“Рабóчы стол” (desktop) — рабочы абсяг на экране, які мадэлюе паверхню стала з дапамогай значкоў і меню. Гэта графічны экранны інтэрфэйс АС Windows, калі на экране адлюстроўваюцца значкі, ярлыкі і вакно для работы карыстальніка. Пачатковы від рабочага стала залежыць ад інсталяцыі Windows.
Рáмка выбару (selection box) — прамавуглавік для выдзялення часткі структуры дакумента і адлюстравання на экране дысплея ў асобным вакне. Змесціва рамкі выбару звычайна змяняе колер.
Рáстравая грáфіка (raster graphics) — вобласць машыннай графікі, у якой адлюстраванне генеруецца з масіву піксэляў, упарадкаваных па радках і слупках. Машынная графіка, у якой узнаўляльнае адлюстраванне складаецца з матрыцы элементаў адлюстравання.
Рáстравы шрыфт (bitmapped font) — набор сімвалаў вызначанага памеру і стылю, у якім кожны сімвал апісаны як унікальны бітавы масіў (камбінацыя кропак). Кожны сімвал растравага шрыфту будуецца ў выглядзе камбінацыі кропак.
Рóбат (robot) — аўтаматычная прылада, якая імітуе паводзіны чалавека і выконвае механічныя дзеянні.
Рóзнасць мнóстваў (set difference) — для двух зыходных мностваў А і В — новае мноства С уключае элементы, якія належаць А і адначасова не належаць В.
Рóзнасць стасýнкаў (relation difference) — у рэляцыйнай алгебры: новыя стасункі R, якія з’яўляюцца вынікам выканання аперацыі адымання зыходных стасункаў А — В і змяшчаюць картэжы, што належаць стасункам А, але не належаць адначасова стасункам В.
Рóўнасць (equality) — стан ідэнтычнасці; гэты тэрмін ужываецца ў адносінах значэнняў і структураў звестак.
Рóўны, аднарáнгавы (peer) — прылада многаўзроўневай камунікацыйнай сеткі, якая скарыстоўвае аднолькавы пратакол.
Рабóчая пáмяць (working storage) — частка памяці, якая прызначана для размяшчэння часовых набораў звестак. Памяць для часовага захоўвання звестак — буфер.
Рабóчая стáнцыя (workstation) — персанальны кампутар, уключаны ў кампутарную сетку.
Рабóчая табліца (worksheet) — электронная табліца, якая створана і выкарыстоўваецца таблічным працэсарам. Звесткі пададзены ў выглядзе табліцы радкоў і калонак. Разнавіднасць вываду інфармацыі на экран і на паперу.
Рабóчы дыск (work disk) — дыск, які выкарыстоўвае аперацыйная сістэма ў якасці рабочай памяці для часовага захоўвання звестак у працэсе выканання праграмы.
Рабóчы рэгістр (working register) — рэгістр, змесціва якога могуць змяніць толькі праграмы.
Рабóчы файл — 1. Scratchfile, work file — часовы файл на дыску. Набор звестак, які выкарыстоўваецца ў якасці часовай вонкавай памяці пры выкананні адпаведных працэдураў. 2. — Active file — файл, які адчынены і выкарыстоўваецца.
Радóк (line) — гарызантальная паслядоўнасць знакаў.
Радóк стáну (status line) — радок на экране (унізе альбо уверсе), у якім паказваецца інфармацыя аб беглым стане праграмы, дэманструецца працэс выканання праграмы.
Радыятар, цяплоадвóд (heat sink) — прылады для паглынання і рассейвання цяпла, якое ўтвараецца ў выніку работы інтэгральнай мікрасхемы альбо транзістара.
Разбóр сінтаксічны (parsing) — сінтаксічны аналіз транслятарам сказаў мовы праграмавання.
Разбіўка слóва (word break) — падзел слова на канцы радка. Бальшыня тэкставых працэсараў гэта не выконваюць, а пераносяць цэлае слова на наступны радок.
