СПРОБЫ ПЕРААДОЛЕННЯ МІФАЎ

Пераадольваць міфы цяжка і складана. Больш за тое, гэта вельмі няўдзячная справа. С. Гжыбоўскі прыводзіць наступны прыклад. Ён даведаўся ад аднаго гісторыка, што той, вывучаючы біяграфію Яна Кіліньскага, паплечніка Касцюшкі ў збройным чыне 1794 года, а потым удзельніка змовы братоў Цяцерскіх у Вільні супраць расейскіх акупантаў (1797) [77], знайшоў у архіве справаздачу прадпрыемства, якое той трымаў. У прадпрыемстве былі занятыя толькі жанчыны маладога ўзросту. Гісторык зразумеў, што гэта быў «вясёлы дом», які трымаў герой паўстання, і ўстрымаўся ад апісання гэтага факта біяграфіі Кіліньскага. Нават калі гэта анекдот, то ён варты таго, каб мець яго на ўвазе. На нашу думку, і пра такое трэба пісаць, не баючыся дэміфалагізацыі герояў.

Дэміфалагізацыя Жанны д'Арк[17], Рычарда III Ангельскага[18], Рышэлье[19], Пятра I, Леніна, Троцкага, Сталіна вельмі складаная, а іншым разам практычна немагчымая (як у прыкладах Марыі Ст'юарт[20] або дона Карласа Габсбурга[21], якіх занадта ідэалізавалі).

Пераадоленне міфаў вымагае пераказу грамадству як мага больш поўных ведаў пра мінулае. Мы мусім бачыць гістарычную рэчаіснасць такой, якой яна была, а не такой, якой «павінна» быць. Нельга засяроджваць увагу толькі на адным — станоўчым або адмоўным — баку гістарычных з'яваў. Трэба асвятляць іх усебакова, спосабам, што адпавядае патрабаванням прафесійнай навукі, а не прыстасаванню да сучасных палітычных мэтаў той ці іншай палітычнай партыі ці грамадскага руху.

Існуюць гіпотэзы пра тое, што схільнасць паддавацца гатовым узорам грамадскіх паводзін адваротна прапарцыйная роўню ведаў і грамадскага досведу чалавека. Аднак жа міфы і стэрэатыпы грамадства перадае чалавеку стыхійна або ў выглядзе гатовай свядомай перадачы, якая натхняецца адпаведнымі цэнтрамі, напрыклад цэнтрамі ідэйна-выхаваўчага ўздзеяння, што звязваюць пэўныя падзеі з трываласцю гэтых міфаў і стэрэатыпаў.

На падставе даследванняў фармавання грамадскімі рухамі таталітарнага і аўтарытарнага характару асобнага чалавека (якія пачалі ў свой час Г. Олпарт і Т. Адорна) можна сцвярджаць, што існуюць людзі, асабліва здольныя да пераймання і пераказу міфаў. Звязана гэта з існаваннем у іх пачуцця пагрозы, адчужэння, адасаблення, патрэбы бяспекі і аўтарытэту. Людзі з такім характарам «аўтарытарнай», замкнёнай асобы больш падрыхтаваныя да прыняцця гатовых узораў мыслення, паводзін, захавання, чым асобы з адкрытай, дэмакратычнай пазіцыяй. Яны праяўляюць большую схільнасць да абвостраных супрацьстаўленняў і схематычнага стылю мыслення, а таксама да нецярпімага стаўлення да іншых вартасцяў і іх прыхільнікаў.

Аднак недахоп шырокіх эмпірычных даследванняў перашкаджае акрэсліць псіхічныя якасці асобы і грамадскай групы, якія спрыяюць працэсу міфалагізацыі гістарычнай сведамасці. Зрэшты, іх па-рознаму тлумачаць асобныя школы і псіхалагічна-сацыялагічныя тэорыі. У самых гістарычных і паліталагічных даследваннях сведамасці адзінкі і грамадскай групы слаба ўлічваецца праблема ірацыянальных матывацыяў палітычных паводзін і захавання.

