Лавінная маршрутызáцыя (flooding) — метад маршрутызацыі пакетаў і паведамленняў сеткі перадачы звестак, пры якім вузел, які прыняў паведамленне перадае яго ўсім звязаным з ім вузлам.
Лагічнае адмаўлéнне (negation) — інверсія двайковага ліку (пераўтварэнне двайковага сігналу альбо набору біт у процілеглы стан). Лагічнае адмаўленне двайковай 1 дае двайковы 0, а адмаўленне 0 дае 1. Для прадстаўлення значэння ПРАЎДА ўжываецца 1, а для прадстаўлення значэння НЯПРАЎДА — 0.
Лагічнае праграмавáнне (logical programming) — разнастайнасць дэкларатыўнага праграмавання, пры якім праграміст апісвае развязанне задачы на дакладнай лагічнай мове, напрыклад на мове праграмавання Prolog. У праграме ўказваецца набор зыходнай інфармацыі, што неабходна зрабіць для атрымання канкрэтных высноў, не прыдаючы асаблівай увагі таму, як гэта трэба зрабіць.
Лагічная дыскавая прылáда (logical drive) — абсяг памяці, да якой здзяйсняецца зварот як да дыскавода. Гэта прылада можа ўяўляць сабой як цвёрды дыск, так і віртуальны дыск альбо частку цвёрдага дыска. Лагічны дыск — вобласць цвёрдага дыска, якая выкарыстоўваецца як асобны дыск, прысвойваюцца імёны C: , D: , E: і г.д. Лагічная прылада рэалізуецца праграмнымі сродкамі (ня блытаць з фізічнай прыладай). Напрыклад, лагічныя дыскі ў Windows: цвёрды дыск (фізічная прылада) устаноўлены адзін, а лагічных можа быць 24, якія маюць імёны C, D, E …Z (24, паколькі літараў у ангельскім алфавіце 26, а першыя дзве А і В зарэзерваваны для гнуткіх дыскаў).
Лагічная памылка (logic error) — мера дакладнасці, прымяняльная на кожным кроку пошуку лічбавага рашэння звычайнага дыферэнцыяльнага раўнання. Гэта паняцце вельмі карыснае для практычнай рэалізацыі лічбавых метадаў. У праграмаванні: памылка ў распрацоўцы праграмы, ў логіцы праграмы, алгарытме. Праграма з лагічнымі памылкамі выдае недакладныя вынікі, але не спыняецца выкананне праграмы. Таму яе цяжка выявіць.
Лагічны выраз (logical expression) — кампактны запіс канструкцыі мовы, якая задае правілы для вылічэння аднаго з двух магчымых лагічных значэнняў: “TRUE” альбо “FALSE”. Правілы для вылічэння лагічнага значэння “праўда” альбо “няпраўда”, што ўяўляе сабой сукупнасць адносінаў, лагічных зменных і лагічных канстантаў, звязаных знакамі лагічных аперацый.
Лагічная правéрка (white-box testing альбо logical testing) — праверка звестак на адпаведнасць некаторым лагічным умовам альбо лімітным суадносінам, якія павінны выконвацца для гэтай катэгорыі інфармацыі. У сэнсе праверкі праграм: праверка пры дапамозе вызначанага набору звестак, выбраных з тым разлікам, каб задзейнічаць усе раздзелы праграмы.
Лагічная схéма (logic circuit) — электронная схема, якая выконвае лагічныя аперацыі па апрацоўцы інфармацыі.
Лагічны (logical) — прыметнік, які апісвае аперацыю альбо іншую вылічальную працэдуру, каторая базуецца на апераванні праўдзівымі і непраўдзівымі альтэрнатывамі.
Лагічны аперáтар (logical operator) — аператар, які маніпулюе двайковымі значэннямі на разрадным узроўні. У некаторых мовах праграмавання лагічныя аператары ідэнтычныя булевым аператарам, якія маніпулююць праўдзівымі і непраўдзівымі значэннямі.
