І

Ігóлкі” (spikes) — кароткія выкіды высокага напружання пад уздзеяннем навальніцы альбо работ, якія выконваюцца над кабелем. Могуць прывесці да сцірання інфармацыі і перазапуску. Для прадухілення “іголак” прымяняюцца сеткавыя фільтры.

Ігóлкі (needles) — у матрычных друкарках элементы друку.

I (AND) — I аперацыя лагічнага множання, якая здзяйсняе параўнанне двух велічыняў. Параўнанне выконваецца ў тэрмінах булевай алгебры. Вынікам параўнання з’яўляецца сцверджэне праўды альбо няпраўды. Унутры кампутара адбываецца параўнанне змесціва аднолькавых разрадаў.

І, лагічны элемент (AND gate) — электронны ланцуг, які працуе ў адпаведнасці з лагічнай аперацыяй І. Адзін такі элемент утрымлівае некалькі ўваходаў і толькі адзін выхад. 8-разрадны мікрапрацэсар уключае восем лагічных элементаў, кожны з двума ўваходамі і васьмю выхадамі.

Ідыёма (idiom) — нераскладальнае словазлучэнне, уласцівае канкрэтнай мове праграмавання.

Ідэагрáма (ideogramme) — пісьмовы знак, які абазначае ў адрозненне ад літараў цэлае паняцце, а не гук некаторай мовы.

Ідэнтыфікáтар (identifier) — сімвал альбо група сімвалаў для ідэнтыфікацыі альбо пайменавання элементаў звестак; лексічная адзінка, якая прымяняецца ў якасці імя для элементаў мовы, напрыклад імя зменнай у праграме, імя працэдуры, імя дыскавода. Імя, якое прысвойваецца звесткам і ўяўляе сабой паслядоўнасць літараў і лічбаў, што пачынаюцца з літары.

Ідэнтыфікáцыя (identification) — працэс атаясамлення аб’екта з адным з вядомых сістэме аб’ектаў; распазнаванне аб’ектаў. Працэс азначэння правоў доступу, прывілеяў, уласцівасцяў і характарыстык карыстальніка на аснове ўказанай ім інфармацыі — імя, пароля і інш.

Ідэнтыфікáцыя карыстáльніка (user identification) — апазнанне карыстальніка па паролі і прозвішчы для прызнання яго паўнамоцтваў — права на доступ да інфармацыі і выбару рэжыму яе выкарыстання.

Іерархічнáя класіфікáцыя (hierarchical classification) — арганізацыя звестак у парадку іх значнасці па дрэвападобнай структуры.

Іерáрхія (hierarchy) — форма арганізацыйнай структуры з некалькімі ўзроўнямі вартасці. Цвёрдая іерархія мадэлюецца дрэвам, у якім маецца толькі адна вяршыня і мноства вузлоў на больш нізкіх узроўнях іерархіі. Іерархія адлюстроўвае лагічныя сувязі альбо адносіны паміж асобнымі запісамі, файламі альбо кампанентамі абсталявання.

Іерáрхія звéстак (data hierarchy) — дрэвападобная альбо шматузроўневая арганізацыя звестак, у якой звесткі аднаго ўзроўню падпарадкаваны звесткам, што знаходзяцца на вышэйшым узроўні.

Іерáрхічны мéтад дóступу (hierarchical access method) — забяспечвае дрэвападобную арганізацыю звестак ў адпаведнасці з ключом доступу: запісы аднага паддрэва маюць адно значэнне верхняга ключа.

Іерáрхія пáмяці ЭВМ (hierarchical storage) — сукупнасць звязаных паміж сабой прыладаў памяці, дзе адны прылады маюць вялікую хуткадзейнасць, але параўнальна невялікую ёмістасць, іншыя — вялікую ёмістасць, але параўнальна невялікую хуткадзейнасць. Іерархія памяці персанальнага кампутара: мікрапрацэсар, рэгістры ↔ звышаператыўная памяць (КЭШ) ↔ аператыўная ↔ вонкавая памяць. Пастаянная памяць звязана са звышаператыўнай.

