СПОСАБЫ НАВУКОВАГА ГІСТАРЫЧНАГА МЫСЛЕННЯ

Сярод задач навучання гісторыі ў школе найбольш важным мне ўяўляецца прышчапленне моладзі асноваў навуковага гістарычнага мыслення. Хочацца падкрэсліць важнасць у гэтым менавіта навуковага мыслення, бо ёсць і іншыя формы гісторыі, якія ўплываюць на вучняў па-за школаю. Гэткія формы кіруюцца ўласнымі правіламі, якія маюць мала агульнага з патрабаваннямі навуковага мыслення. Як прыклад можна прывесці гутаркавую, побытавую, размоўную гісторыю, якая прасякнута міфамі і стэрэатыпамі.

І ў гэтым раздзеле, як і ў папярэднім, мною выкарыстаны пэўныя думкі польскага метадолага гісторыі Я. Матэрніцкага.

Паводле меркавання Я. Матэрніцкага, можна вылучыць шэсць асноўных спосабаў навуковага гістарычнага мыслення: дынамізм, глабалізм, номатэтызм, актывізм, генетызм і ўніверсалізм [40].

Дынамічнае мысленне. Чалавек, які мысліць дынамічна, усведамляе магчымасць зменаў і, дзейнічаючы, бярэ пад увагу сфармаваную сітуацыю. Чым лепшая гістарычная адукацыя, тым больш адэкватнае гістарычнае мысленне і тым больш дынамічнае дзеянне. Толькі грамадства, якое можа мысліць дынамічна, падрыхтавана да перспектыўнасці мыслення, бо яно можа ставіць перад сабою смелыя задачы і паслядоўна іх рэалізоўваць.

Глабальнае мысленне. Другая якасць гістарычнага мыслення — гэта ягоная інтэгральнасць, ці глабальнасць. Глабальнае мысленне ёсць адной з асноўных умоваў ацэнкі сітуацыі ў грамадскім жыцці і эфектыўнасці дзеяння.

Сярод усіх грамадскіх навук адна гісторыя (а не марксісцка-ленінская імітацыя філасофіі, як вучылі нас пакаленне за пакаленнем) мае сваім прадметам усе бакі жыцця грамадства. Толькі яна паводле характару свайго прадмета можа стварыць аб'яднальны пункт гледжання на разважанні пра мінулае. Гісторыя дае магчымасць кантакту з усімі формамі жыцця грамадства і мінулага: з дзеяннем палітычным, гаспадарчым, культурна-мастацкім ды іншым.

Гэта мае ўплыў на разуменне сучаснага сацыяльнага жыцця. Людзі, што мысляць гістарычна, а гэта значыць глабальна, бачаць повязі між рознымі бакамі сучаснага грамадскага жыцця, лепей разумеюць ягоную абумоўленасць, патрэбы, а таксама магчымасць далейшага развіцця.

Номатэтычнае мысленне. Номатэтызм гістарычнага мыслення (ад грэцкага «номас» — закон) азначае разуменне гістарычнай зменлівасці і яе механізму, разуменне заканамернасцяў гістарычнага працэсу як правільнага. Гэтая якасць дае магчымасць зразумець складаныя механізмы развіцця гісторыі.

Дзякуючы сваёй канкрэтнасці, гісторыя ёсць найлепшымі ўводзінамі да разумення складаных механізмаў грамадскага жыцця. Важна зразумець гістарычную зменлівасць. Трэба ўлічваць, што жалезных законаў гісторыі няма. «Единственно верного учения» (як іранічна акрэсліў камуністычнае вучэнне А. Салжаніцын) не існуе, бо кожная філасофія гісторыі зыходзіць не ад гісторыкаў-прафесіяналаў, а навязваецца ім звонку, не адлюстроўваючы аб'ектыўных заканамернасцяў. Яны маюць пярэсты характар, але глабальных заканамернасцяў не існуюць увогуле.