Лагічны зáпіс (logical record) — запіс файла, які вызначаны ў праграме і ўяўляе сабой набор лагічна звязаных палёў (звестак). З’яўляецца адзінкай абмену звесткамі паміж праграмай і буферам уводу-вываду. Некалькі лагічных запісаў могуць размяшчацца ў адным фізічным запісе — блоку.
Лагічны зрух (local shift) — аперацыя зруху лагічнага слова ў рэгістры ўправа альбо ўлева. Пры гэтым канцавы біт не губляецца, а пераносіцца ў супрацьлеглы разрад рэгістра (у адрозненне ад арыфметычнага зруху).
Лагічны ланцýг (logic circuit) — электронная схема, якая выконвае лагічныя дзеянні пры дапамозе лагічных элементаў. Лагічная схема можа быць распрацавана пры дапамозе набору лагічных элементаў.
Лагічны элемент (gate, logic element) — камбінацыйная схема, якая здзяйсняе элементарную лагічную аперацыю. Прылада для выканання вылічальных дзеянняў. Уяўляе сабой электронную схему, на выхадзе якой з’яўляецца напружанне лагічнага нуля альбо лагічнай адзінкі ў залежнасці ад выканання вызначаных умоў. Стандартнымі лагічнымі функцыямі з’яўляюцца І, АЛЬБО і НЕ, а з інверснымі выхадамі — І-НЕ і АЛЬБО-НЕ. Лагічныя элементы, згрупаваныя ў інтэгральныя мікрасхемы, здзяйсняюць арыфметычныя і лагічныя дзеянні.
Лагічныя схéмы кіравáння (control logic) — электронныя схемы, якія генеруюць, інтэрпрэтуюць і выкарыстоўваюць кіроўныя звесткі.
Лáзер (laser — light amplification by stimulated emission of radiation) — крыніца когерэнтнага выпраменьвання ў бачным, інфрачырвоным альбо ўльтрафіялетавым дыяпазонах. Когерэнтны промень характарызуецца строга аднолькавай частатой і фазай усіх сваіх кампанентаў (у поўную супрацьлегласць нармальнаму, некагерэнтнаму). Промень лазера распаўсюджваецца з большай эфектыўнасцю, чым некогерэнтны, ён строга аднанакіраваны і мізэрна рассейваецца. Лазеры малой магутнасці прымяняюцца для валаконна-аптычнай сувязі, лазерных друкарак і вымярэння адлегласці. Лазеры высокай магутнасці прымяняюцца ў хірургіі, свідраванні, пры зварцы і вайсковай тэхніцы.
Лáзерная пáмяць (laser storage) — выкарыстанне лазернай аптычнай тэхналогіі для чытання-запісу на спецыяльныя дыскі для захоўвання інфармацыі.
Лáзерная пляма (laser spot) — зона на аптычным дыску дыяметрам каля 1,6 мкм, якая асвятляецца лазерам пры счытванні інфармацыі.
Лазерны дыск (laser disc) — гл. кампакт дыск.
Лáзерная друкáрка (laser printer) — безударная знакасінтэзаваная друкарка з фармаваннем з дапамогай лазернага промня на электрастатычнай паверхні барабана адлюстраванняў сімвалаў і графікаў, якія потым пераносяцца на паперу тэрмасілавым спосабам. Лазерныя прынтары забяспечваюць вялікую хуткасць друку, распазнавальная здольнасць да 50 кропак/мм пры высокай якасці друку і невялікім узроўні шуму.
Лáзерны скáнер (laser scanner) — прылада для счытвання штрыхавога коду. Сканер здзяйсняе перамяшчэнне лазернага промня па штрыхавым кодзе, счытвае адбітыя промні і пераўтварае гэтую інфармацыю ў лічбавую форму. Код счытваецца шмат разоў, і ў якасці выніку выводзіцца найбольш часта счытвальнае значэнне.