Ізаметрычнае прадстаўлéнне (isometric view) — у кампутарнай графіцы: метад прадстаўлення аб’ёмных фігур альбо аб’ектаў і паказу іх у трох вымярэннях: з высокай і шырокай, але без зменаў перспектывы, якая была б дабаўлена глыбінёй.

Ілюстрацыйная ўстаўка (clip-art) — файл з падборкай ілюстрацыйнага матэрыялу (фота, малюнкі, дыяграмы і інш.), якую можна “выразаць” з калекцыі і ўключыць у любы дакумент.

Імітавáны (greeked) — прымяненне прамавуглавікоў шэрага колеру альбо фікцыйных сімвалаў для прадстаўлення тэксту, які пры вывадзе на экран аказваецца вельмі дробным і неразборлівым. Выкарыстоўваецца для прагляду структуры адной ці некалькіх старонак, каб паглядзець размяшчэнне тэксту альбо графічных адлюстраванняў.

Імітáцыя (simulation) — перадача ўсіх ці часткі функцый і ўласцівасцяў аб’екта (мадэлюемай сістэмы), які вывучаецца з дапамогай мадэлі.

Імпарт (import) — перанос інфармацыі з адной сістэмы альбо праграмы ў іншую. Унутраны фармат ці структура імпартуемых аб’ектаў, асабліва дакументы з графікай, павінны падтрымлівацца прынімаючай праграмай ці сістэмай.

Імплікáцыя (implication) — двухмесная булева аперацыя, вынікам якой з’яўляецца значэнне “няпраўда”, калі першы аперанд мае значэнне “няпраўда”, а другі — “праўда”.

Імпульс (pulse) — рэзкае змена электрычнага напружання. Імпульсы выкарыстоўваюцца пры перадачы звестак у вылічальнай тэхніцы, як сігналы для мікрапрацэсара. Імпульс гэта электрычны сігнал у выглядзе напружання альбо току зададзенай формы.

Імпульс скідвання (reset pulse) — імпульс, які прыкладваецца да якой-небудзь ячэйкі памяці альбо мікрапрацэсара для здзяйснення скідвання. Пры гэтым ячэйкі памяці скідваюцца ў 0, а рэгістры абнуляюцца.

Імпульсная перашкóда (impulse noise) — уздзеянне электрамагнітнага выпраменьвання імпульснай формы.

Імя дыскавода (disk drive name) — кожны дыскавод мае імя, якое адназначна яго вызначае, абавязкова заканчваецца двухкроп’ем.

Імя звéсткі (data name) — сімвал альбо група сімвалаў для ідэнтыфікацыі элемента звесткі.

Імя прагрáмы (program name) — імя прысвойваемае праграмнаму модулю, якое вызначае пункт уваходу ў яго.

Імя файла (filename) — набор літараў, лічбаў і іншых дапушчальных сімвалаў, які прысвойваецца файлу ў якасці імя для адрознення яго ад іншых файлаў. Імя файла звычайна суправаджаецца пашырэннем, якое апісвае тып і назначэнне файла.

Інвéрсія (inversion) — адмаўленне.

Інвéрснае відэаадлюстравáнне (inverse video альбо reverse video) — адлюстраванне на маніторы на чорным фоне белых літараў. Пры нармальным адлюстраванні чорныя літары адлюстроўваюцца на белым фоне.

Інвертавáнне (inverting) — замена 0 на 1 і 1 на 0 пры запісу лікаў у двайковай форме. Лічбавая мікрасхема пераўтварае сігналы, якія падаюцца на яе ўваход, на процілéглыя, і яны выдаюцца на яе выхадзе. Гэта аперацыя з’яўляецца электронным эквівалентам булевай аперацыі адмаўлення НЕ (NOT). Напрыклад, інвертаванне байта 10001101 дасць 01110010.

Інвертавáны файл (inverted file) — файл, у якім запісы ўпарадкаваныя па неключавым полі.

