Юрий Олеша стал бояться не лжи, а неприятностей.
Он пересматривал концепцию не потому, что она была ложной, но потому, что она становилась опасной.
Истина в эти годы как-то сразу перестала интересовать Юрия Олешу, если из-за нее могли быть неприятности. Такая истина была плохой, вредной и никому не нужной, с ней просто не стоило связываться.
А. Белинков
Глыбокую душэўную траўму нанёс «розум, гонар и сумленне эпохі» савецкаму народу і ў тым ліку навукоўцам. У іх з'явіліся спецыфічныя, «савецкія» рысы, якія саветолаг А. Аўтарханаў пералічвае ў сваёй працы «Імперыя Крамля»:
— абсалютная апатыя да духоўных пошукаў,
— атрафія ўсялякага грамадзянскага пачуцця і грамадзянскай годнасці,
— панічная прыхільнасць да страху перад начальствам,
— рабская пакора самым дзікім актам самавольства рэжыму,
— геніяльная палітычная крывадушнасць і мэтанакіраваная хлусня як сродак самазахавання,
— абагаўленне ўласных катаў як вялікіх мудрацоў, асуджэнне іхных ахвяраў як вылюдкаў роду чалавечага.
Гэтыя рысы нарадзілі масавую псіхалогію маўклівых рабоў [21]. Рабоў у жыцці, у палітыцы, навуцы, у тым ліку і ў гістарычнай навуцы.
Фальшывае разуменне самабытнасці расейскай навукі, якое адлюстроўвала сталінскія ўстаноўкі, спрычынялася да надта небяспечнага адрыву яе ад сусветнай навукі.
Ідэі марксізму набывалі дагматызаваныя формы. Асноўная бяда яго, паводле меркавання польскага тэарэтыка гісторыі Е. Тапольскага, у тым, што Маркс быў інтэрпрэтаваны па-пазітывісцку, у рамках канцэпцыі стадый гістарычнага развіцця. Ягоныя паслядоўнікі ўзялі з канцэпцыі Маркса толькі тое, што датычыла ідэалогіі. Але канцэпцыя Маркса глыбейшая за ідэалогію. Яна была глабальнай, бо амаль уся гістарыяграфія ХХ стагоддзя дапаўняла або карэктавала яе. Без Маркса не было філасофіі гісторыі ані нямецкага гісторыёсафа Макса Вэбэра, ані славутых французскіх тэарэтыкаў гістарычных ведаў Марка Блока і Люсьена Фэўра [22].
Але навуковая гісторыя, як было даведзена вышэй, не можа быць працягам ідэалогіі. Пераўтварэнне марксісцкай навукі ў дзяржаўную канцэпцыю было для яе згубным. У шматлікіх сацыялістычных краінах гэта прывяло да страты агульнай мовы з сусветнай гістарыяграфіяй. Да гістарычных ды іншых гуманітарных ведаў цалкам можна аднесці тое, што сказаў А. Камю пра літаратуру: «У краінах з таталітарным рэжымам літаратура гіне не толькі з прычыны, што яна адрэзана ад іншых літаратур. Кожны мастак, ад якога хаваюць рэальнасць ва ўсёй паўніні, становіцца калекам» [23].
Дагматызацыя марксізму вяла да таго, што ягоныя дагматызаваныя формы былі няздольнымі прадуктыўна ўздзейнічаць на творчую актыўнасць навукоўцаў, бо паралізавалі яе пагрозай адступлення ад прадпісанняў і заклінанняў «папоў марксісцкага прыходу» — партыйных функцыянераў, якія вызначалі, што пісаць і як пісаць.
Л. Гинзбург наконт гэтага піша: «В ХХ веке наука о поведении любила орудовать механизмами… В данном случае работает простой социальный механизм, хотя иногда и дающий довольно сложные психологические последствия. От гуманитарных деятельностей хотели отнюдь не их существа, но совсем другого. И соответственно поручали их людям, приспособленным к другому и полностью неспособным, а потому полностью равнодушным к выполняемому. Это непреложный закон, ибо способные непременно внесли бы в дело нежелательную заинтересованность по существу. Талант — это самоотверженность и упрямство. Так бездарность стала фактом огромного, принципиального общественного значения.