Лакалізáцыя (localization) — выяўленне месцазнаходжанне аб’екта.
Лакалізáцыя памылак (error localization) — вызначэнне аператара ў тэксце праграмы, які змяшчае памылку.
Лакáльная вылічáльная сéтка (local area network, LAN) — камунікацыйная сістэма для ўстанаўлення сувязі паміж некалькімі кампутарамі, якія размешчаны ў межах адной арганізацыі, фірмы, прадпрыемства, а працягласць камунікацый не перавышае некалькіх кіламетраў. Арганізуецца з мэтай абмену інфармацыяй паміж работнікамі фірмы, сумеснага выкарыстання базаў звестак, праграмных сродкаў вялікага аб’ёму, носьбітаў інфармацыі значнай ёмістасці, высакаякасных і высокага кошту сканераў, друкарак і інш. Лакальная сетка можа падключацца праз тэлефонную сетку да іншых сетак.
Лакáльная змéнная (local variable) — зменная праграмы, якая існуе ў тым блоку, дзе яна вызначана, звычайна падпраграмай, працэдурай, альбо функцыяй.
Лакáльная шына (local bus) — падсістэма мікракампутара, якая забяспечвае сувязь некаторых адаптараў пашырэння непасрэдна з цэнтральным мікрапрацэсарам, у абыход звычайнай сістэмнай шыны.
Лакáльны (local) — у мовах праграмавання: па адносінах да блоку азначае элемент мовы, вобласць дзеяння якога знаходзіцца ў межах гэтага блока. Лакальныя зменныя ў працэдуры з’яўляюцца зменнымі. Яны вызначаюцца толькі ўнутры гэтай працэдуры, а па-за гэтай працэдурай маюць іншае значэнне.
Лакáльны дыск (local disk) — дыск, які фізічна ўстаноўлены ў кампутары, за якім працуе карыстальнік.
Лакáльны абхóд (local bypass) — карпарацыйная тэлефоннае злучэнне, якое звязвае асобныя будынкі без выкарыстання традыцыйнай тэлефоннай сеткі.
Лакáльны ўлікóвы зáпіс (local account) — знаходзіцца толькі на адным (лакальным) кампутары (серверы).
Ланцýг (catena) — паслядоўнасць элементаў ланцуговага спісу — кожны элемент указвае на наступны элемент.
Левабóкі адступ (left indent) — адлегласць ад левага краю да пачатку параграфа.
Легéнда (legend) — суправаджальны тэкст для апісання графічнага аб’екта, размяшчаецца пад малюнкам ці каля яго. Легенда — спіс умоўных абазначэнняў на графіку, малюнку.
Лексéма (token) — мінімальная адзінка мовы, якая мае значэнне.
Лéнтачны, плóскі кáбель (ribbon cable) — кабель з вялікай колькасцю правадоў, аб’яднаных у адным пакеце-стужцы, які ўтрымлівае ад 8 да 100 праваднікоў; забяспечвае паралельную перадачу і звестак, і сігналаў кіравання.
Лімітныя ўмóвы эксплуатацыі (absolute maximum rating) — механічныя і электрычныя характарыстыкі, лімітныя значэнні якіх нельга перавышаць пры правільнай эксплуатацыі.
Лінгвістыка (linguistics) — навука аб мове, мовазнаўства. Існуе цесная сувязь паміж лінгвістыкай і інфарматыкай: агульнымі з’яўляюцца пытанні граматыкі, сінтаксісу, семантыкі, фармальнай тэорыі мовы і апрацоўкі натуральнай мовы.
Лінéйка (rule) — лінія, нанесеная вышэй, ніжэй альбо збоку нейкага элементу дакумента для ўстаноўкі водступу элемента ад канкрэтнай часткі старонкі альбо для паляпшэння выгляду старонкі, напрыклад зноскі ў тэксце аддзяляюцца ад асноўнага тэксту лінейкай.
