З


Закóн аб абарóне звéстак” (Data Protection Act) — у 1984 годзе ў Вялікабрытаніі прыняты закон, які патрабуе, каб карыстальнікі баз звестак, у якіх утрымліваецца інфармацыя аб людзях большая, чым імя і адрас, рэгістраваліся ў абавязковым парадку. Выключэнне зроблена для дзяржаўных устаноў, а таксама для некалькіх клубаў і асацыяцый.

“Зашытыя прагрáмы” (firmware) — праграмнае забеспячэнне, якое захоўваецца ў пастаяннай памяці (read-only memory, ROM). У адрозненне ад аператыўнай памяці (random access memory, RAM), пастаянная памяць застаецца непашкоджанай нават у адсутнасці электрасілкавання. У ёй захоўваюцца праграмы запуску і каманды ўводу-вываду нізкага ўзроўню. З пункту гледжання складанасці зменаў, такія праграмы знаходзяцца паміж узроўнем звычайнага праграмнага забеспячэння (software) і ўзроўнем апаратнага забеспячэння (hardware).

Здымны дыск (removable disk) — дыск, які можна дастаць з дыскаводу, але не цвёрды дыск.

Забарóна (inhibit) — прадухіленне ўзнікнення (выкананне) якога-небудзь дзеяння, як здзяйсняльнага якой-небудзь прыладай, так і выконвальнага ў праграме. Напрыклад, забарона перапынення вонкавай прылады азначае забарону магчымасці пасылкі любога перапынення вонкавай прыладай.

Забарóненая аперáцыя (forbidden operation) — аперацыя, недапушчальная для канкрэтнага тыпу кампутараў. Дзеянне, якога аперацыйная сістэма павінна пазбягаць, каб не дапусціць пашкоджання звестак. Напрыклад, забароненай аперацыяй з’яўляецца змена памеру масіва ў той час, калі масіў выкарыстоўваецца.

Забарóнены знак (forbidden character) — камбінацыя двайковых лічбаў, якая не ўспрымаецца кампутарам альбо праграмай; недапушчальны знак для канкрэтнай праграмы і з’яўленне якога сведчыць аб пашкоджанні звестак.

Забарóнены разрáд (unallowable digit) — разрад у байце альбо слове, які не павінны выкарыстоўвацца пры перадачы паведамленняў і наяўнасць якога можа зрабіць элемент звестак непрыдатным для прыёму. Напрыклад, наяўнасць восьмага біта ў сяміразрадным кодзе пры перадачы знакаў ASCII не дазволіць прымаць інфармацыю правільна.

Заблакавáны дакумент (locked document) — файл, які прымяняецца ў тэкставым працэсары, але які не можа быць зменены. Такі файл можна скапіяваць цалкам, каб выканаць змены ў копіі, але прамых зменаў у гэтым файле выканаць нельга.

Заблакавáнне фáйла (locking file) — дзеянне, якое прыводзіць да немагчымасці змяняць інфармацыю ў файле, што прадухіляе сціранне звестак у файле альбо замену змесціва гэтага файла на змест файла пад іншым імем. Пры блакаванні ў дырэкторыю запісваецца кодавы байт, які можа быць выдалены пры зняцці блакоўкі. Заўвага: такую блакоўку ня трэба блытаць з абаронай запісі спецыяльнай наклейкай на дыску — абараняецца ўвесь дыск ад змяненняў звестак.

Заварόчванне (wrap around) — дзеяннне праграмы, па якім курсор, заходзячы за край экрана, паяўляецца на супрацьлеглай яго старане. Заварόчванне альбо цыклічнае заварочванне гэта — вяртанне, а не спыненне курсора альбо аперацыі пошуку да пачатку альбо да новай пачатковай кропкі набору звестак. Курсор на экране звычайна цыклічна вяртаецца да першага слупка (сімвала) наступнага радка, а не спыняецца, калі дасягае апошняга слупка беглага радка.

Завісáнне 1. (lockup) — стан кампутара, калі ён не рэагуе на націсканне клавішаў і на дысплей не выводзіцца інфармацыя. Такая сітуацыя можа быць вынікам якога-небудзь пашкоджання звестак у аперацыйнай сістэме. Адсутнасць рэакцыі на сігналы з клавіятуры прадугледжана ў самой аперацыйнай сістэме, калі адбываецца ладаванне інфармацыі з дыска альбо запісі на дыск. 2. (starvation) — стан вылічальнай сістэмы, у якім яна перастае выдаваць вынікі і рэагаваць на запыт звонку (вонкавыя перарыванні). Адным са спосабаў выйсця з гэтага стану з’яўляецца перазагрузка сістэмы.

