Сярод міфаў, якія надта спадабаліся расейскацэнтрычным гісторыкам пры фальсіфікацыі гісторыі Беларусі, адно з цэнтральных месцаў займае міф вакол узнікнення і ролі грэцка-каталіцкай царкоўнай вуніі ў 1596–1839 гадах [86].
Царкоўная вунія ўзнікла ў нас адначасова з Украінаю (на частцы яе тэрыторыі, што трапіла пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у склад Аўстрыі і Вугоршчыны, яна захавалася дзякуючы спрыяльным умовам, пакуль Сталін не скасаваў яе там у 1946–1949 гадах). Афіцыйна яна адноўленая пасля дэмакратычных пераменаў на Ўкраіне некалькі гадоў таму.
Прыхільнікі міфалагізацыі гэтага сюжэта зыходзілі з пэўных метадалагічных пазіцый. Яны бралі які-небудзь адзін, загадзя падрыхтаваны тэзіс. Увесь фактычны матэрыял кампанавалі так, каб хоць прынамсі вонкава давесці ягоную праўдзівасць. Высновы такіх даследванняў не вынікалі з усебаковага аналізу фактычнага матэрыялу. Яны даводзіліся толькі як наперад зададзеныя.
У савецкіх антывуніяцкіх працах перастраўліваліся даўнія тэзісы і палажэнні, што нарадзіліся ў ХIХ стагоддзі ў нетрах расейскіх клерыкальных гістарычных колаў, якія зыходзілі з слыннай увараўскай трыяды «самаўладства, праваслаўе, народнасць». Не здзіўляе, што і савецкія гісторыкі разглядалі беларускую грэцка-каталіцкую царкву толькі з пазіцый традыцыйных апанентаў.
У выніку такога аднабаковага падыходу зацвердзіліся і працягваюць існаваць стэрэатыпы, якія не вытрымліваюць сур'ёзнай крытыкі. Вось яны.
Першы: сцвярджаецца, нібыта Берасцейская царкоўная вунія 1596 года, ад якой вяла радавод беларуская і ўкраінская грэцка-каталіцкая царква, — гэта «зброя каталіцкай контррэфармацыі», «ліхадзейства езуітаў», «польская інтрыга».
Другі: беларускія і ўкраінскія праваслаўныя, што пайшлі на хаўрус з Рымам, «здрадзілі свайму народу», бо кіраваліся толькі ўласнымі «шкурніцкімі» інтарэсамі, а ў душы песцілі надзею «ўсеабдымнага акаталічвання і лацінізацыі», а таксама «апалячвання» беларускага і ўкраінскага народаў.
Можа, паспрабуем разабрацца, што тут да чаго, і высветліць, наколькі гэтыя палажэнні адпавядаюць гістарычнай праўдзе.
Гісторыя, як вядома, развіваецца паводле аб'ектыўных заканамернасцяў. Чыесьці інтрыгі, падступнасць і ўсё да таго падобнае адыгрываюць у працэсе гістарычнага развіцця звычайна другасную ролю. Іначай кажучы, «польская інтрыга», «ліхадззейства езуітаў», «шкурніцкія інтарэсы», «здрада народу», якія выдаюцца за асноўныя сілы, што рухалі да Берасцейскай вуніі, могуць разглядацца толькі як суб'ектыўныя фактары, што маглі б спрыяць або перашкаджаць аб'ектыўнаму працэсу стварэння новай царквы.
Сама ідэя вуніі, або абноўленага аб'яднання хрысціянскіх цэркваў — візантыйска-праваслаўнай і рымска-каталіцкай, узнікла там, дзе адбыўся і царкоўны раскол, у Візантыі. І ордэн езуітаў тут не пры чым. Канстантынопальскі патрыярх Міхаіл Керуларый адмовіўся прызнаваць зверхнасць рымскага першасвятара ва ўсім хрысціянскім свеце, і тады, у 1054 годзе, ён і рымскі легат (пасол) кардынал Гумберт аддалі адзін другога анафеме (царкоўнаму праклёну). Падзелу дзвюх галоўных у Эўропе і Міжземнамор'і цэркваў спрыялі адрозненні між Заходняй і Ўсходняй цэрквамі, акрэсленыя з VII стагоддзя, у дагматыцы, арганізацыі, абрадах.
