ПРАПАГАНДА ІМПЕРСКАЙ АТРУТЫ Ў КАЛОНІІ

— У вуллях чаго ён шукаў?

— Беларусь шукаў (…).

— А як ён асмеліўся ў вас устройваць вобыск?

— Дык мяне сюды з Галышоў перавялі, парафія ёсць такая пад Маладзечнам. Там я ад нудоты збіраў старыя песні, байкі, пляскі.

— Што ж у гэтым дрэннага?

— Праўду кажаш. — А вось улады ў Пецярбурзе сцвярджаюць, што няма беларускай народнасці і няма для чаго яе штучна ствараць.

(З размовы Хелены Канвіцкай з ксяндзом Сямашкам)

Тадэвуш Канвіцкі. Богінь.


У гістарычнай навуцы і адукацыі Беларусі існавала агромністая, шырокая зона замоўчвання. Дазвалялася смела выкрываць захопніцкія акцыі суседняй Польшчы ў дачыненні з Беларуссю. Калі ж гаворка заходзіць пра Расею, то гэтага не дазвалялася. Бо ўсё расейскае — і царскае, і бальшавіцкае — лічылася шчасцем для беларускага народа, які заўсёды нібыта прагнуў жыць разам, у адной дзяржаве са сваім адзінакроўным братам. Жудасныя факты аб знішчэннях беларускага жыхарства і выгнанні тых, хто застаўся жывым, у палон у Расею, асабліва пад час акупацыі Беларусі войскамі Івана Жахлівага, Аляксея Міхайлавіча, аб захопе нашай краіны ў 1772–1795 гадах, у часе трох падзелаў Рэчы Паспалітай, аб перадачы дзесяткаў тысяч дзяржаўных сялян прыватным прыгоннікам пасля гэтага захопу, аб увядзенні тады ж рэкрутчыны, аб прымусовым скасаванні царызмам вуніяцтва, аб задушэнні некалькіх вызвольных паўстанняў супраць акупантаў, аб узмацненні прыгону пры царскай уладзе, аб забароне друкаваць беларускія кнігі традыцыйнай для XVIII–XIX стагоддзяў лацінкай, аб адмаўленні беларусам права лічыцца беларусамі — усё замоўчвалася. І гэтае замоўчванне нязменна суправаджалася аптымістычнымі фразамі пра тое, што ў выніку беларускі народ набыў нешта больш значнае ― шчаслівую магчымасць змагацца супраць самаўладства разам з братнім расейскім народам. Гэта было нават адлюстравана ў першых радках гімна БССР:

Мы, беларусы, з братняю Руссю

Разам шукалі к шчасцю дарог…

Нібыта гэтую дарогу можна было шукаць толькі ў адной з некім запрэжцы.

Што ж да гісторыі найноўшай, бальшавіцкай, дык і яна ніякіх трагічных для Беларусі фактаў не засведчыла. Існавалі толькі сяброўская дапамога старэйшага брата, шчодрасць і дабрыня. Калі хто і перашкаджаў беларусам у ХХ стагоддзі быць паўнакроўна шчаслівымі, дык гэта ягоныя «зацятыя ворагі» — буржуазныя нацыяналісты. Усялякія спробы высветліць, як жа тое было ўзапраўды (і як так магло быць, што беларускі народ і ў мінулым, і ў гэтым стагоддзі працягваў спараджаць «здраднікаў» — Вацлава Іваноўскага, братоў Луцкевічаў, Вацлава Ластоўскага, Аляксандра Ўласава, Аркадзя Смоліча, Пётру Крэчэўскага, Адама Станкевіча, Алеся Гаруна, Усевалада Ігнатоўскага, Максіма Гарэцкага, Цішку Гартнага ды іншых), якія, абвяшчаючы сябе беларусамі і абараняючы беларушчыну, адначасова былі залічаныя ў яе ворагі, разглядаліся як нацыяналізм і абраза вялікага суседняга народа.

Трэба ўрэшце на поўны голас сказаць, што найбольшую, непапраўную шкоду Беларусі, беларускай аўтэнтычнасці, маральнаму, духоўнаму развіццю беларускай нацыі нанесла расейская імперскасць.