Но тут начинается драма этих людей и, уж конечно, тех, кто попадется им на дороге. Самодовольство — чаще всего только оболочка. Усилия удержаться (чтобы не заменили случайно умеющими) — это непрерывное зло и обман, от больших преступлений до малых бессовестностей.
Но механизм применения неподходящих втягивает всех — обыкновенных людей, хороших людей, к какому-то делу способных. Он прежде всего умерщвляет в них волю к продуктивному труду, тем самым и совесть. Как знать, может быть, бездарные молодые поэты могли бы стать настоящими рабочими, инженерами, летчиками, моряками» [24].
На працягу дзесяцігоддзяў адбывалася зрастанне афіцыйных гісторыкаў з апаратам партыйна-бюракратычнага кантролю і задушэння. Служба ў гэтым апараце адкрывала шлях да акадэмічных званняў і высокіх пасадаў з усімі прывілеямі, якія звычайна грамадства дае тым, хто ўзбагаціў навуку выдатнымі адкрыццямі. З апалагетаў бальшавізму складваліся аддзяленні грамадскіх навук акадэмій навук.
Так, сакратар ЦК КПБ Ц. Гарбуноў быў прызначаны акадэмікам і нават акадэмікам-сакратаром аддзялення грамадскіх навук Акадэміі навук БССР. Да пераходу ў Інстытут гісторыі АН БССР загадваў ідэалагічным аддзелам ЦК КПБ К. Шабуня, які быў абраны членам-карэспандэнтам акадэміі. Інстытут гісторыі камуністычнай партыі Беларусі ўвесь час быў па сутнасці аддзелам ці філіялам аддзела ЦК КПБ.
Сярод членаў Акадэміі навук СССР апынуліся спачатку начальнік Упраўлення агітацыі і прапаганды ЦК ВКП(б) Г. Аляксандраў, потым ягоныя намеснікі М. Іаўчук (які ў канцы 40-х гадоў быў другім сакратаром ЦК КПБ) і П. М. Федасееў. Іхнае членства ў акадэміі было нечаканасцю. Ні адзін, ні другі намеснік навуковымі працамі не праславіліся. Пасля персанальных непрыемнасцяў Г. Аляксандрава накіравалі ў ганаровую ссылку — прафесарам філасофіі Беларускага ўніверсітэта. Аднойчы, дзеля цікавасці, я хадзіў на адну з ягоных лекцый. Эрудыцыяй і красамоўствам, як я памятаю, лектар не вызначаўся.
Традыцыя фармавання корпуса акадэмікаў філосафаў і гісторыкаў з ліку партыйных функцыянераў была прадоўжаная і ў апошнія гады. Узнікла кагорта дзеячоў, якія, запоўніўшы мноства кафедраў і ўстановаў, стварылі службу ідэалагічнай паліцыі, закліканую выконваць прадпісанні кіраўнікоў камуністычнай партыі.
Псіхолаг М. Ярашэўскі адзначае, што ў навуковай псіхалогіі выпрацавалася паняцце пра «мысленне комплексамі» як пра адну з прымітыўных формаў разумовай дзейнасці. Рэгрэсіяй да гэтай формы адзначаныя развагі ўдзельнікаў псеўданавуковых дыскусій сталінскага перыяду і наступных уяўна дэсталінізатарскага перыяду Хрушчова і рэсталінізатарскага перыяду Суслава.
У гэтай форме разумовай дзейнасці ў комплексе зліваюцца ў дыфузнае эмацыйна афарбаванае цэлае прыкметы, сувязь якіх пазбаўлена рацыянальна прадуманай асновы.
Такімі комплексамі былі прасякнутыя і пісьмовыя тэксты, і вусныя выступы гісторыкаў таталітарнай эпохі. Комплекс гэты складваўся з ланцужка: навуковая канцэпцыя — філасофская падкладка — ідэалагічны сэнс — простая палітычная накіраванасць. Адны комплексы ацэньваліся як шкодныя, іншыя неслі знак бязгрэшнасці і добранадзейнасці [25].