Індукцыйнасць (inductance) — здольнасць захоўваць энэргію ў форме магнітнага поля. Дрот любой даўжыні мае некаторы ўзровень індукцыйнасці; віты дрот мае большую індукцыйнасць, калі ён наматаны вакол ферамагнітнай сарцавіны. Адзінка індукцыйнасці — Генры.

Індыкáтар (indicator light) — невялікая прылада (светадыёт), якая выпраменьвае святло. Звычайна сігналізуе аб уключаным напружанні сілкавання, рабочым стане дыскавода альбо стане асобнай клавішы.

Індыкáтар (indicator) — цыферблат альбо светавы індыкатар, які адлюстроўвае змены стану прылады альбо звесткі ў працэсе работы вылічальнай сістэмы альбо выканання асобнай праграмы.

Індэкс (index) — паказнік для пошуку элемента звесткі, напрыклад індэкс запісаў вызначае месцазнаходжанне ключавых палёў. У праграмаванні: скалярная велічыня для забеспячэння прамога доступу да жаданага элемента ў складанай структуры звесткі, для прыкладу масіў.

Індэксавáная змéнная (superscript) — зменная ў выглядзе элемента масіва, якая выкарыстоўвае які-небудзь ідэнтыфікатар (імя) альбо лік (індэкс) для сваёй ідэнтыфікацыі.

Індэксавáны файл (indexed file) — файл, які забяспечаны сістэмай індэксаў для хуткага доступу да запісаў файла. Індэкс фармуецца ў выглядзе індэкснага файла.

Індэксáцыя (indexing) — метад звароту да аб’екта. У базах звестак: метад выяўлення звесткі па ключы (словы альбо імёны палёў). У праграмаванні і апрацоўцы інфармацыі: прымяненне індэксаванага адрасу (перамяшчэнне) у спалучэнні з базавым адрасам, прымяняецца для пошуку інфармацыі ў табліцы. У сістэмах захоўвання і апрацоўкі інфармацыі: стварэнне і выкарыстанне спіса альбо табліцы, аналагічнай зместу альбо алфавітнаму паказальніку кніжкі, якая ўтрымлівае спасылку на звесткі.

Індэксна-паслядóўны мéтад (indexed sequential access) — метад доступу да звестак, пры якім існуе два файлы: у другім індэксным утрымліваюцца індэксы элементаў першага (галоўнага) файла звестак. Пошук ажыццяўляецца ў індэксным файле, і пасля азначэння патрэбнага індэкса адбываецца хуткае выбіранне звестак з галоўнага файла. Гэты метад доступу да запісаў у індэксна-паслядоўным файле забяспечвае як паслядоўны, так і прамы доступ па ключы. Пры прамым доступе пераўтварэнне ключа ў адрас здзяйсняецца з дапамогай сістэмы індэксных файлаў.

Індэксна-паслядóўны файл (indexed-sequential file) — файл, кожнаму з запісаў якога нададзены свой ключ, што забяспечвае непасрэдны доступ да запісу па ключы, а таксама паслядоўны доступ у адпаведнасці з упарадкаванасцю па ключы.

Індэксна-паслядóўны набóр звéстак (indexed-sequential data set) — набор звестак, кожны фізічны запіс якога забяспечаны сваім ключом порцыі звесткі так, каб забяспечваўся прамы доступ да запісаў з выкарыстаннем індэксаў доступу і пошуку па ключы, а таксама паслядоўны доступ у адпаведнасці з іх упарадкаванасцю па значэнні ключоў.

Індэксная адрасáцыя (indexed addressing) — метад адрасацыі, пры якім актуальны (выканаўчы) адрас фармуецца шляхам прыбаўлення да базавага адраса змесціва індэкснага рэгістра. Выкарыстоўваецца пры праграмаванні на мове Ассэмблера: у індэксны рэгістр закладваецца базавы адрас, а ў камандзе ўказваецца лік, які неабходна прыбавіць да базавага адрасу, каб атрымаць адрас патрэбных звестак.

