* * *


Стыў сакавік.

Начамі снег трашчаў,

А ранкам плыў уверх дымок стракаты,

I, нібы звер, ад шэрані кудлаты,

Замерзлы звер —

Дуб у двары стаяў.

Асілак дуб.

Лічы, бадай мільён

Гадоў яму было па розных былях.

Дуб службу нёс:

Падводзіў вынік ён

Таму ўсяму, што мы за дзень рабілі.

Нязломны дуб.

Калі дарэмна быў

Пражыты дзень, у пустаце і тлуме,

Сукамі дуб па даху хаты біў

I прымушаў пра дзень наступны думаць.

Дзівосны дуб...

А сакавік суровеў,

I дзень сказаў:

— Такая, браце, рэч:

Дзівосныя ці простыя — ўсё дровы,

Цяпло даюць, калі пакласці ў печ...

Цяпер наш двор — пустэльная зямля,

Ды нечага і ў нас саміх не стала...

Так выйшла, што суровая зіма

Ў той год амаль да мая лютавала.

Загрузка...