Г

“Гарáчая” клáвіша (hot key) — каманда, якая генеруецца націскам адной-дзвюх клавішаў і прымяняецца карыстальнікам для пераключэння ў іншую праграму, якая звычайна з’яўляецца рэзідэнтнай у памяці. Рэзідэнтная праграма загружаецца ў памяць і застаецца там у пасіўным рэжыме да той пары, пакуль яе не выклікаюць. Гарачыя клавішы — гэта адна альбо спалучэнне дзвюх, трох клавішаў, націсканне якіх выклікае неадкладнае дзеянне кампутара.

Гадзіннік-каляндáр (clock-calendar) — схема ў кампутары, якая вядзе незалежны хранаметраж для вызначэння дакладнага часу і календарнай даты. Сілкуецца ад батарэі, таму працуе і пры выключаным кампутары.

Галагрáма (hologram) — трохмерная “фатаграфія”, выкананая метадам галаграфіі. Галаграма складаецца з светлавой інтэрферэнцыйнай карціны, запісанай на які-небудзь носьбіт, напрыклад на кавалак фотаплёнкі. Галаграма дае трохмернае адлюстраванне зыходнага аб’екта.

Галаграфічная пáмяць (holographic store) — памяць у форме галаграм. Галаграмы ствараюцца ўздзеяннем лазернага промня на фатаграфічную пласцінку з вельмі вялікай шчыльнасцю запісу.

Галіна (branch) — 1. Кропка ў праграме, пасля якой магчымы пераход да розных частак праграмы. Пераход можа быць умоўным альбо бузумоўным. Безумоўны пераход часта выкарыстоўваецца для праверкі — ці мае права праграміст карыстацца гэтай інфармацыяй. Большасць пераходаў — умоўныя і заснаваны на выніках параўнання іх дзеяння, якія выкананы праграмай папярэдне. Для гэтых мэтаў выкарыстоўваецца аператар IF. 2. У дрэвападобнай структуры — гэта шлях ад караня дрэва да ліста.

Галінавáнне (branching) — перадача кіравання пры наяўнасці альтэрнатыў; пры выкананні пэўнай умовы выбару ў праграме адной з некалькіх галін.

Галóўка (head) — механізм дыскавода альбо стужкапрацяжнай прылады для чытання і запісу, які складаецца з адной альбо некалькіх электрамагнітных шпулек у літым корпусе і непасрэдна ўзаемадзейнічае з паверхняй носьбіта інфармацыі. Галоўка кантактуе з носьбітам інфармацыі альбо знаходзіцца вельмі блізка ад яго і непасрэдна забяспечвае запіс, чытанне альбо сціранне інфармацыі.

Галóўка чытáння-запісвання (read-write head) — магнітная галоўка для здзяйснення аперацыі чытання і запісу звестак на дыск альбо магнітную стужку.

Галóўнае-падпарáдкаванае размяшчэнне (master/slave arrangement) — сістэма, у якой прылада, звычайна кампутар, кіруе іншымі прыладамі, злучанымі з ёй.

Галóўная фýнкцыя (main function) — асноўная частка праграмы, якая напісана на мове праграмавання і выкарыстоўвае наборы функцый. Так, мова С патрабуе, каб кожная праграма ўтрымлівала функцыю, якая называецца галоўнай “main” ( як зыходны пункт выканання праграмы).

Галóўны кампýтар (host) — найбольш магутны кіроўны кампутар ў кампутарнай сетцы; выконвае функцыі цэнтра кіравання сеткай, на якой функцыянуе адміністратар сеткі.

Галóўны цыкл (main loop) — цыкл у галоўнай праграме для выканання асноўнай задачы праграмы; выконваецца шмат разоў да свайго завяршэння. Гэты цыкл мае яшчэ назву асноўнага; самы вонкавы цыкл у праграме.

Гарáчая крóпка (hot stop) — кропка (элемент) указальніка мышы, якая вызначае яго дакладную пазіцыю на экране і ўказвае той элемент экрана, да якога будзе адносіцца аперацыя з удзелам мышы, такая ж як націск кнопкі. Гарачая кропка па памеры раўняецца аднаму пікселю і ўяўляе сабой толькі маленькую дзялянку графічнага адлюстравання паказальніка.