Разварóт (facing pages) — дзве старонкі пры двухстаронкавым друку. Старонкі развароту маюць цотныя старонкі на левым баку і няцотныя — на правым баку пры адкрытай кніжцы.
Раздзéл апісáнняў (declarative part) — паслядоўнасць апісанняў, якая змяшчае лагічна звязаную інфармацыю, напрыклад цела праграм і спецыфікатары выяўлення.
Раздзéл дыска (disk partition) — элемент лагічнага падзелу фізічнага дыска на лагічныя раздзелы, кожны з якіх ідэнтыфікуецца сваім імем дыска.
Раздзéл імя прагрáмы (identification section) — на мове Паскаль: радок у праграме, імя ўводзіцца пасля слова PROGRAM.
Раздзéл пачаткóвай загрýзкі (boot partition) — на цвёрдым дыску раздзел, дзе запісана аперацыйная сістэма і службовыя файлы, якія сістэма загружае ў памяць пры ўключэнні альбо паўторным запуску кампутара.
Раздрукóўка (listing) — любы дакумент, які атрыманы на друкавальнай прыладзе ў тэкставым выглядзе.
Раздрукóўка трансляцыі (assembly listing) — раздрукоўка машынных кодаў (аператары праграмы на мове асэмблера, каманды машыннай мовы, спіс сімвалаў праграмы), якія атрыманы ў выніку работы транслятара; выводзіцца на дысплей альбо друкарку.
Раздрукóўка экрáна (screen dump) — раздрукоўка змесціва экрана, дамп экрана — дубляванне адлюстравання на экране на паперу альбо перавод яго ў файл на дыску.
Раздым пашырэння (expansion slot) — гнёзды (злучальнік), да якіх падведзены сігналы працэсара і якія могуць быць выкарыстаны для падключэння дадатковых платаў да кампутара. Вонкавыя раздымы (разъемы) пашырэння дазваляюць падключыць дадатковую памяць альбо забяспечыць дадатковыя магчымасці без неабходнасці ўбудоўваць усё гэта ў сам кампутар. Свабодныя раздымы пашырэння павінны быць закрыты. Для кампутараў тыпу ІВМ прадугледжаны наступныя платы пашырэння — 8- 16- і 32-разрадныя.
Размéтка старóнкі (page layout) — працэс размяшчэння тэксту і графікі на старонках дакумента.
Размéтка дыскеты (floppy disk formatting) — першасная падрыхтоўка дыскеты да работы, якая ўключае разбіўку дарожак на сектары, запаўненне інфармацыйных палёў пэўным кодам, запіс на нулявую дарожку праграмы пачаткóвай загрузкі і г.д.
Размеркавáнае кіравáнне (distributed logic) — сістэма, у якой кіраванне здзяйсняецца не адным, а некалькімі мікрапрацэсарамі.
Размеркавáная апрацóўка (distributed processing) — сістэма абмену і апрацоўкі інфармацыі на некалькіх працэсарах (кампутарах), звязаных агульнай сеткай перадачы звестак.
Размеркавáная бáза звéстак (distributed database) — сукупнасць базаў звестак, фізічна размеркаваная па ўзаемазвязаных рэсурсах вылічальнай сістэмы (некалькіх дысках) і даступная для сумеснага выкарыстання ў розных дадатках.
Размеркавáная сéтка (distributed network) — сетка, у якой апрацоўка, захоўванне і іншыя функцыі выконваюцца рознымі кампутарамі, а не адным асноўным кампутарам.
Размеркавáнне (allocation) — працэс прымацавання рэсурсаў (памяць, дыскавая прастора, друкарка і інш.) да асобнага задання альбо карыстальніка. Мэта размеркавання — стварыць умовы, каб у кампутарнай сістэме без перашкодаў маглі працаваць некалькі карыстальнікаў.
Размеркавáнне дынамічнае (dynamic allocation) — размеркаванне, якое выконваецца ў ходзе работы, але не да яе пачатку.
