Маці
Я народжана птушкай,
Але не ўмею лятаць.
Прачынаюся —і
Крылы
Заламаны за плечы,
I праз прыцемкі раніцы,
Нібы тонкія-тонкія свечы,
На вяршынях таполяў
Недасяжныя зоркі гараць.
Я выпростваю крылы,
Ахінаю калыску дзіцячую
I з надзеяй затоенай
Кармлю немаўля-птушаня,
I бясконца шчаслівая,
I бясконца крылатая, бачу я,
Як напружана б'ецца
Пад сэрцам яго
Вышыня.
Мне прасторна і ціха...
Як усё, што хацела,— было,
Як віхураю крылы мае
Не сякло, не ламала,
Як вяршыні таполяў
I зоркі кранала крыло...
I на ім — асцярожна —і
Птушаня я сваё калыхала.