Гарызантáльная пракрýтка (horizontal scrolling) — магчымасць пракручвання інфармацыі ўлева і ўправа, з мэтай вывесці на дысплей інфармацыю, якая ляжыць па-за межамі экрана ці вакна ў графічным інтэрфэйсе карыстальніка.

Гарызантáльны манітóр (landscape monitor) — манітор, у якога шырыня большая за вышыню. Гарызантальныя маніторы прыблізна на 33 % большыя па шырыні, прыкладна тая ж прапорцыя, як і ў тэлевізійнага экрана.

Гатóўнасць да друкавáння (camera-ready) — у праграмах выдавецкіх сістэмаў гэта адносіцца да стадыі гатоўнасці арыгінал-макета, з якога можа быць зроблены адбітак на паперы і пазней, пасля стварэння з яго гальванаклішэ, здзейснены выпуск масавым накладам. Адбітак павінны быць вельмі высокай якасці, паколькі ў працэсе вырабу клішэ якасць паніжаецца.

Геамéтрыя (geometry) — матэматычная дысцыпліна, аб’ектамі разгляду якой з’яўляюцца кропкі, лініі, вуглы, крывыя і метады іх пабудовы, якія адлюстроўваюць матэматычныя ўласцівасці, а таксама іх прасторавыя ўзаемастасункі. Геаметрыя з’яўляецца важнай часткай аўтаматызаванага праектавання і графічных праграм.

Геастацыянáрны (geosynchronous) — у сістэмах сувязі: арбіта спадарожніка, на якой ён захоўвае нерухомае становішча адносна Зямлі, дзякуючы таму, што вуглавая хуткасць і кірунак яго вярчэння вакол зямной восі з дакладнасцю супадае з вуглавой хуткасцю і кірункам вярчэння Зямлі.

Генерáтар (generator) — у праграмаванні: праграма, якая здольная сама рабіць (производить) праграмы па камандах карыстальніка. У якасці прыкладу можна прывесці базу звестак.

Генерáтар гýку (sound generator) — плата альбо мікрасхема для выпрацоўкі электронных сігналаў і кіравання гучнагаварыльнікам альбо сінхранізаваным гукам.

Генерáтар знакаў (character generator) — функцыянальны блок, які пераўтварае кодавае прадстаўленне ASCII-знакаў ў графічнае прадстаўленне знакаў для адлюстравання на дысплеі шляхам высвечвання набору кропак.

Генерáтар прагрáмаў (program generator) — праграма, якая ў нейкай ступені можа быць выкарыстана для стварэння іншых праграм, напрыклад праграм баз звестак; праграма прызначаная для генерацыі машыннай праграмы з зададзенымі характарыстакамі; тып транслятара.

Генерáтар справаздáч (report generator) — праграма, якая можа быць часткай іншай праграмы і, якая на аснове звестак базы звестак, надае звесткам прыдатную форму для вываду іх на экран.

Генры (henry, H) — адзінка індукцыйнасці. Ток, які змяняецца з хуткасцю 1 Ампер у секунду, генерыруе напружанне 1 Вольт у полі індукцыйнасці 1 Генры. Адзін Генры — вельмі вялікае значэнне індукцыйнасці, таму на практыцы індукцыйнасць вымяраецца часцей у міліГенры, мікраГенры альбо нанаГенры.

Геркулес (плата) (Hercules card) — плата графічнага адаптара, распрацаваная Hercules Corporation, якая шмат гадоў устанаўлівала стандарты на манахромныя дысплеі высокай распазнавальнай здольнасці для персанальных кампутараў.

Герц (hertz) — адзінка частаты. Частата ў 1 герц азначае, што выконваецца адно дзеянне ў секунду. Такім чынам, 1 герц адпавядае размернасці адзін цыкл у секунду. У вылічальнай тэхніцы часцей выкарыстоўваюцца кілагерцы (кГц) і мегагерцы (МГц), роўныя тысячам герцаў і міліёнам герцаў адпаведна.

Гібрыдная мікрасхéма (hybrid microcircuit) — мікраэлектронная схема, у якой спалучаюцца кампаненты, зробленыя па тэхналогіі мікрамініацюрызацыі, і інтэгральныя кампаненты.