Завіслы радóк “удавá” (widow) — першы радок параграфа, абзаца (слупок табліцы), які застаўся пры разбіўцы тэксту, як апошні радок старонкі. Некаторыя тэкставыя працэсары аўтаматычна перамяшчаюць тэкст такім чынам, каб завіслых радкоў не было.

Завіслы радóк, “сірата” (orphan) — першы радок параграфа, які пры разбіўцы тэксту аказаўся адзіным унізе старонкі альбо слупка тэксту, альбо апошні радок параграфа, які аказаўся адзіным уверсе старонкі альбо слупка. Завіслыя радкі непажаданы з эстэтычнага пункту гледжання.

Завяршáльнік (trailer) — апошні запіс, які можа складацца толькі з байта падзельніка альбо несці інфармацыю аб астатняй частцы файла.

Загалóвак (header) — 1. Загалоўная частка дакумента, размешчаная ў верхняй частцы старонкі. Сучасныя выдавецкія сістэмы дазваляюць аўтаматычна вывадзіць загаловак на кожнай старонцы. 2. Загаловак сігналаў у пачатку файла на дыску альбо стужцы. Звычайна ўтрымлівае імя файла і даўжыню файла і яго размяшчэнне ў памяці. Любое пашкоджанне загалоўка прыводзіць да сітуацыі, калі нельга будзе прачытаць файл і будзе паведамленне пра памылку. 3. У сістэмах перадачы інфармацыі: паслядоўнасць сімвалаў, якая размяшчаецца ў перадавальным паведамленні ўслед за спецыяльным кіроўным сімвалам і выкарыстоўваецца ў якасці адраса.

Загалóвак блóку (block header) — код альбо набор кодаў у пачатку блоку звестак, калі звесткі размяшчаюцца на стужцы альбо дыскеце. Загаловак блоку можа мець кантрольную суму, указанне даўжыні блоку, а таксама адрас наступнага блоку звестак (на дыску). Інфармацыя загалоўка блоку выкарыстоўваецца аперацыйнай сістэмай.

Загалóвак вакна (title bar) — частка вакна альбо яго мяжы, дзе ўтрымліваецца апісанне вакна і камандныя пазіцыі.

Загалóвак файла (beginning of file, BOF) — звесткі, якія апісваюць змесціва файла. Загаловак файла яшчэ называюць пачатак файла. Гэта код, які змяшчаецца праграмай перад першым байтам файла. Выкарыстоўваецца аперацыйнай сістэмай кампутара для азначэння пазіцый унутры файла адносна яго першага байта (сімвала).

Загалóвак цыклу (loop header) — у мовах праграмавання: асобны сказ, які вызначае пачатак цыклічнай дзялянкі і ўказвае правілы яго выканання.

Загрýжальны (праграмны) шрыфт (soft font) — набор сімвалаў акрэсленага стылю і памеру, які захоўваецца ў файле на дыску і можа быць пры неабходнасці заладаваны ў памяць лазернай друкаркі для раздрукоўкі дакумента.

Загрýжальны дыск (дыск ладавання) (boot disk) — дыскета альбо цвёрды дыск, якія ўтрымліваюць аперацыйную сістэму.

Загрýжальны мόдуль (load module) — праграмная адзінка, прыдатная для загрузкі ў асноўную памяць для выканання; звычайна з’яўляецца вынікам работы рэдактара сувязяў.

Загрýзка (load, loading) — 1. Перанос інфармацыі з носьбіта звестак у асноўную памяць альбо з асноўнай памяці ў рэгістравую з мэтай непасрэднага выкарыстання іх у аперацыях працэсара. 2. Агульная колькасць вылічэнняў, якія выконвае сістэма ў цяперашні час. 3. У сувязі: інтэнсіўнасць інфармацыйнай плыні на лініі. 4. У электроніцы: ток, які працякае па прыладзе.

Загрýзка (ладаванне) прагрáмы (program loading) — запіс (счытванне) праграмы ў асноўную памяць з вонкавай памяці.