Тая імперыя, што ўмешвалася ў лёс Беларусі і марнавала яго на працягу стагоддзяў, заўсёды была класічнай кантынентальнай імперыяй [45]. Беларусь у ёй лічылася калоніяй з усімі трагічнымі для такога статусу вынікамі. Але больш трагічнымі былі вынікі яшчэ аднаго статусу, навязанага ёй імперыяй. Ніякай Беларуссю яна не лічылася, а толькі часткаю Расеі, якая — немаведама чаму — абвяшчала сваю адасобленасць, спрабавала адарвацца ад Расеі — мацерыка, пакуль гістарычная справядлівасць не вярнула яе назад да мацярынскага ўлоння. Адно слова — беларусаў лічылі часткаю адзінага расейскага народа з адзінай славянскай мовай і адзінай праваслаўнай верай.

За народамі тыповых калоній прызнавалася права на этнічную адметнасць ад імперскага народа. Так, чэхі, палякі, украінцы, італьянцы, славенцы, нягледзячы ні на якае анямечанне іхнай часткі, усё ж прызнаваліся чэхамі, палякамі, украінцамі, італьянцамі, славенцамі. Тое ж было і з вугра-фінскімі, мангольскімі, каўказскімі, балцкімі этнасамі Расейскай імперыі. Але за нетыповымі калоніямі — славянскімі Беларуссю і Ўкраінай такога права не пакідалі.

Невыпадкова ўкраінскі правазаступнік Лэўко Лук'янэнка падкрэсліваў, што расейская акупацыя Ўкраіны адрозная ад польскай і нямецкай. Бо расейскія ўлады спрабавалі ўсыпіць нацыянальную пільнасць. Адмаўляючы ўкраінскую асобнасць, яны хацелі зрабіць украінцаў падобнымі да сябе. Імперыя, вядома, мела вялікія магчымасці для гэтага: высмоктванне сілаў народа на расейскую службу, забарону вольнага ўкраінскага слова, расправу з тымі, хто не жадаў забывацца на сябе [46].

Вядома, усё гэта датычыць і Беларусі: адно да аднаго.

Кожная імперыя, калі б яна ні існавала, ці за дзесяткі стагоддзяў да нашай эры, ці ў апошніх дзесяцігоддзях нашай, — пабудаваная паводле адной мадэлі. Гэтая мадэль робіць іх тым, чым яны ёсць — імперыямі. Галоўны яе механізм — гэта свядомая ці падсвядома закладзеная прага да захопу тае прасторы, што заселеная і засвоеная людзьмі.

А. М. Якаўлеў лічыць, што «гісторыя нацыяналізму, нацый, нацыянальнага — гэта гісторыя паступовага афармлення і пашырэння культурна-гістарычных супольнасцяў. Пашырэння фізічнага, якое адбываецца шляхам як памнажэння, так і ўлучэння ў іх драбнейшых утварэнняў — плямёнаў, родаў, народнасцяў. Пашырэнне тэрытарыяльнага, калі гэта дазвалялі абставіны» [47].

Тут адзін з бацькоў савецкай перабудовы памыляецца. Пашырэнне тэрыторыі характэрна не для ўсялякага этнасу (у выпадку Якаўлева — «нацыі»), а менавіта для таго, якім кіруе імперская ўлада.

Цэнтрам, найкаштоўнейшай, найзначнейшай часткаю айкумены імперыя лічыць сябе, тэрыторыю імперыі, сваю ідэалогію, свайго правадыра — сваё спараджэнне і адначасна бацьку, творцу, канкрэтна-людское і адначасова сімвалічнае ўвасабленне імперскага мыслення і ідэалогіі [48]. Так, асірыйская тытулатура «вялікі цар, магутны цар, цар заселенага свету, цар Асірыі, цар чатырох бакоў свету, прамудры пастыр, паслухмяны вялікім багам, захавальнік ісціны, той, хто любіць справядлівасць, той хто робіць дабро, і г. д.» амаль даслоўна перагукваецца з тытулатураю Сталіна — «правадыром сусветнага пралетарыяту», «найлепшы палкаводзец усіх часоў і народаў» і да т. п. Тое ж датычыць і напышлівых імперскіх воклічаў тыпу «СССР — оплот мира во всем мире» (гэта пры істэрычнай мілітарызацыі, наяўнасці найбольшага войска ў свеце, правакацыі ўзброеных пераваротаў на ўсіх кантынентах, апроч толькі Антарктыды, танках у Празе і «інтэрнацыянальным абавязку» ў Афганістане, продажы зброі сусветным агрэсарам тыпу Садама Хусейна, падрыхтоўцы з камуністаў лацінаамерыканскіх і арабскіх краін тэрарыстаў у спецлагерах СССР). Гэтакі ж рытуальны характар мае лозунг «СССР — надзея ўсіх прагрэсіўных сіл свету» (пры падтрымцы рэакцыйных рэжымаў Фідэля Кастра, былога капітана Савецкай Арміі Кім Ір Сена, якія не толькі дэстабілізуюць, руйнуюць мір у свеце, а і руйнуюць краіны і народы, якім іх з дапамогаю СССР навязалі).