Гібрыдны кампýтар (hybrid computer) — кампутар, які ўтрымлівае як лічбавыя, так і аналагавыя схемы. Лічбавыя схемы ўяўляюць сабой нулі і адзінкі двайковых лікаў у выглядзе дыскрэтных сігналаў тыпу “уключана-выключана”; яны прымяняюцца практычна ва ўсіх кампутарах, у тым ліку і ў персанальных. Аналагавыя схемы выкарыстоўваюцца для падачы значэнняў непарыўна зменлівых фізічных велічыняў, напрыклад сілы току; яны прымяняюцца ў спецыялізаваных кампутарах, якія выкарыстоўваюцца ў галіне тэхнічнага канструявання і інш.

Гіга (giga) — прэфікс, які абазначае 1 міліярд, альбо 10^9.

Гігабайт, Гбайт (gigabyte) — адзінка вымярэння аб’ёму памяці. У строгім сэнсе: адзін міліярд байт. Дакладнае значэнне часта мяняецца з кантэкстам: у кампутарах колькасць байт часта выражаецца лікам, кратным ступені двойкі, таму гігабайт можа азначаць як 1000 Мбайт, так і 1024 Мбайт.

ГігаГерц (gigahertz) — адзінка частаты, роўная 1000 мегаГерц, альбо 1000 млн. цыклаў за секунду.

ГігіФлопс (gigaflops) — адзін міліярд аперацый з плавальнай кропкай за секунду; адзінка вымярэння прадукцыйнасці кампутара.

Гіпертэкст (hypertext) — падача тэксту (дакумента альбо шэрагу дакументаў), які падтрымлівае сэнсавыя сувязі паміж выдзеленымі тэрмінамі, паняццямі, групамі і раздзеламі інфармацыі. Па прынцыпе гіпертэксту ствараюцца навучальныя праграмы, даведачныя сістэмы і інш. Тэхналогія гіпертэксту шырока прымяняецца ў Internet.

Гіпертэкставáя спасылка (hyperlink) — спасылка ў гіпертэкставым дакуменце, якая ўказвае на другі дакумент. Яўна ўказаная сувязь паміж двума альбо больш рэсурсамі альбо фрагментамі рэсурсаў Web, якая можа быць выкарыстана для навігацыі з дапамогай браузера.

Гіпертэкставы дакумент (hypertext document) — дакумент, які ўтрымлівае спасылкі (сувязі) на іншыя дакументы. Гл. гіпертэкставая спасылка.

Гістагрáма (histogram) — дыяграма, якая паказвае велічыні ў выглядзе вышыняў прамакутнікаў, размешчаных побач. Вышыня вертыкальных калонак адлюстроўвае апісальную велічыню. Прамакутнікі могуць адрознівацца шырынёй і колерам. Прымяняюцца двухмерныя і трохмерныя дыяграмы з магчымасцю паваротаў трохмерных адлюстраванняў. З’яўляецца дастаткова нагляднай, калі толькі значэнні максімальных і мінімальных велічыняў адрозніваюцца не істотна.

Глабáльная аперáцыя (global operation) — аперацыя, якая ўздзейнічае на ўвесь дакумент, праграму альбо, для прыкладу, на дыск.

Глабáльная велічыня (global value) — велічыня, даступная ў кожнай частцы праграмы.

Глабáльная навігацыйная спадарожнікавая сістэма (Global Position System, GPS) — у свеце толькі дзве GPS-сістэмы — расейская ГЛОНАСС і амерыканская НАВСТАР. У кожнай сістэмы ёсць нізкаарбітальныя навігацыйныя спадарожнікі, наземныя сродкі сачэння і кіравання і самыя разнастайныя прыймаіндыкатары, прызначаныя для вызначэння каардынат.

Глабáльная змéнная (global variable) — зменная, значэнне якой можа быць выкарыстана і мадыфікавана любым аператарам праграмы. Яна даступна для ўсёй праграмы.

Глабáльная сістэма мабільнай сýвязі (Global System for Mobile, GSM) — уведзена ў 1991 г., а на прыканцы 1997 г. стала стандартам сотавай сувязі ў больш чым 100 краінах Эўропы і Азіі.

Глабáльны (global) — распаўсюджаны на ўсю сістэму. Тэрмін праграмавання, які абазначае зменную, прынятую для ўсёй праграмы, а не для якога-небудзь сегмента гэтай праграмы. Глабальныя параметры — гэта параметры, значэнні якіх захоўваюцца на ўсе часткі праграмы. Іх супрацьлегласцю з’яўляюцца лакальныя параметры.