З'яве міфалагізацыі гістарычнай сведамасці напэўна спрыяюць адзінкі і грамадскія групы, слаба інфармаваныя пра становішча мінулай і сучаснай рэчаіснасці і з недастатковым грамадскім досведам. Гэта цесна звязана з псіхічнымі працэсамі забывання, фантазій, дэфармацыі памяці. Міфалагізацыі спрыяюць пэўныя асабістыя якасці чалавека, якія праяўляюцца ў схематычным стаўленні да грамадскай рэчаіснасці, варожасці ў дачыненні да іншых вартасцяў і перакананняў, у моцна ідэйна матываваных пазіцыях і захаванні і г. д.

Таму вызваленне гістарычнай і палітычнай сведамасці жыхароў Беларусі — надта цяжкая задача, развязанне якой залежыць не толькі ад гісторыкаў і папулярызатараў гістарычных ведаў, але, не ў апошнюю чаргу, ад самога грамадства.

Менавіта грамадству патрабуецца перабудова псіхікі і змена найбольш закасцянелых формаў мыслення і дзеяння. Найперш трэба звярнуць увагу на тое, што ў розумы беларусаў на працягу дзесяцігоддзяў мэтанакіравана ўкараняліся русіфікатарскія міфы гісторыі. Не менш намаганняў зроблена з мэтай падпарадкавання камуністычнай дактрыне і яе трывалым міфам. У далейшай дэміфалагізацыі гісторыі ўсё гэта варта ўлічваць.

У нашыя часы стаўленне да міфа мяняецца. Гэтаму спрыялі працы М. Эліядэ. Ён пісаў: «Трэба разумець, што ХIХ стагоддзе не магло ўспрыняць сімвал-міф і вобраз як факты духоўнага жыцця, якія можна хаваць, скажаць, змяняць, але якія немагчыма знішчыць». Міфы выраджаюцца, сімвалы становяцца свецкімі, але яны ніколі не сыходзяць на нішто нават у такім рацыяналістычным часе, якім было мінулае стагоддзе. Сімвалы і міфы ўваходзяць карэннем у глыбокую старажытнасць. Яны складаюць частку людскога існавання. Няма такой сферы жыцця, дзе б яны не сустракаліся.

Пераканаць у няслушнасці міфаў, стэрэатыпаў, легендаў можна толькі таго, хто падрыхтаваны быць перакананым. Калі ён не гатовы, калі нешта ў ім супраціўляецца, то з ім нічога не зробіш. Ён заўсёды знойдзе прынцып, каб апраўдаць свае жарсці.

Калі настойліва паказваць усю агіднасць, усю брыдоту, да якіх вядзе, напрыклад, фашызм — карычневы, чырвоны, чорны (тыпу клерыкальнага фундаменталізму), пэўная частка тых, хто вагаецца, адыдзе ад яго. Але немагчыма пераадолець псіхалагічны закон: вобраз ворага, які прапануюць чалавеку прыхільнікі фашызму, зняншае страх безасабовага, туманнага ліха, пачуцця бездані, у якую ўсё ляціць. Я згодны з Рыгорам Памяранцам, які піша, што да той пары, пакуль чалавек адчувае боязь пераменаў, боязь невядомага, боязь бяздоння, пакуль чалавек не знайшоў апірышча ў самім сябе, — масавая істэрыка, давер да міфаў, стэрэатыпаў, легендаў непазбежны [78].

І ўсё ж чалавек не можа існаваць нідзе больш, як толькі ў свеце, у якім існуе гісторыя. Ён па натуры гістарычная істота. Мы ўсе «асуджаныя» на гісторыю. Таму павінны дбаць пра тое, каб свет нашых гістарычных уяўленняў быў складзены з як мага найлепшага матэрыялу, а не з міфаў сумнеўнага характару.

Загрузка...