Густая вераснёўская раса.
Світання пошум над празрыстым садам...
Які ў душы спакой пад лістападам,
Якая невыказная краса!
Антонаўскія яблыкі ў траву
З галін цяжарных ападаюць глуха,
I светлы, нібы німб святога духа,
Асенні водар кружыць галаву...
Але, які ні доўгі гэты час,
Яго мне непазбежна не хапае.
I вось мяне жанчына сустракае,
I лістапад не закранае нас.
I я не разумею, што са мной.
Яна ў мяне ўглядаецца цнатліва:
— Ці ж гэта справядліва быць адной?..
— Вядома,— я кажу ,— несправядліва...
I рукі яе плачуць на плячах,
I валасы шапочуць збажыною...
I зноў я не згадаю, што са мною,
I толькі ўспамінаю па начах,
Як водарам кружыла галаву,
Як паступова росы халадалі,
Быў верасень, і глуха ападалі
Антонаўскія яблыкі ў траву.