Апераванне сімваламі прыносіць пэўную карысць выхаваўчага характару. Але адначасова яно стварае значныя перашкоды на шляху да разумення гістарычнага працэсу. У дыдактычна пададзеным вопісе гісторыі часта бывае парушанай структура гістарычнай рэчаіснасці, дэфармуюцца прапорцыі і стасункі. Гэта датычыць пачатковай адукацыі, у якой пераважаюць выхаваўчыя мэты. Яна моцна насычаная міфічнымі элементамі. Прывучаны да сімвалаў дзіцячы розум пазней цяжка вызваліць ад іх. Гэта тлумачыць параўнаўча слабыя вынікі сярэдняй школы ў сферы рацыяналізацыі гістарычнай сведамасці.
Такое становішча схіляе да пытання: ці мэтазгодна падаваць факты-сімвалы ў пачатковай школе? Можа, страты ад гэтага значна большыя, чым магчымы плён? Падаецца вартым у вывучэнні гісторыі абмяжоўваць міфічна-сімвалічныя элементы, надаючы школьнаму навучанню гісторыі больш навуковы характар.
Зразумела, гэта пацягне за сабою адмаўленне ад асвечаных традыцыяй фактаў-сімвалаў або адсуне іх на менш бачнае месца ў гістарычным выкладанні. Выказваемся за наданне школьнаму гістарычнаму выкладанню больш сутнаснага характару з сапраўдным узважваннем у ім рацыянальных і эмацыйных элементаў.
Карыснаю зброяй у пераадоленні гістарычнай міфалогіі можа быць крытычны аналіз выбраных міфаў, стэрэатыпаў, легендаў. Зразумела, болей магчымасцяў для гэтага ў сярэдняй школе. Але і ў пачатковай можна ўводзіць пэўныя элементы падобнага аналізу.
Напрыклад, «чорным» стэрэатыпам немцаў і Нямеччыны, што ўкараніліся ў нас з часоў Другой сусветнай вайны, можна было б супрацьставіць станоўчыя моманты збліжэння беларусаў і немцаў пад час знаходжання апошніх у Беларусі як меншыні на працягу стагоддзяў, паказу таго, колькі словаў пазычана нашай мовай з нямецкай (вандраваць, ратаваць, крама, гандаль, дах, фарба, кушнер, слесар, гарбар, лёс, крышталь, брук, пляшка, куфаль, помпа ды інш.), таго, як лекары нямецкага паходжання лячылі мясцовае насельніцтва, настаўнікі з немцаў навучалі дзяцей, а майстры працавалі ў рамястве і прамысловасці і г. д.
У сярэдняй школе можна было б аналізаваць «чорныя» і «белыя» легенды пра такіх асобаў, як К. Каліноўскі, В. Ластоўскі, браты Луцкевічы, Булак-Балаховіч, Чарвякоў, «наш Пётр Міронавіч» Машэраў, В. Казлоў, Грамыка, маршал Якубоўскі і г. д. Гэтакі аналіз дазволіў бы моладзі зразумець складаны і адначасова дынамічны характар гістарычных ведаў і яе ўсялякія пазанавуковыя і навуковыя абумоўленасці. Гэта дапамагло б прышчапіць ёй крытыцызм у стаўленні да гістарычных пастулатаў, што знаходзяцца ва ўжытку, імкненне да выпрацоўкі ўласнага погляду на некаторыя гістарычныя і сучасныя з'явы і падзеі.
Патрэбна таксама змяніць спосаб падачы гістарычных персанажаў, як, дарэчы, гэта паспрабавалі зрабіць нацыянальна сведамыя беларускія даследнікі мінулага А. Бяляцкі і В. Ермалёнак у дачыненні да асобы С. Булак-Балаховіча [76].
Дасюль яшчэ гістарычныя персанажы маюць надта спрошчаны выгляд, яны схематычныя, аднамерныя. Варта паказаць асобаў, што дзейнічалі ў мінулым, як людзей жывых, якія мелі пэўныя вартасці, але таксама і недахопы, якія паддаваліся пэўным слабасцям, рабілі памылкі, недарэчныя ўчынкі і г. д.
Магчыма, варта ўзбагаціць школьную шкалу ацэнак. Яна мусіць быць больш адкрытай, чым цяпер. Пры гэтым аддаваць перавагу не столькі першасным ацэнкам («прагрэсіўны-рэакцыйны»), колькі параўнаўчым («у параўнанні з…», «гэта было выйсце больш…»).