Загрýзчык (ладавач) (loader) — праграма, якая выконвае загрузку (ладаванне) іншай праграмы. Звычайна гэтыя праграмы кароткія і знаходзяцца ў пастаяннай прыладзе памяці, і яны загружаюць асноўную праграму.

Задáнне (job) — адзінка работы, азначаная карыстальнікам і якая выконваецца аперацыйнай сістэмай як адно цэлае. Заданне — адзінка работы аперацыйнай сістэмы, уяўляе сабой паслядоўнасць аператараў кіравання, якія вызначаюць выконвальныя праграмы і ўжывальныя імі звесткі.

Задáча (task) — аўтаномная прыкладная праграма альбо падпраграма, выконваемая як незалежны элемент і з’яўляецца адзінкай, для якой аперацыйная сістэма вылучае рэсурсы. Любое дзеянне альбо працэс, якія павінны быць выкананы.

Закóн асацыяцыі (associative law) — у рэляцыйнай алгебры: правілы эквівалентнага пераўтварэння аперацый над дачыненнямі; правіла, згодна з якім групуюцца якія-небудзь элементы.

Закрытая падпрáграма (closed subroutine) — падпраграма, адзінай копіі якой дастаткова для ўстанаўлення з ёй сувязяў пры дапамозе выклікальнай паслядоўнасці пры выкарыстанні яе больш чым у адным месцы машыннай праграмы.

Закрыты цыкл (closed loop) — цыкл, які не мае выхаду і выкананне якога можа быць перарвана толькі пры ўмяшальніцтве звонку па адносінах да машыннай праграмы, у складзе якой знаходзіцца цыкл.

Закрыццё (rundown, closing) — працэдура завяршэння; дзеянні сістэмы пры заканчэнні канкрэтнай работы.

Закрыццё фáйла (file closing) — аперацыя па заканчэнні работы праграмы з файлам, у час якой выводзяцца на дыск ўсе змяненні, а выдзеленыя файлу буферы апаражняюцца.

Залéжнасць (dependency) — 1. Дачыненне (стасунак) паміж функцыяй і яе аргументамі. 2. Асацыяцыя звестак у базе звестак.

Залéжнасць звéстак (data dependency) — узаемная залежнасць праграм і звестак адно ад другога.

Замкнёная грýпа карыстáльнікаў (closed user group, CUG) — абмежаваны лік карыстальнікаў, чые кампутары звязаныя. Любы карыстальнік кампутара з дапамогай мадэма можа далучыцца да агульнай тэлефоннай лініі і такім чынам выйсці на любы мадэм. Некаторыя базы звестак для карыстальнікаў даступныя толькі для карыстальнікаў, якія маюць паролі доступу.

Замкнёная падпрáграма (closed subroutine) — падпраграма, якая не з’яўляецца часткай галоўнай праграмы. Да замкнёнай падпраграмы звярнуцца можна не шляхам звычайнага выкліку з галоўнай праграмы, а з дапамогай асобнай каманды.

Запамінáнне (storage) — працэс фіксавання інфармацыі ў памяці кампутара.

Запамінáльная прылáда (storage unit) — прылада памяці, якая рэалізуе функцыю памяці звестак; прылада для запісу, захоўвання і ўзнаўлення інфармацыі.

Запамінáльны элемент (storage element) — частка памяці, якая прызначана для захоўвання найменшай адзінкі звестак.

Запаўнéнне па даўжыні (padding to length) — дабаўленне прабелаў пры ўводзе з клавіятуры у звесткі з правага боку, каб аперацыі над радкамі выконваліся толькі акрэсленнай даўжыні. Пры гэтым патрэбны большы абсяг памяці, але значна спрашчаюцца аперацыі над радкамі.

Зáпіс (record, writing) — 1. Адзінка абмену звесткамі паміж праграмай і вонкавай памяццю; адзінка файла. Файл складаецца з набору запісаў, якія у сваю чаргу разбіваюцца на палі. 2. У мовах праграмавання: агрэгат, складнікі якога (палі) могуць мець імя і розныя атрыбуты. 3. Працэс фіксавання звестак у запамінальным асяроддзі (writing).

Зáпіс (у мовах праграмавання) (record) — агрэгат, складнікі якога могуць мець розныя атрыбуты і ўтрымліваць ідэнтыфікатар.

