Ч

Чóрная скрынка” (black box) — уяўная прылада, аб якой мы разважаем толькі па наборах уваходных і выходных сігналаў, а прылада самога пераўтварэння сігналаў не вызначана. Гэта паняцце выкарыстоўваецца для аналізу сістэмы ў цэлым без канкрэтнай яе рэалізацыі.

Чáрга (queue) — паслядоўнасць элементаў, утвораная ў парадку іх паступлення. Кожны новы элемент размяшчаецца ў канец чаргі. Элементы са структуры звестак могуць выдаляцца толькі ў тым жа парадку, у якім яны былі ўведзены, гэта значыць згодна ўмове: “першым прыйшоў — першым выйшаў”. Дзве асноўныя аперацыі пастаноўкі ў чаргу: дабаўленне новага элемента ў чаргу і выдаленне старога элемента.

Час адкáзу (response time) — час, які неабходны сістэме для рэакцыі на ўздзеянне; час паміж канцом запыту ў вылічальнай сістэме і пачаткам адказу. Гэты тэрмін адносіцца да сістэм, якія здзяйсняюць механічныя дзеянні. Для электронных сістэмаў гэты час вельмі хуткі.

Час выбаркі звéстак (access time) — інтэрвал часу паміж пачаткам аперацыі счытвання і выдачай счытаных звестак з запамінальнай прылады. Прамежак часу паміж падачай карыстальнікам запыту на пошук інфармацыі і атрыманнем неабходных звестак.

Час выканáння (execution time) — час патрэбны мікрапрацэсару для дэкадавання і выканання каманды пасля яе выбаркі з памяці (завяршэнне мікрапрацэсарам усіх камандаў альбо для завяршэння работы праграмы). Час выканання складае другую частку каманднага цыклу (першая частка — час выбаркі).

Час выканáння машыннай камáнды (instruction time (I-time) — лік тактаў (імпульсаў сістэмнага гадзінніка кампутара), які патрэбны мікрапрацэсару, каб здабыць каманду з памяці. Час выканання машыннай каманды — першая палова цыкла каманды, другая палова — час выканання цыклу (трансляцыя і выкананне).

Час дóступу да пáмяці (memory access time) — час, патрэбны для ўстаноўкі адрасу на шыне адрасу і счытванне звестак з шыны звестак; звычайна складае 100 нс альбо менш.

Час дóступу: 1. (Access time) — час, патрэбны для знаходжання звестак. Для атрымання доступу да байта памяці абсалютны адрас павінны быць устаноўлены на адраснай шыне. Толькі аперацыя перадачы адрасу ў працэсар займае сем крокаў перасылкі звестак. Час ад пачатку выканання каманды да атрымання доступу да байта называецца часам доступу. Час доступу з’яўляецца адной з характарыстык сістэмаў з дыскавымі накапляльнікамі: прамежак паміж запытам і атрыманнем інфармацыі. Для гнуткіх дыскаў час доступу ўключае прамежак патрэбны для набору хуткасці, неабходнай для аперацый з імі. 2. (Availability) — частка часу, калі канкрэтны карыстальнік можа працаваць з вылічальнай сістэмай. Сістэмы, якія адначасова абслугоўваюць некалькі карыстальнікаў, павінны пераадольваць праблему абмежавання часу доступу для кожнага карыстальніка. Апошні вымушаны альбо чакаць сваёй чаргі запуску праграмы, альбо дóўгага чакання выканання праграмы.

Час зáпісу (write time) — часовы інтэрвал паміж пачаткам выканання цэнтральным працэсарам (CPU) альбо мікрапрацэсарам каманды па запісе і запамінанні звестак у памяці; звычайна займае каля 100 нс для персанальных кампутараў і прыблізна 1 нс для вялікіх ЭВМ.

Час захóўвання звéстак (storage time) — інтэрвал часу, на працягу якога запамінальная прылада ў зададзеным рэжыме захоўвае звесткі без рэгенерацыі.

Час крóку (step-rate time) — час, неабходны для перамяшчэння рычага доступу дыскавода з адной дарожкі на наступную. Тэрмін узнік у сувязі з выкарыстаннем крокавага рухавіка. Крокавы рухавік — механічная прылада, якая паварачваецца на фіксаваную велічыню пры прыйме электрычнага імпульсу.

Час перасылкі, час перадáчы (transfer time) — інтэрвал часу ад пачатку перадачы звестак да іх поўнага завяршэння.

Час пóшуку (seek time) — 1. Час неабходны для пошуку вызначаных звестак. 2. Час, калі галоўка дыскавода знайшла патрэбную дарожку пры аперацыях чытання-запісу.