Індэксная дзірка (index hole) — невялікая дзірка ў гнуткім дыску, якая размешчана каля дзіркі для вала рухавіка. Прызначана для ўказання размяшчэння першага сектара.

Індэксны рэгістр (index register) — рэгіст, які ўтрымлівае індэкс адраса. Размешчаны ў мікрапрацэсары. Прымяняецца для захоўвання базавага адраса, да якога павінна быць дабаўлена перамяшчэнне (зрух), напрыклад пры рабоце з табліцамі першы элемент звесткі загружаецца ў індэксны рэгістр.

Інжынéр вéдаў (knowledge engineer) — спецыяліст па зборы ведаў альбо распрацоўцы сістэмы ведаў для базаў ведаў і экспертных сістэм.

Ініцыялізацыя (initialization) — падрыхтоўка да работы кампутара альбо праграмы альбо прысвойванне зменным пачатковых значэнняў. Калі кампутар падключаны да сілкавання, то ён ажыццяўляе свае дзеянні ў адпаведнасці з праграмай пачатковай загрузкі. Ініцыялізацыя — гэта ўстаноўка праграмных зменных (адрасоў, пераключацеляў, паказальнікаў, лічыльнікаў, індыкатараў) у нуль альбо заданне ім іншых пачатковых значэнняў перад выкананнем праграмы. Ініцыялізаваць — значыць падрыхтаваць да выканання. У адносінах да дыскаў, стужак ініцыялізацыя можа ўключаць праверку якасці паверхні носьбіта, маркіроўку блокаў, запіс загрузачнага блока інфармацыі і стварэнне табліцы размяшчэння файлаў (ідэнтыфікацыя месца ў памяці). У адносінах да зменных у праграме, ініцыялізацыя азначае прысваенне зменнай пачатковага значэння.

Інкапсуляцыя звéстак (data encapsulation) — метад, які прымяняецца ў аб’ектна-арыентаваным праграмаванні. Кожны аб’ектны модуль, наколькі гэта магчыма, незалежны ад іншых, і для іншых модуляў даступны толькі сам модуль цалкам, але не яго змесціва.

Інкрэмэнт (increment) — нарастальнасць, звычайна на адзінку. Прымяненне аператара FOR для арганізацыі цыклу падразумевае паслядоўную нарастальнасць параметра на адзінку пасля кожнага праходу цыклу.

Інтэгрáцыя звéстак (data integration) — забеспячэнне сумеснага выкарыстання звестак з розных, магчыма, неаднародных і незалежных крыніц.

Інтэгравáнае прагрáмнае забеспячэнне (integrated software) — катэгорыя прыкладных праграм, што складаюцца з некалькіх модуляў, якія дазваляюць выконваць розныя віды работ: апрацоўку тэкставай інфармацыі, кіраванне базай звестак, электроннымі табліцамі і інш. Комплекснасць такога праграмнага забеспячэння дасягаецца ў асноўным двума спосабамі: магчымасцю перадачы звестак з аднаго модуля другому і прадстаўленнем аднатыповага інтэрфэйса карыстальніка ў розных модулях. Інтэграванае праграмнае забеспячэнне дапамагае каардынаваць задачы і аб’яднаць звесткі, якія створаны ў розных модулях рознымі сродкамі.

Інтэгравáная бáза звéстак (integrated database) — база звестак, якая аб’ядноўвае некалькі баз звестак альбо мае некалькі праграм па кіраванні звесткамі.

Інтэгравáная прылáда (integrated device) — прылада, якая ўбудавана ў іншую прыладу, напрыклад дыскаводы ў персанальных кампутарах.

Інтэгрáльная мікрасхéма (integrated circuit, ІС), другая назва мікрасхема (chip) — закончаная электрычная схема, звычайна ствараецца на адзіным малюсенькім крышталі крэменю. Ствараецца пры дапамозе фотадруку, траўлення і напылення. Вынікам становіцца мініацюрная электрычная схема. Усе злучэнні маюць намнога большую надзейнасць, чым злучэнні ў звычайных электрычных схемах. Сучасныя ўзроўні інтэграцыі элементаў схемы могуць мець памеры, параўнальныя з атамам.