Зáпіс аб áўтарскіх прáвах (copyright notice) — папярэджанне вытворцы праграмнага прадукту аб сваіх аўтарскіх правах. Як правіла, выводзіцца на экран у пачатку праграмы. Гэта ёсць напамін карыстальніку аб тым, што капіяванне праграмы ў іншых мэтах, апроч як стварэнне рэзервовай копіі, з’яўляецца незаконным.

Зáпіс аб выдаленых звéстках (deletion record) — файл са спісам аб выдаленых адзінках інфармацыі, якія пры неабходнасці могуць быць адноўлены.

Зáпіс звéстак (write) — рэжым работы запамінальнай прылады, у працэсе якога адбываецца занясенне звестак у запамінальную прыладу. Адзінкай абмену звесткамі пры гэтым з’яўляецца фізічны запіс — блок.

Зáпіс нявызначанай даўжыні (undefined length record) — лагічны запіс, у якім адсутнічае спецыяльнае поле для апісання яго даўжыні, а даўжыня вызначаецца ў момант апрацоўкі гэтага запісу. Запісы гэтага фармата не аб’ядноўваюцца ў блокі. Памяць рэзервуецца па максімальнай даўжыні запісу.

Зáпіс змéннай даўжыні (variable length record) — лагічны запіс, даўжыня якога вызначаецца значэннем аднаго з яго палёў.

Зáпіс фізічны (physical record) — тое ж самае, што блок звестак.

Зáпіс фіксавáнай даўжыні (fixed length record) — лагічны запіс, даўжыня якога зададзена па-за гэтым запісам. Запісы гэтага фармату могуць блакавацца. Даўжыня запісу ў файле абмежавана акрэсленай велічынёй, што аблягчае лёгкі доступ да яе.

Запрашэнне (prompt) — паведамленне для карыстальніка пра неабходнасць здзейсніць якія-небудзь аперацыі, якое выводзіцца на экран.

Зáпуск прагрáмы (program start) — працэс ладавання праграмы, у выніку якога праграма счытваецца ў аператыўную памяць, і ёй перадаецца кіраванне.

Зáпуск тэксту (test run) — выкарыстанне спецыяльнай праграмы з праверачнымі звесткамі для даследавання работы сістэмы перад апрацоўкай рэальных звестак.

Зáпыт (query, request, interrogation) — пытанне карыстальніка, на якое павінны абавязкова быць адказ. Пасылка сігналу, які ініцыіруе адказ; уваходнае паведамленне з патрабаваннем да сістэмы на выдзяленне рэсурсаў.

Зáпыт да бáзы звéстак (database request) — інфармацыйны запыт, накіраваны ў СКБЗ карыстальнікам альбо праграмай для пошуку запісаў у базе звестак.

Зáпыт на спынéнне (interrupt request) — “просьба аб увазе”, сігнал, які выпрацоўваецца апаратнымі сродкамі кампутара альбо праграмным забеспячэннем і паступае на мікрапрацэсар кампутара для пераходу, калі гэта становіцца магчымым, да падпраграмы спынення. Апошняе змушае мікрапрацэсар прыпыніць выконвальную аперацыю, захаваць свой беглы стан і перадаць кіраванне спецыяльнай працэдуры — праграме, якая апрацоўвае сігналы на спыненне.

Зáпыт па ўзóры (query by example, QBE) — спосаб задання запыту запаўненнем анкеты (табліцы), пункты якой адпавядаюць імёнам атрыбута; метад для адшукання неабходнай інфармацыі ў базе звестак. Сістэма запыту па ўзоры выводзіць звесткі, якія маюць дачыненне да ўвадных.

Зáпыт перадáчы (request to sent, RTS) — сігнал на перадачу для ўказання, што на ўдалёным тэрмінале ёсць звесткі, якія могуць быць перададзены.

Зáпыт-адкáз (challenge-response) — гэты механізм працуе так: сервер адпраўляе кліенту запыт, кліент з дапамогай прылады аўтэнтыфікацыі вызначае адказ і адпраўляе яго серверу. Пры фармаванні адказу ўлічваецца імя карыстальніка, пароль і прысланы серверам запыт.

Зарэзервавáны сéктар (reserved sector) — сектар дыска для размяшчэння службовай інфармацыі, напрыклад інфармацыя пра каталогі дыска. Для дыскавай аперацыйнай сістэмы гэтыя сектары размяшчаюцца на першых дзвух дарожках (для некаторых — на цэнтральных дарожках).