Але галоўным быў цэзарапапізм — царкоўнае вучэнне, згодна з якім вяршэнства ў дзяржаве і грамадстве аддавалася свецкай уладзе — імператару, а царкоўная ўлада мусіць падпарадкавацца свецкай. Цэзарапапізм развіваўся ў Візантыі з IХ стагоддзя. Пазнавальныя карані гэтага вучэння трэба шукаць у дэспатычным спосабе мыслення, якое глыбока прасякнула дух і грамадска-палітычнае жыццё Канстантынопаля разам з тэрыторыямі, якія Ўсходне-Рымская імперыя захапіла на Ўсходзе.
Зусім супрацьлеглае спавядала і спавядае Заходняя царква. У яе вучэнні царкоўная ўлада пераважае над свецкаю і абсалютна незалежная ад свецкіх валадароў. Вядомы расейскі філосаф другой паловы ХIХ стагоддзя У. Салаўёў тлумачыў гэта так:
«Не царкоўная свабода, а цэзарапапізм прыйшоў да нас з Візантыі, дзе гэты антыхрысціянскі прадукт бясшкодна развіваўся з IХ стагоддзя… Да схізмы (г. зн. царкоўнага падзелу. — В.Г.) кожнага разу, як грэцкія імператары захоплівалі духоўную ўладу і пагражалі свабодзе царквы, прадстаўнікі апошняй… звярталіся да міжнароднага цэнтра хрысціянства[22], выкарыстоўвалі пасярэдніцтва першасвятара[23], і калі самі гінулі ахвяраю грубай сілы, то іхная справа, справа праўды, справядлівасці і свабоды, ніколі не заставалася без непахіснай падтрымкі Рыма… Грэцкая царква ў тыя часы была і адчувалася пэўнаю часткаю Сусветнае царквы… Гэтыя дачыненні выратавальнай залежнасці ад нашчадка першаверных апосталаў, дачыненні цалкам духоўныя, законныя і поўныя годнасці, былі заменены падпарадкаваннем жыцейскім, нелегальным і паніжальным — уладзе простых недухоўных і нават няверных» [87].
Царкоўны раскол 1054 года адбыўся ў значнай ступені з віны кіраўніцтва візантыйскай царквы. І з ініцыятывы кіраўніцтва той жа царквы дайшло да некалькіх спробаў новага аб'яднання цэркваў Усходу і Захаду: у Ліёне ў 1274 годзе (з ініцыятывы візантыйскага імператара Міхаіла VIII Палеалога), у Канстанцы на саборы 1415–1418 гадоў і ў Фларэнцыі ў 1439 годзе (з ініцыятывы візантыйскага імператара Іаана VIII Палеалога і канстантынопальскага патрыярха Іосіфа II).
Вуніі ў Ліёне і Фларэнцыі былі дакончаныя (у Канстанцы не падпісаная) на кароткі тэрмін. Яны не пусцілі глыбокіх каранёў і не былі праведзеныя ў жыццё ні ў Візантыі, ні ў Беларусі і Ўкраіне. Украінскі гісторык Д. Дарашэнка лічыў асноўнаю прычынаю няўдачы тое, што гэтыя вуніі ўзнікалі «не з агульна адчутага рэлігійнага пачуцця», а «як прадукт пэўных палітычных камбінацыяў» [88].
Ідэя царкоўнае вуніі паўстала і знаходзіла свае праявы задоўга да 1540 года, калі ўзнік ордэн езуітаў. Так што, прыпісваючы езуітам тое, што было рэалізавана на Берасцейскім саборы 1596 года, мы робім значную памылку, якая не вытрымлівае крытыкі.