Размеркавáнне пáмяці (memory management) — назначэнне абсягаў памяці вызначаным звесткам. Кіруе выкарыстаннем памяці і прадухіляе канфлікты, калі адначасова працуюць дзве і больш праграм; спецыяльная праграма аперацыйнай сістэмы.
Размеркавáнне рэсýрсаў дынамічнае (dynamic resourse allocation) — вылучэнне рэсурсаў праграме ў ходзе яе выканання.
Размеркавáнне статычнае (static allocation) — вылучэнне рэсурсаў праграме да пачатку яе выканання.
Размяркóўваць (distribute) — размяркоўваць што-небудзь па некалькіх пунктах альбо сродках абслугоўвання.
Размяшчэнне (allocation) — размяшчэнне звестак у памяці ў адпаведнасці з іх апісаннем; (layout) — арганізацыя тэксту і графікі на друкавальнай старонцы.
Размяшчэнне, кампанóўка, фармáт (layout) — комплекс параметраў старонкі пры апрацоўцы тэкстаў у выдавецкіх сістэмах — памеры палёў, размяшчэнне тэксту, графікі, загалоўка, арыентацыя старонкі.
Разрáд знáкавы (sign position) — разрад у выяве двайковых звестак у памяці кампутара, які змяшчае код знаку ліку.
Разрáд інфармацыйны (data position) — разрад звестак, які змяшчае пэўную інфармацыю.
Разрáд малóдшы (least significant digit) — разрад ліку ці слова, які захоўвае малодшую лічбу.
Разрáд перапаўнéння (overflow bit) — разрад у рэгістры, які ўстанаўліваецца ў адзінку, калі ў выніку матэматычных аперацый адбываецца перапаўненне — гэта значыць, што выніковы лік вельмі вялікі, каб быць запісаным у рэгістры. Пры дапамозе гэтага разрада праграма гарантуе дакладнасць змесціва рэгістра.
Разрáд прáва дóступу (access rights bit) — пры рабоце ў шматзадачным рэжыме: сігнал, які можа быць выкарыстаны для дазволу доступу да часткі машыннай памяці.
Разрáд самакантрóлю (self-checking digit) — разрад, які дабаўляецца да ліку пры яго кадаванні; прызначаны для праверкі дакладнасці кадавання.
Разрáд старэйшы (most significant digit) — разрад ліку ці слова, які захоўвае старэйшую лічбу.
Разрáднасць рэгістра (register length) — даўжыня рэгістра, максімальная колькасць бітаў, якія можа захоўваць рэгістр, звычайна 8, 16 альбо 32.
Разрэджаная індэксáцыя (sparse index) — звычайна масіў (база звестак) лічыцца разрэджаным, калі каля адной траціны яго элементаў ідэнтычныя. Пры гэтым у індэкснай сістэме індэксаваны толькі некаторыя запісы, а іншыя даступны пры дапамозе прымянення паказальнікаў, якія знаходзяцца ў індэксаваных запісах.
Ранг (rank) — узровень іерархіі ў іерархічных структурах.
Рангавáнне (ranking) — упарадкаванне, размяшчэнне звестак у вызначаным парадку.
Рандамізацыя (randomization) — метад пераўтварэння ключа запісу ў адрас яго размяшчэння ў вонкавай памяці, які заснаваны на выкарыстанні генератара псеўдавыпадковых лікаў.
Раскрывáльнае меню (pull-down menu) — спіс камандаў меню, які раскрываецца з радка меню і застаецца даступным, пакуль гэта трэба карыстальніку.
Распазнавáльная здóльнасць (resolution) — ступень дакладнасці ўзнаўлення адлюстравання. Дакладнасць прадстаўлення бесперапыннай велічыні яе лічбавым аналагам; ступеня дакладнасці ўзнаўлення. Для растравых дысплеяў гэта — лік кропак растра на экране.