Зарэзервавáнае (службóвае) слóва (reserved word, instruction word альбо keyword) — ключавае слова, якое не можа быць выкарыстаным у якасці ідэнтыфікатара. У аперацыйнай сістэме і мовах праграмавання выкарыстоўваецца ў якасці каманды. Апісанне любой мовы праграмавання павінна ўключаць у сябе спіс усіх зарэзерваваных слоў.

Засцерагáльнік (fuse) — метад прадухілення перагрузкі шляхам увядзення ў электрычны ланцуг правадніка, які перагарае пры вызначаным току.

Затрымка (delay, lag) — увогуле час паміж выдачай запыту і пачаткам яго выканання.

Затрымка на лініі сýвязі (transmission lag) — спыненне патоку звестак на лініі сувязі, запамінанне пасланых звестак з наступнай перадачай іх праз нейкі прамежак часу.

Затухáнне (release) — частка агібальнай гуку, у часе якой агібальная сыходзіць да нуля.

Заўвáга (annotation) — гл. каментар.

Затухáнне (save) — запіс звестак, звычайна файла на носьбіт звестак, напрыклад дыск.

Захóўванне дакументаў (document storage) — працэс размяшчэння дакументаў у сховішчы і забеспячэнне іх захаванасці для наступнага выкарыстання.

Зацéрці (zap) — што-небудзь выдаляць, сціраць звесткі з памяці. Выдаляць файл, як правіла, разрадам статычнай электрычнасці.

Зацыкліванне ( cycling)узнікненне бясконцага цыклу ў ходзе выканання праграмы. З такога цыклу можна выйсці шляхам прымусовага спынення праграмы альбо службай часу.

Збалансавáнае дрэва (balanced tree) — дрэва, у якім адлегласць ад караня да любых двух лісцяў з’яўляецца аднолькавай. Вышыня для такіх дрэваў раўняецца прыкладна лагарыфму ліку вузлоў. Захоўванне звестак у структуры збалансаванага дрэва забяспечвае іх роўнадаступнасць.

Збой (glitch) — кароткачасовы самааднаўляльны адказ кампутара, які прыводзіць да прыпынення выканання праграмы альбо перазагрузкі кампутара.

Збой сістэмы (system failure) — стан кампутара, калі ён не можа працягваць работу. Можа быць выкліканы як апаратнымі, так і праграмнымі праблемамі. Прычыны збою: кароткачасовая, няўстойлівая адмова абсталявання з прычыны нестабільнасці сілкавання, ненадзейнасці злучэнняў, незахаванасці тэмпературных рэжымаў.

Збóйны сéктар (bad sector, bad block) — збойны сектар нельга выкарыстаць, паколькі ўся запісаная ў ім інфармацыя будзе страчана. Пры фарматаванні аперацыйная сістэма памячае збойныя сектары, каб яны больш не выкарыстоўваліся.

Збóр вéдаў (knowledge acquisition) — атрыманне інфармацыі па адпаведнай праблеме ад спецыялістаў-экспертаў і падача яе ў форме прыдатнай для запісу ў базу ведаў. Гэты працэс звычайна патрабуе ацэнкі атрыманых ведаў (вызначэнне крыніц, атрыманне і іх аналіз).

Збóр звéстак (data acquisition) — працэс атрымання звестак з іншай крыніцы, якая звычайна знаходзіцца па-за гэтай сістэмай. Можа здзяйсняцца шляхам выкарыстання якога-небудзь магнітнага носьбіта (пакетная апрацоўка баз звестак), шляхам электроннага чытання (у сістэмах сувязі, кіраванні працэсамі і інш.), шляхам уводу з тэрмінала (аператыўная апрацоўка транзакцый).

Званóк выкліку (ring indicator) — сігнал, які гаворыць пра тое, што мадэм атрымаў выклік па лініі.

Зварóт карэткі (carriage return) — дзеянне па перамяшчэнні да левага краю паперы пры друкаванні. Звычайна здзяйсняецца клавішай RETURN, пасля націскання якой курсор пераходзіць да наступнага радка. У некаторых кампутарах гэтую ж функцыю выконвае клавіша ENTER. У кодзе ASCII гэта функцыя кадавана лікам 13.

Звышаператыўная пáмяць (scratchpad memory) — гл. КЭШ.

Звязваць (bind) — устанавіць адпаведнасць паміж інфармацыйнымі аб’ектамі.