У кнізе В. Шчарбакова «Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі» (Менск, 1932) і ў працах ідэйных паслядоўнікаў Шчарбакова — І. Лочмеля «Очерки истории борьбы белорусского народа против польских панов» (М., 1940), К. Шабуні «Тэзісы аб асноўных пытаннях гісторыі БССР» (Бальшавік Беларусі. 1948. № 8. С. 36–72), Л. Абэцэдарскага, Н. Каменскай, І. Ігнаценкі, У. Міхнюка ды іншых — знак шкоды навешваўся на «нацыяналістычную» гістарыяграфію, а «знак якасці» — на марксісцка-ленінскае вучэнне. Пры гэтым парадаксальна, што тыя, хто называў сябе гісторыкамі-марксістамі, катэгарычна адпрэчвалі шматлікія прынцыповыя працы К. Маркса, Ф. Энгельса, У. Леніна з упамінаннем гісторыі Беларусі і гісторыі нацыянальнага пытання, якія беспасярэдне датычылі гісторыі царскай Расеі і пакарэння ёю іншых народаў.
Цікава было б раней выдаць падборку гэтых працаў Маркса, Энгельса, Леніна ці вытрымак з іх пад назовам «Беларуская марксіяна-ленініяна» (накшталт «Бразільскай бахіяны» Э. Віла-Лобаса). Але сёння такая задумка здаецца ўжо неактуальнай.
Мысленне комплексамі спалучалася з вобразам ворага. Галоўным жа ворагам для гісторыкаў ды іншых байцоў (а дакладней, стралкоў) ідэалагічнага фронту ў Беларусі быў беларускі нацыяналізм.
Гісторыкаў Беларусі прызвычаілі да таго, што калі яны набралі пэўную колькасць фактаў і далі ім абагульненне («обобщение»), дык гэта і ёсць сапраўдная навука. Але ніхто з іх не звярнуў увагі на адсутнасць тэорыі і методыкі гістарыяграфічнага (у тым ліку крыніцазнаўчага) даследвання. А без яго немагчымы якасны рух наперад. Пакаленні гісторыкаў выхоўваліся без абавязковай для іх веды тэорыі і методыкі прафесійнай працы.
І гэта нягледзячы на тое, што заснавальнік вышэйшай гістарычнай адукацыі ў Беларусі У. Пічэта ў 20-х гадах, як значна пазней ягоны вучань М. Улашчык у 70-х гадах, распрацоўвае пытанні апісальнага крыніцазнаўства і гістарыяграфіі! Праўду кажучы, А. Ігнаценка (1965) у Беларускім універсітэце працягнуў працу У. Пічэты, але ў ягоным дапаможніку па крыніцазнаўстве і гістарыяграфіі, на жаль, няма сучаснай класіфікацыі крыніц, а з гістарычных працаў адвольна адабраныя толькі асобныя працы на расейскай і беларускай мовах, што не дало магчымасці аўтару адлюстраваць хоць бы на прыкладах усё багацце і разнастайнасць гістарыяграфіі Беларусі.
Галоўнаю ўмоваю і адначасова асноўным механізмам рэпрэсаванай навукі і навукоўцаў было адзяржаўленне і падпарадкаванне навукі дыктату акадэмій, у нашым выпадку Акадэміі навук БССР. Галоўнай зброяй дзяржаўнага кантролю была ўсеабдымная ідэалагізацыя і палітызацыя навукі. Галоўнай задачай рэпрэсаванай навукі было прывядзенне навуковай супольнасці да адзінадумства. Пры гэтым выкарыстоўваліся: кантроль над тэматыкай навуковых даследванняў і планаванне навукова-даследчай работы, потым знішчэнне шляхоў распаўсюджвання «іншай думкі» — «вертыкальных», г. зн. змена праграмаў выкладання ў ВНУ і планаў падрыхтоўкі аспірантаў, «гарызантальных», г. зн. змена складу рэдкалегій часопісаў і выдавецтваў. І нарэшце, звальненне супрацоўнікаў і закрыццё (рэарганізацыя) навуковых установаў.
Выкарыстоўваўся фетышызаваны аўтарытэт «карыфея навукі» ў якасці аднаго з асноўных відаў зброі задушэння. Характэрным было змяненне зместу аргументаў, якія ўжывалі для «навуковай» крытыкі іншадумцаў. Спасылка на «скажэнне ідэяў заснавальніка», застаючыся па форме апеляцыяй да «класіка», па сутнасці пераўтваралася ў апеляцыю да «гарадавога» — данос аб палітычнай нядобранадзейнасці.