Інтэлектуáльная кáртка (smart card) — пластыкавая картка (звычайна крэдытная), якая ўтрымлівае мікрапрацэсар і памяць. Такія карткі прымяняюцца для безнаяўных разлікаў.

Інтэлектуáльны дом (intelligent home) — дом, у якім выканана аўтаматызацыя ацяплення, асвятлення, аховы і г.д.

Інтэлектуáльная кáса (intelligent till) — гандлёвая кропка, у якой ёсць кампутарны тэрмінал, падключаны да прылады чытання і нанясення штрыхавога коду, і праз які здзяйсняецца запіс і ўносяцца змены ў інфармацыю пра тавары, што прадаюцца ў гэтай краме.

Інтэлектуáльная сістэма (intelligent system) — сістэма, у некаторых прадметных галінах ведаў, здольная замяніць натуральны інтэлект чалавека альбо дапамагчы ў яго дзейнасці. Уласцівасці сістэмы: наяўнасць у сістэме ўнутранай мадэлі ведаў пра прадметны абсяг вонкавага свету; магчымасць папаўнення наяўных ведаў у базе ведаў; здольнасць сістэмы да “думання”: лагічным высновам, прыняццю рашэнняў, тлумачэнню прынятага рашэння.

Інтэлектуáльны буфер (intelligent buffer) — разнавіднасць буфера ў сетцы, які можа сам вызначыць пункт прызначэння звесткі.

Інтэлектуáльны тэрмінáл (intelligent terminal альбо smart terminal) — 1. Тэрмінал з уласнай памяццю, клавіятурай, экранам і мікрапрацэсарам, які мае сродкі рэдагавання і пераўтварэння звестак, незалежна ад ЭВМ, да якой ён падключаны. 2. Персанальны кампутар, які выкарыстоўваецца ў якасці тэрмінала вялікай ЭВМ.

Інтэрактыўная альбó дыялóгавая грáфіка (interactive graphics) — метад працы за кампутарам, пры якім карыстальнік можа змяняць і кіраваць графічнымі вобразамі на экране, часта з дапамогай мышы альбо джойсціка.

Інтэрактыўная дапамóга (online help) — гл. кантэкстна-залежная дапамога.

Інтэрактыўны рэжым (interactive mode) — рэжым узаемадзеяння карыстальніка з кампутарам, пры якім на кожны запыт карыстальніка кампутар імгненна рэагуе ў адказ; абмен паведамленнямі паміж карыстальнікам і кампутарам у рэальным маштабе часу.

Інтэрактыўны кампáкт-дыск (Compact Disk Interactive, CD-I) — дазваляе запісваць на дыск гук, графіку і анімацыю.

Інтэрактыўная грáфіка (interactive graphics) — карыстальнік можа кіраваць ходам прагляду графікі.

Інтэрнэт (internet) — гэта многалікія ўзаемазвязаныя сусветныя кампутарныя сеткі і шэраг розных кампутарных службаў, якія злучаюць мільёны кампутараў па ўсім свеце, і забяспечваюць доступ да розных інфармацыйных рэсурсаў. Інтэрнэт — сусветная глабальная кампутарная сетка.

Інтранэт (intranet) — карпаратыўная сетка, якая заснавана на тэхналогіях Інтэрнэта.

Інтэрпаляцыя (ад лац. interpolate — змяненне; скажэнне) — спосаб набліжанага (або дакладнага) знаходжання пэўнай велічыні з дапамогай вядомых асобных яе значэнняў ці значэнняў іншых велічыняў, з ёй звязаных. Пры гэтым вызначальнае значэнне павінна ляжаць у дыяпазоне існых велічыняў, у адваротным выпадку гэта называецца экстрапаляцыяй.

