Святкуем дзень сустрэч.
Удвух святкуем. Ціха.
Спявае ў хаце печ
Чырвонай салаўіхай.
З-пад чорнага крыла
Выпырсквае вуголле
Той песні, што прыйшла
Да нашага застолля.
Відаць, яна на раз.
Усё, чаму спявацца,
Згарае ў лепшы час -—
I нельга ўратавацца.
Дык што ж рабіць, стары?
Падкінем дроў бярэмя...
Няхай агонь гарыць
I кот на куфры дрэмле.
Не лічачы гадзін,
Давай змарнуем вечар,
I моўчкі пасядзім,
I вып'ем за сустрэчу.
Адну з усіх сустрэч,
Калі ў сусвеце ціха
I толькі ў хаце печ
Спявае салаўіхай...