Нацыянальнае адраджэнне беларускага народа ў вялікадзяржаўных друку і гістарыяграфіі заўсёды трактавалася як чыясьці варожая інтрыга, часцей за ўсё польская. Так, чарнасоценная газета «Белорусская жизнь» (з 169-га нумара — «Северо-Западная жизнь»), якую ад 1911 года ў Вільні выдавала рэакцыйнае «Белорусское общество» на чале з Л. Саланевічам, пісала, нібыта «Наша Ніва» супрацьпастаўляе «расейскай культуры культуру польскую», а яе рэдактар — «обласканный поляками, находящийся от них в зависимости г(-н) Власов, служит в данное время лишь удобною ширмою для сокрытия полонизаторских целей газеты и кружка, к ней примыкающего» [89]. У другім месцы аўтар гэтай газеты пытаўся: «Многим ли известно, что эта «Наша нива» готова всемерно содействовать распространению в крае католицизма и только потому, что за католицизмом идет польщизна. Многие ли читатели этой «Нашей нивы» обращают внимание, что в ее иллюстрациях они ни разу не встречали древних русских памятников, древних русских святынь»? [90]
Абсурднасць гэтакіх сцверджанняў занадта відавочная.
А ў 1596 годзе «польская інтрыга» была не прычынаю, а вынікам. Сапраўды, кароль і вялікі князь (ім быў тады Жыгімонт III), магнаты, рымска-каталіцкае духавенства лічылі вунію першым крокам да лацінізавання і апалячання. Таму напачатку вунійныя захады ўкраінскіх і беларускіх уладыкаў знайшлі іхную падтрымку. Але гэтым марам «польскіх інтрыгаў» не давялося здзейсніцца, што давяла далейшая гісторыя вуніяцкай царквы ў Беларусі і Ўкраіне.
Так званыя «ліхадзейства езуітаў» і «польская інтрыга» — не рухальныя сілы Берасцейскай вуніі, а суб'ектыўныя фактары, якія на розных этапах маглі або спрыяць, або перашкаджаць аб'ектыўнаму працэсу задзіночання грэцка-праваслаўнай і рымска-каталіцкай цэркваў.
Для правільнага разумення аб'ектыўных заканамернасцяў узнікнення кожнай гістарычнай з'явы трэба ўлічваць увесь комплекс умоваў сацыяльна-палітычнага і грамадскага-культурнага характару, які спрычыніўся да яе з'яўлення і зацвярджэння. Найбольш характэрнаю рысаю таго часу было культурна-палітычнае і духоўнае абуджэнне беларусаў. Але якое? Сярэднявечнае ці рэнесансна-рэфармацыйнае?
Давайце паглядзім, якія падзеі адбываліся ў гэты час у Беларусі:
1520-я гады — Францішак Скарына арганізаваў друкарню ў Вільні.
1529 г. — Сойм прыняў Першы Статут Вялікага Княства Літоўскага.
1557 г. — Жыгімонт II Аўгуст выдаў «Уставу на валокі», згодна з якой была ажыццёўленая зямельная рэформа.
1561 г. — Магілеў атрымаў права на самакіраванне.
1563 г. — Дароўная грамата Жыгімонта II Аўгуста ўраўноўвала правы праваслаўных і каталіцкіх феадалаў.
1565 г. — Утварэнне павятовых соймікаў.
1566 г. — Прыняцце Соймам Другога Статута Вялікага Княства Літоўскага.
1569 г. — Люблінская вунія. Задзіночанне Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага ў Рэч Паспалітую Абодвух Народаў.
1572 г. — Выданне Сымонам Будным Бібліі.
1574 г. — Выданне Сымонам Будным Новага Запавету.
Блізу 1580 г. — Выданне Васілём Цяпінскім Евангелля.
1581 г. — Утварэнне найвышэйшага судовага апеляцыйнага органа дзяржавы — Галоўнага Літоўскага трыбунала.
1588 г. — Прыняцце Соймам Трэцяга Статута Вялікага Княства Літоўскага.
1591 г. — Заснаванне брацтва і брацкай школы ў Берасці.