Распазнавáнне вóбразаў (pattern recognition) — працэс аналізу графічных адлюстраванняў і выдзяленне іх у адпаведны клас па акрэсленай распазнавальнай прыкмеце альбо сукупнасці прыкмет. Сістэма распазнавання вобразаў з дапамогай матрычных фотаэлементаў параўноўвае атрыманыя камбінацыі наяўнасці і адсутнасці святла на фотаэлемент з вобразамі, якія захоўваюцца ў памяці. У робататэхніцы распазнаванне вобразаў з’яўляецца адной з важных задач. Гэтая праблема ёсць і ў медычнай дыягностыцы, на вытворчасці і іншых сферах.
Распазнавáнне мóвы (speech recognition) — сістэма для пераўтварэння моўных сігналаў у тэкст праз мікрафон. Здольнасць кампутара разумець вымаўленае чалавекам слова з мэтай прыняць каманды і звесткі, якія ўводзяцца дыктарам.
Распазнавáнне сімвалаў (character recognition) — аўтаматычная ідэнтыфікацыя стандартных друкаваных альбо стылізаваных рукапісных знакаў — перавод сімвалаў у іх код у ASCII. Фотадатчыкі перамяшчаюцца па радку і счытваюць сімвалы і пераўтвараюць іх у код ASCII.
Распакóўваць (unpack) — ператвараць звесткі са сціснутай формы ў форму прыдатную для выкарыстання іншымі праграмамі; аднаўленне ўпакованых звестак да першапачатковага фармату.
Распрацóўка прагрáмнага забеспячэння (software engineering) — распрацоўка праграм у адпаведнаці з існуючымі стандартамі на праграмнае забеспячэнне. Сюды ўваходзяць аналіз праблем, для развязання якіх расрацоўваюцца праграмы, выбар метаду і вырашэнне шэрагу іншых пытанняў.
Распрацóўшчык бáзы звéестак (database designer) — чалавек, які выконвае функцыі праектавання і рэалізацыі і, магчыма, суправаджэнне дадаткаў, якія выкарыстоўваюць базу звестак Распрацоўшчык базы звестак практычна з’яўляецца праграмістам.
Растр (raster) — мноства кропкавых элементаў, з дапамогай якіх знак адлюстроўваецца на экране дысплея альбо фіксуецца на папяровым носьбіце. Адзінка вымярэння, роўная адлегласці паміж дзвюма сумежнымі элементамі адлюстравання.
Расшыфрóўванне (decryption) — працэс аднаўлення зыходнага віду зашыфраваных звестак.
Рацыянáльны лік (rational number) — лік, які можна запісаць у выглядзе дробу двух цэлых лікаў m / n, дзе m, n— цэлыя лікі (n ≠ 0).
Рашэнне, развязак, развязанне (decision) — выбар аднаго з двух і болей магчымых дзеянняў. Выбар рашэнняў можна падаць у выглядзе табліцы развязання альбо дрэва развязак.
Робататэхніка (robotics) — галіна навейшай тэхнікі, якая звязана са стварэннем і навучаннем робатаў. Робаты прымяняюцца ў шырокай сферы навукі, тэхнікі і грамадскага жыцця
Ручны ўвод (manual entry) — увод звестак з клавіятуры карыстальнікам кампутара.
Рысавáнне (inking) — увод лініі з дапамогай прылады, якая прызначана для ўводу каардынатаў.
Рэáльны час, рэáльны маштáб чáсу (real-time) — апрацоўка звестак у гэтым рэжыме забяспечвае ўзаемадзеянне вылічальнай сістэмы з вонкавымі па адносінах да яе працэсамі ў тэмпе, суразмерным з хуткадзейнасцю гэтых працэсаў. Аперацыі кампутара суадносяцца з тэмпам работы чалавека альбо вонкавых працэсаў. Рэжым рэальнага часу можна прымяняць у якасці кіроўнага воргана ў замкнёных кампутарных сістэмах кіравання.
Рэарганізáцыя бáзы звéстак (database reorganization) — змена фізічнай арганізацыі базы звестак без змены лагічнай арганізацыі з мэтай павышэння эфектыўнасці выкарыстання базы звестак.
