Памяці Сямёна Кірсанава
Паэт
Сядзеў з а столікам, курыў.
Сівыя валасы стаялі стрэшкай.
Кагосьці быў ён прывітаў з усмешкай.
Сядзеў...
Курыў...
Вітаў кагосьці... Быў...
Плылі, што поўні,
Да сталоў талеркі,
I цёк, як над вулканам,
Душны дым.
I людзі адбіваліся ў люстэрках —
Адзін...
Другі...
Адзін перад адным...
Паэт сядзеў з а столікам, курыў.
Пра нешта гаварыў, да слоў павінны.
А ў гэты час блакітныя дэльфіны
Плылі ў Басфорскі месячны праліў.
З-пад плаўнікоў
Да зор ляцелі пырскі,
I малаком кіпеў у хвалях след.
— Ты размаўляць умееш па-дэльфінску? —
Спытаў паэт...
Была ўжо ноч.
Па сцішанай Маскве
Плылі праз дождж дэльфінамі машыны.
Паэт хаваў запалку ў рукаве,
Шукаў манету і званіў жанчыне.
Над тэлефоннай будкай цвіў ліхтар,
Узмахваў клён намоклаю чупрынай.
А ў гэты час блакітныя дэльфіны
Плылі ужо праз сіні Гібралтар.
I недзе ля Астанкінскіх ставоў
Сярод садоў ужо канала лета...
Паэт званіў...—
На шэпт дэльфінскіх моў
Перакладаў жанчыне гул планеты.