Версэты


* * *


Закахана пазіраюць кветкі. Зрываю найпрыгажэйшую. Яна расчуленая і павольна вяне.

Крохкія букеты ўспамінаў на сметніку прывабнага. Вяртаюся да кветніка. Водар жывых красак узмацняецца.


* * *


Струна тоіць гук. Бялізна - жаночае цела. Мелодыю ўтаймавалі ноты.

Кранаю струны.

Рапсодыя для дваіх.


* * *


Любая, хто спадарожнік на сцязі твайго лёсу? — Сінтэз бацькі, настаўніка, каханага ці проста сябра?

Праз тваю свядомасць хачу прайсці святам.


* * *


На вёслах Харона ў чоўне-труне праз прастору і час паімчу ў Старажытны Егіпет, калі Сонца было Богам і габрэі — рабамі.

І перад вачыма Ра накладу на сябе зарок ніколі не вярнуцца сюды і ніколі не згадваць, што тут быў.

Не кранайце толькі мой саркафаг.


* * *


Пазіраю ў сябе і бачу, як тысячагоддзямі хлопчык з блакітнымі вачыма ўглядаецца ў бездань неба і безліч вады ля ног яго пранесла хуткаплынная рака.

Знікаюць народы, змяняюцца цывілізацыі, а яго карма — праз вечнасць вартаваць позіркам нявыказанасць...


* * *


Галіне Сігневіч

...яны былі гэткімі ж велічэзнымі ў сваім мастацтве, як паэт у сваім.

Готхальд Эфраім Лэсінг «Лаакаон...»


Бачу ў кропцы думкі: свае і чужыя; змяшчаю іх зноў у кропку альбо вызваляю шмакроп’ем.

Але толькі асобным дадзена з кропак пісаць думкі.


* * *


Кэтрын Г.


Ты не Паліна Віярдо, але ж і я не Тургенеў. Аднак і ты спрытна таньчыш па клавішах, як я па паперы.


* * *


Так хваля ўмее абмыць.

Сафо

На спіне дэльфіна ў прыстанак Макафея...

— Сафо, зліся ў адну раку са сваімі каханкамі!

Загрузка...