Гісторыя можа навучыць лепей разумець розныя абумоўленасці сучаснасці, сярод якіх навука і шырокае распаўсюджанне культуры займаюць істотнае месца. Разуменне складанасці гістарычных працэсаў можа палегчыць трапную ацэнку сучасных магчымасцяў і патрэбаў будучыні. Моладзь беспасярэдне, але з дапамогаю гісторыі, зможа ўбачыць, колькі намаганняў асобаў і групаў, колькі гадоў няўдзячнай працы патрабавалася для стварэння новых каштоўнасцяў. Яна здолее ўбачыць, як шмат задумаў, у перспектыве часу прызнаных простымі, узнікала ў атмасферы варожасці і неразумення. Можа быць, разуменне гэтых працэсаў зробіць яе больш уражлівай да сучасных праблем культуры і вяртання паўнавартаснасці сэнсу працы. Дзякуючы пазнаванню мінулага сённяшні чалавек можа выпрацаваць у сябе «гістарычнае пачуццё», якое дазваляе разумець зачыненыя для іншых механізмы, што фармуюць грамадства.

Актыўнае мысленне. Выяўленне заканамернасцяў, гістарычных працэсаў не павінна засланяць чалавека, які стварае гісторыю ў сваім жыцці. Больш-менш поўная рэканструкцыя гістарычнага працэсу і ягонае высвятленне немагчымыя без звароту да сферы людской свядомасці. Мадэль гуманістычнага тлумачэння канцэнтруецца на рэканструкцыі мэтаў дзеянне асобаў і грамадскіх групаў.

Большы акцэнт на суб'ектыўны (свядомасны) бок гістарычнага працэсу, на актыўную ролю адзінкі ў гісторыі і гуманістычную інтэрпрэтацыю людскіх дзеянняў павінны схіляць да паўторнага прадумвання гісторыясафічных бакоў гістарычных ведаў, набытых у школе.

У школьным навучанні яшчэ гучыць рэха спрошчанай, вульгарызатарскай версіі марксізму. Згодна з ёю гістарычны працэс — гэта вынік дзеяння «аб'ектыўна дзейных законаў», ананімных сілаў, тэндэнцый ці абстрактна зразуметых гістарычных заканамернасцяў.

Фаталістычная гістарыясофія адмаўляла сэнс людской актыўнасці. Яна пазбаўляла чалавека ўплыву на ход гісторыі, асуджала яго на ролю выканаўцы аб'ектыўных гістарычных неабходнасцяў. Гэта вяло да таго, што са школьнай гісторыі знікалі жывыя канкрэтныя людзі. Вынікі гэтага былі розныя. Гэтак зразуметая гісторыя станавілася для вучняў сур'ёзным выпрабаваннем, страчваючы ўсю сваю магчымую прывабнасць. «Фаталізм» рабіў немагчымым разуменне гістарычнага працэсу, ягонай сапраўднай формы, паслабляў актыўнасць людзей, вымушаў іх займаць пасіўную пазіцыю. Ён адлучаў чалавека ад упэўненасці мэтазгоднасці ўдзелу ў якіх-небудзь грамадскіх дзеяннях і спрычыняўся да эфекту, які сацыёлагі ведаюць пад назовам «комплекс ліліпутаў», і да ўпэўненасці ў амаральным характары людскіх дзеянняў (калі хода падзеяў перадвызначаная па-за нашай воляй і свядомасцю, то мы не можам несці за яго адказнасці).

У выхаванні пасіўнай пазіцыі ў жыхароў Беларусі пэўнае значэнне мелі традыцыі, цесна звязаныя з двухвяковым знаходжаннем нашай краіны ў складзе Расейскай імперыі і яе спадкаемцы — Савецкага Саюза. Гэта традыцыя «дзяржаўнасці» (згодна з поглядамі пецярбургскага гісторыка Барыса Каланіцкага) [41]. У масавым уяўленні дзяржава ўсемагутная і ўсепранікальная. Калі дзяржава не такая, то ў гэтым ейная слабасць. Паколькі дзяржаўная царква паводле сваёй арганізацыі была толькі дэпартаментам пры ўладзе, то манарх быў фактычным галавою і царквы.

Другая традыцыя — гэта «партыйнае» стаўленне да дзяржавы. Калі ў пэўных традыцыях ідэальную дзяржаву бачаць нейтральнай, бесстаронняй, то ў нас дамінаваў падыход «наш» — «чужы». Калі «чужыя» кантралююць дзяржаву, то яе трэба развальваць, калі «нашы», то не чапаць рукамі.