Час прастóю: 1. (Idle time) — час, на працягу якога кампутар уключаны, але практычна не выкарыстоўваецца. 2. (Down time) — час, калі кампутар не выконвае работу ў сувязі з яго рамонтам альбо абслугоўваннем. Кампутары маюць амаль нулявы час прастоя за ўвесь час сваёй эксплуатацыі. У выпадку няспраўнасці якой-небудзь часткі, яна можа быць хутка заменена.

Час разгóну (acceleration time) — час патрэбны дзеля таго, каб флопі-дыск дасягнуў хуткасці вярчэння, неабходнай для яго выкарыстання.

Час стабілізáцыі (settling time) — час, неабходны для ўстаноўкі галоўкі чытання-запісу дыскавода ва ўстойлівае становішча на новым месцы пасля яе перамяшчэння да патрэбнага абсягу дыска.

Час тармажэння (deceleration time) — час прыцішвання руху рычага доступу (access arm) дыскавода да поўнага яго прыпынення. Рычагі доступу маюць канкрэтную вагу, і чым хутчэй яны рухаюцца, тым большым кінетычным імпульсам яны валодаюць; таму яны не могуць імгненна спыніцца.

Час цыкла (cycle time) — час, які неабходны для выканання поўнага цыкла дзеянняў.

Час чакáння (latency) — час, на які кампутар прыпыняе выкананне праграмы, напрыклад для счытвання звестак з дыска альбо іншага носьбіта.

Часóвы цыкл (timing loop) — праграмны цыкл для дзеяння на працягу зададзенага прамежку часу, выкарыстоўваецца для падліку секундаў альбо арганізацыі часовай затрымкі.

Часóвы, рабóчы файл (temporary file) — файл, які ствараецца аперацыйнай сістэмай альбо якой-небудзь іншай праграмай у памяці альбо на дыску; прыменяецца ў часе сеанса работы, а затым знішчаецца. Утрымлівае прамежкавыя звесткі, якія патрэбны праграме.

Частатá (frequency) — колькасць хістанняў у секунду; велічыня, якая паказвае, як часта адбываецца нейкае перыядычная падзея. Звычайна вымяраецца ў Герцах; 1 Гц — гэта 1 цыкл за секунду.

Частатá адлюстравáння, паўтóн (screen frequency, halftone) — тэхналогія ўзнаўлення ілюстрацый у выглядзе дробненькіх, раўнамерна размеркаваных плямак пераменнага дыяметра, якія пры друку зліваюцца адна з адной і ўтвараюць тыя ці іншыя адценні шэрага колеру.

Частатá адмóў (failure rate) — колькасць адказаў канкрэтнага тыпу, якія мелі месца на нейкай прыладзе на працягу адпаведнага перыяду часу; характарыстыка надзейнасці прылады.

Частатá кáдраў (frame rate) — 1. У анімацыі колькасць абнаўленняў адлюстраванняў ў секунду. Плаўны рух у анімацыі забяспечваецца, калі частата перавышае 14 кадраў ў секунду. 2. Хуткасць, з якой поўнаэкранныя адлюстраванні перадаюцца на манітор растравага сканэравання і паяўляюцца на ім.

Частатá памылак (error rate) — у сістэмах сувязі: колькасць некарэктна перададзеных бітаў (звычайна на кожныя 100 000 біт).

Чáстка аперацыйная (operation part) — частка каманды, якая змяшчае код аперацыі.

Часткóва апрацавáныя звéсткі (semi processed data) — звесткі, якія ўведзены ў кампутар і толькі часткова апрацаваны, напрыклад выканана нейкае сартаванне.

Частóтная характарыстыка (frequency response) — дыяпазон частот, які аўдыёпрылада можа ўспрымаць без пагаршэння прадукцыйнасці.

Чат (chat) — месца зносінаў. Любы жадаючы можа “зайсці” у адзін з пакояў чата (па інтарэсам) і зносіцца з усімі, хто ўжо “увайшоў” у памяшканне.

Чóрна-бéлая шкалá (gray scale) — паслядоўнасць адценняў шэрага колеру ў дыяпазоне ад чорнага да белага. Шкала яркасці прымяняецца ў кампутарнай графіцы для ўнясення дэталізацыі ў графічныя адлюстраванні.

Чóрна-бéлы манітóр (black-and-white) — гл. манахромны манітор.

Чужы дыск (alien disk) — флопі-дыск, фармат якога належыць іншаму тыпу кампутараў; ім карыстацца нельга.

Чып (chip) — інтэгральная мікрасхема ў асобным корпусе; крышталь разам з нанесенай на яго інтэгральнай схемай. Інтэгральная схема складаецца з множства (мільёнаў) транзістараў.

Чытáнне (read) — атрыманне інфармацыі з крыніцы; працэс выбрання звестак з вонкавай памяці (дыска) і запісь іх ў асноўную памяць альбо капіяванне з экрана.

Загрузка...