Наша ўвага прыцягнута да разумення гістарычнага міфа, пад якім можна разглядаць уяўленне, што ў сваёй апісальнай форме датычыць пэўнай гістарычнай з'явы, гэта значыць падзеі, пацверджанай гісторыкамі з дапамогай крыніц.
Тэрмін жа «гісторыя» змяшчае ў сабе два сэнсы: гісторыя як навука, што вывучае мінулае, і гісторыя як тое, што адбываецца з людскім грамадствам у часе і прасторы. У першым сэнсе мы лічым гісторыяй аповяд пра людское мінулае, які адрозніваецца параўнальнай верагоднасцю, які храналагічна ўпарадкаваны, нутрана арганізаваны, змешчаны ў гістарычным кантэксце, мае беспасярэдняе ці ўскоснае дачыненне да гістарычнай рэчаіснасці.
Калі такі аповяд пра мінулае не адпавядае гэтым запатрабаванням або хоць аднаму з іх, значыць, яго можна назваць «парагісторыяй», тым, што знаходзіцца каля гісторыі. Прыкладамі парагісторыі могуць служыць утопія, большая частка мастацкай літаратуры на гістарычную тэму або міф.
Гістарычны міф, як і ўсялякі міф, — з'ява натуральная. Яна задавальняе незадаволеныя гістарыяграфіяй духоўныя патрэбы чалавека. Пад гістарычным міфам Е. Матэрніцкі разумее міфічнае ўяўленне, якое ў сваім вонкавым, апісальным пласце адносіцца да пэўных гістарычных з'яваў, а гэта значыць, да пацверджаных гісторыкамі на падставе гістарычных крыніц падзеяў, фактаў, асобаў, інстытуцыяў [59]. Аб'ектам міфатворчых аперацый могуць быць як даўнія, слаба пацверджаныя крыніцамі часы, так і падзеі ды з'явы нядаўняга мінулага, якія адбываліся на вачах нашага пакалення, а гэта значыць, прынамсі, збольшага вядомыя.
Нас цікавіць механізм узнікнення менавіта гістарычнага міфа, а не іншага. Ён высветлены недастаткова, але прыклады такіх механізмаў прыводзяцца на канкрэтным матэрыяле ніжэй. Паводле меркавання некаторых аўтараў, вялікі ўдзел у стварэнні і распаўсюджванні гістарычных міфаў бяруць самі гісторыкі. Спецыялісты часта не асэнсоўваюць крытычна вопыт і перакананні свайго грамадзянскага асяроддзя, светапогляду, ідэалагічнай плыні, навуковай школы. Карыстаючыся пэўнай сістэмай каштоўнасцяў, яны ўносяць яе ў працэс cпазнання і такім чынам пацвярджаюць сваю суб'ектыўную ролю ў гэтым працэсе.
Згодна з Эліядэ, самую гістарыяграфію можна лічыць працягам міфічнай думкі, паколькі яна выконвае функцыю, падобную да той, што і міф у традыцыйных грамадствах [60]. Гэта ўласціва не толькі даўнім храністам і летапісцам, але, як лічыць даследнік, і шматлікім найноўшым гісторыкам.
Гістарычнасць міфа ў пэўнай ступені ўмоўная. Яна датычыць толькі ягонай вонкавай абалонкі, а не сутнасці, што мае безгістарычны характар. Меркаванне, згодна з якім гістарычны міф ёсць гістарычным фальшам, выклікае сур'ёзныя сумневы. Не кожнае памылковае ўяўленне пра гістарычны факт ёсць міф. Вытокі «фальшу» гістарычнага міфа вынікаюць з няведання або памылковага прачытання гістарычных крыніц.
З другога боку, гістарычны міф часта звяртаецца да фактаў сапраўдных, пацверджаных гістарычнымі крыніцамі, але ўціскае іх у межы вызначаных архетыпных схемаў.
Традыцыя ў суб'ектыўным сэнсе — гэта асноўнае ўяўленне пра мінулае, якое ўплывае на механізм людскіх дзеянняў і перажыванняў, а таксама вызначае погляды на сучасную рэчаіснасць. Таму незалежна ад таго, ці тая традыцыя сапраўдная ў аб'ектыўным сэнсе (гэта значыць у дачыненні да фактаў, якіх тыя ўяўленні датычаць), ці цалкам выдуманая, у суб'ектыўным сэнсе яна мае містычны характар. Традыцыя ёсць міфам, улічваючы механізм яе ўздзеяння і рэакцыі, якія яна выклікае ў чалавеку[61].
Гістарычны міф, як правіла, аб'ектыўна фальшывы, але суб'ектыўна ён заўсёды праўдзівы. Міф — гэта тое, у што шчыра і свята вераць, што прымаецца без доказу, як абсалютная праўда. Міфічнае стаўленне да мінулага характарызуе эмацыйнасць і спрашчэнне складаных гістарычных з'яваў.
Гістарычныя факты выконваюць на глебе міфічнага мыслення ролю сімвалаў, якім аддаюць перавагу ў дадзеным грамадстве, ці, наадварот, сімвалізуюць сілы ліха, якія заслугоўваюць выключна асуджэння. Міф з'яўляецца словам, якое акрэслівае ягоныя намеры больш за ягоную «літару».
Гістарычны міф з'яўляецца перадачай пэўных вартасцяў, пажаданняў і падзеяў, апавядаючы не столькі пра тое, што было, колькі пра тое, як павінна быць. Такім чынам, ён апранае ў гістарычную вопратку «надчасавыя» ўзоры паводзін, прынятыя і асвечаныя іхнымі носьбітамі.
Як ужо адзначалася, адна з важных якасцяў міфічных уяўленняў — іхная нарматыўнасць. Міфы навязваюць пэўныя ўзоры паводзін і складаюць істотную частку матывацыйных структур людскіх дзеянняў, усё роўна, ідзе гаворка пра паводзіны адзінак ці пра паводзіны асобных грамадскіх групаў.
Міфічная свядомасць можа суіснаваць з навуковым светапоглядам. Гэта датычыць гістарычнага мыслення, якое мае нібыта два пласты — навуковы і міфічны. Другі з іх можна знайсці не толькі ў гістарычнай свядомасці шырокіх колаў грамадства, але і ў людзей са спецыяльнай адукацыяй, у гісторыкаў і іхных працах. Аб пэўных абсягах мінулага мы можам мысліць навуковым спосабам, у выпадку іншых падпарадкоўваемся міфам. Гэты працэс стыхійны. Ён з цяжкасцю паддаецца кантролю.