Адстойванне ідэяў «карыфея» набывала не навуковы, а палітычны характар. Пры гэтым не выконвалася правіла «Не капай іншаму яму, сам трапіш у яе». Навуковец, які пераступаў цераз нормы навуковай і агульначалавечай этыкі, не быў застрахаваны ад таго, што ў дачыненні да яго гэтыя нормы таксама не будуць захоўвацца.
Так склаўся таталітарны ленінскі, сталінскі і паслясталінскі спосаб кіравання ўсімі грамадскімі працэсамі, які стаў праекцыяй стэрэатыпу, што вызначаў кожныя іншыя палітычныя рашэнні таталітарнай эпохі. Вынікам гэтага стала глабальная дэфармацыя маральных асноваў навуковай супольнасці.
Вернемся да трапных характарыстык Л. Гінзбург, якая магла назіраць гэтакае становішча ў Ленінградзе:
«Люди большого напора, направленные вовне (экстраверты), направленные на овладение и властвование, неотвратимо влеклись в стан побеждающих. Тщеславие, честолюбие, потребность в комфорте, разные другие свойства определяли градации поведения. Решающим определителем была также бездарность, потому что бездарность порождала безоглядность. Только талантливые люди могли крутиться так, чтобы сквозь формулу у них просвечивала какая-то суть. Крутились вокруг нее, во всяком случае, все пытавшиеся осуществиться. Это было первичным условием, а градацию можно было выбрать. Очень важно. Градация определяла ценность осуществляемого и цену вознаграждения — от жирного пирога до пайка нищеты» [26].
Як лічыць гісторык навукі М. Крамянцоў, шырока распаўсюджаны міф аб правядзенні рэпрэсій выключна па ўказцы «зверху» павінны быць адкінуты [27]. Указанні і ўхваленні цэнтральным апаратам часта спадарожнічалі, а не папярэднічалі ініцыятыве «знізу».
Маштабныя рэпрэсіі, як і ўсе іншыя сацыяльна значныя захады, заўсёды абапіраюцца на інтарэсы пэўнай дастаткова шырокай групы асобаў, а часта і натхняюцца ёю. Пры гэтым кожны ўдзельнік рэпрэсіўных падзеяў, як правіла, дбае пра ўласную, часта вельмі карыслівую мэту (пасада, званне, прэмія і г.д.)[7].
Замест навуковых школаў узнікалі кланы. Рабілася гэта пры падтрымцы партыйнага апарату. Захоплівалася адміністрацыйная ўлада ў навуковых установах. Напрыклад, на пасадах дырэктараў інстытутаў гісторыі Акадэміі навук БССР і гісторыі КПБ мяняліся жонка намесніка старшыні Савета Міністраў БССР і былы гарадскі пракурор у 1948–1950 гадах (а потым сакратар гаркама партыі ў 1958–1960 гадах)[8].
«Рэспубліка навукоўцаў» ператваралася ў феадальна-бюракратычную структуру з няспыннымі звадкамі, інтрыгамі, барацьбою за лепшае месца ў навуковай герархіі, за званне члена-карэспандэнта ці акадэміка.
Калі б дыскутавалі па прынцыповых пытаннях, то гэта можна было б зразумець, але проста сварыліся, нібыта на камунальнай кухні — з палітычнымі абвінавачваннямі, абавязковымі скаргамі ў ЦК КПБ і ў іншыя камітэты.
З'явілася процьма кандыдатаў і дактароў гістарычных навук, якія абаранілі дысертацыі па такіх, напрыклад, тэмах, як «Укрепление и развитие совхозов. Из опыта Компартии Белоруссии по руководству совхозным строительством», «Партийные организации села. Направления, формы и методы работы», «Движущая сила коммунистического строительства», «Социалистическое соревнование ИТР и служащих», «Демократические принципы и общественные начала в работе Советов. На материалах Белоруссии (1961–1984 гг.)», «Повышение роли первичных организаций партии. На материалах Компартии Белоруссии», «Действенность партийного контроля. Из опыта работы Компартии Белоруссии» і г. д. [28]
І вось за такія рытуальныя заклінанні, нібыта пры скоках вакол шаманскага вогнішча, даваліся навуковыя ступені. Першым жа, хто ў Беларусі асудзіў гэта, быў не гісторык. Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч разглядзеў кнігу У. Міхнюка і П. Петрыкава «Историческая наука Белорусской ССР: 80-е годы» і знайшоў там, што «крупные актуальные проблемы истории Советской Белоруссии и Компартии республики после XXVI съезда КПСС исследованы в 13 докторских диссертациях» [29].
