Беззаганны мысляр


(Рэфлексія на Фрыдрыха Ніцшэ)

Пакінь сябе тут!

Ты ў хату ліха не прынясеш

Ліха тут само жыве…

Рыхард Вагнер

“Пярсцёнак Нібелунга”


І


Так было, так ёсць і так будзе, што сонца ў бясконцым вяртанні сябе кружляе над зямлёю, месяц ліе ўласным святлом, а зоркі… вечныя.Шукайце зоркі ў бязмесячную і бясхмарную ноч і знойдзеце ўсіх разам і кожную на сваім асобным месцы. Але бачнасць зорак не вымагае задзіраць галаву, дастаткова заплюшчыць вочы, і іх ззянне разнаколернае напоўніцца рухам, напружаннем і кананнем. А калі хочаце глядзець, накіруйце свой позірк глыбей у зямлю і ўбачыце, як серп Венеры жне чалавекаў, абесчалавечваючы сусвет.

Той, хто пазірае на зоркі, перашкаджае небу, уціскаючы апошняе ва ўласнае мяса і касцяк, і называе гэта душою…, бясконцасць пад скураю ў тлене.

Не, чалавек не забыўся, што ў яго няма хваста, таму і не хоча тлець, як звычайная жывёліна. Чалавек прыручыў агонь і ўзганарыўся над братамі сваімі старэйшымі, якія не ўсмакталі неба. І ўжо не тлее чалавек, а палымнее, і агмень яго — гэта мараль яго: разуменне ліха для сябе і дабра для бліжняга.

Пераступі праз мараль і трапіш у вечнасць, дакладней, у свядомасць, бо створыш новае неба для тых, хто дакараў цябе за зямное.

На брудэршафт з Сакратам цыкуту праглынулі і алімпійскія багі, паабапал ад Хрыста, укрыжавалі юдэйства і Рымскую імперыю, на вогнішчах інквізіцыі згарэла і папства, асвяціўшы шлях да Новага Свету.

Нараджаючыся, мараль крычыць бойкамі, войнамі, рэвалюцыямі, тэрорам. Яе бацькі, аскетызм і распуста, абараняюць сваё дзіця астрогамі, шыбеніцамі, гільяцінамі, вогнішчамі… Да яе прызвычайваюцца і, састарэлая да забабонаў, яна памірае ў пакутах, канвульсійна сціскаючы бяззубым ротам за горла маладых і здаровых.

На смак мараль салодка-салёная і плямы яе брудна-бурачнага колеру шурпатымі языкамі злізвае быдла.

А хіба на крыжацкім двуручным мячу не выгравіравана “Пі кроў”? Але жалеза нават вады ўсмактаць не здольна, яно ржавее. Вось вам і чалавек…, на жалезе ён піша аб неіснуючым, а на вадзе аб вечным, а сам губляе свой цень, калі пачынаецца змрок. Ці можа цень быць мераю неба, калі сам чалавек праяўляецца згодна з напісаным аб ім крывёю і прытчаю.


ІІ


…і няма ў чалавека каштоўнасцей, акрамя тых, якія ён здольны забраць з сабою ў магілу. Вось і саромеюцца, двухногія малпы, свайго атрафіраванага за кошт развіцця маралі хваста. “Глядзіце, — паказваючы пальцам на арла ў небе, кпяць двухногія, — як высока залезла гэта пярнатая малпа!” — і складаюць міты, і заганаю для іх памць аб хвасце, якая перашкаджае, яшчэ не памёршы, а ўжо прагнуць вечнага жыцця.


ІІІ


На тым, хто не прыняў хрысціянства, не ляжыць загана першароднага граху і яму няма патрэбы выбіраць з дрэва дабра і ліха, бо на яго баку жыццё і смерць не маюць памяці аб хвасце.

Як цяжка ўзняцца над уласным хвастом і якая патрэбна прага волі да ўлады над тым, што не вісіць на азадку.

Таму сцеражыцеся пустэльнікаў і невідушчых, непісьменных і пішучых; і сцеражыцеся тых, хто ахвяруе грошы, і тых, хто просіць; і сцеражыцеся тых, хто палюе разам з драпежнікамі, і тых, хто пасвіцца сярод авечага статку; і сцеражыцеся заканадаўцаў і носьбітаў звычак, а ідзіце ўслед за ваярамі і паэтамі.


ІV


Чым жыве той, хто забыўся аб уласным хвасце, калі дзеля гэтага прыносіцца ў ахвяру ўсё чалавецтва ў свядомым?

Што пакінеш сабе?

Шкадаванне аб няспраўджаных каханках і дакладнае веданне аб тым, што ад пачатку наканавана быць тым біблейскім камянём, які адкінуты сёння ўбок і якому наканавана паслязаўтра пакласціся ў доннасць асновы мура тае бабілонскае вежы, на якую ніхто так і не ўзнімецца з яе бясконцасці, бо калі нельга праглынуць неба не патрэбна і вежа, якая вядзе ў нішто.

Загрузка...