Да традыцыі Расеі і СССР характэрнае імкненне персаніфікаваць палітычны курс. Культ імператара змяніўся культам рэвалюцыйных правадыроў. У савецкі перыяд з'явіўся культ рэвалюцыі, а яна разглядалася як найважнейшая мэта, як найвышэйшая каштоўнасць і эфектыўны сродак развязання ўсіх праблем. З'явілася рамантызацыя грамадзянскай вайны, якая спрыяла і спрыяе прыдушэнню слабой традыцыі палітычнага кампрамісу.

«Заваёвай сацыялізму» з'яўляецца пачуццё безабароннасці і страх перад хаосам, інстынкт самазахавання. Найбольш натуральным вынікам савецкага перыяду (які па сутнасці яшчэ не скончыўся) была страта навыкаў сацыяльнай пазадзяржаўнай самаарганізацыі, немагчымасць зразумець мэтазгоднасць разгрузкі дзяржавы ад пэўных яе функцый і яе рэарганізацыі.

Усё тое, да чаго былі прызвычаены нашыя продкі — уменнне сабрацца, выпрацаваць агульныя мэты, стварыць структуру самакіравання — для нас сёння ўяўляе неперадольную цяжкасць.

Школьная гісторыя нашых часоў не засвоіла актывістычнай гістарыясофіі. Гэта можа злучае яе з панавальнымі ўзорамі традыцыйнай гістарыяграфіі, якая канцэнтруе ўвагу на вонкавай сферы гістарычнага працэсу, на сферы здарэнняў.

Традыцыйная гісторыя ў сваім выкладанні не патрапіць паказаць, што гістарычны працэс ствараецца штодзённай, звычайнай дзейнасцю людзей. У апісанні гісторыі дамінуюць падзеі ў нейкім сэнсе выключныя. Сярэдні чалавек мог быць толькі пасіўным іх сведкам. Гэта пазбаўляе ўсю гісторыю сапраўдных яе стваральнікаў і замацоўвае ў звычайных людзей пасіўнае стаўленне. Гістарычнаму актывізму не застаецца месца дзеля звыклага пераканання, што гісторыя робіцца толькі дзесьці там, у вялікім свеце, але не ў нашай мясцовасці і не ў нашым асяроддзі.

Паколькі ў гістарычным выкладзе школьных падручнікаў не бачна канкрэтных людзей, а гістарычныя падзеі трактуюцца там як нешта гатовае, у адрыве ад людскіх дзеянняў (вытворнымі ад якіх яны з'яўляюцца), проста фактамі, даты якіх трэба запамінаць, то ў розумах спажыўцоў настае паступовае адчужэнне ад іх гісторыі. Са старонак гісторыі знікаюць жывыя людзі, гістарычныя падзеі пачынаюць існаваць самастойна, а гэта ўжо просты шлях да фетышызацыі гісторыі.

Гаворка ідзе пра такую перабудову гістарычнай адукацыі, каб вучань мог зірнуць на гістарычны працэс не толькі з вышыняў царскіх двароў, міністэрскіх кабінетаў ці назіральных пунктаў военачальнікаў, а з перспектывы шэраговых людзей, якія ствараюць гісторыю, сеючы збожжа, будуючы машыны, беручы ўдзел у выбарах, змагаючыся на пабаявішчы.

Калі гісторыя будзе арыентаванай на справы звычайных людзей, калі яна будзе паказваць гістарычны працэс як вынік дзеянняў людзей, як «вялікіх», так і «малых», тады яна будзе мець вялікую дыдактычную каштоўнасць, зможа абудзіць аптымізм, вызваліць энергію і жаданне дзеяння. Толькі такая гісторыя можа ствараць актыўную пазіцыю людзей, заахвочваць да напружанай працы, да чыннага і свядомага ўдзелу ў публічным жыцці.

Сёння гэтая справа мае велізарнае значэнне для нашай краіны, якая ўсё больш аддаляецца ад развітых краін свету. Варта пераадолець настроі апатыі і прыгнечанасці, вызваліць энергію, якая дрэмле ў грамадстве. Гэта вымагае і перабудовы школьнай гістарычнай адукацыі, змены яе гістарыяграфічных прадпасылак. Трэба выкараняць з праграм і падручнікаў прыкметы фаталістычнай гістарыяграфіі і абаперці іх на актывістычную гістарыяграфію, якая вызваляе грамадскую актыўнасць і дынамізуе чалавечую дзейнасць.