Галоўную бяду гэтых дысертацый Н. Гілевіч убачыў у спекулятыўным падыходзе, «які ёсць не што іншае, як прафанацыя гістарычнай навукі…» Бо тэмы такіх дысертацый, якія, як правіла, выдаваліся ў выглядзе манаграфій, былі, паводле ягонага меркавання, «звычайнымі тэмамі звычайных рабочых дакладаў на паседжанні гарсавета ці, можа, нават і Саўміна… Але — прычым жа тут навука гісторыя?.. Ну, гэта ўжо як хто разумее. «Отметим, — чытаеш далей (піша Н. Гілевіч, цытуючы згаданую вышэй кнігу «Историческая наука Белорусской ССР»), — что эти труды в полном соответствии с требованиями ВАК СССР являются самостоятельными исследованиями, в которых осуществлено теоретическое обобщение и решение крупных проблем исторической науки». Так што — ніякіх жартаў».
Горкую выснову зрабіў Н. Гілевіч з гэтага: «Такія пісаліся даследванні, такія рыхтаваліся кадры вучоных. На вачах усяго грамадства, на ўзроўні здзеку не толькі з навукі, але і з усякага здаровага сэнсу, ішла прафанацыя навуковай дзейнасці» [30].
Сорамна за сябе, за іншых гісторыкаў, якія не страцілі прафесійнага сумлення, за тое, што мы не адважыліся сказаць гэтакае[9], сказаць, што кароль голы. Не сказалі дзеля боязі. І апраўданнем ня можа быць тое, што мы рабілі так, як казаў некаторым з нас старэйшы сябар Аляксей Анішчык, які паспытаў сталінскага лагера. Ён казаў, што не трэба чапаць таго, чаго не патрэбна, а трэба рабіць сваю нефантомную навуку, простую, будзённую, чорную, неўдзячную працу — падмурак для адраджэння гуманітарнай навукі і культуры, якую можа рабіць той, хто пазбегне размолу ў шасцярэньках таталітарнай рэпрэсіўнай машыны.
Дарэчы, і легенду пра Стахора Мітковіча як нібыта правадыра класавай барацьбы магілеўскіх месцічаў першым зняпраўдзіў не гісторык, а пісьменнік Максім Лужанін.
Акадэмік Ю. Рыжоў сказаў, што «на працягу дзесяцігоддзяў мы мелі (і ў значнай частцы маем сёння) безынтэлектульнае, паўпісьменнае кіраўніцтва з комплексам непаўнавартасці — і таму з пагардаю да інтэлекту. Інтэлект не запатрабуецца кіраўніцтвам, а ўслед і грамадствам» [31].
Тое, што замест дыскусіі, як неадлучнай ад вытворчасці ведаў формы творчых дачыненняў, навуковую супольнасць запаланілі псеўдадыскусіі — судзілішчы для расправы з іншадумцамі, спусташала кадравы патэнцыял навукі, тармазіла яе прагрэс, разбэшчвала маладыя розумы. Жудасную шкоду зрабілі не толькі тэорыі і методыцы гістарычнай навукі, але і педагагічнай практыцы. Таму гісторыя Беларусі была бязмежна засацыялагізаваная, падпарадкаваная шматслоўным апрыёрным схемам, пры якіх рэальныя факты знікалі за сфальшываным, але быццам раз назаўсёды пастаўленым фасадам. Гэтым былі зведзеныя на нішто тыя кнігі з гісторыі Беларусі, у якіх рабіліся спробы разгледзець мінулае рознабакова, бо іхных аўтараў абвінавачвалі ў «нацдэмаўшчыне» ці «нацыяналістычных ухілах».
