* * *

я ўчаплюся ў чупрыну планеты

крутануся вакол сонца

у бездані цемры

у пошуках людской дабрыні

што на крылах птушак

уцякла праз прабітае неба

ад віртуальных сноў

ілгуноў

што слова апранаюць у вэлюм імглы

і сватаюць чалавечай душы

дурман

змалочаны ў жорнах хлусні

каб ты забыўся

пра першы сон

дзе свет і ты адно

каб страх саткаў

мазгам капкан

гэтаму чугай бяды

таму кальчугу зла

тады

казюркаю з мышыных нор

выпаўзеш у новапрастор

а я ўчаплюся ў чупрыну планеты

крутануся ўслед людской дабрыні

што можа дзесьці

у цемры галактык

сее зародкі свету

без іх

Загрузка...