1592 г. — Заснаванне брацтва, брацкіх школы і шпіталя ў Менску.
1596 г. — Берасцейская царкоўная вунія.
1597 г. — Атрыманне Віцебскам права на самакіраванне.
1597 г. — Заснаванне брацтва і брацкай школы ў Магілеве.
Усё пералічанае здаецца нам праявамі актыўнага працэсу фармавання самасведамасці беларускага этнасу, асэнсавання сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці, сваіх нацыянальных інтарэсаў. Беларуская культура тады была культураю рэнесансна-рэфармацыйнага тыпу.
Узнікненне пры канцы XVI стагоддзя беларускай нацыянальнай царквы адбывалася цалкам ў агульнаэўрапейскім культурна-гістарычным кантэксце таго часу і ёсць заканамерным, аб'ектыўным вынікам усяго папярэдняга развіцця Беларусі — неадлучнай, інтэгральнай часткі эўрапейскай супольнасці. Максім Багдановіч пісаў пра гэта так:
«Трохі падтрымлівала беларускую культуру вуніяцкае духавенства, бо вунія была распаўсюджаная амаль выключна сярод простага народу і з'яўлялася ў краі як быццам нацыянальнай беларускай рэлігіяй. З канца XVIII стагоддзя вуніяцкім духавенствам на беларускай мове казаліся казані, выдаваліся рэлігійныя песняспевы і г. д. Апошняю праяваю гэтай дзейнасці быў выдадзены ў 1837 годзе беларускі катэхізіс, праз два гады адбылося ўз'яднанне вуніятаў, катэхізіс спалены, казані на беларускай мове забароненыя» [91].
Што канкрэтна паўплывала на намер беларускага і ўкраінскага епіскапату пайсці на вунію? Здаецца, што найперш крызіс у беларускім і ўкраінскім грамадстве. Ідэя задзіночання ўсяго хрысціянства мела сваіх прыхільнікаў сярод праваслаўнага магнацтва — у прыватнасці ў асобе Канстанціна Астрожскага, які, аднак, у манархісцка-клерыкальнай расейскай гістарыяграфіі вядомы як абаронца праваслаўя. Ён шукаў шляхі да задзіночання праваслаўнай царквы з каталіцкай, каб адзіным фронтам выступіць супраць рэфармацыйнага руху, які ахапіў усю Эўропу, улучаючы і Беларусь з Украінаю. У чэрвені 1593 года ён пісаў аднаму епіскапу:
«Маючы намер… адправіцца ў тыя краіны, недалёка ад якіх жыве папа рымскі, прапаную парупіцца пра злучэнне цэркваў». Далей ён скардзіўся на тое, што «людзі нашай рэлігіі ўпалі маральна, што пануе ў іх лянота і нядбайнасць» і што яны «разбягаюцца па розных сектах» [92].
Дарэчы, шчырым «змагаром за праваслаўе» князь стаў пасля таго, як ягоныя ўмовы задзіночання цэркваў не былі цалкам прынятыя вярхамі рымска-каталіцкае царквы.
Для асвечаных і рэлігійных людзей задзіночанне царквы было зразумелай справай. Свядомыя адзінкі з ліку беларускага і ўкраінскага асяроддзя балюча адчувалі заняпад праваслаўнай царквы, анархію брацтваў (дарэчы, у савецкай гістарычнай навуцы брацтвы звыкла разглядаюць толькі са станоўчага боку, згодна са старой праваслаўнай клерыкальнай традыцыяй), нястачу асветы, рост недаверу да ўсходніх патрыярхаў, чые патрыярхіі трапілі пад уладу іншаверных туркаў-асманаў.