Дэфармаванымі сталіся ўсе прынцыпы нармальнай дзейнасці навуковай супольнасці. Яна ж здольная паспяхова функцыянаваць толькі пры перадачы ад пакалення да пакалення непарушных каштоўнасцяў, якія ствараюць каранёвую сістэму навуковай творчасці. У склад гэтых каштоўнасцяў уваходзяць незалежнасць ад ідэалагічных стэрэатыпаў, пошук ісціны, «дыялагізм» як гутарка розумаў, якія не атручаныя бояззю ўлады (у супрацьлегласць «маналагізму» — дыктату аднаго «голасу» і ягоных падпявалаў).
Можна пагадзіцца з гісторыкам навукі Э. І. Калчынскім, які сцвярджае, што:
• недапушчальная манапалізацыя якой-небудзь адзінай філасофскай сістэмы,
• навука павінна быць свабодная ад адміністрацыйных метадаў кіравання,
• навука адзіная, яна не дзеліцца па класах, краінах ці нацыянальнасцях,
• усялякая спроба надаць дыскусіі палітычны характар сведчыць пра слабасць навуковай аргументацыі,
• актыўная прапаганда практычнай значнасці сваіх даследванняў, як правіла, зыходзіць ад тых, хто не мае тэарэтычных і фактычных доказаў сваіх пабудоваў,
• значнасць той ці іншай навуковай канцэпцыі даказваецца не ў нутраных дыскусіях, а ў шырокай апрабацыі яе на сусветным рынку навуковых ідэяў і канцэпцый [32].
А як жа зараз быць тым, хто вылучыўся ў гістарычнай навуцы Беларусі ў выніку трывалага яе рэпрэсавання, усплыў на паверхню афіцыйнага навуковага істэблішмэнту па заслугах не ў даследчай працы (маецца на ўвазе сапраўдная даследніцкая праца свабоднага мыслення) — як жа ім зараз даводзіцца?
Аб іх можна сказаць тымі словамі, якімі Аркадзь Белінкоў яшчэ ў 1969–1971 гадах сказаў пра Юрыя Алешу, што той «атрымаў апраменьванне хуткабежнымі канцэпцыямі, якія яшчэ за пяць хвілін да сваёй пагібелі лічыліся вечнымі, непарушнымі, напахіснымі, бясспрэчнымі.
Калі б ён ведаў, што на свеце ўсё так хутка змяняецца!
Я ўпэўнены, што калі б ён (і не адзін ён!) гэта ведаў, то ніколі б так не рабіў. Але ці ж людзі здольныя прадбачыць, каго заўтра будуць хваліць, каго ганіць»? [33]
Здаецца, што памянёных гісторыкаў можна толькі пашкадаваць за зроблены імі выбар між дабром і ліхам. І раней іхная навуковая творчасць мела попыт не ў шырокага чытача, а ў ідэалагічных супрацоўнікаў ЦК КПБ. Канкрэтныя чытачы, бадай, і не цікавілі аўтараў, якія стваралі дысертацыі і кнігі, поўныя маны. Ці не пра гэта пісала Л. Гінзбург: «В психологическом выражении — жизнь на два душевных дома, и переживается она не как дурное — лицемерие, обман, а как своего рода правила игры в двух разных играх. Когда-то, помню, это поразило меня при общении с молодыми писателями 30-х годов (мы были воспитаны иначе). Они же вовсе не чувствовали себя обманщиками. Они просто знали, что литература — это такая область, вступая в которую, нужно врать. Это было свойством, профессиональной принадлежностью данного рода деятельности. Позднее появилась теория, что в официальной сфере моральные нормы заранее сняты (такое условие), а для частной жизни они остаются. Теория эта должна была помочь жить и выжить.
Не помогла» [34].
Зусім не дзіўна, што гэтыя гісторыкі не зважалі на крытыку на іхны адрас са старонак «ЛіМа», «Полымя», «Советского славяноведения», кнігі «З гісторыяй на «Вы». (Яны трывала сядзяць на сваіх пасадах. І будуць трымацца, пакуль існуе стары апарат улады.) Бо калі б яны паспрабавалі нешта абгрунтавана адказаць (падкрэсліваю — абгрунтавана, зыходзячы з аналізу, а не падбору крыніц, не на загадзя зададзеных умовах), то адразу адкрылася б іхная прафесійная непадрыхтаванасць, некарэктныя спасылкі на тыя даследванні, што ляжаць у аснове іхных поглядаў, ці ў лепшым выпадку адзінкавых і штучна адабраных і старанна прэпараваных цытат з адзінкавых крыніцаў, інфармацыя якіх не адпавядае інфармацыі комплексаў іншых крыніцаў.