І гэта не толькі па вертыкалі, углыб гісторыі, а і па гарызанталі. Той жа Ірак, захапіўшы Кувейт (меншую па колькасці жыхароў, але багацейшую за Ірак краіну), заявіў: маўляў, гэта даўняя губерня Ірака[13] (хоць Ірак, як асобная краіна, існуе толькі з 1920 года, Кувейт жа — з сярэдзіны XVIII стагоддзя), а іракскія войскі ўведзены туды нібыта па просьбе ўяўных маладых кувейцкіх рэвалюцыянераў, якія, маўляў, самі скінулі стары і арганізавалі рэвалюцыйны ўрад.

СССР да гэтага стварыў некалькі падобных прэцэдэнтаў: увёў пад тым жа прэтэкстам войскі ў Афганістан, перад тым — у Прагу, раней за Прагу — у Будапешт, а яшчэ раней зрабіў тое ж у Балтыі і Фінляндыі.

Заклікі да пралетараў усяго свету аб'яднацца, каб раздзьмуць сусветны пажар — сусветную рэвалюцыю, дзяржаўны герб з сярпом і молатам на фоне зямнога шара — гэта ўсё тыповыя імперскія атрыбуты. Толькі ўсяго, што завуцца імперыі па-рознаму, адпаведна да моды на дзяржаўную тэрміналогію ў тым ці іншым геаграфічным рэгіёне ці гістарычным перыядзе, як і ў тым ці іншым культурна-гістарычным асяроддзі.

Зразумела, што адпаведна ідэалогіі, з дапамогаю і дзякуючы якой ствараецца імперыя, зацвярджаецца яе ўлада і моц, пашыраецца тэрыторыя. Унутры імперыі людзей не «апрацоўваюць», не рыхтуюць да таго, што яны ўвойдуць у межы імперыі, бо яны ўжо «гатуюцца» ў імперскім катле на больш моцным ці менш моцным агні таталітарызму.

Найзначнейшае, найшаноўнейшае месца ў імперыі займае Цэнтр. Цэнтр утрымлівае і здзяйсняе ўладу і над асіміляванымі ўскраінамі, і над тымі, якія захавалі сваю этнічную адметнасць. Робіць гэта ён не толькі вайсковаю сілаю, паліцыяй, апаратам нагляду за лаяльнасцю і вернападданасцю падпарадкаваных народаў, але і эканамічнай палітыкай, накіраванай на максімальную эксплуатацыю эканамічнага патэнцыялу калоній (бо гаспадараць у калоніях усе імперскія рэжымы аднолькава, як злодзеі на могілках). Падтрымлівае сваю ўладу цэнтр і дэмаграфічнаю палітыкай — перамешваннем этнасаў, дэпартыцыяй, а калі трэба, і поўным вынішчэннем іх. Праводзіць ён і адпаведную культурную палітыку — насаджэнне культуры і мовы сакральнага (асвячонага) этнасу. Значную ролю грае і рэлігійная палітыка цэнтра — укараненне новай веры з новым «святым пісьмом» (творамі заснавальнікаў марксізму-ленінізму), новым «богам» і «апосталамі» (іхныя партрэты вывешваюцца напярэдадні святаў, а ў календарах упрыгожваюць старонкі з паказаннем дзён нараджэння, у якія лёс «дараваў» народу гэтых «святых» людзей. У свядомасці падданых замацоўваюць адзіную веру, іх прыналежнасць менавіта да Расейскай праваслаўнай царквы, а не нацыянальнай, аўтакефальнай.

