Меч гладыятара


(Паэма)

Не глядзіце на Сонца!

Вашым начным вачам хопіць і

месяцовага святла.

Фрыдрых Ніцшэ


Чаго вартыя багацце і пасады, калі яны атрыманы не ў спадчыну, а здабытыя мазалямі і цягам часу. Кар’ерысты марнасці — марыянеткі маралі, на калені перад грамадскім! Толькі на каленях вы здольныя задзіраць адзін перад адным галовы.

Вы гуляеце ў жыццё, як тэатр Шэкспіра. Мне ж даспадобы амфітэатры Нерона. На іх добра прадзьмуваемым з усіх бакоў пяску дзеючыя асобы сапраўды паміраюць і перамагаюць, хвалююцца і кахаюць.., і цешацца, калі перажывуць фінал апошняга дзеяння жывое п’есы.

Вы, майстры сцэны, толькі акторы, вычварэнцы саміх сябе. А яшчэ пытаецеся, чаму я не карыстаюся агульнаю шклянкаю, а п’ю з пляшкі і абавязкова ў адзіноце.

Я не бачу вас. Вы яшчэ не памерлі, але так і не нарадзіліся. Дзе вы?

Я магу ўспрымаць вас праз кінуты з трапезы думак, абсмактаны ўшчэнт інтэлект, які вы называеце мараллю. Тады ўвесь свет ператвараецца ў амфісцэну. Як гэта прыгожа! Жывая карцінка вашага выяўлення: сваркі і бойкі між дзяржавамі, народамі, класамі...

Натоўп патрабуе відовішчаў (ён стаміўся ад палітыкаў) — муляжа замест хлеба.

Я ўглядаюся ў любоў і нянавісць і не бачу дабра і зла. А вы між любоўю да жыцця і веданнем пра смерць знайшлі абгрызеную костку і прагнеце з яе мяса. Кожны з вас павінен любіць бліжняга, а вы спачуваеце адзін аднаму, ці, яшчэ горш — вы блытаеце любоў з самаахвярнасцю.

Кажу вам: меч гладыятара — гэта пэндзаль, якім фарбуюць жыццё, а не свет у колер жыцця!

Загрузка...