Глабáльны абхóд (total bypass) — сетка сувязі, якая выкарыстоўвае штучныя спадарожнікі Зямлі альбо аб’яднанні мясцовых і міжнародных тэлефонных ліній сувязі.

Глабáльны пóшук з заменай (global search and replace) — аперацыя пошуку з заменай, якая апрацоўвае ўвесь дакумент цалкам.

Глыбіня ўкладáння (nesting depth) — колькасць узроўняў укладання ў гняздзе — размяшчэнне адной канструкцыі ўнутры другой (укладзеная працэдура, укладзеная табліца).

Глыбіня ітэрáцыі (iteration depth) — колькасць паслядоўных паўтарэнняў адной і той жа паслядоўнасці аперацый.

Глыбіня працэдýрная (procedure depth) — колькасць паслядоўна ўкладзеных адна ў другую працэдур у праграме.

Гнóман (gnomon) — у кампутарнай графіцы: апісанне трохмернай сістэмы каардынатных восяў (x,y,z).

Гнýткасць алгарытму (algorithm flexibility) — уласцівасць алгарытму адаптавацца да змяненняў уваходнай інфармацыі без змянення рашальнай задачы.

Гнýткасць мóвы (language flexibility) — уласцівасць мовы, якая дазваляе ўключаць у яе новыя правілы складання канструкцый.

Гнýткі дыск (floppy-disk) — энэргазалежны зменны носьбіт інфармацыі на гнуткім магнітным дыску: пластыкавы дыск, пакрыты магнітным матэрыялам і заключаны ў пластмасавы кажух. Дыск у дыскаводзе для гнуткіх дыскаў верціцца з хуткасцю прыблізна 300 абаротаў у хвіліну, і магнітная галоўка выконвае аперацыю чытання і запісу з(на) дыска. Раней стандартныя памеры гнуткіх дыскаў раўняліся 8 цалям і 5,25 цалям (стандартная фарматуемая ёмкасць 1,2 Мбайт), затым з’явіліся дыскеты меншых памераў 3,5 цалі (ёмкасць 1,44 Мбайт), абароненыя больш цвёрдым кажухом для прадухілення пашкоджанняў. Існуюць дыскеты памерам 3 цалі.

Гняздó пашырэння (expansion slot) — гняздо ўнутры кансолі, якое прызначана для размяшчэння плат пашырэння і далучэння іх да сістэмнай шыны.

Гóнкі (race hazard) — праблема, якая ўзнікае ў ланцугах з несінхранізаванымі лагічнымі элементамі ў выніку нераўнамернага па часе паступлення сігналаў, што выклікае паяўленне на выхадзе памылковых значэнняў, у той час як на ўваходах маецца толькі адзін з патрэбных сігналаў.

Грануляцыя (granularity) — памер адзінкі памяці, які выкарыстоўваецца аперацыйнай сістэмай; тэрмін прымяняецца галоўным чынам у адносінах да віртуальнай памяці. Грануляцыя ёсць ступеня дэталізацыі, характарыстыка адпаведнага рэжыму работы, выражаецца памерам нейкага стандартнага элементу, які нясе сэнсавае значэнне. Гэты тэрмін ужываецца пры апісанні распазнавальнай здольнасці экрана, крытэраў прагляду і сартавання базаў звестак, дапушчальных узроўняў маніпуляцыі звесткамі, а таксама інтэрвалу часу, які выдзяляецца мікрапрацэсарам на канкрэтную аперацыю, напрыклад на друк у фонавым рэжыме.

Граф (graph) — структура звестак з вызначаным (магчыма, нулявым) лікам вяршыняў, якія злучаны паміж сабой з дапамогай кантаў адвольным чынам. Любыя два вузлы графа могуць быць злучаны альбо не злучаны рабром. Граф, у якім можна прадоўжыць шлях паміх двума любымі вузламі, называецца злучным. Любое падмноства вузлоў і кантаў графа называецца падграфам. Існуе мноства разнавіднасцяў графа.

Графакрэсленік, плотэр (plotter) — перыферыйная прылада для вываду звестак у графічнай форме на папяровы носьбіт пад кіраўніцтвам кампутара.