Звéсткі (data) — інфармацыя, якая пададзена на матэрыяльным носьбіце ў фармалізаваным выглядзе, прыгодным для апрацоўкі: перадачы, захоўвання і апрацоўкі. Звесткамі могуць быць лікі, знакі тэксту, становішча лініі на дыяграме і інш. Звесткі — элемент інфармацыі.

Здвóены працэсар (dual processors) — для паскарэння работы кампутар можа выкарыстоўваць здвоены працэсар: адзін працэсар кантралюе памяць і шыну, а другі кіруе ўводам-вывадам.

Звісáльнае меню (drop-down menu) — меню, якое адчыняецца ўніз ад радка меню па запыце і застаецца адчыненым да закрыцця яго карыстальнікам, альбо пакуль ён не выбярэ іншую каманду гэтага меню.

Звязка (connective) — сімвал для аб’яднання двух выразаў у адзін больш складаны для ўказання дзеянняў, у якіх удзельнічаюць дзве велічыні; лагічная звязка.

Звязваць (bind) — устанавіць адпаведнасць паміж інфармацыйнымі аб’ектамі.

Здвóены працэсар (dual processors) — для паскарэння работы кампутар можа выкарыстоўваць здвоены працэсар: адзін працэсар кантралюе памяць і шыну, а другі — кіруе ўводам-вывадам.

Здзéйсніць пачаткóвую загрýзку (boot) — запусціць праграму па прывядзенні кампутара ў рабочы стан пасля ўключэння сілкавання, а таксама па пераносе ў аператыўную памяць аперацыйнай сістэмы з дыска.

Зламысленік (intruder) — асоба альбо арганізацыя, якія зацікаўлены ў атрыманні несанкцыяванага доступу да праграм альбо звестак, якія робяць спробу атрымаць доступ альбо здзейснілі яго.

Злівáць (collate) — аб’ядноўваць элементы двух альбо больш аналагічных набораў у камбінаваны набор з захаваннем упарадкаванасці элементаў.

Злучáльнік (connector) — прылада для далучэння аднаго блоку да іншага. У праграмах злучальнікамі ўмоў з’яўляюцца аператары AND, NOT, OR

Злучэнне (join) — аперацыя над табліцамі базы звестак, па якой ствараецца выніковы запіс у асобнай табліцы для кожнага запісу зыходнай табліцы, ключавое поле якой адпавядае другой зыходнай табліцы.

Змéнная велічыня (variable value) — велічыня, якая прымае пры выкананні праграмы розныя значэнні, прычым усе дапушчальныя значэнні.

Змянéнне памéрнасці (resizing) — змена маштабу графічнага адлюстравання. Адлюстраванне, створанае з дапамогай вектарнай графікі, пры змене памеру не прыводзіць да страты дэталяў адлюстравання і страты не вельмі заўважныя.

Знадвóрнае пóле (outside margin) — поле ў тэкставым працэсары, якое знаходзіцца на другім баку ад карашкá кнігі (правы край у няцотных старонках і левы ў цотных).

Знак (sign) — асобны сімвал алфавіту альбо біт, які прымяняецца ў вылічальнай тэхніцы.

Знак аперáцыі “зрух улева” (left-shift operator) — аперар << у мове Сі для ўказання зруху ўлева.

Знак аперáцыі “зрух упрáва” (right-shift operator) — знак > у мове Сі прыводзіць да зруху слова звестак; можа быць вызначана велічыня зруху.

Знак званкá (bell character) — лічба 7 у кодзе ASCII прыводзіць да гучання званка тэлетайпа. Тэрмін склаўся ў час, калі галоўнай друкаркай быў тэлетайп. У сучасных кампутарах назва “знак званка” захавалася, хаця сам званок больш не выкарыстоўваецца. У многіх кампутарах выкарыстоўваецца “біпер”.

Знак лагічных аперáцый (logical operator) — сімвал для ўказання лагічных аперацый I, АЛЬБО, НЕ. У мове СІ для ўказання аперацыі І выкарыстоўваецца &&, а для АЛЬБО — │.

Знак лічбы (numeric character) — знак з шэрагу ад 0 да 9 у дзесятковай сістэме злічэння і ад A да F у шаснаццатковай; таксама прымяняецца літара Е для запісу ступені дзесяці, напрыклад 5.9123Е3.