Усходняя канстантынопальская царква, якой тады падпарадкавалася праваслаўная царква Вялікага Княства Літоўскага, паступова страчвала свой колішні маральны аўтарытэт. Яе каноны і догмы ўсё болей касцянелі, а багаслоўская навука перастала развівацца ў адрозненне ад заходняга каталіцкага веравучэння, якое ў Сярэднявеччы прайшло прагрэсіўны шлях развіцця, узняўшыся на ровень знакамітых хрысціянскіх багаслоўскіх школ (аўгусцінізм, тамізм). Калі ў сістэме каталіцкае царквы паспяхова функцыянавалі ўніверсітэты і акадэміі, у Грэцыі багаслоўе засталося на роўні тэорыі і практыкі першых айцоў і настаўнікаў царквы. Менавіта гэта меў на ўвазе епіскап уладзімірскі Іпат Пацей, калі пісаў К. Астрожскаму:
«Царква грэцкая… чым далей, тым горш даходзіць да боства і да вялікай няўмеласці і грубіянства прыходзіць: дзе між старшымі і дазорцамі царквы нічога іншага, адно п'янства, прагнасць, святакупства, няпраўда, нянавісць, паклёпы, упартасць, пыхлівасць, надзьмутасць і іншае ліха пануе, так вельмі, што там ані работаю горкаю залішыць і смірыцца не хочуць. Аб навуцы ў Пісьме Святым і ў іншых свецкіх пісьмах да аздобы і практыкавання людскога, дзе раней самы цвет быў, таго ўжо ані пытайся: настаўнікаў, прапаведнікаў добрых між іх і са свечкаю не знойдзеш, і, наадварот, казані за ерась папскую сабе лічаць, пакрываючы сваю няўмеласць і грубіянства» [93].
Усходнія патрыярхі ўсё больш умешваліся ў справы беларускай і ўкраінскай царквы. Іяакім, патрыярх антыёхійскі, у 1596 годзе зацвердзіў статут Львоўскага брацтва. Ён дазволіў брацтву кантраляваць царкоўную дзейнасць. Канстантынопальскі патрыярх Ерамія II пацвердзіў гэта. Патрыярхі прымалі такія рашэнні, якія разбуралі ўсе традыцыйныя апостальскія асновы царквы і яўна супярэчылі праваслаўнаму царкоўнаму правапарадку.
Барацьба Львоўскага царкоўнага праваслаўнага брацтва з праваслаўным епіскапам Гедэонам Балабанам пацвердзіла паслабленне царквы [94]. А гэта спрыяла палітыцы і Турэччыны, з якой прыязджалі патрыярхі, падначаленыя султану як свайму сюзерэну, і Маскоўшчыны, якая вяла барацьбу супраць Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы (у складзе якой тады ўжо знаходзілася Ўкраіна).
Усходнія патрыярхі прыслужнічалі маскоўскім царам. Адзін з іх — Іяасаф II абвясціў Івана Жахлівага ў 1563 годзе — у год крывавай расправы з жыхарамі Полацка і паняволення адзінаццаці тысяч палачанаў — пераемнікам візантыйскіх манархаў ва Ўсходняй Эўропе, а Ерамія II у 1589 годзе згадзіўся на самастойнасць Маскоўскай патрыярхіі.
Іпат Пацей у адным з сваіх лістоў пісаў, што ў Маскве «тым цяпер выхваляюцца, што ў іх уласны патрыярх канстантынопальскі мае быць». Справа йшла аб пераносе ўсяго канстантынопальскага патрыярхату ў Маскву адпаведна з ідэяй «Масква — трэці Рым».
Гэтую ідэю вылучыў у сваіх пасланнях 20-х гадоў XVI стагоддзя да пскоўскага дзяка Місюра Мунехіна і вялікага князя Васіля III старац Ялізарава Трохсвяціцельскага манастыра на беразе рэчкі Толвы ля Пскова Філафей. Гэтая асоба, прыбядняючыся, пісала пра сябе: «Я человек сельский, учился буквам, а еллинских борзостей не текох, а риторских астрономий не читал, ни с мудрыми философами в беседе не бывал…» Ён сцвярджаў, што першы Рым паў ад ерасяў, другі Рым — Канстантынопаль — праз сувязь з лацінянамі-каталікамі таксама загінуў, а цэнтр усяго хрысціянскага жыцця выратаваўся ад няверы ў Маскве. Расейскі цар правіць Царквою Хрыстоваю. Масква стала прытулкам святасці. І гэтым зараз вызначаецца яе роля: «Усе царствы праваслаўныя хрысціянскай веры сышліся ў тваё адзінае царства». Ідэю Філафея прасякаў цэзарапапізм, падпарадкаванне духоўнай улады ўладзе свецкай.