Грáфіка з высóкім разпазнавáннем (hight-resolution graphics, HRG) — графіка са значнымі графічнымі магчымасцямі. Для малявання самых простых адлюстраванняў і для аперацый з тэкстам патрэбна вывесці 2400 пазіцый, па крайняй меры, 80 знакаў у радку і 30 радкоў, што ў суме складае 2400 пазіцый. У графіцы высокага разпазнавання колькасць пазіцый маніпулявання перавышае 30000. Пры гэтым кампутар для стварэння адлюстраванняў выкарыстоўвае мову высокага ўзроўню. Каманды, якія адрасуюцца да пазіцый, могуць быць як часткай звычайнай мовы, так і камандамі спецыяльнай графічнай мовы.

Графічны файл (graphics file) — файл, які створаны праграмай малявання адьбо праграмай сістэмы аўтаматызаванага праектавання. Такія файлы маюць пашырэнне TIF, PCX, EPS і інш. Усе графічныя файлы несумяшчальныя і патрабуюць выкарыстання праграм пераўтварэння графікі.

Графік (graph) — метад візуальнага адлюстравання лічбавых узаемасувязяў: кожнаму ліку адпавядае прапарцыянальная адлегласць ад лініі адліку, а кропкі, адкладзеныя ад восі, злучаюцца лініяй.

Графіка (graphics) — 1. Сродкі і сістэмы ўводу, адлюстравання на экране і вывад адлюстраванняў. 2. Вобласць праграмавання, звязаная з распрацоўкай сістэмаў пабудовы і пераўтварэння адлюстраванняў.

Грáфіка пры дапамóзе аднóсных камáнд (turtle graphics) — графічная сістэма, у якой графічныя дзеянні выконваюцца пры дапамозе курсора. Часта прымяняецца для навучання дзяцей матэматыцы і рабоце на кампутары. Рух чарапашкі (невялікая фігурка на экране, якая дзейнічае як паказальнік у рысавальнай графіцы) пакідае след на экране альбо паперы.

Графічная відэаплáта (video graphics board) — відэаадаптар для выдачы сігналаў для адлюстравання графічных вобразатварэнняў на экране.

Графічная друкáрка (graphics printer) — гэтым тэрмінам абазначаюцца ўсе друкаркі, якія друкуюць не толькі тэкст, але і графіку, адлюстраванні.

Графічны адáптар (graphics adapter) — плата, якая выкарыстоўваецца ў ІВМ-сумяшчальных кампутарах, якія не маюць магчымасці працаваць з графічнымі адлюстраваннямі, такой функцыі. Плата графічнага адаптара ўстанаўліваецца ў раз’ём пашырэння.

Графічны запаўняльнік (graphic placeholder) — прамавугловая рамка ў праграмах настольных выдавецкіх сістэм. Прастора ў гэтай рамцы рэзервуецца для графічнага адлюстравання, і ўносімы тэкст агібае рамку. Само графічнае адлюстраванне можа быць унесена як непасрэдна ў праграме, так і пазней, пры друку.

Графічны інтэрфэйс карыстáльніка (graphical user interface — GUI) — від дыялагавага ўзаемадзеяння карыстальніка з персанальным кампутарам пры дапамозе розных графічных адлюстраванняў аб’ектаў на экране (значкі, піктаграмы, іконкі, малюнкі). GUI — гэта форма апісання інфармацыі на экране дысплея для падачы каманды, запуску праграмы, выбару са спіса меню. Выбар таго ці іншага элемента звычайна выконваецца з дапамогай мышы, альбо з дапамогай клавіятуры.

Графічны мáркер (marker) — сімвал для абазначэння пазіцыі на паверхні візуалізацыі, над якой будзе здзяйсняцца наступная аперацыя; рухомая метка на экране дысплея, што ўказвае месца вываду на экран чарговага знака.

Графічны рэдáктар (graphics editor) — праграма для работы з графічнымі адлюстраваннямі.

Графічны рэжым (graphics mode) — рэжым работы дысплея, які забяспечвае вывад графічных відарысаў. Лініі і сімвалы на экране малююцца па пікселях; адлюстраванне на экране ствараецца з асобных кропак з вялікімі магчымасцямі малявання.

Графічны сімвал (graphics character) — літара (элемент літарнага набору) для пабудовы графічных адлюстраванняў. Графічныя сімвалы могуць быць закадаваны кодамі ASCII ад 128 да 255 і прысутнічаць у наборы клавіятуры машыны.