Генетычнае мысленне. Адна з істотных прыкметаў гістарычнага мыслення — арыентацыя на раскрыццё вытокаў, на пошукі каранёў грамадскіх з'яваў, якія вывучаюцца і назіраюцца намі. Пазнавальныя і дыдактычныя якасці генетычнага мыслення паўсюль вядомыя. У ХIХ стагоддзі яны былі найбольш прыкметнымі рысамі гістарычнага мыслення ўвогуле. Французскі гісторык Ж. Мішле папярэджваў: «Хто будзе трымацца толькі сучаснага, таму не зразумець сучаснага» [42]. Справядліва лічылася, што гісторыя — гэта навука аб развіцці.

ХХ стагоддзе пахіснула наіўную веру ў магутнасць генетычнага мыслення. Сёння вядома, што раскрыццё паходжання з'явы не можа быць атаесамлена з пэўным ягоным выясненнем. Французскі гісторык першай паловы ХХ стагоддзя Марк Блок заўважыў, што «няведанне мінулага няўхільна прыводзіць да неразумення сучаснага. Але хутчэй за ўсё такія ж дарэмныя спробы зразумець мінулае, калі не ўяўляеш сучаснага» [43].

Гэта зусім не значыць, што сёння трэба адкінуць генетычны спосаб высвятлення гісторыі. Ёсць тэмы, якія патрабуюць асвятлення ў праграмах і падручніках, напрыклад здароўе чалавека і ягоная ахова, роля жанчын у грамадскім жыцці, месца дзіцяці і падлетка ў сям'і і грамадстве, паталагічныя грамадскія з'явы, мода, забавы, спорт, змена транспарту, сувязі, жытла, рэчаў непасрэднага побыту чалавека, адзення, абутку і г. д. Сучасны чалавек мае права ведаць не толькі тое, як дайшло да падзелу на Ўсход і Захад, Поўнач і Поўдзень сучаснага свету, чаму ёсць народы, якія жывуць лепш і горш, але таксама і тое, калі і як пачалося зруйнаванне прыроднага асяроддзя чалавека, як чалавецтва змагалася з пошасцямі, чаму распаўсюдзіліся алкагалізм і наркаманія, як разглядаўся спорт сто гадоў таму, што змянілася за гэты час у становішчы дзіцяці і жанчыны і г. д.

Генетычнае мысленне — гэта штосьці большае за пошукі каранёў. Гэта агульная пазнавальная арыентацыя. Яна зводзіцца да засяроджвання ўвагі на тым, што мае беспасярэднюю сувязь з сучаснасцю. Гэта погляд на мінулае праз прызму справаў, якімі чалавецтва актуальна жыве. Гісторыя мусіць адказваць на пытанні сучаснасці. Інакш яна страчвае сваю патрэбнасць для сучаснікаў.

Генетычнае мысленне схіляе да роздуму пра сучаснасць і яе праблемы. Гісторыя крыўды ў дачыненні да жанчын у даўнейшыя часы, іхная барацьба за раўнапраўнасць і павышэнне актыўнасці ў грамадскім і гаспадарчым жыцці, культуры, палітыцы павінна схіляць да роздуму пра тое, якім грамадскім коштам далася жанчынам эмансіпацыя, якія яна прынесла набыткі і страты. Гісторыя спорту павінна абуджаць сучаснага чалавека да роздуму пра выраджэнне гэтай з'явы ў сучасным свеце.

Генетычнае мысленне дазваляе зразумець «кошт прагрэсу», які звязаны з расплатай за поспех грамадства. Прыкладамі гэтага могуць быць устойлівае да гербіцыдаў пустазелле, устойлівыя да інсектыцыдаў пакаленні вусякоў, устойлівыя да антыбіётыкаў штамы мікраарганізмаў, адмоўныя вынікі лячэння антыбіётыкамі, парушэнне азонавай сферы, парушэнні цеплавога рэжыму, высыханне Аральскага мора як вынік тэхналагічных зменаў прыроды.

Трэба асцярожна ставіцца да фактараў пераўтварэння як свету, так і грамадства, бо парушыць крохкую раўнавагу грамадскіх сілаў, чалавека і прыроды надта лёгка. Сёння даводзіцца пераасэнсоўваць паняцце прагрэсу. Апошні здаецца толькі магчымасцю, а часта і немагчымасцю, і ўвогуле праблематычнаю справаю. Ці можна, прыкладам, лічыць прагрэсам развіццё беларускай гістарычнай навукі ад Пічэты да Абэцэдарскага, а тым больш да эпігонаў апошняга?