Лінéйнае праграмавáнне (linear programming) — раздзел матэматычнага праграмавання, у якім даследуюцца задачы пра экстрэмумы лінейных функцый на мноствах, зададзеных сістэмамі лінейных роўнасцяў і няроўнасцяў.
Лінéйная прагрáма (linear program) — праграма, якая не ўтрымлівае разгалінаванні і цыклы. Яна апісвае лінейныя алгарытмы.
Лінéйная сéтка (linear network) — сетка, ў якой выхадныя сігналы галоўнага кампутара з’яўляюцца ўваходнымі для кожнага кампутара сеткі па чарзе.
Лінéйны, паслядóўны спіс (linear list) — спіс, элементы якога размяшчаюцца ў паслядоўных ячэйках памяці.
Лінія (line; transmission line) — частка ланцуга перадачы звестак, знешняя ў адносінах да апаратуры перадачы звестак, якая злучае апаратуру перадачы звестак з цэнтрам камутацыі звестак, альбо апаратуру перадачы звестак з іншай апаратурай перадачы звестак, альбо цэнтр камутацыі звестак з іншым цэнтрам камутацыі звестак.
Лінія затрымкі (delay line) — прылада для затрымкі сігналу на вызначаны час дзеля таго, каб два сігналы, якія праходзяць розную адлегласць, прышлі адначасова на неабходную схему. Прымяненне лініі затрымкі важна для сігналаў каляровых відэаманітораў.
Лінія сýвязі (communications link) — лінія сувязі для перадачы звестак паміж вузламі вылічальнай сеткі; набор абсталявання разам з праграмным забеспячэннем для здзяйснення сувязі з аддаленым кампутарам.
ЛІСП (LISP) — мова высокага ўзроўню, створана ў 1959 г., прызначана для нескладаных аперацый са спісамі элементаў. Гэта мова папулярная сярод спецыялістаў па штучных інтэлектах.
Ліст (leaf) — самы ўдалёны элемент ад кораня у любой дрэвавіднай структуры. Ліст — апошні вузел галінкі ў дрэвападобнай структуры.
Лістынг прагрáмы (program listing) — копія (раздрукоўка на паперы) зыходнага кода праграмы.
Літарна-лічбавы (alphanumeric) — складаецца з літараў, як вялікіх, так і малых, і лічбаў. У некаторых выпадках уключае і кіравальныя сімвалы, сімвалы прабелу і іншыя спецыяльныя сімвалы.
Літарна-лічбавы шаблóн рэдагавáння (editing alphanumeric picture) — шаблон для рэдагавання літарна-лічбавых звестак перад іх вывадам на друкарку.
Літэрал (literal) — лексічная адзінка, якая адназначна адпавядае некатораму ўласнаму значэнню. Лікі — заўсёды літаралы. Літэрал можа быць адрасам, лікам і тэкстам. У праграме літэрал ёсць самастойная велічыня, а не значэнне зменнай ці вынікам выразу. У праграме літэрал успрымаецца як канстанта.
Лічба (digit) — адзін з сімвалаў для выражэння ліку ў сістэме злічэння. У любой сістэме злічэння колькасць магчымых лічбаў роўна аснове сістэмы.
Лічбавы (digital) — азначае звесткі, якія складзены з лічбаў. Звязаны з лічбамі альбо са спосабам іх прадстаўлення.
Лічбавая зáпісь (digital recording) — захоўванне інфармацыі ў фармаце двайковых кодаў (лічбавы фармат). У працэсе лічбавага запісу адбываецца пераўтварэнне (тэксту, гуку, рысунка) у радкі з адзінак і нулёў, якія фізічна можна перанесці на дыскі.