Графічны сімвал, сімвал адлюстравáння (graphics character) — сімвал, які можна камбінаваць з іншымі яму падобнымі для стварэння прасцейшых графічных адлюстраванняў (рамка, зацяненне альбо зафарбоўванне блокаў).

Графічны супрацэсар (graphics coprocessor) — спецыялізаваны мікрапрацэсар для павышэння хуткасці апрацоўкі графічнай інфармацыі. Устанаўліваецца ў ПК дадаткова да цэнтральнага ўніверсальнага працэсара. Ён можа генерыраваць графічныя адлюстраванні (лініі і інш.) па камандах, якія выдае кампутар. Пры гэтым рэсурсы кампутара вызваляюцца для выканання іншых работ.

Графічны тэрмінáл (graphics terminal) — “разумны” тэрмінал, які здольны адлюстроўваць і апрацоўваць графічныя звесткі.

Грýпа (group) — 1. Мноства, на якім азначаны асацыяцыйная аперацыя і адпаведны ёй адзінкавы элемент і зваротная аперацыя. 2. У мовах праграмавання: паймянованая сукупнасць элементарных альбо элементарных і групавых звестак, да якіх можна звярнуцца як да адзінай звесткі.

Грýпа карыстáльнікаў (user group) — у развітай сістэме падзелу часу: мноства карыстальнікаў, якія маюць некаторыя агульныя рэсурсы і агульныя правы. Група карыстальнікаў — гэта група людзей, якіх аб’ядноўвае інтарэс да адной і той жа кампутарнай сістэмы альбо праграмнага забеспячэння. Яны могуць абменьвацца ідэямі і інфармацыяй.

Групавáя затрымка (іншая назва: скажэнне затрымкі) (envelope delay) — пры перадачы звестак (для прыкладу, ад аднаго мадэма да другога): розніца ў часе праходжання перадавальнага сігналу пры розных частотах. Калі розныя частоты будуць даходзіць да месца прызначэння ў розны час, то затрымка можа выклікаць скажэнне сігналу і памылкі ў перадачы.

Групавы пóшук (area search) — у сістэмах кіравання інфармацыяй: вывучэнне групы дакументаў для выяўлення тых з іх, якія адносяцца да акрэсленай тэмы альбо катэгорыі.

Гульня (game) — кампутарная праграма для цікавага баўлення часу. Узаемадзеянне чалавека з кампутарам па акрэсленым алгарытме з мэтай навучання, трэнажу, імітацыі абставінаў і інш.

Гучнагаварыльнік (loudspeaker) — прылада для пераўтварэння электрычных сігналаў дыяпазону ад 20 Гц да 20 кГц у гукавыя хістанні. Убудаваны гучнагаварыльнік дазваляе кампутару выводзіць папераджальныя сігналы, становіцца галоўнай часткай сістэмы ўзнаўлення гуку.

Гýчнасць (volume) — амплітуда гукавога сігналу.

Гук (sound) — адчуванне вухам чалавека рухаў хвалі па паветры. Кампутары маюць каманды, якія генеруюць гукавыя сігналы — ад прасцейшых “біп” да аперацыяў з многаканальнай музыкай. Электрычныя сігналы пераўтвараюцца ў гукавыя хвалі пры дапамозе гучнагаварыльніка.

Гукавáя кáрта (voice card) — гэта свайго раду сінтэзатар, які генеруе гукі Hi-Fi-якасці і стэрэагукі (мультымедыя). Гукі можна праслухоўваць праз навушнікі альбо калонкі.

Гукавыя мікрасхéмы (sound chip) — інтэгральныя мікрасхемы, якія выконваюць каманды генерацыі гуку. Спецыялізаваныя гукавыя мікрасхемы з’яўляюцца мікрапрацэсарамі са сваімі ўласнымі вылічальнымі функцыямі. Яны дазваляюць сінтэзаваць гукавыя эфекты.

Гумка (eraser tool) — метад сцірання у праграмах графічных рэдактараў. З дапамогай мышы выбіраецца піктаграма гумкі і квадратны курсор перамяшчаецца на тую частку адлюстравання, якая павінна быць знішчана. Сціранне адбываецца пасля націску кнопкі мышы.

Загрузка...