Э

Эквівалéнтнасць (equivalence) — лагічная аперацыя, вынік якой праўдзівы, калі абодва аперанды супадаюць па значэнні (абодва “праўда” ці абодва “няпраўда”) і непраўдзівы у астатніх выпадках.

Экзэмпляр зáпісу (set occurrence) — змесціва аднаго запісу файла.

Экрáн 1. (screen) — пярэдняя частка дысплея, на паверхні якога рознымі фізічнымі спосабамі адлюстроўваецца сімвальная і графічная інфармацыя. 2. (shield) — металічная паверхня для абароны ад пабочных магнітных і электрычных уплываў альбо для прадухілення ўздзеяння выхадных сігналаў на іншыя прылады.

Экрáн дысплéя (display screen) — частка дысплея, на якой дэманструюцца адлюстраванні.

Эксабáйт (exabyte) — 260 байтаў (1,152,921,504,606,846,976). 1 эксабайт = 1024 петабайтам .

Экспанéнтны фармáт (scientific notation) — фармат уводу альбо вываду рэчаісных лікаў у выглядзе мантысы (дзесятковы дроб) і парадку (ступеня), напрыклад лік 567 000 запісываецца як 5, 67Е5, што азначае 5,67 памножанае на 10 у 5 ступені.

Экспаненцыйнае прадстаўлéнне (E notation) — гл. нефіксаваная кропка.

Экспартавáць (export) — перадаваць інфармацыю з адной сістэмы альбо праграмы ў другую; выконваць дзеянні, супрацьлеглыя імпартаванню.

Экспéрт (expert) — спецыяліст у пэўнай галіне ведаў і прафесійным вопытам, які мае магчымасць даць карыстальніку кваліфікаваную кансультацыю.

Экспéртная сістэма (expert system) — разнастайнасць штучнага інтэлекту, здольнага на грунце вопыту, які захоўваецца ў базе ведаў, і ведаў экспертаў-спецыялістаў разважаць і даваць рэкамендацыі для прыняцця рашэнняў у зададзенай прадметнай галіне. У склад экспертнай сістэмы ўваходзяць інтэрфэйсы, база ведаў, сістэма кіравання базай ведаў, сістэма пошуку рашэнняў і сістэма тлумачэнняў прапанаванага рашэння. Экспертныя сістэмы дазваляюць не спецыялісту сфармаваць свой пункт гледжання па пытаннях з гэтай галіны.

Эксперымéнт вылічáльны (computational experiment) — сучасная тэхналогія тэарэтычных даследаванняў, заснаваных на эксперыментаванні з мадэллю пры дапамозе кампутараў.

Экстрапаляцыя (extrapolation) — велічыня, якая вызначаецца шляхам працягу лініі, праведзенай праз шэраг значэнняў на графіку, альбо знойдзеная шляхам вызначэння прапарцыянальных адносінаў.

Экстэнт (extent) — непарыўны абсяг памяці на дыску альбо іншай прыладзе прамога доступу, які рэзервуе АС для канкрэтнага файла альбо праграмы.

Экстэнт фáйла (file extent) — гл. зкстэнт.

Эластычнае злучэнне (elastic banding альбо rubber banding) — у кампутарнай графіцы: плаўнае змяненне формы аб’екта, які створаны са звязаных адрэзкаў шляхам “захопу” кропкі на ўтварáльнай яго лініі, і перацягванне яе ў новае палажэнне. На экране адзначаецца якая-небудзь кропка, і калі будзе выбрана новая кропка, то паміж імі аўтаматычна праводзіцца лінія. Пры перамяшчэнні другой кропкі за ёй перамяшчаецца лінія — ствараецца ўражанне, што лінія можа расцягвацца падобна эластычнай нітцы.

Электрамагнітны спектр (electromagnetic spectrum) — поўны набор частотаў выпраменьвальных сігналаў — ад даўжыні радыёхваляў да рэнтгенаўскіх промняў.

Электрамагнітнае выпрамéньванне (electromagnetic radiation) — хвалі электрычнага і магнітнага палёў, якія здзяйсняюць перанос энергіі на адлегласць.

Электрамагнітныя перашкóды (electromagnetic interference) — наяўнасць непажаданага электрамагнітнага выпраменьвання, якое можа прывесці да пашкоджання звестак.

