Вопыт камунізму (і таталітарызму наагул) пралівае святло на сутнасць чалавека. Камунізм (і ўвогуле таталітарызм) выцягнуў на паверхню з сакрэтных, глыбока схаваных закуткоў чалавека ўсё тое, што ў асаблівых акалічнасцях можа зрабіць яго подлым і бязлітасным. Ён уносіць у нашыя веды пра чалавека сведчанне, што і такая духоўная сфера існуе, што ўсялякія маральныя тармазы руйнуюцца, калі затоеныя ў людской душы сілы ліха атрымліваюць права голасу ў «ідэалагічным» арэоле новых «правоў», што многія людзі сапсаваліся, што ў іх быў пэўны род зачаравання ліхам.
Камунізм — гэта феномен нігілізму, які прадракалі Ніцшэ і Дастаеўскі. У той момант, калі абурылася вера ў міласць Божую, з'явілася паганская вера ў фатум (кон), а надзея была ўкладзена ў фаталізм. Фатум у марксізме называўся «гістарычнай непазбежнасцю». Ён агідны, а але і магутны. Супраць яго бунтаваць немагчыма. Вера ў фатум нараджае фатум. Вера ў свабоду нараджае свабоду.
Ідэалогія спакусіла прывабнымі лозунгамі. Але яна страшная, калі яе спрабуюць рэалізаваць у жыцці канкрэтнага грамадства. Свет пераканаўся ў тым, што рэалізацыя ідэалагічнай утопіі патрабуе выкарыстання сродкаў, якія ў пэўны момант пачынаюць панаваць над формай самой ідэалогіі і становяцца важнейшымі за яе. Камунізм нясе перасцярогу перад утапічным мысленнем, перад усялякага роду ўтопіямі, нават калі яны шляхотныя. Трэба мець ідэю, але засцерагацца ідэалогіі. Бо ідэалогія заўсёды прагная, яна хоча ахапіць цэласнасць жыцця. Жыццё ж шматколернае, чым болей у ім рознага, тым яно багацейшае.
Знамянальна, што праўдзе пра «іншага» чалавека вучаць больш за ўсё катаклізмы. Аўтар «Рабінзона Круза» Дэфо апісаў дэградацыю грамадства ў часе лонданскай чумы 1665 года. Нам лепей вядома такая дэградацыя па «Баляванні пад час чумы» Пушкіна. Камю ў «Чуме» выкарыстаў пошасць як метафару людскога ўпадку, з якім змагаюцца дзве святасці: хрысціянская і свецкая. Камунізм ёсць плёнам і выразам грамадскай, палітычнай і духоўнай чумы.
Пісьменнік Бэртран Расэл, які спачуваў Савецкай Расеі, сутыкнуўшыся з рэчаіснасцю ў гэтай краіне, у сваёй кнізе «Практыка і тэорыя бальшавізму» (1920) прыйшоў да высновы, што «ліха бальшавізму палягае ў тым, што ягоныя крыніцы карэняцца ў людскім няшчасці» [2].