Пры пагрозе страты самастойнасці праваслаўных частак Рэчы Паспалітай у Берасці было вырашана павярнуцца да Захаду, абнавіць кананічнае адзінства з цэнтрам Сусветнае царквы ў Рыме. Гэта сведчыць, што кіраўнікі нашай праваслаўнай царквы хацелі быць паслядоўнымі выразнікамі ўкраінскіх і беларускіх інтарэсаў, якім пагражалі з аднаго боку Польшча, а з другога Масква.
Гэтыя епіскапы хацелі пазбавіцца патранату і караля і вяльможаў ды падпарадкавацца Апостальскаму пасаду ў Рыме наўпрост, абмінаючы польскую каталіцкую царкву. Гэта мела важныя гістарычныя вынікі.
Колькі словаў наконт абвінавачвання епіскапаў-«рэнегатаў» у здрадзе. Каму ж яны здрадзілі, творачы Берасцейскую вунію? Свайму народу, перайшоўшы ў іншую веру? Не. Епіскапы як былі хрысціянамі, так імі і засталіся. Яны не падаліся ў іншую царкву, а, наадварот, стварылі новую царкву ў адрозненне ад папярэдніх — Сусветную паводле сутнасці і нацыянальную паводле формы, са спецыфічнай асаблівасцю — дагматычна-абрадавым сінкрэтызмам.
Яны інтэгравалі царкву ва ўлонне Сусветнай Апостальскай царквы. Гэтым епіскапы ўзапраўды, а не толькі пры малітве споўнілі дзевяты сімвал веры: «Веру ў Адзіную, Святую, Саборную і Апостальскую царкву».
Ці, можа, здрадзілі народу тым, што прынялі вучэнне пра чысцец? А можа, яны здрадзілі праваслаўю? І тут, калі прааналізаваць, высвятляецца, што ніякай здрады ў сапраўднасці не было.
Усе трыццаць тры артыкулы дамовы пра вунію, якую падпісалі ў снежні 1595 года ў Рыме епіскапы Іпат Пацей і Кірыла Цярлецкі з папам Кліментам VIII, сведчаць, што яны прагнулі зберагчы «ўсю красу і веліч усходняга абраду». Была захаваная ўся літургія, пра што гаворыць наступны артыкул дамовы:
«Богашанаванні і ўсе малітвы, раннія, вячэрнія і начныя, каб нам засталіся нязменныя па звычаі і абычаі, прынятым ва Ўсходняй царкве, а самыя пры Літургіі — Васіля Залатавуснага і Епіфанія, якая бывае ў часы Вялікага Посту з папярэдне асвечанымі дарамі, а таксама ўсе іншыя абрады і цырымоніі нашае Царквы, што імі дасюль карысталіся, падобна як і ў Рыме пад паслушэнствам найвышэйшага Архірэя: тое зберагаецца, каб тое ўсё мы выконвалі ў нашай мове» [95] (вылучанамною. — В. Г.).
Для казанняў прадугледжвалася народная гутарковая мова. Быў захаваны стары юльянскі каляндар (гэтак званы стары стыль). Святарам не навязвалася забарона ўваходзіць у шлюб. Царкоўная архітэктура магла развівацца ў традыцыйных формах.
Беларуская і ўкраінская царква, прыняўшы вонкавую залежнасць ад Апостальскага пасаду, зберагла нутраную свабоду. Яе гіерархі хацелі захаваць за Царквою тое, чым яна была пры першахрышчэнні нашых земляў — арганічнасць у Сусветнай царкве. Яны прынялі частку догматаў Заходняй царквы — пра зверхнасць папы ва ўсім хрысціянскім свеце, пра чысцец, а крыху пазней пра сыходжанне Святога Духа і ад Бога-Сына.
