Прафанацыя

Алесю Бакачу

Зневажаю мараль і плюю ў яе вочы,

А яна, балаўніца, мне толькі рагоча,

Шчэрыць пастку зжаваных зубоў.

Па касцёлах і цэрквах з іконаў святыя

Пазіраюць здаўна.., але гэта не тыя,

Хто сарве кайданы з нас, рабоў.

На слупах ліхтары абмяжоўваюць неба,

I ад іх інтэлекту за горад ганебна,

Вочы поўняцца горыччу слёз.

Ну, а нас абмяжоўваюць хлусам прарокі,

Што разносяць па вуліцах гулкія крокі,

I ад крокаў па скуры мароз...

Загрузка...