Электрастатычная пáмяць (electrostatic storage) — памяць, у якой носьбітамі інфармацыі з’яўляюцца назапашаныя зарады статычнай электрычнасці на паверхні дыэлектрыка.

Электрóд (electrode) — правóдная паверхня альбо слой, які прапускае альбо збірае электроны.

Электрóніка (electronics) — галіна фізікі і тэхналогія, якія даследуюць электроны і электронныя прылады, у якіх здзяйсняецца рух электронаў.

Электрóнная мýзыка (electronic music) — музыка, якая створана з дапамогай кампутара і электронных прыладаў.

Электрóнная пóшта (electronic mail) — служба Інтэрнэту для абмену лістамі з любым абанентам сеткі Інтэрнэт. Электронная паштовая скрыня ўяўляе сабой частку памяці запамінальнай прылады, дзе захоўваецца паведамленне, якое перадаецца па запыце карыстальніка па лініі сувязі.

Электрóнная публікáцыя (electronic publishing) — распаўсюджанне інфармацыі з дапамогай электронных носьбітаў, такіх як дыскі і CD-ROM, альбо праз службу тэлекамунікацый, Інтэрнэт.

Электрóнная табліца (spreadsheet) — двумерны альбо n-мерны масіў звестак, размешчаны на машынных носьбітах інфармацыі. Папулярнымі ЭТ з’яўляецца MS Excel, Quattro Pro, Lotus 1 — 2 — 3.

Электрычная плáта (circuit card) — здымная плата з ізаляцыйнага матэрыялу, на якой размешчаны кампаненты электроннай схемы. Лёгка ўстаўляюцца ў кампутар і дастаюцца з яго.

Электрычная схéма, лінія, кáнал (circuit) — з тэхнічнага пункту гледжання: гэта любая схема, па якой можа праходзіць электрычны ток. Камбінацыя ўзаемазвязаных электрычных кампанентаў, аб’яднаных для выканання канкрэтнай задачы.

Элéмент (element) — складовая частка зменнай; любы аб’ект, які можа быць апісаны як аўтаномны кампанент нейкага набору звестак. Непадзельная адзінка мноства.

Элемéнт звестак (data element, data item) — элементарная паймянованая адзінка інфармацыі (напрыклад поле), утрымлівае атрыбуты свайго апісання (памер, тып).

Элемéнт масіву (array element) — значэнне звестак, якія ўваходзяць у склад масіву як структурная адзінка. Складовая частка масіву, акрэсленая імем і індэксамі; зменная з індэксамі.

Эмулятар (emulator) — праграма, якая дазваляе кампутару альбо мікрапрацэсару выконваць эмуляцыю.

Эмуляцыя (emulation) — імітацыя функцыянавання ўсёй ці часткі адной сістэмы сродкамі іншай сістэмы без страты функцыйных магчымасцяў ці скажэння атрыманых вынікаў.

Энергазалéжная пáмяць (volatile memory) — памяць, змесціва якой разбураецца пры зняцці сілкавання.

Энэрганезалéжная пáмяць (nonvolatile memory альбо permanent memory) — любая памяць, якая захоўвае сваё змесціва пасля выключэння сілкавання.

Эрганóміка (ergonomics) — навуковая дысцыпліна, якая вывучае праблемы ўзаемадзеяння і прыстасавання машыны і чалавека. Мэта эрганомікі — забяспечыць камфорт, эфектыўнасць і бяспеку прадметаў рабочага асяродздзя. Задача эрганомікі — выяўленне сапраўдных магчымасцяў чалавека і машыны і рацыянальнае размеркаванне функцый у сістэме чалавек–машына.

Эталóн (benchmark) — пункт апоры, ад якога пачынаюцца вымярэнні.

Эталóнны тэст (benchmark) — кароткая праграма для тэставання праграм альбо абсталявання.

Эўрыстычны (heuristic) — пры навучанні: заснаваны на вопыце, пераважна, як вынік, метадам пробаў і памылак, гэтак званае развязанне задачы з выкарыстаннем працэдуры саманавучання. Метад альбо алгарытм выпрацоўкі правільнага рашэння задачы праграмавання з дапамогай нефармалізаваных альбо саманавучальных методык. Спачатку распрацоўваецца эўрыстычны метад рашэння задачы, а затым праводзіцца яе ўдасканаленне.

Загрузка...