Што з'яўляецца такім Цэнтрам у нашай сітуацыі? Няцяжка здагадацца — сталіца. У нас — «сердце нашей Родины» Масква. У ёй яшчэ свяцейшае месца Красная плошча і Крэмль. А ля Крамля на плошчы найсвяцейшае — маўзалей. А ў ёй мумія правадыра. Яна адкрытая для агляду падданых. Тыя мусяць пераканацца ў вечнасці імперыі, асвячонай мошчамі таго, хто ўзначаліў новую форму імперыі.

Сакральнасць сталіцы падкрэслівалася не толькі трывалымі фразамі-заклінаннямі, што мусілі выклікаць рэлігійны экстаз і святое трапятанне, а і эканамічнымі захадамі. Выслоўе часоў Рымскай імперыі, што ўсе дарогі вядуць да Рыма, уласцівае ўсялякай імперыі і яе сталіцы. Нашай таксама. Усе дарогі вялі да Масквы — літаральна — усе чыгункавыя, водныя, эканамічна-гаспадарчыя.

Кажуць, што калі ў бок Масквы ў 1986 годзе рушыла радыяцыя, радыяцыйную хмару расстралялі і асадзілі на Гомельшчыну і Магілеўшчыну. Бо Масква — святыня, дзе Крэмль, забальзамаваны правадыр, верныя ленінцы ў Палітбюро. Масква — сталіца таго этнасу, які стаў сакральным, сабраў усіх сяброў пад сваю братнюю руку, усіх абагрэў, навучыў, ашчаслівіў. Сакральнасць яго яшчэ і ў тым, што ён даў свету Леніна, таму і мова яго святая, якую нават негр старога веку вывучыць толькі за тое, што ёю гаварыў Ленін.

Звычайна, згодна з імперскай логікай, фізічная і духоўная тэрыторыя «абранага» народа мае свой сакральны цэнтр найбольшых святых і не надта святых — правінцыю, свае ўскраіны. Наша імперыя была вялікай. Не кожны з падданых мог прыехаць на пакланенне нябожчыку правадыру ў Маскву (бо хто будзе працаваць, калі ўсе стануць у чаргу да маўзалея?). Таму па ўсёй імперыі ў кожным горадзе, мястэчку ці нават у вялікім сяле, у кожнай установе, улучаючы казармы, дамы адпачынку і жывёлагадоўчыя фермы, былі арганізаваныя шматлікія сакральныя цэнтры. Іхным найсвяцейшым месцам былі помнікі, партрэты, бюсты, барэльефы правадыра. Пакланеннем правадыру — ускладаннем кветак пачыналіся «богаслужэнні» — афіцыйныя мітынгі, партыйныя сходы, закладаліся новыя сем'і — на свае вочы бачыў з вакна гатэля ў Дзвінску, як пар ці не з дваццаць тых, хто браў шлюб, ішлі гужам да помніка правадыру, каб ускласці да яго пьедэстала, нібыта на аўтар, кветкі.

Мы яшчэ не ўяўляем, якімі ўбогімі і смешнымі ў сваім ідалапаклонстве мы выглядалі для людзей з-за межаў нашай краіны.

Падобнае можна знайсці ў кожнай імперыі, бо ўсе яны маюць супольныя архетыпы. Але імперыя СССР пры ўсёй сваёй тыповасці ў значнай меры была ўнікальнай. Мабыць таму, што яна была апошняй імперыяй у свеце. Гэта суперімперыя, бо пад шыльдаю «Союз нерушимый республик свободных» паядналіся, зліўшыся і падмацоўваючы адна адну, дзве імперыі — расейская і камуністычная, увасобленыя ва ўладзе несмяротных сіямскіх блізнят: адміністрацыйна-бюракратычнай сістэмы і партыйнага апарату. Доўга шукалі адзін аднаго расейскі імперыялізм і камуністычны імперыялізм, практыка і тэорыя была найхітрэйшым і найхлуслівейшым выпладам імперскай свядомасці.