Рэарганізáцыя звéстак (data reorganization) — змена лагічнай і фізічнай арганізацыі звестак з мэтай аптымізацыі выкарыстання памяці і часу доступу да звестак.
Рэгенерáцыя (refresh) — аднаўленне, паўторнае ўключэнне сілкавання. Працэс хуткага паўторнага адлюстравання на паверхні візуалізацыі (дысплей), у выніку якога адлюстраванне застаецца бачным — забяспечваецца пастаяннае адлюстраванне.
Рэгістр ( register) — невялікі пайменаваны абсяг высокахуткаснай памяці мікрапрацэсара альбо якой-небудзь электроннай прылады, здольнай запісваць звесткі ў двайковай форме.
Рэгістр áдраса камáнд (instruction address register) — рэгістр для захоўвання адрасу наступнай каманды, якая павінна быць выканана. Рэгістр цэнтральнага працэсара, змесціва якога ў паслядоўныя моманты часу адпавядае адрасам памяці, якія (адрасы) ўзрастаюць на адзінку; таксама называецца праграмным лічыльнікам альбо паказальнікам камандаў.
Рэгістр агýльнага прызначэння (general-purpose register) — рэгістр працэсара, які не зарэзерваваны аперацыйнай сістэмай для якога-небудзь канкрэтнага прызначэння, ён прызначаны для выкарыстання ў розных мэтах — даступны праграмам і выкарыстоўваецца імі для часовага захоўвання аперандаў, базавага адрасу і іншых звестак.
Рэгістр аперáцыі (рэгістр кóда аперáцыі) (operation register) — частка рэгістра камандаў у прыладзе кіравання, якая змяшчае код аперацыі.
Рэгістр камáнды (instruction register) — рэгістр працэсара, які ўтрымлівае адрас каманды, каторую належыць выканаць.
Рэгістр клавіятуры (case) — рэгістр, які пераключае тып друкавальных літарных сімвалаў з прапісных літараў на радковыя і наадварот. Праграма, якая ўлічвае рэгістр, адрознівае прапісныя і радковыя літары.
Рэгістр мадыфікáцыі (modifier register) — рэгістр для захоўвання мадыфікатара (кіроўны параметр каманды).
Рэгістр мнóжніка (multiplier register) — рэгістр для размяшчэння множніка пры выкананні аперацыі множання.
Рэгістр мнóжыва (multiplicand register) — рэгістр для размяшчэння множыва пры выкананні аперацыі множання.
Рэгістр стáну (status register) — гл. флаг.
Рэгістр стэка (stack register) — рэгістр для захоўвання паказальніка стэка.
Рэгістр увóду-вываду (input-output register) — рэгістр для абмену звесткамі паміж прыладамі ўводу-вываду і галоўным кампутарам.
Рэгістравае адрасавáнне (register addressing) — адрасаванне аперандаў з вызначэннем іх адрасоў праз змесціва рэгістраў.
Рэдáктар (editor) — праграма, якая звычайна прымяняецца для стварэння тэкставых файлаў альбо ўнясення зменаў у існы тэкставы файл. Тэкставы працэсар складаецца з двух частак: тэкставага рэдактара і фарматара.
Рэдáктар баз звéестак (database editor) — праграма ў складзе СКБЗ, якая забяспечвае рэдагаванне структуры і змесціва баз звестак.
Рэдáктар сýвязяў (кампанóўшчык) (linkage, linker) — праграма для пабудовы загрузачнага (выканаўчы) модуля з аднаго альбо болей аб’ектных ці загрузачных модуляў і файлаў звестак. Кампаноўшчык можа таксама ствараць бібліятэкі. Гл. таксама бібліятэка, кампаноўка.
Рэдагавáнне (editing) — змена парадку размяшчэння, фармату і змесціва звестак.
Рэдагавáць (edit) — унясенне зменаў у тэкст, праграму альбо адлюстраванне на экране дысплея.
Рэжым (mode) — вызначаны парадак работы альбо стан кампутара альбо праграмы. Тэрмін ужываецца ў розных кантэкстах: дыялагавы рэжым, розныя рэжымы адрасацыі і інш.