Інтэрпрэтáтар камáнд альбо перакладчык (interpreter) — праграма аперацыйнай сістэмы, якая ўспрымае каманды, транслюе і затым выконвае кожны аператар зыходнай праграмы, напісанай на інтэрпрэтавальнай мове праграмавання. Аналізу падпадае кожная каманда асобна, шта запавольвае працэс выканання ўсёй праграмы. Але ў выніку прымянення інтэрпрэтатара атрымліваецца добра наладжаная праграма. Інтэрпрэтатар ёсць від транслятара, які выконвае пакамандную (пааператарную) апрацоўку і выкананне зыходнай праграмы альбо запыту (у адрозненне ад кампілятара, які транслюе ўсю праграму без яе выканання).

Інтэрпрэтуемая мóва (interpreted language) — мова праграмавання, праграма якой можа быць пераведзена ў машынныя коды пры дапамозе інтэрпрэтатара для іх выканання (трансляцыя і выкананне аператара за аператарам).

Інтэрфэйсны працэсар (front-end processor) — працэсар, які кіруе ўзаемадзеяннем з перыферыйнымі прыладамі.

Інтэрфэйс (interface) — пункт састыкоўкі двух элементаў, які забяспечвае іх узаемадзеянне. Сукупнасць тэхнічных, праграмных і метадычных (пратаколаў, правілаў, пагадненняў) сродкаў для спалучэння ў вылічальнай сістэме карыстальнікаў з прыладамі і праграмамі, а таксама прыладаў з іншымі прыладамі і праграмамі. Такім чынам, інтэрфэйс — сродкі і правілы ўзаемадзеяння элементаў сістэмы паміж сабой.

Інтэрфэйс карыстáльніка (user interface) — частка праграмы, з якой узаемадзейнічае карыстальнік альбо ў выглядзе інтэрфэйс каманднага радка (пры ўводзе каманды з клавіятуры), альбо меню інтэрфэйс (каманды падаюцца праграме з дапамогай сістэмы меню).

Інтэрфэйс увóду-вываду (input/output controller) — мікрасхема кіравання, звязаная з прыладай уводу-вываду альбо портам, якая ўяўляе сабой апаратны інтэрфэйс (“перакладчык”, пасярэднік) паміж прыладамі ўводу-вываду і мікрапрацэсарам. Кіруе і апрацоўвае ўвадныя і вывадныя звесткі, забяспечваючы мікрапрацэсар паслядоўнымі сродкамі сувязі, а таксама вызваляючы яго для іншай работы. Для інтэрфэйса неабходны спецыялізаваныя праграмы кіравання яго работай (драйверы).

Інфармавáнне (information dissemination) — працэс давядзення ведаў да зацікаўленай асобы альбо групы асобаў.

Інфармáтыка (informatics) — навука аб агульных уласцівасцях інфармацыі і спосабах яе апрацоўкі. Комплексная навуковая і інжынерная дысцыпліна, якая вывучае законы і метады збору, перадачы, захоўвання і апрацоўкі інфармацыі з дапамогай ЭВМ, а таксама спосабы стварэння кампутарных сетак і іх уздзеяння на сацыяльную практыку. Адрозьніваюць інфарматыку як навуку, як навучальную дысцыпліну і як галіну народнай гаспадаркі.

Інфарматызáцыя (informatization) — працэс навучання інфарматыцы, укараненне інфармацыйных тэхналогій ва ўсе сферы дзейнасці чалавека.

Інфармацыйная мадэль (decision support system, DSS) альбо сістэма падтрымкі прыняцця рашэнняў — інфармацыйная сістэма, як памочнік пры прыняцці рашэнняў: дае магчымасць з прапанаванага набору рашэнняў зрабіць выбар неабходных і размясціць іх па ступені значнасці. Інфармацыйная мадэль — комплекс узаемазвязаных праграм і звестак, якія прымяняюцца пры аналізе і прыняцці рашэнняў унутры арганізацыі. Інфармацыйная мадэль DSS аналагічна адміністрацыйнай інфармацыйнай сістэме і кіраўніцкай інфармацыйнай сістэме, але аказвае карыстальніку больш дапамогі ў фармуляванні альтэрнатыўных рашэнняў і выбары найбольш прымальнага. У склад DSS уваходзяць: інфармацыйная база звестак (сукупнасць ведаў у той галіне, у якой будуць прымацца рашэнні); “мова” для апісання задач і фармулёўкі пытанняў; праграма мадэлявання для тэставання альтэрнатыўных рашэнняў. Інфармацыйная мадэль прапаноўвае звесткі, іх структуру, а таксама дазваляе устанаўліваць узаемасувязі і праводзіць аперацыі над звесткамі.