Можна прадбачыць і проста перакручванне фактаў (дарэчы, даволі традыцыйнае для камуністычнае прапаганды), прыпісванне апанентам таго, чаго яны не казалі, і іншыя элементы з набору сафістычных «аргументаў».
Дарэчы тут працытаваць словы статыстыка Ф. Гальтана, якія прыводзіць Піцірым Сарокін: «Наша раса застаецца сутнасна рабскай. Паводле сваёй прыроды мы схільныя слепа верыць у тое, што любім, а не ў тое, што найбольш ісціннае. Прыпадабняючыся дзікунам, якія ўжываюць зброю, калі місіянер разбівае іхныя фетышы, мы абураемся, калі іншыя даследуюць нашых ідалаў і беспакарана крытыкуюць іх. Шчаслівыя тыя, хто з дзяцінства прывучаецца да думкі, што навуковае даследванне можа быць абсалютна свабодным, не будучы непачцівым, што павага да ісціны ёсць бацькам свабодных доследаў, а фальсіфікацыя ісціны — найвялікшы смяротны грэх».
Да гэтага П. Сарокін дадаў: «Па шляху гэтай фальсіфікацыі мы далёка зайшлі за гэтыя гады (1917–1922 гг. — В. Г.). Канчатковая ліквідацыя прыватных выдавецтваў — толькі далейшы крок у тым жа кірунку» [35].
Як падлічыў гісторык І. Шаўчук, у 1991 годзе ў Беларусі ў галіне гісторыі працавала больш за 1200 асобаў. Сярод іх 80 дактароў і 600 кандыдатаў навук. Блізу 90 % дысертацый (а ў 1961–1987 гг. іх абаранілі 662 чалавекі) прысвечаныя савецкаму перыяду гісторыі Беларусі. Болей за 58 % іх — гістарычна-партыйнай тэматыкі. Да таго ж цікава, што ў 70-х гадах 37 % дысертацый разглядалі пытанні 7-8-й пяцігодак, каля 40 % — розныя аспекты 7-8-й пяцігодак развіцця народнай гаспадаркі. З агульнай колькасці гісторыкаў рэспублікі гісторыкі КПСС колькасна пераважалі [36].
Ніхто не збіраецца цкаваць гэтых гісторыкаў нібыта «вядзьмарак». Але дзеля справядлівасці варта адзначыць, што «вядзьмарка» — гэта прывід, фантом у галаве пераследніка. Паляўнічы на «вядзьмарак» мучыў нявінных. А ці ж можна назваць фантомам ці прывідам камуністычную ідэалогію? [37]
Пазбаўленыя неабходнасці канкураваць са сваімі апанентамі па прыкмеце ведаў і кампетэнтнасці, па вастрыні розуму і хуткасці рэагавання, па ўменні наладжваць зваротную сувязь з чытачамі і слухачамі і адчуваць іхныя жаданні, гэтакія гісторыкі былі па-за натуральным адборам. Таму яны, бадай, не канкурэнтаздольныя параўнальна з тымі, хто ўвесь час дасканаліў свае веды.
Відаць, нікому з гэтых гісторыкаў не сорамна за свае пісанні. Пачуцці віны і індывідуальнай адказнасці за тое, што яны рабілі, не выказваюцца публічна. Гэта ў той час, калі існуе рэальная адказнасць кожнага чалавека і калі ніякай адказнасці, апроч персанальнай, у грамадстве не існуе.
Больш за тое, некаторыя з ліку тых, хто ў мінулыя часы вадзіў рэй, спрабуюць рабіць выгляд, што вінаватыя не яны, а іншыя, што яны, не пакаяўшыся, ужо «перабудаваліся».