Рэжым “устáўка” (insert mode) — у экранных рэдактарах: рэжым рэдагавання тэксту, пры якім сімвал дапаўняльны да дакумента альбо каманднага радка, што ўводзіцца з клавіятуры, устаўляецца перад сімвалам, пазначаным курсорам, адсоўваючы ўсе сімвалы ўправа.
Рэжым адкáзу (answer modem) — рэжым, у якім мадэм павінны аўтаматычна адказваць на званкі. У гэтым рэжыме мадэм злучаецца з абанентам, які яго выклікае, і пасылае яму сігнал-пацверджання прыйму.
Рэжым адрасацыі (address mode) — рэжым, які вызначае выкарыстанне рэгістра з мэтай выбаркі аперанда для выканання прадпісанага камандай дзеяння. Канкрэтны метад пазначэння адрасу ў камандах. Існуюць розныя рэжымы адрасацыі: непасрэдны, адносны, індэксны, ускосны.
Рэжым блакóўкі (lock mode) — у вылічальных сетках: рэжым, пры якім сувязь паміж тэрміналам і мэтавай праграмай усталёўваецца толькі на час перадачы паведамлення і атрымання адказу.
Рэжым дóступу (access mode) — спосаб выбаркі запісу з файла альбо загрузкі яго ў файл, залежыць ад спосабу арганізацыі звестак і тыпу памяці.
Рэжым дыялагавы (інтэрактыўны) (dialog mode, interactive mode, conversational mode) — абмен паведамленнямі паміж карыстальнікам і сістэмай у рэальным маштабе часу. Кожны запыт карыстальніка выклікае неадкладныя дзеянні кампутара ў адказ.
Рэжым зáпісу (write mode) — стан, у якім праграма можа запісваць інфармацыю ў файл альбо змяняць яго змесціва.
Рэжым інтэрпрэтáцыі (interpretative mode) — метад трансляцыі праграмы, калі кожны адтрансляваны аператар неадкладна выконваецца.
Рэжым паперамéннага дóступу (alternative mode альбо alternating mode) — форма выкарыстання магчымасцяў кампутарнай сістэмы, пры якой некалькі карыстальнікаў могуць карыстацца аднымі і тымі ж файламі.
Рэжым рабóты (mode) — адзін з відаў дзейнасці, якія прапаноўваюцца на выбар; вызначаны парадак работы альбо стан кампутара альбо праграмы.
Рэжым раздзялéння чáсу (time sharing) — адначасовае выкарыстанне вылічальнай сістэмы некалькімі карыстальнікамі. Пры гэтым рэжыме цэнтральны працэсар працуе так, што працэсарны час паслядоўна раздзелены для выканання розных задач. Па заканчэнні кванта часу ЦП вяртаецца ў чаргу чакання абслугоўвання. Некалькі незалежных карыстальнікаў маюць адначасовы і непасрэдны доступ да кампутара (працэсара) з дапамогай уласных прыладаў уводу-вываду.
Рэжым рэáльнага чáсу (real time processing) — спосаб апрацоўкі звестак, пры якім забяспечваецца ўзаемадзеянне вылічальнай сістэмы з вонкавымі ў адносінах да яе працэсамі ў тэмпе, сувымерным з хуткасцю працякання гэтых працэсаў.
Рэжым рэдагавáння (edit mode) — рэжым работы праграмы, у якім яна забяспечвае ўнясенне зменаў у змесціва дакумента.
Рэжым сумяшчáльнасці (compatibility mode) — рэжым работы працэсара, пры якім магчыма выкананне машынных камандаў праграмнага прадукта з іншай сістэмы.
Рэжым увóду (input mode) — адрозніваюць спосабы ўводу звестак: плыняй, спісам звестак і рэдагаваннем, увод з пераўтварэннем звестак і без пераўтварэння.
