* * *


Я нарадзіўся ў сорак шостым,

Пасляваенным першым годзе...

Ў шуфлядцы нашага стала,

Які мы дзелім разам з бацькам,

Ёсць скрыначка... У ёй, сярод

Медаляў, ордэнаў і зорак,

Ляжыць, загорнуты ў чырвоны,

Пацёрты досыць аксаміт,

Свінца кавалачак... Яго

Дасталі з цела майго бацькі,

З-пад сэрца самага дасталі

У сорак трэцім... Я не браў

Ніколі той свінец у рукі,

Бо ведаю, што прапячэ

Ён мне далоні! Не ўтрымаю

У руках тры смерці, тры адразу:

Смерць бацькі.

Смерць сваю.

Смерць брата.

Загрузка...