Памяці бабулі маёй, салдаткі
і маці чатырох салдат
Асколак шкрабануў рыдлёўку..
Баліць яшчэ ў зямлі вайна...
Па доўгай вуліцы Дубоўкі
На ручніках плыла труна.
З заволжскіх стэпаў веяў сівер.
Там пахаваны землякі —
На могілках уздоўж ракі,
На правым беразе Расіі.
Яны прыйшлі сюды з лясоў,
З Прыбужжа,
З Нёмана,
З Гярвяткі,
З асірацелых тых дамоў,
Дзе па начах крычаць салдаткі.
Дзе на ўзбярэжжах Беларусі
Ляжаць з Паволжа землякі.
Які прасцяг магіл! Вякі
Ляцець над імі завірусе!..
О сувязь болю
Над зямлёй
Жывых
І мёртвых гэтым болем!..
Даруй, салдатка, што ніколі
Не цалаваў рукі тваёй.
Даруй мне за спакой і цішу
На твары нерушным тваім...
А сівер голле дрэў калыша
I з комінаў зрывае дым!
Жыццё ідзе — і трэба жыць.
I на памінках ц э лы вечар
Я буду нешта гаварыць
I буду каяцца у нечым.
А ранкам, горкі ад віна,
Пайду да свежага пагорка —
Перад сусветам і Дубоўкай
Сам вінаваты,
Як вайна.