Рэжым чакáння (sleep) — прыпыненне работы да яе завяршэння. Рэжым чакання ёсць працэс часовага прыпынення, каб у адпаведны момант ён мог быць абуджаным.
Рэзервóвая кóпія (backup) — запасная копія праграмы, змесціва дыска альбо некаторых звестак, створаная ў мэтах захавання каштоўных файлаў на выпадак пашкоджання альбо для архіва. Некаторыя прыкладныя праграмы аўтаматычна ствараюць рэзервовыя копіі файлаў, захоўваючы адначасова на дыску і беглую версію, і папярэдні варыянт.
Рэзервóвы акумулятар (battery backup) — крыніца сілкавання на батарэйках для забеспячэння захоўвання звестак у той частцы аператыўнай памяці кампутара, якая захоўвае важную сістэмную інфармацыю на перыяд паміж сеансамі работы.
Рэзервóвы накапляльнік (reserve accumulator) — дадатковы рэгістр памяці для запісу прамежкавых вынікаў вылічэнняў.
Рэзідэнт (resident) — праграма кіравання, якая пастаянна знаходзіцца ў аператыўнай памяці ў час работы кампутара.
Рэзідэнтная падпрáграма (resident routine) — падпраграма аперацыйнай сістэмы, якая пастаянна знаходзіцца ў памяці і можа выкарыстоўвацца як пастаянна, так і час ад часу.
Рэзідэнтная прагрáма (core program) — праграма альбо праграмны сегмент, якая пастаянна знаходзіцца ў аператыўнай памяці.
Рэзэрвавáнне і выпраўлéнне (backup and recovery) — аднаўленне ў базе звестак апошняй аперацыі (транзакцыі) пасля таго, як нейкая праграмная альбо апаратная памылка зрабіла базу звестак непрыдатнай для работы. Гэты працэс пачынаецца з апошняй, рэзервовай копіі базы звестак. Праглядаецца файл зменаў базы звестак, і кожная занесеная туды транзакцыя аднаўляецца па апошняй кантрольнай кропцы ў файле.
Рэкýрсія (recursion) — здольнасць праграмы выклікаць саму сябе.
Рэканфігурáцыя (reconfiguration) — змена параметраў і складу аперацыйнай сістэмы ў адпаведнасці са зменай абсталявання вылічальнай сістэмы альбо рэжыму яе выкарыстання.
Рэкурсіўная падпрагрáма (recursive subroutine) — падпраграма, якая можа выкарыстоўваць сама сябе ў якасці падпраграмы, шляхам звароту да сябе непасрэдна альбо па меры звароту з другой падпраграмы, якую яна выклікала сама.
Рэлевáнтнасць (relevance) — алгарытм пошуку — дакладная паслядоўнасць дзеянняў пашуковай сістэмы для адбору патрэбнай (рэлевантнай) інфармацыі па запыце карыстальніка. Рэлевантнасць — гэта як бы ступень “патрэбнасці”, гэта значыць наколькі дакладна найдзеная інфармацыя адпавядае запыту карыстальніка.
Рэлятыўны áдрас (relative address) — адрас, зададзены адносна базавага адрасу; нумар ячэйкі ў памяці, які вымяраецца ад пачатку поля; адрас, які адлюстроўвае розніцу ў адносінах да значэння базавага адрасу.
Рэляцыйнае вылічэнне (relational calculus) — вылічэнне адносінаў у сістэме кіравання базамі звестак. Вылічэнне прэдзікатаў у рэляцыйных мадэлях звестак для падачы новых адносінаў праз іншыя адносіны.
Рэляцыйная алгебра, алгебра адносінаў (relational algebra) — набор правілаў і аператараў у кіраванні базамі звестак, якія прымяняюцца для апрацоўкі адносінаў (табліцы).
Рэляцыйная аперáцыя (relational operator) — аператар адносінаў, дазваляе параўноўваць дзве альбо некалькі велічыняў, альбо выразы пры дапамозе матэматычных знакаў: >, =, <, <>, >=, <=.