Гэта быў не бяздумны пераход на лацінства, а спроба сінтэзу ўсходняга абраду з заходняй дагматыкай. Гэты сінтэз культурных здабыткаў Захаду і Ўсходу, здзейснены ў Беларусі і Ўкраіне пры канцы XVI стагоддзя, у значнай ступені выконваў даўнюю мару эўрапейцаў аднавіць колішняе духоўнае адзінства грэцка-рымскага антычнага свету, але на новай, хрысціянскай, аснове.
А што патрыярх канстантынопальскі? Фармальна ў дачыненні да яго ёсць элемент «здрады». На саборы быў абвешчаны разрыў з канстантынопальскай патрыярхіяй. Паводле формы было так. А па сутнасці? Ці не Ерамія II, які кіраваў Усходняю царквою ў гады перад Берасцейскай вуніяй, першым здрадзіў сваім духоўным чадам у асобе беларускіх і ўкраінскіх епіскапаў і іх пастве? Ён жа за «шчодрую міласціну» (цэбры золата і вязкі сабалёў) уласнаручна высвяціў незалежнага Маскоўскага патрыярха, надаўшы яму тытул «патрыярха Маскоўскага І ЎСЯЕ РУСІ» (вылучанамною. — В. Г.). А менавіта апошняе прывяло ў адчай украінскіх і беларускіх епіскапаў, бо дасюль гэтакі тытул маглі ўжываць толькі кіеўскія мітрапаліты.
Ерамія II пасварыў украінскія і беларускія брацтвы з уладыкамі, бо даў некаторым з іх так званыя стаўрапігіяльныя (незалежныя ад духоўных пастыраў) правы. Выходзіць, што разрыў беларускіх і ўкраінскіх уладыкаў з дэмаралізаваным ва ўмовах турэцкага панавання цараградскім патрыярхам — гэта здрада. А разрыў з Канстантынопалем, які здзейсніла Масква ў 1589 годзе (калі там з'явілася асобная патрыярхія), — гэта праява найвялікшай дзяржаўнай мудрасці?
Для тых часоў характэрныя праявы культурна-нацыянальнага абуджэння: фармаванне самабытных нацыянальных культур, нацыянальных дзяржаваў, нацыянальных цэркваў. У Чэхіі гэта была гусіцкая царква, у Англіі — англіканская, у Нямеччыне — лютаранская, у Швайцарыі — цвінгліянская, у Францыі — кальвінісцкая, у Шатляндыі — прэсвітэрыянская, у Расеі з 1589 года — самастойнае патрыяршаства.
Цікава, чаму гэта чэхам, шатляндцам, ангельцам, швайцарцам, французам, немцам, расейцам можна было ствараць самастойныя нацыянальныя рэлігійныя арганізацыі, а беларусам і ўкраінцам нельга?
Пры гэтым Маскоўская царква не здабыла нутраной свабоды, а болей стала залежнай ад цароў, ператварылася з часам у дзяржаўную царкву, якой ад часоў Пятра І кіраваў обер-пракурор Сінода — свецкая асоба, залежная ад імператара.
Перайшоўшы ў вуніяцтва, праваслаўныя гіерархі атрымлівалі роўныя правы з каталіцкім клірам, шляхта і месцічы грэцкага абраду таксама мелі роўныя правы з каталіцкімі.