Знак нóвага радкá (new line character) — знак кіравання пераходам друкаркі на пачатак новага радка. Лік 10 у кодзе ASCII, які прымушае друкарку альбо курсор на экране перайсці да новага радка.

Знак прабéлу (space character) — сімвал для ўказання прабелу (пропуску) паміж элементамі сказа і звесткамі пры запісе праграм і звестак. Знак 32 кода ASCII прадстаўляе адзіночны прабел.

Знак прысвóйвання (becomes sign) — у мовах праграмавання знак = альбо := ужываецца для змянення значэння зменнай — наданне зменнай новага значэння; знак запісу аператара прысвойвання. Аператар А:=А+5 азначае, што значэнне зменнай А павялічваецца на 5.

Знáкавы разрáд (разрáд знáка) [sign bit, sign position] — у прадстаўленні двайковых лікаў у памяці кампутара: левы крайні разрад паказвае код знака ліку. Калі гэты біт устаноўлены ў 0, то лік дадатны, калі ў 1 — адмоўны.

Знакамéсца (font reticle) — прамавуглавы ўчастак паверхні вываду (папера альбо экран дысплея), у якім размяшчаецца адзін знак.

Знáкі пунктуáцыі (punctuation marks) — у мовах праграмавання: знак (коска, кропка, кропка з коскай і інш.) для аддзялення канструкцый мовы альбо складовых частак адно ад аднаго.

Значэнне (value) — змесціва, якое прысвойваецца звесткам (зменнай, масіву).

Зóна пасáдкі галóўкі (landing zone) — дзялянка паверхні цвёрдага дыска, на якую пры спыненні дыска апускаецца галоўка.

Зóрачка (asterisk) — сімвал *, у аперацыйных сістэмах прымяняецца ў якасці сімвалу (шаблону) для замены аднаго ці некалькіх іншых сімвалаў, напрыклад, выраз *.* акрэслівае любую камбінацыю імёнаў файлаў і пашырэнне. У мовах праграмавання і дадатках сімвал * прымяняецца для абазначэння аперацыі множання.

Зоркападáбная (радыяльная) тапалогія сéткі (star network) — разнастайнасць лакальнай кампутарнай сеткі, у якой кожны тэрмінал (кампутар) злучаны з цэнтральнай файлавай станцыяй (цэнтральным кампутарам). Паведамленні праходзяць прама ад тэрмінала да цэнтральнага кампутара, які выпрацоўвае які-небудзь маршрут перадачы інфармацыі да іншага вузла. Няспраўнасць аднага тэрмінала не ўплывае на іншыя, але выхад са строю цэнтральнага кампутара вядзе да спынення работы ўсёй сеткі.

Зрух (pan) — дзеянне ў графіцы па змене выгляду адлюстравання — зрух улева, управа, ад цэнтра.

Зрушэнне (displacement) — лік, які ўказвае месцазнаходжанне звесткі ў памяці кампутара адносна базавага адрасу і выкарыстоўваецца для вылічэння сапраўднага адрасу. Велічыня, якая дабаўляецца да базавага адрасу для атрымання выканаўчага адрасу.

Зыхóднае палажэнне (home) — пачатковая кропка на экране. У многіх тэкставых і графічных сістэмах зыходным палажэннем курсора лічыцца размяшчэнне ў верхнім левым вугле.

Зыхóдная прагрáма (source code) — машынная праграма, якая выражана на зыходнай мове; тэкст праграмы звычайна на высокім узроўні. Транслятар зыходную праграму пераўтварае ў машынныя коды, якія дазваляюць мікрапрацэсару здзяйсняць выкананне праграмы.

Зыхóдны файл (father file) — файл, з якога здзейснялася капіяванне; файл, які з’яўляецца апошняй дакладнай версіяй зменлівага набору звестак. У бізнесе пры выкарыстанні кампутараў звычайна робяць тры асобнікі файла. Пасля карыстання новай версіяй файла праводзіцца паўторная капіяванне зыходнага файла.

Зыхóдныя звéсткі (raw data) — звесткі, неабходныя для рашэння (развязання) задачы. Яны рыхтуюцца папярэдне і выкарыстоўваюцца праграмай у ходзе яе выканання. У агульным сэнсе: інфармацыя, якая сабрана, але не ацэнена.

Знішчáць (zap) — выдаляць файл, як правіла, разрадам статычнай электрычнасці.

Загрузка...