Мяркую, што варта прыгадаць цікавы пасаж былога дэкана гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесара Пятра Шупляка:
«Хацелася б сказаць, што наўрад ці патрэбна цалкам адкідваць педагагічны і навуковы вопыт прафесара Л. С. Абэцэдарскага, легкадумна распаўсюджваць, карыстаючыся палітычнымі абставінамі, абразлівы выраз «абэцэдаршчына». Для таго каб выказаць тую сутнасць, якую падразумяваюць аўтары гэтага выразу, можна было б знайсці і іншыя прозвішчы (цікава, якія? — В. Г.). Між тым Л. С. Абэцэдарскі многа зрабіў для развіцця гістарычнага факультэта. Менавіта, дзякуючы яго намаганням была створана асобная кафедра беларускай гісторыі.
Не варта цяпер, у спрыяльных для нас умовах адназначна негатыўна ацэньваць тых нашых калег, якія самааддана працавалі на гістарычнай ніве, але не маглі, былі не ў стане процістаяць жорсткаму партыйна-дзяржаўнаму дыктату. Большасць з іх, будучы гісторыкамі па прызванню і сумленню, калі і не выступалі адкрыта, супраць гэтага дыктату, то лічылі за лепшае жыць і працаваць паводле прынцыпу так званай эміграцыі. У аўдыторыях яны перадавалі студэнтам сваё разуменне прынцыпу гуманізму і гістарызму, тым самым стваралі ўмовы для размякчэння антыгуманнага па сваёй сутнасці ладу і яго ідэалогіі, заснаванай у значнай ступені на скажэнні і фальсіфікацыі гісторыі. Яны падрыхтавалі новае пакаленне гісторыкаў, якія абапіраюцца на атрыманую сістэматычную гістарычную адукацыю, на ўспрынятае ад многіх выкладчыкаў і навукоўцаў імкненне да гістарычнага пошуку, на сваё сумленне і свядомасць. Сёння гэтае пакаленне ўзяло на сябе цяжкую працу па стварэнню сапраўды нацыянальнай гістарычнай адукацыі і навукі» [38].
Сапраўды, у перамогі сотня бацькоў, толькі параза — сірата[10]. Цікава, якое разуменне ды якога гуманізму перадавалі выкладчыкі гісторыі савецкага перыяду, калі распавядалі пра падзеі грамадзянскай вайны, пра Слуцкі збройны чын, пра Беларускую Народную Рэспубліку, пра рэпрэсіі бальшавізму ўвогуле, пра замежную палітыку Савецкага Саюза і шмат пра што яшчэ?
А як лёгка мець заслугі — заснуй для сябе кафедру і ты ўжо апраўданы…
На маю думку, патрэбная верыфікацыя, гэта значыць пацверджанне кампетэнтнымі камісіямі адпаведнасці навуковых ступеняў і званняў гісторыкаў (а таксама іншых навукоўцаў гуманітарных навук) з улікам раскрыцця тэмаў іхных дысертацый ды іншых навуковых працаў і адпаведнасці іх роўню навукі, а не камуністычнай прапаганды[11]. Камісію добра было б стварыць з тых навукоўцаў, якія не паквапіліся на танны хлеб няпраўды. Гэта іхныя працы не прымалі выдавецтвы ці прымалі з цяжкасцямі, а выдавалі з купюрамі. Яны чыталіся і чытаюцца дасюль, не страціўшы сваёй вартасці пры крутой змене палітычнага курсу.
Вядома, што былыя супрацоўнікі кафедраў гісторыі КПСС, марксісцка-ленінскай філасофіі і эстэтыкі: палітэканоміі і навуковага камунізму, асноваў навуковага атэізму — дысцыплін, што не маюць аналагаў у цывілізаваных краінах, — пільна шукалі і, што самае небяспечнае, знайшлі месцы ў сістэме выкладання гісторыі і філасофіі ў беларускіх ВНУ. Нават былы сакратар ЦК КП РСФСР з навуковай ступенню І. І. Антановіч «упрыгожвае» кафедру адное з ВНУ[12]. Такія спецыялісты ўжо прычынілі вялікую шкоду маральнаму і разумоваму развіццю студэнтаў, прывучаючы іх да беспрынцыповасці, двудушнасці, дагматычнага мыслення, а таксама выконваючы функцыі ідэалагічнай паліцыі. Калі даць ім магчымасць працягваць выкладаць у ВНУ ці займацца навуковай працай на дзяржаўных пасадах, дык на справе аднаўлення гістарычнай навукі Беларусі адразу можна ставіць крыж.