Грэцка-каталіцкія (вуніяцкія) цэрквы будавалі сваю арганізацыю па прыкладах, што браліся з Рыма. Шмат вуніяцкіх святароў атрымлівалі асвету ў рымскіх калегіях, вяртаючыся дадому, яны прыносілі сюды лепшыя арганізацыйныя формы. Вуніяцкія епіскапы рабілі перыядычныя візітацыі (аб'езды) сваіх парафій (прыходаў), дбалі пра падвышэнне культуры духавенства, закладвалі школы і шпіталі, правялі рэформу манастыроў. Сабор 1720 года ў Замосці ўвёў у жыццё беларускага і ўкраінскага грэцка-каталіцкага духавенства аднастайную арганізацыю. Асаблівае значэнне набыў з таго часу рэфармаваны ордэн айцоў базылянаў, які галоўную ўвагу аддаваў пашырэнню школаў і выданню рэлігійных кніжак. На капітуле (радзе пры біскупе) грэцка-каталіцкіх герархаў у Дубне (1783 г.) быў створаны адзін чын святых базылянаў, які арганізацыйна падзяляўся на правінцыі Літоўскую, Беларускую, Каронную і Галіцкую. Цэнтрам выдавецкай дзейнасці ў Беларусі быў Супрасль.
Вунія давала беларускаму (як і ўкраінскаму) грамадству гарантыю ад апалячвання. Грэцка-каталіцкая царква знаходзілася пад апекаю не Польскае царквы, а Рыма. Рымская курыя (царкоўны ўрад) у сваіх афіцыйных заявах забяспечвала вуніятам поўную непарушнасць іхных абрадаў і звычаяў, зазначаючы, што яе пажаданнем «ёсць, каб усе былі каталікамі, але не ўсе лаціннікамі». Праўда, у жыцці гэта не заўсёды выконвалася, абшарнікі-каталікі прыцяснялі вуніяцкіх святароў, аддаючы перавагу каталіцкім. Тым не менш пад аховаю вуніяцкай царквы беларускае жыццё магло хоць часткова захаваць свае даўнія формы.
З амбонаў вуніяцкіх цэркваў (як і ў пратэстанцкіх храмах) гучала беларускае слова ў тыя часы, калі ў рымска-каталіцкіх касцёлах гучала пераважна лацінская і польская, а ў праваслаўных цэрквах — царкоўнаславянская.
Царкоўная вунія была працягам шляху, які пачаўся даўней прадстаўнікамі культуры Беларусі «залатога» XVI стагоддзя, што жадалі аб'яднаць традыцыі візантыйскай і рымскай цэркваў, развіваць натуральную культурную еднасць Беларусі як з Усходняй, так і з Заходняй Эўропай. Гэты працэс адбываўся ў агульным рэчышчы, у якім развівалася беларуская культура.
І калі ў XIX стагоддзі сярод беларускіх адраджэнцаў не было вуніяцкіх святароў (як гэта было ва Ўкраіне, у заходняй частцы якой менавіта яны былі ініцыятарамі нацыянальнага адраджэння) [96], то не па віне гэтых святароў. Бо бальшыню іх прымусілі перайсці ў праваслаўную веру, якая была панавальнай канфесіяй тагачаснай Расеі. Тым больш што наша адраджэнне спазнілася параўнальна з суседнімі ўкраінскім і летувіскім (савецкія беларускія гісторыкі баяцца такіх параўнанняў, як агню!). А ў летувіскім нацыянальным адраджэнні наперадзе йшлі нацыянальныя каталіцкія святары — біскуп Мацей Валанчус, пралат Ёнас Майроніс, ксёндз Антанас Баранаўскас, кіраўнік барацьбы супраць царызму ў 1863 годзе ксёндз Антанас Мацкявічус.
І ў нашым спозненым адраджэнні рымска-каталіцкія святары (вуніяцкіх, грэцка-каталіцкіх, да таго часу ўжо не засталося) таксама адыгралі значную ролю. Дастаткова назваць такія імёны, як Кастусь Стаповіч (Казімір Сваяк), Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля), Адам Станкевіч, Вінцэсь Гадлеўскі, Язэп Германовіч (Вінцук Адважны) і іншыя.
Але тым часам як у Летуве памяць Ё. Майроніса адзначана багатым надмагіллем ля мура кафедральнага сабора ў Коўні, якое захавалася нават у савецкі час, памяць нашых ксяндзоў-адраджэнцаў «мінула з ветрам»… Але гэта ўжо іншы сюжэт, які вымагае спецыяльнага разгляду.