Варта задумацца, ці магчыма пераацэньваць паняцце прагрэсу і характарызаваць з'явы мінулага як «рэакцыйныя» ці «прагрэсіўныя» [44], а развіццё філасофіі як барацьбу матэрыялістычнага кірунку з ідэалістычным. Бадай, нельга абсалютызаваць паняцце барацьбы ў гісторыі, а тым больш лічыць яго вызначальным пры разглядзе гістарычных працэсаў і з'яваў.

У моладзі трэба фармаваць навык генетычнага мыслення, гэта значыць позірку ў мінулае з гледзішча сучаснасці, і адначасова гістарычнага падыходу да сучаснасці, каб адно тлумачыла другое. Разуменне ўзаемных дачыненняў між мінулым і сучаснасцю — умова правільнай арыентацыі асобы ў грамадскім жыцці і падмурак яе гістарычнай культуры.

Універсалістычнае мысленне. Веданне гісторыі павінна даваць універсалістычнае бачанне свету. Чалавек, маючы справу з прадстаўнікамі сваёй супольнасці, мала цікавіцца астатнім светам і мае пра гэты свет даволі цьмянае ўяўленне. Адсутнасць паўнавартаснага ведання пра тое, што робіцца ў свеце, адмоўна адбіваецца на разуменні справаў сваёй супольнасці, прыводзіць да фальшывых ацэнак, робіць цяжкім і нават немагчымым выніковае дзеянне.

Толькі гісторыя з усіх школьных прадметаў можа даць універсалістычнае мысленне. У геаграфіі вучань атрымлівае толькі ўрыўкавыя веды гэтага.

У выкладанні гісторыі звесткі пра мінулае розных народаў даюцца звязанымі разам у сінхронным выглядзе. Гісторыя найбольш універсалісцкая навука. Яна засяроджвае ўвагу на агульнагістарычных з'явах (напрыклад, каланізацыі, гандлі, сусветных войнах, сістэмах палітычнага ладу, мастацтве, рэфармацыі і г. д.). Не варта разглядаць гісторыю адных народаў у адрыве ад гісторыі іншых.

Першым крокам да гэтай мэты можа быць насычэнне выкладання айчыннай гісторыі звесткамі з усеагульнае гісторыі. Мы не мусім адмаўляцца ад свайго «я», але і не павінны занадта яго падкрэсліваць. У ізаляцыі мы не пераадолеем нашага крызісу. Пераадолець яго можна толькі ўзмацняючы сувязі са светам.

Другі крок у кірунку ўніверсалізацыі — гэта большы націск на сувязі нашай гісторыі з гісторыяй як блізкіх, так і далейшых суседзяў. Пры гэтым даўно ўжо пара адмовіцца ад асвятлення гісторыі Беларусі як часткі Расеі, бо гэта адсякае нас ад усіх іншых этнасаў і дае гістарычную карціну ў крывым люстэрку.

Нельга абысціся без асвятлення гісторыі Польшчы, Летувы, Украіны, разам з якімі беларускі этнас развіваўся на працягу больш за паўтысячагоддзя, без асвятлення гісторыі Швецыі, Аўстрыі, Прусіі, Турцыі, Крыма, палітыка якіх мела значны ўплыў на палітыку Рэчы Паспалітай, у склад якой пэўы час уваходзіла Беларусь, і г. д. Не варта забывацца, што не ўсё тое, што ў гісторыі належала Беларусі, сапраўды было выключна нашым. У выкладанні гісторыі павінна адчувацца павага і ўвага да спадчыны ўсіх этнасаў і культур і, не ў апошнюю чаргу, да тых этнасаў, што здаўна пасяляліся ў Беларусі — палякаў, татараў, габраяў, немцаў, расейцаў.

Мы павінны памятаць не толькі тыя крыўды, што нам прыносілі суседзі, напрыклад захопы Беларусі Іванам Жахлівым, Аляксеем Міхайлавічам, Кацярынай II, спустошанні, нанесеныя войскам Пятра I, задушэнне паўстанняў 1794, 1831, 1863 гадоў, палітыку абрусення беларусаў, скасаванне грэцка-каталіцкай вуніі, але і тое, што здаралася з нашае віны, у тым ліку паходы на Маскву ў Смутны час на пачатку XVII ст. і ў 1812 годзе, у якіх бралі актыўны ўдзел жыхары Беларусі.

