Заходзь у мой дом, чалавек!
Знаёмы ці проста прахожы.
Не бойся мяне патрывожыць,
Заходзь у мой дом, чалавек.
Нараніцы, днём і ўначы,
Заходзь у хвіліну любую;
Як ёсць што сказаць — памяркуем,
Няма што сказаць — памаўчым.
Заходзь, чалавек, да мяне,
З бядою заходзь і турботай,
I проста, калі захлыне
Ў натоўпе людскім адзінота.
Заходзь, чалавек, у мой дом!
Мы нешта прыдумаем разам,
Быць добрымі — н аш абавязак,
Заходзь, чалавек, у мой дом.
Так в е рш я скляпаў. Неблагі...
Не горшы з усіх маіх вершаў.
Ды гэта, як кажуць, АКТ ПЕРШЫ.
А вось АКТ ДРУГІ.
Стук у дзверы.
— Хто там?
— Незнаёмы. Адчыніце...
— Хто вы?
— Незнаёмы.
— Што вам трэба?
— Мне ад вас?.. Нічога.
— Ну т а ды ідзіце сабе з богам.
— Як жа так... Някляеў вы?
— Някляеў.
— Ведаеце хто я?
— Не ўяўляю.
— Я чытач. Я верш у вас знайшоў,
Вы там напісалі:
Днём і ноччу,
Хто захоча і калі захоча,
Хай ідзе да вас.
Вось я прыйшоў.
— Кіньце жарты.
Ноч.
Не адчыню.
— То навошта верш вы напісалі?
— Вы вар'ят!
— Дык вы пажартаваді?
— Слухайце, я зараз пазваню,
Каб па вас з міліцыі прыслалі!
— Вось як... То бывайце... Я дарма
Кожнай кропцы ў вершы вашым верыў...
«Што ж рабіць?» Я адчыняю дзверы,
Толькі т ам нікога ўжо няма.
Мо здалося ўсё мне?
Я стаяў,
Думаў пра кароткую размову.
Нехта ж быў... I нехта майму слову
Верыць перастаў.