Лічбавае фатаграфавáнне (digital photography) — фатаграфаванне аб’екта з дапамогай лічбавай камеры. Фіксуецца і захоўваецца адлюстраванне электронным спосабам, абыходзіцца без плёнкі і без праяўлення. Лічбавы фотаапарат (лічбавая камера) захоўвае фотаздымкі ў лічбавай форме. Фатаграфіі запісваюцца ў flash-памяць. Лічбавы фотаапарат можна падключыць да кампутара, каб скапіяваць фатаграфіі ў кампутар. Ніякіх дадатковых пераўтварэнняў не патрабуецца. Лічбавы фотаапарат вызначаецца як flash-дыск альбо сканер.
Лічбавая аўдыёкасета (digital audio type) — магнітная стужка для лічбавай запісі; прымяняецца для запісі досыць вялікіх аб’ёмаў звестак — на адну касету памяшчаецца ад 1 да 8 Гб інфармацыі. Раней прымянялася для стварэння рэзервовых копій. Сёння актыўна выцясняецца DVD-дыскамі — на адзін DVD-дыск можа змясціцца ад 4,5 да 18 Гб інфармацыі.
Лічбавая сýвязь (digital communications) — абмен інфармацыяй, пададзенай у двайковым кодзе (лічбавы фармат).
Лічбава-анáлагавы пераўтварáльнік (digital-to-analogue converter) — прылада для пераўтварэння лічбавых звестак у аналагавы сігнал.
Лічыльнік (counter) — прылада для падліку якіх-небудзь велічыняў альбо вымярэння крокаў дзеянняў.
Лічыльнік цыкла (loop counter) — аператар праграмы, які выконвае падлік ліку крокаў цыклу; лік, які павялічваецца (альбо змяншаецца) на адзінку пры кожным праходзе цыклу.
Лішкавáсць (redundancy) — дадатковыя сродкі, якія ўводзяцца ў сістэму для павышэння надзейнасці перадачы і апрацоўкі звестак, абароненасці. Сістэма арганізавана такім чынам, што як мінімум два яе элементы заўсёды даступныя для выканання любой задачы. У выпадку няспраўнасці аднаго элемента можа быць выкарыстаны другі. Наяўнасць лішкавасці часцей за ўсё характэрна для сістэмаў сінтэзу гуку, разпазнавання вобразаў і ў праграмах распрацоўкі штучнага інтэлекту.
Лішкавáсць сéткі (network redundancy) — забеспячэнне дадатковых злучэнняў паміж вузламі сеткі для змяншэння верагоднасці няспраўнасці сеткі.
Лішкавы код (кодавая лішкавасць) (redundant code) — метад праверкі правільнасці паведамленняў; уласцівасць кода мець нейкую частку кодавых камбінацый нявыкарыстанымі.
Лóгіка (logic) — навука аб законах і формах абгрунтавання мыслення, метадах пазнання і ўмовах праўдзівасці ведаў і меркаванняў. У інфарматыцы: сцверджанне, сказ і апераціі, якія вызначаюць алгарытм праграмы. Прынцып логікі ляжыць у аснове ўсіх вылічальных сістэмаў, якія выконваюць лагічныя і арыфметычныя аперацыі. У шырокім сэнсе паняцце “логіка” азначае навуку аб спосабах атрымання доказаў.
ЛОГО (LOGO) — мова праграмавання, распрацавана ў 1968 г. у Масачусецкім тэхналагічным інстытуце С. Пепертам. У першую чаргу прызначалася для матэматычных разлікаў і для навучання праграмаванню дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Лічыцца адукацыйнай мовай праграмавання.
Лэптоп (laptop) — партатыўны кампутар, па сваіх памерах нямнога перавышае ноўтбук. Лэптоп мае большую прадукцыйнасць і ўтрымлівае больш розных портаў.
Люстэркавае адлюстравáнне (flip) — перавёрнутае адлюстраванне графічнага вобразу. Люстэркавае адлюстраванне па вертыкалі мяняе месцамі верхнюю і ніжнюю часткі адлюстравання, па гарызанталі — левую і правую часткі. Паварот адлюстравання на 180 градусаў вакол некаторай восі ў плоскасці паверхні візуалізацыі.