Безумоўна, не варта аддзяляць усеагульную гісторыю ад айчыннай і рэгіянальнай, бо дзве апошнія — неадлучная частка першай.

Аб гэтых прынцыпах павінны памятаць не толькі гісторыкі-навукоўцы, але і настаўнікі гісторыі. Параўнаўчы метад дазваляе больш аб'ектыўна ацэньваць нашу нацыянальную гісторыю і ахоўвае як ад апалагетыкі (якая ў дадзеным выпадку здаецца нам зусім натуральнай, для сённяшніх па сутнасці першых крокаў вызвалення беларускай гісторыі ад навязанага ёй на працягу стагоддзя статусу падначалення расейскай гісторыі), так і ад залішняга крытыцызму, які характарызуе часам беларускую гісторыю сёння.

Аналізуючы гаспадарчае становішча, палітычны лад, грамадскія дачыненні, навуку, асвету, мы павінны зважаць на тое, што рабілася ў суседніх краінах у гэтых галінах.

Хацелася б падзяліцца ўласным педагагічным вопытам у выкладанні гісторыі. У 1994–1996 гадах я чытаў распрацаваны мною курс параўнаўчай рэгіянальнай гісторыі этнасаў Эўропы ў новастворанай за кошт Фонду адраджэння фіна-вугорскіх народаў РФ Фіна-Вугорскай акадэміі ў Петразаводску. У ходзе чытання курса былі асветленыя наступныя пытанні:

1. Рассяленне этнасаў у Эўропе і іхнае развіццё ў перыяд да стварэння нацый (першабытны, рабаўладальніцкі і феадальны перыяды).

2. Паняцці этнасу, рэгіёна, нацыі.

3. Наяўнасць «палітычных нацый» у Эўропе да стварэння сучасных нацый.

4. Сувязі фармавання нацый з капіталістычнымі рэвалюцыямі і пераўтварэннямі. Асаблівасці фармавання нацый у Заходняй Эўропе, Цэнтральнай Эўропе і Ўсходняй Эўропе. Галоўныя фактары ўтварэння нацый, ягоныя вядучыя сілы, асіміляцыя і яе механізм. Асаблівасці фармавання нацый у памежных землях і сярод «выспавых» этнасаў.

5. Уплыў Асветніцтва, асвечанага абсалютызму і рамантызму на фармаванне нацый. Тры фазы фармавання нацый (моўна-этнічнай сувязі, асэнсаванне агульнага гістарычнага паходжання, самаасэнсаванне і самаакрэсленне нацый), розная іх паслядоўнасць на Захадзе і ў Цэнтральна-Усходняй Эўропе. Праблемы ўзаемадачыненняў між панавальнымі, дамінавальнымі і залежнымі этнасамі. Ірацыянальнае і эмацыянальнае ў асэнсаванні прыналежнасці да нацыі.

6. Сутнасць нацыяналізму, асаблівасці нацыяналізму бальшыняў і мяншыняў, сувязь між пачуццямі рэлігійнай і этнічнай прыналежнасці, роля інтэлігенцыі, школаў і адукацыі, мовазнаўства і гісторыі, арганізацыі нацыянальнага жыцця ў фармаванні нацый.

7. Арганізацыя нацыянальнага жыцця пасля Першай сусветнай вайны (з акцэнтам на становішча ва Ўсходняй Эўропе).

Вяртаючыся да пытання пра ўніверсалістычнасць гістарычнага мыслення, хочацца падкрэсліць, што гісторыя пашырае кругагляд моладзі, дазваляе ёй убачыць свет ва ўсёй ягонай геаграфічнай разлегласці, разнароднасці, вучыць заўважаць сувязі і ўзаемадачыненні між этнасамі і дзяржавамі, схіляе да параўнаўчага, рэалістычнага погляду на сваю краіну, яе праблемы і патрэбы, магчымасці і ўмовы для далейшага развіцця. Усё гэта мае важнае значэнне для падрыхтоўкі моладзі да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці і паспяховага развязання яе праблем.

Варта засяродзіцца, улічваючы названыя спосабы гістарычнага навуковага мыслення, на пытаннях месца гісторыі ў фармаванні чалавечых вартасцяў, такіх, як навука, праца, свабода, грамадская справядлівасць, незалежнасць і г. д.

Загрузка...