Інфармацыйны фільтр (data filter) — праграмны сродак бягучага кантролю за паводзінамі найбольш важных звестак.

Інфармацыйная сістэма (information system) — любая кампутарная сістэма, якая можа здзяйсняць збор, перадачу, апрацоўку, захоўванне і пераўтварэнне звестак. Гэта сукупнасць масіваў звестак, а таксама тэхнічных, праграмных і метадычных сродкаў для накаплення, абнаўлення, карэктавання, выкарыстоўвання і выдалення інфармацыі.

Інфармацыйная тэхналогія (information technology) — гэта паняцце трактуецца шырока, уключае ў сябе ўсе аспекты, звязаныя з вылічальнай тэхнікай, захоўваннем звестак, телекамунікацыяй і перадачай звестак па лініях сувязі. Інфармацыйныя тэхналогіі — сучасныя спосабы інфармацыйнага абслугоўвання карыстальнікаў і інфармацыйнага забеспячэння аб’ектаў кіравання, арганізаваныя на базе сродкаў збору, захоўвання, апрацоўкі і перадачы інфармацыі.

Інфармацыйны біт (data bit) — група з некалькіх бітаў (з 5,6,7 альбо 8 бітаў), якія нясуць інфармацыю для перадачы аднаго сімвала звестак. Лік інфармацыйных бітаў пры перадачы павінны быць узгоднены паміж адпраўшчыкам і атрымальнікам. Пры перадачы кожнай групе інфармацыйных бітаў папярэднічае стартавы біт, а пасля яе наступны (неабавязковы) біт цотнасці і адзін альбо некалькі стопавых бітаў.

Інфармацыйны выбух (information explosion) — папулярны тэрмін ў апошні перыяд развіцця грамадства, характарызуецца тым, што валоданне і распаўсюджанне інфармацыі выціснула механізацыю альбо індустрыялізацыю як рухальную сілу у грамадстве. Прымяняецца як апісанне хуткага росту аб’ёму агульнадаступнай на сёння інфармацыі. Эквівалентная назва — інфармацыйная рэвалюцыя.

Інфармацыйны пóшук альбо выбарка інфармацыі (information retrieval) — любы метад атрымання звестак з носьбітаў інфармацыі; працэс пошуку, упарадкавання і ўзнаўлення інфармацыі сродкамі вылічальнай тэхнікі.

Інфармáцыя (information) — звесткі, арганізаваныя такім чынам, што маюць вызначаны сэнс для чалавека, які мае дачыненне да іх, і дазваляюць пашырыць веды пра аб’ект нашых інтарэсаў.

Інфіксны зáпіс (infix notation) — сістэма абазначэнняў, што прымяняецца ў выразах, пры якой двухмесныя аператары запісваюцца паміж іх аргументамі, напрыклад “9 — 4”, а аднамесныя аператары звычайна ўказваюцца непасрэдна перад сваімі аргументамі, напрыклад “-6”.

Інфармацыйны бізнес (info business) — бізнес, які прапаноўвае інфрмацыйныя паслугі і інфармацыйныя тэхналогіі.

Ітэрáцыя (iteration) — працэс вылічэнняў, заснаваны на паўтарэнні паслядоўнасці аператараў, пры якім на кожным кроку паўтарэнняў выкарыстоўваецца вынік папярэдняга кроку. Сродкі апісання ітэрацыі прадугледжаны ў мовах праграмавання. Ітэрацыя можа быць лёгка рэалізавана шляхам прымянення цыклу. Прыкладам можа быць праграма для вылічэння квадратовага кораня.

Загрузка...