Прывід камунізму блукаў па Заходняй Эўропе, пакуль не знайшоў найбольш прыдатны для сябе грунт — Расею. І прарос, ажыў у СССР. Без таго ён так бы й застаўся неверагоднай утопіяй накшталт Горада Сонца Кампанэлы, прыгожаю выдумкай і ціха згас наўзбоч гісторыі. А мо і каламуціў бы час ад часу даверлівыя народы на перыферыі Азіі ці Лацінскай Амэрыкі. Камунізм, марксізм-ленінізм ці ягоны ўвасоблены ў жыццё практычны выхад — бальшавізм мог прыжыцца толькі на дрэве расейскага імперыялізму, выгадаванага на працягу некалькіх стагоддзяў імперскаю прыродай расейскага самаўладства. Гэтая ж прырода будавалася на кірунку да моцнасці і фармальнай цэласнасці, жадання падпарадкаваць іншыя народы сілаю, потым знішчыць рэшткі іхнае самастойнасці, а таксама на нецярпімасці да іншых народаў і іхных веравызнанняў, пакоры перад моцным і на поўным прымусовым рашчыненні адметнай людской адзінкі ў калектыве («мир», «община»), а ў выніку — на адсутнасці дэмакратычных асноваў на ўсіх роўнях грамадскага жыцця — ад дамастроеўскай сям'і да дзяржавы і царкоўнай герархіі. Расейская праваслаўная царква пры самаўладным рэжыме пераўтварылася з органа духоўнага ўдасканалення народа ў орган апраўдання і асвячэння ўлады князя, потым цара, а пазней КПСС.

Расея (назоў з XVII ст.) як дзяржаўнае ўтварэнне пачыналася з другой паловы ХII стагоддзя ў адной з калоній Кіеўскай і Крывічанскай Русі на фіна-вугорскіх землях тагачаснага паўночнага ўсходу, на якіх пасяляліся выхадцы з заходніх частак краю — полацкіх крывічанскіх і ноўгарадскіх. Гэта адбывалася дзякуючы спрыяльным умовам: напачатку — распаду нестабільнай Кіеўскай Русі, а потым — распаду Залатой Арды, а затым у выніку далучэння народаў Паваложжа, Сібіры, Каўказа, Закаўказзя, Сярэдняй Азіі і г. д. Гэта значыць, яна станавілася ўсё большай імперыяй кантынентальнага тыпу, што амаль поўнасцю была перададзена ў спадчыну абноўленай імперыі СССР.

Нездарма Ленін, згодна з падвойнаю камуністычнай мараллю (хутчэй амаральнасцю), дакляраваўшы права нацый на самаазначэнне паняволеных царскаю Расеяй народаў, і не збіраўся даваць ім магчымасць самаакрэсліцца, намагаўся зберагчы ў новай імперыі межы старой. З Прыбалтыкай, Фінляндыяй, Польшчай гэта яму не ўдалося. Але з Беларуссю, Украінай, Закаўказзем — удалося. Фатальны збег акалічнасцяў, страх Заходняй Эўропы перад бальшавізмам (дарэчы, цалкам апраўданы) спрычыніўся да таго, што Антанта дзеля свайго спакою кінула яму костку — ахвяравала Беларуссю і некаторымі іншымі краямі. І тыя трапілі ва ўчэпістыя абдымкі новага імперыялістычнага збудавання. А яно, працягваючы шматгадовую традыцыю свайго папярэдніка, помсціла Беларусі за тое, што тая спрабавала захавацца як Беларусь.

Дачыненні Расеі і Беларусі ў асноўным складваліся так, як яны заўсёды складваюцца між метраполіяй і калоніяй, праўда, з дадаткам намагання «праглынуць», прыўлашчыць сабе не толькі зямлю і людзей на ёй, але і іх гісторыю.

Болей за семдзесят гадоў расейска-бальшавіцкі імперскі монстр, раздзьмуты ад вялізных прастораў і шматлікіх народаў з рознымі верамі, культурамі, звычаямі, традыцыямі, цяжка йшоў праз ХХ стагоддзе, наводзячы на свет жах — крок уперад, два, пяць, дзесяць крокаў назад ажно да сярэднявечча ў дэспатызме, тыраніі, жорсткасці (хто не верыць, хай прачытае пра раскапаныя рэшткі ахвяраў НКВД). А мы спявалі: «Наш паровоз, вперед лети, в неведомую даль, другого нет у нас пути…» Жартаўнікі дадавалі да гэтага радок:

— И это очень жаль.

Каб хутчэй паравоз ляцеў да камуны, правадыры імперыі кідалі ў топку паравоза тысячы і мільёны людскіх ахвяраў. Куды ж заляцеў той паравоз? У багну безгаспадарчасці, эканамічнага і палітычнага крызісу, у зону экалагічнай бяды, духоўнага спусташэння.

Загрузка...