (game theory) — матэматычная тэорыя, з дапамогай якой фармалізуюцца задачы выяўлення аптымальных развязанняў ва ўмовах канфлікту. Разглядае пытанні выбару стратэгіі і верагоднасці поспеху ў канкурэнтнай гульні, у якой кожны ўдзельнік здзяйсняе частковы кантроль і імкнецца рабіць больш выйграшныя хады, чым іншыя.

Тэóрыя інфармáцыі (information theory) — галіна навукі, якая вывучае колькасныя заканамернасці, звязаныя са стварэннем, перадачай, захаваннем, пераўтварэннем і вылічэннем інфармацыі. Метады гэтай тэорыі прымяняюцца ў розных галінах тэхнікі. Асноўныя паняцці тэорыі інфармацыі былі сфармуляваны ў 1948 г. матэматыкам Клодам Шэнонам.

Тэóрыя хаóса (chaos theory) — матэматычная тэорыя, згодна з якой зусім невялікія змяненні ў складанай сістэме могуць прывесці да значных канчатковых вынікаў.

Тэра (tera, T) — прэфікс, абазначае адзін трыліён.

Тэрабáйт (terabyte) — 240 байт. 1 Тб = 1 099 511 627 776 байтаў.

Тэрмінáл (terminal) — апаратныя і праграмныя сродкі для сувязі аддаленага карыстальніка з кампутарам. Тэрмінал — гэта сродак перадачы і адлюстравання звестак: клавіятура, манітор і невялікі блок для падключэння да асноўнага кампутара. Прылада ўводу-вываду (дысплей і клавіятура) інфармацыі без яе апрацоўкі, якая падключана да кампутара. У вылічальных сетках: прылада, якая з’яўляецца крыніцай альбо атрымальнікам звестак.

Тэрмінáл увóду-вываду (dump terminal) — тэрмінал для ўводу звестак з клавіятуры без вылічальных функцый і вываду інфармацыі на відэапрыладу.

Тэст (test) — праграма (кантрольная задача) для праверкі правільнасці функцыянавання кампутара альбо выяўлення памылак у праграмах.

Тэстчахардá” (leap-frog test) — праграма праверкі памяці, у якой здзяйсняецца перапісванне праграмай самой сябе ў суседні абсяг памяці і перадача кіравання. Тэст з двайным пераразлікам пры выкарыстанні розных ячэек памяці.

Тэставáнне, правéрка (testing) — дыягностыка правільнасці работы праграмы шляхам запуску розных набораў камандаў і ўваходных велічыняў. Правераецца праграма на адпаведнасць зададзеным патрабаванням, вынікам тэставых ацэнак і праграмнай дакументацыі.

Тэхналогія (technology) — сістэма ўзаемазвязаных навуковых і тэхнічных ведаў у працэсе распрацоўкі і стварэння машын і метадаў, якія паляпшаюць умовы існавання людзей альбо павялічваюць эфектыўнасць чалавечай дзейнасці.

Тэхналогія перацягні і кінь (drag and drop) — сродак аперацыйнай сістэмы Windows, прызначаны для перамяшчэння аб’ектаў (папак, вокнаў, ярлыкоў і інш.) па рабочым стале. Аб’ект можна змясціць у другое вакно, другую папку, кашолку.

Тэхналогія HTML (hyper text markup language) — гл. мова абазначэння гіпертэксту.

Тэхналогія пашырэння мультымéдыя (multi media extension) — сродак аперацыйнай сістэмы Windows, прызначаны для кіравання аўдыё- і відэаінфармацыяй, анімацыяй, трохмернай графікай і інш.

Тэхналогія звязвання і ўбудóвы аб’éктаў (object linking and embedding) — сродак аперацыйнай сістэмы Windows, прызначаны для стварэння сувязяў паміж разнастайнымі па сваёй прыродзе дакументамі (дадаткамі) і ўбудаванне дакумента, які знаходзіцца у адным дадатку, у дакумент другога дадатку.

Тэхналогія пастáвіў і прáцуй (plug and play) — сродак АС Windows, прызначаны для аўтаматычнага распазнавання ў персанальным кампутары перыферыйных прыладаў і настройкі іх для работы.

Загрузка...