Рэляцыйная бáза звéстак (relational database) — тып базы звестак і сістэмы кіравання базай звестак, рэалізаваная ў адпаведнасці з рэляцыйнай мадэллю звестак. Рэляцыйная мадэль падае звесткі ў выглядзе двумернай табліцы. Таблічная структура звестак адлюстроўвае адносіны паміж рэальнымі аб’ектамі і іх характарыстыкамі. На аснове першаснай табліцы пры дапамозе лагічных аперацый фармуецца новая табліца адпаведнай структуры.
Рэляцыйная мадэль (relational model) — мадэль звестак, у якой звесткі арганізаваны ў адносіны (табліцы). Мадэль звестак, заснаваная на падачы звестак у выглядзе набору адносінаў, кожная з якіх уяўляе сабой падмноства дэкартава здабытку вызначаных мностваў, і маніпуляванне імі з дапамогай мноства аперацый рэляцыйнай алгебры альбо рэляцыйнага вылічэння.
Рэляцыйная структýра (relational structure) — арганізацыя запісу (картэжу) у рэляцыйнай мадэлі. Гл. таксама рэляцыйная мадэль.
Рэпрадýкцыя звéстак (data reduction) — пераўтварэнне звестак у форму, неабходную для наступнага выкарыстання.
Рэсýрс (resource) — якая-небудзь частка вылічальнай сістэмы альбо сеткі, якая можа быць выдзелена працэсу апрацоўкі звестак на вызначаны інтэрвал часу. Асноўнымі рэсурсамі сістэмы з’яўляецца працэсар, абсягі асноўнай памяці, наборы звестак, перыферыйныя прылады, праграмы.
Рэстáрт (restart) — паўторны запуск праграмы; аднаўленне работы кампутара пасля яго аварыйнага завяршэння.
Рэтранслятар (transponder) — прыйма-перадатчык на спадарожніках сувязі, які прымае сігнал ад наземнай станцыі і перадае яго на другой частаце на адну ці некалькі іншых наземных станцый.
Рэха (echo) — 1. Паяўленне на экране дысплея пры націсканні карыстальнікам клавішаў адпаведных сімвалаў. 2. Неадкладнае паведамленне аператару графічнага тэрмінала пра беглыя значэнні, якія могуць быць пададзены прыладай уводу-вываду.
Рэчаісныя (сапрáўдныя) лікі (вещественные, real number) — лікі, якія могуць быць дадатнымі і адмоўнымі, цэлымі і дробнымі альбо ўяўляць сабой лікі, якія складаюцца з цэлай і дробнай частак. Рэчаісныя лікі падзяляюцца на рацыянальныя і ірацыянальныя. Першыя можна падаць як у выглядзе рацыянальнага дробу p / g , (дзе p і g — цэлыя, g = 0), так і ў выглядзе концага ці бясконцага перыядычнага дзесятковага дробу; ірацыянальныя рэчавыя лікі — толькі ў выглядзе бясконцага неперыядычнага дзесятковага дробу.
Рээнтэрабельнасць (reenterability) — уласцівасць загрузачнага модуля забяспечваць адначасовае яго выкарыстанне дзвюмя ці болей задачамі.
Рээнтэрабельная прагрáма (reenterable program) — праграма, адзін і той жа асобнік якой у аператыўнай памяці здольны выконвацца шматкратна, пры гэтым так, што кожнае выкананне можа пачынацца ў любы момант у адносінах да другога выканання. Гэта праграма яшчэ мае назву паўторна-выкарыстоўвальная, паўторна-уваходная.
Рээнтэрабельны код (reentrant code) — код праграмы, які адначасна могуць выкарыстоўваць некалькі праграм. Ён дазваляе другой праграме перапыніць работу выконвальнай праграмы і затым зноў запусціць яго для першай праграмы альбо прадоўжыць з месца перарывання. Многія службовыя праграмы аперацыйнай сістэмы створаны як рээнтэрабельны код, што дазваляе загружаць толькі адну яго копію ў памяць для абслугоўвання ўсіх выконвальных праграм.