ГІСТАРЫЧНАЯ АДУКАЦЫЯ І МІФЫ

Вялікі ўдзел у распаўсюджванні міфаў, легендаў, стэрэатыпаў, як адзначалася вышэй, бярэ гістарычная адукацыя. Нярэдка іх падтрымлівае думка пра іхны выхаваўчы плён. Не ўпэўнены, што такім чынам можна дасягнуць дыдактычных мэтаў. Хутчэй мае рацыю наш зямляк, польскі пісьменнік Ю. Крашэўскі, які ў творы «Літва. Старажытная гісторыя, законы, мова, вера, звычаі» пісаў паўтара стагоддзя таму: «Гісторыя настолькі значная, наколькі праўдзівая; становячыся служанкаю якой-небудзь думкі і пакорлівай яе нявольніцай, яна страчвае сваё настаўніцкае і філасофскае значэнне» [74].

У школьнай адукацыі цяжка пераконваць моладзь у няслушнасці міфаў, стэрэатыпаў, легендаў. Міфалагічны спосаб мыслення не толькі характарызуе штодзённую гістарычную свядомасць, але і жыве ў літаратуры, мастацтве, сродках інфармацыі, у навукова-папулярных і навуковых працах. Вакол нас — свет, поўны міфаў, і ў гэтым палягаюць вонкавыя цяжкасці праблемы.

Але існуюць і нутраныя цяжкасці працы па рацыянальным доказе няслушнасці міфаў. І звязаныя яны з непазбежным спрашчэннем выкладу, невялікай колькасцю гадзін, што адводзяцца на выкладанне курса, абмежаванымі магчымасцямі ўспрымання вучняў. Гэтае спрашчэнне — крыніца шмат якіх міфічных арыентацый. Нішто гэтак не спрыяе міфам, як няведанне. Адсюль вынікае відавочная выснова: спрашчэнне школьных ведаў не можа ісці занадта далёка. Спрошчаныя веды вельмі лёгка могуць ператварыцца ў крыніцу міфаў, стэрэатыпаў і легендаў. Так у мінулым адбывалася неаднойчы.

Другая выснова наступная: школьную гісторыю нельга арыентаваць аднабакова толькі на выхаваўчыя мэты. Яна павінна быць прыстасаванай да фармавальных і пазнавальных мэтаў. Рацыянальнае тлумачэнне сутнасці міфаў патрабуе павышэння навуковага роўню прадмета і большай увагі да высокай гістарычнай культуры. Трэба фармаваць у моладзі навуковае стаўленне да мінулага, абуджаць крытычнасць да надзённых гістарычных ведаў.

Зняпраўдзіць гістарычныя міфы няпроста таму, што шматлікія спасылкі на факты, пацверджаныя навукай, ствараюць выгляд гістарычнай праўды.

Гістарычны факт шматзнакавы. Ён мае і літаральны пласт, які выяўляецца ў апісанні канкрэтнай падзеі, інстытуцыі ці персанажа, і метафарычны пласт, стасаваны да шырэйшага дыяпазону з'яваў, які перадае прынятыя носьбітамі міфаў сінтэтычныя меркаванні і каштоўнасці.

Прыкладам можа служыць легенда пра словы палітрука Клачкова ля раз'езда Дубасекава пры абароне Масквы ў 1941 годзе. Гэтыя словы былі сказаны абаронцам пазіцый. Але ўсе 28 абаронцаў, згодна з афіцыйнай версіяй, загінулі. Гэта значыць, перадаць словы Клачкова журналісту Крывіцкаму, які апісаў подзвіг, ніхто з іх не меў магчымасці.

Гістарычны міф пагрозлівы не толькі ў сваім літаральным, але і ва ўласна метафарычным пласце. Узнікненне гістарычнага міфа звязваецца са спрашчэннем і абагульненнем фрагмента гісторыі (гэта можа быць працэс, з'ява, гістарычны факт). Такая працэдура выклікае, з аднаго боку, пэўнае назапашванне ацэнкі толькі ў адным пункце (бачанне дадзенага гістарычнага перыяду праз прызму гэтага фрагмента), а з другога — стварэнне пэўнага ўмоўнага сігнала, які ва ўспрыманні чытачом быў бы роўным успрыманню акрэсленага знака [75].

Міфалагічнае мысленне носіць выбіральны, скарочаны і аднамерны характар. Яно неаднаразова засяроджвае ўвагу на дробных эпізодах, якім надае значэнне сімвалаў. Гэткае мысленне адсоўвае ў цень астатнія факты або ўцісквае іх у прынятыя схемы, паслугоўваецца простаю шкалой ацэнак. Перавага аддаецца чорна-белым схемам («добры-дрэнны», «герой-здраднік» і г. д.).

Асобнай праблемай з'яўляецца карыстанне сімваламі. Здавён яны адыгрывалі вялікую ролю ў гістарычнай адукацыі, як у школе, так і па-за ёю. Дыдактычная гісторыя надае пэўным фактам, часам «значным», часам «другарадным», немалое сімвалічнае значэнне. Іх апісваюць не толькі падрабязна, але і вельмі сімвалічна. Дастаткова ўспомніць бранявік Леніна, шынель Дзяржынскага, люльку Сталіна і г. д.

Загрузка...